Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:59

525 год з часу першага ўпамінання г. Пружаны у пісьмовых крыніцах пад назвай Дабучын (1487).

Горад стаіць на вытоку ракі Мухавец, за 89 км на паўночны захад ад Брэста.

{gcontent}Знаходзіцца за 13 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы на лініі Баранавічы – Брэст. Вузел аўтамабільных дарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. На 2011 г. у горадзе налічваецца 18,9 тыс. жыхароў.

Першае ўпамінанне Пружанскай воласці датуецца 1433 г. Паводле гісторыка Ю. Крашэўскага і іншых даследчыкаў, назва ўзнікла пасля пасялення тут прусаў, якія ратаваліся ад крыжакоў. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1487 г. як Дабучын.Да 1519 г. Дабучын уваходзіў у Кобрынскае княства ВКЛ. У 1519 г. прывілеем вялікага князя ВКЛ Жыгімонта I Старога аддадзены маршалку В. Касцевічу, знаходзіўся ў складзе Кобрынскага староства. У 1520 г. Дабучын увайшоў у Кобрынскі павет Падляшскага ваяводства, у 1566 г. – у Брэсцкі павет. Пасля смерці кобрынскага князя Івана Сямёнавіча Дабучын перайшоў да яго жонкі Фядоры. У ХVI ст. ён належаў каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне. У 1589 г. Ганна надала гораду герб: у сярэбраным полі звілістая блакітная змяя з залатой каронай заглынае дзіця.

У той час гэты буйнейшы гандлёвы цэнтр атрымаў магдэбургскае права і пачаў называцца Пружанамі. У 1563 г. тут было 278 гаспадарак і 1250 жыхароў. Паводле інвентара 1597 г., у Пружанах існаваў палацавы комплекс, так званы Каралеўскі двор, у які ўваходзілі драўляны палац, 2 флігелі, млын, гаспадарчыя пабудовы, быў сад. Пружаны падвергліся моцным разбурэнням у час войнаў сярэдзіны 17 – 1-й паловы 18 ст. Уцалела толькі пятая частка ўсіх пабудоў. У 1776 г. Пружаны пазбаўлены магдэбургскага права. Да канца 18 ст. яны былі адбудаваны. На 1791 г. тут налічвалася 2094 жыхары.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Пружаны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, сталі горадам і цэнтрам Пружанскага павета Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, а з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У вайну 1812 г. Пружаны разбураны французскімі войскамі; тут засталіся 824 жыхары. У 1845 г. гораду нададзены новы герб: на светла-карычневым фоне выява елкі з паляўнічай трубой на яе галінах. У 1857 г. ў Пружанах налічвалася 5665 жыхароў, працавалі гарбарны, мукамольны, цукровы, тытунёвы і іншыя заводы. У 1866 г. пабудаваны сабор Аляксандра Неўскага, у 1896 г. насупраць яго – гандлёвыя рады. Паводле перапісу 1897 г., у Пружанах было 7634 жыха­ры, працавалі 14 дробных прамысловых прадпрыемстваў, прыходскае і павятовае вучылішчы, 6 бальніц, стаялі 2 царквы, касцёл, сінагога. Штогод праводзілася 5 кірмашоў. У канцы 19 – пачатку 20 ст. Пружа­ны былі вядомы як цэнтр ганчарства.

У жніўні 1915 г. горад акупіравалі герман­ская, а 30 студзеня 1919 г. і да ліпеня 1920 г. – польскія войскі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. горад адышоў да Польшчы як цэнтр павета Палескага ваяводства.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР з 15 студзеня 1940 г. Пружаны сталі цэнтрам раёна.

У Вялікую Айчынную вайну 23 чэрвеня 1941 г. горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны загубілі больш за 4 тыс. чалавек, знішчылі 70% жылых пабудоў. У створаным тут гета ўтрымлівалася больш за 10 тыс. чалавек. Вызвалены Пружаны 17 ліпеня 1944 г. войскамі 1-га Беларускага фронту.

Пасля вайны горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі, распрацаванай у 1959 г. У І974 г. распрацаваны генеральны план, а ў 1977 г. – праект дэталёвай планіроўкі цэнтра горада. Цэнтральная частка Пружан і цэнтр усходняга раёна забудаваны 4–5-павярховымі дамамі. Створаны новыя мікрараёны з 5–9-павярховымі дамамі, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Павод­ле генеральнага плана з 1998 г. на ўскраінах горада вядзецца катэджавае будаўніцтва.

