Чацвер, 09 Жнівень 2012 11:03

50 год стварэння (1962) Брэсцкага заслужанага аматарскага ансамбля танца “Радасць”

З жыватворнай крыніцы народнай творчасці бярэ пачатак высокае мастацтва ансамбля танца “Радасць”, што нарадзіўся ў 1962 годзе ў Брэсце.

{gcontent}Яго заснавальнікам і балетмайстарам стаў Міхаіл Пузанаў.

Другая дэкада беларускага самадзейнага мастацтва ў Мінску ў 1963 годзе прынесла калектыву званне “самадзейны народны калектыў”.

Ансамбль стаў захавальнікам, выканаўцам, інтэрпрэтатарам лепшых узораў харэаграфічнага і музычнага мастацтва беларускага народа.

Кіраўнікамі ансамбля былі: М. Пузанаў (1962–1966), Румянцаў (1966–1967), з 1967 года – А. Вараб’ёў, заслужаны работнік культуры Беларусі, народны артыст Беларусі. 3 яго прыходам, з новым поглядам на харэаграфічнае мастацтва, на тэхніку выканання танцаў, у калектыва з’явіліся новыя творчыя магчымасці. Разам з гэтым узрасла патрабавальнасць да выканаўцаў і да рэпертуару ансамбля.

З 1978 года калектыў дзейнічае пры гарадскім Доме культуры. У складзе ансамбля танцавальная і інструментальная групы. Асноўная мэта дзейнасці – адлюстраванне ў сваім выкананні лепшых прыкладаў беларускага харэаграфічнага і музычнага мастацтва. У рэпертуары беларускія народныя танцы, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі з элементамі народных гулянняў, старажытных беларускіх абрадаў і свят, дзе яркасць і самабытнасць касцюмаў спалучаецца з тэмпераментам і лірычнасцю танцаў. Сярод харэаграфічных пастановак (з выкарыстаннем беларускага танцавальнага фальклору) “Палескае вяселле”, “Радасць працы”, “Свята на Палессі”, “Дажынкі”, “Палеская ярмарка”, “Зімовыя гульні”, “Сувенір” і інш. Падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм, у тым ліку праект “Святы і абрады беларусаў” з харэаграфічнымі фальклорна-абрадавымі кампазіцыямі “Вясенні карагод”, “Купальская рапсодыя”, “Кавалер” і т.д.

Калектыў адрозніваецца багаццем касцюмаў, створаных на аснове нацыянальных традыцый. У ансамблi танцуе моладзь ад 16 да 22 гадоў, а музыканты аркестра – спецыялісты высокага класу з вялікім вопытам работы з калектывам і віртуозным валоданнем разнастайнымі народнымі інструментамі. Сваеасаблівы репертуар, яскравасць і самабытнасць касцюмаў, спалучэнне тэмпераменту і лірычнасці танцаў прыносяць ансамблю заслужаны поспех у самай разнастайнай аўдыторыі.

Сапраўдную радасць сустрэчы з высокапрафесіянальным і натхнёным мастацтвам артысты з Брэста дараць не толькі сваім землякам, але і гледачам Расіі і Украіны, Казахстана і Малдовы. З вялікім поспехам гастраляваў ансамбль у Францыі, Германіі, Англіі, Італіі, Бельгіі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Турцыі, Грэцыі, Сірыі, Кіпры, Мальце, Індыі, Іраку, Мексіцы, Іспаніі, Тайвані, Галандыі, Балгарыі, Швейцарыі, Марока.

Калектыў прымаў удзел у фестывалях у 24 краінах, на 4 кантынентах зямного шара. Толькі ў Францыі ансамбль быў 26 разоў. Рэпертуар ансамбля вельмі разнастайны, ад калейдаскопа беларускіх танцаў да шырокай палітры танцаў іншых народаў. Ансамбль – лаўрэат міжнародных фестываляў фальклорнага мастацтва ў г. Канфалан (Францыя, 2002, 2009), г. Агрыджэнта (востраў Сіцылія, Італія, 2003), г. Браціслава (Славакія, 2007), “Фолкмод” (г. Вайнесвіле, штат Паўночная Караліна, США) і г. Друманадвіле (Канада, абодва 2008), “Лаціум” (Рым, 2010) і інш. Удзельнік культурнай праграмы ад Беларусі на прамысловай выстаўцы Экспа–2010 (Шанхай, Кітай, 2010).

Калектыў мае шмат ганаровых узнагарод: Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Прэмія Ленінскага камсамола (1981). У студзені 2001 года, за захаванне лепшых узораў харэаграфічнага мастацтва беларускага народа і плённую канцэртную дзейнасць у 2000 годзе, калектыву ансамбля была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а ў ліпені 2002 года, за творчыя дасягненні, высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю нацыяльнага мастацтва прысвоена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевiч Жана Валер’еўна, заг. iнфармацыйна-бiблiяграфiчнага аддзела

{/gcontent}

 

  1. Брэсцкі заслужаны аматарскі ансамбль танца “Радасць” // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 73.
  2. Ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 590.
  3. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь Ансамбль танца “Радасць” : [рэкламны буклет] = Radost Folk Danse Ensemble. Брэст, 2007. 12 с.
  4. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры // Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь. Брэсцкая вобласць. Брэст, 2011. С. 2–5.
  5. Скараходаў, У. П. Ансамбль “Радость” Брестского ГДК / У. П. Скараходаў // Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі. Мінск, 2003. С. 93, 96.
  6. Арлова, І. Сустрэча з “Радасцю”/ І. Арлова // Народная газета. 2008. 13 жн. С. 5.
  7. Архипова, А. “Радость” дарит радость / Ада Архипова // Заря. 2002. 18 мая. С. 2.
  8. Данилова, Е. Встречайте – “Радость”! : На фестивале в Кобрине выступит именитый белорусский ансамбль / Елена Данилов // Заря. 2009. 17 сент. С. 8.
  9. Кульбака, А. Планета “Радости” / А. Кульбака // Брестский вестник. 2007. 17 мая (№ 20). С. 5.
  10. Курниц, Т. Есть день рождения у радости… : Семь поколений – в танце / Татьяна Курниц // Брестский курьер. 2002. 18 мая (№ 21). С. 8.
  11. Малавская, Е. Есть повод для радости / Е. Малавская // Брестская газета. 2007. 18–24 мая (№ 20). С. 2.
  12. Шеламова, Т. Кумиры миллионерши, или Почему мадам Шадо ангажирует “Радость” / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2002. 17 мая. С. 8.
  13. Шеламова, Т. “Радость” без шор : Народному ансамблю танца – 40 лет / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2002. 22 мая. С. 3.
  14. Шеламова, Т. Выше радуги : заслуженный любительский ансамбль танца “Радость” отметил 45-летний юбилей / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2007. 16 мая. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2623 разоў Апошняя змена Пятніца, 11 Снежань 2020 11:56