3 прамысловых прадпрыемстваў працуюць заводы радыёдэталей, кансервавы, масласырзавод, ільнозавод, камбінат будаўнічых матэрыялаў, плодакансервавы завод, друкарня.

У горадзе аграрна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх, юнацка-спартыўная школы, школа мастацтваў, Лядовы палац, Водны палац, Палац культуры, Дом рамёстваў, 3 бібліятэкі, у т. л. Цэнтральная раённая імя Мiколы Засіма. Пры каледжы створаны музей краязнаўства, у школе мастацтваў – музей Рыгора Шырмы.

У Пружанах ёсць брацкія магіла чырвонаармейцаў, магіла савецкіх воінаў і партызанаў. Пастаўлены помнікі В. З. Харужай, лётчыку Герою Савецкага Саюза С. М. Гудзімаву, спаленым вёскам, а таксама 12 воінам-землякам, якія загінулі ў Афганістане. У месцы зліцця ракі Муха і канала Вец устаноўлены памятны знак «Нараджэнне ракі Мухавец».

Захаваліся помнікі архітэктуры: сабор Аляксандра Неўскага 1866 г., гандлёвыя ра­ды канца ХIХ ст., Міхайлаўскі касцёл 1883 г. На паўночнай ускраіне Пружан знаходзіцца помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХIХ ст. – так званая гарадская сядзіба з пейзажным паркам. Тут створаны музей-сядзіба «Пружанскі палацык».

У горадзе выдаецца раённая газета «Раённыя будні».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання i iнфармацыi

{/gcontent}

  1. Пружаны // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 50–51.
  2. Пружаны // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыкл. давед. / аўт.-склад. Л. В. Календа. Мінск : БелЭн, 2004. С. 64–66.
  3. Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. Мінск : БелЭн, 2007. С. 480–487: іл.
  4. Пружаны // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 288–290.
  5. Пружаны // Малішэўскі, У. А. Нашы гарады / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. Мінск : Народная асвета, 1991. С. 120–121.
  6. Пружаны // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск : БелСЭ, 1990. С. 350–351.
  7. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мiнск : БелЭн, 1992. 452 с.: іл.
  8. Пружаны = Pruzhany // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь = Guidebook of the cities and regional centers of the Republic of Belarus: путеводитель : [на рус. и англ. языках] / сост. А. В. Варивончик и др. Минск : ООО “Харвест”, 2004. С. 178–179.
  9. Пружаны і ваколіцы= Pruzhany district / гал. рэд. У. Шпарло ; пер. на англ. мову А. Кузаўка : [рэкламн. выданне : на белар. і англ. мовах]. Брэст : ТАА «РИА «Вечерний Брест», 2010. 96 с.: іл.
  10. Пружаны : [рэкламн. выданне : на белар. і руск. мовах] / аўт. тэксту В. М. Каўрыга. Мінск : Полымя, 1990. [21 с.] : іл.
  11. Пружаны // Князева, В. М. Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / Вольга Князева. Мiнск : Беларусь, 2005. С. 40–41.
  12. Церахава, В. Пружаны : гіст. нарыс / Вера Церахава. [Пружаны], 2004. 20 с.
  13. Моя Пружанская землица!: рекламно-информ. издание / отдел по информиров. населения и связям с общественностью Пружан. райисполкома ; ред. В. В. Туров. [Пружаны], 1999. [26 с.] : ил.
  14. Вялічка, У. Новыя Пружаны – маленькі Парыж / Уладзімір Вялічка, Алесь Марціновіч // Беларуская думка. 2004. № 9. С. 35–47.
  15. Пружаны. Па родным краі : альбом Уладзіміра Ліхадзедава / Мікола Міршчын // Маладосць. 2006. № 11. С. 99–100.
  16. Зялевіч, Ю. Пружанам ужо больш за 600 гадоў? : [супярэчныя даты першых летапісных упамінаў г. Пружаны] / Юрый Зялевіч // Раённыя будні (Пружаны). 2005. 14 мая. С. 4.
  17. [Памятныя даты з гісторыі горада Пружаны: з 1433 – па 2007 г.] // Раённыя будні (Пружаны). 2008. 2 жн. С. 2–16.

 

http://pruzhany.brest-region.by/index.php?option=com_content&view=category&layout=blog&id=208&Itemid=98&lang=ru

Портал города Пружаны // http://pruzhany.net/

Пружаны. Раённыя будни : сайт // http://www.budni.by/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3385 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 15:24