Аўторак, 22 Студзень 2019 14:38

4 мая 2019 г. — 40 гадоў з часу адкрыцця народнага гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Махроўская сярэдняя школа» (Іванаўскі р-н; 1979)

Стварэнне гісторыка-краязнаўчага музея Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці пачыналася ў 1972 г. Настаўніца гісторыі Ірына Палікарпаўна Галяк зацікавілася партызанскім рухам у наваколлях вёскі. На поўдні ад Дняпроўска-Бугскага канала ў гады Вялікай Айчыннай вайны была створана партызанская зона. У памежнай вёсцы Калена дзейнічаў беларуска-ўкраінскі сельскі Савет, які кіраваў жыццём насельнікаў больш дзясятка суседніх вёсак. Маладая настаўніца загарэлася жаданнем аднавіць гісторыю партызанскага атрада імя Лазо. Апантаная высокай ідэяй, яна здолела аб’яднаць вакол сябе самых актыўных, здольных і цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак, пачалася шырокая пошукавая работа.


Устанаўліваліся адрасы былых байцоў атрада, завязалася перапіска з рознымі архівамі Беларусі, Расіі, іншых рэспублік СССР. Актывізавалася справа пасля таго, як у школу пачалі паступаць адказы на запыты юных следапытаў. Ветэраны паведамлялі адрасы былых сяброў па змаганні з ворагам, дасылалі дакументы, успаміны пра баявыя дзеянні ў нашых мясцінах. Тады высветлілася, што пісаць гісторыю аднаго асобнага атрада не магчыма без раскрыцця абстаноўкі, якая існавала ў гады акупацыі ва ўсёй партызанскай зоне. Побач з «лазоўцамі» базіраваліся яшчэ некалькі атрадаў, якія падтрымлівалі пастаянную сувязь, каардынавалі баявыя дзеянні, праводзілі сумесныя баявыя аперацыі. Потым гэтыя асобныя падраздзяленні былі аб’яднаны ў брыгады: Молатаўскую і Пінскую. Вялікую дапамогу ў пошукавай рабоце аказвалі ветэраны партызанскай вайны Іванаўскага, Пінскага, Драгічынскага раёнаў Беларусі, Любяшоўскага, Камень-Кашырскага і Зарэчнянскага раёнаў Украіны.


З часам накапілася столькі дакументаў і артэфактаў, што было прынята рашэнне стварыць школьны музей баявой і працоўнай славы. 4 мая 1979 г. ён урачыста адчыніў дзверы для наведвальнікаў. За 40 гадоў працы музея яго наведвалі не толькі школьнікі Іванаўшчыны, прыязджалі і прыязджаюць цяпер экскурсіі з розных куткоў Беларусі. Музей стаў унікальнай крыніцай далучэння да гісторыі роднага краю, выхавання патрыятычных пачуццяў.


Пасля распаду СССР нялёгкія часы наступілі і ў лёсе гэтай скарбніцы мясцовай гісторыі. Але, да гонару яго стваральнікаў-настаўнікаў, патрыётаў свайго краю, падтрыманых дырэкцыяй школы і раённым аддзелам адукацыі, захаваліся асноўныя фонды музея, самыя каштоўныя дакументы і экспанаты. Агульнымі намаганнямі ўдалося не толькі аднавіць экспазіцыю, аформіць усё на новым, больш дасканалым і даступным для ўспрыняцця свядомасцю цяперашняга пакалення маладых людзей узроўні, але і пашырыць яе. Адноўленая экспазіцыя музея адкрыта 27 студзеня 2005 г.


Экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея: «Сляды першабытнага чалавека», «Гісторыя вёскі Махро», «Гісторыя Махроўскай Петра-Паўлаўскай царквы», «Этнаграфія», «На мяжы стагоддзяў», «Подзвіг групы Самуйліка», «Гісторыя Молатаўскай брыгады», «Гісторыя Пінскай брыгады», «Нашы землякі на франтах Вялікай Айчыннай вайны», «Гісторыя калгаса», «Гісторыя школы», «Грамадскае жыццё», «Воіны-інтэрнацыяналісты», «Махроўскія мастакі».


21 снежня 2007 г. адкрыты новы раздзел экспазіцыі — «Майстры мастацтваў», які ўключае матэрыялы пра жыццё і творчасць мастака, паэта і настаўніка Анатоля Паўлавіча Рубановіча (1908–1970), а таксама яго вучняў і паслядоўнікаў.


28 мая 2008 г. музею прысвоена званне «народны», у 2013 г. званне пацверджана. На 2019 г. музей налічвае 926 экспанатаў асноўнага фонду і 2 127 экспанатаў дапаможнага фонду. Кіраўніком музея 25 гадоў была настаўніца гісторыі Валянціна Аляксандраўна Раманюк, цяпер — Наталля Мікалаеўна Мурына. Галоўная мэта дзейнасці музея — стварэнне асяроддзя для выхавання.


Савет музея неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам многіх конкурсаў: І месца — раённы конкурс «Іванаўшчына ў фотаздымках. Стагоддзе ХХ» (2012), абласны конкурс метадычных матэрыялаў у дапамогу краязнаўцам (2012), рэспубліканскі конкурс метадычных матэрыялаў (2012); ІІІ месца — VІ Міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў у гістарычнай памяці» (2012), абласны конкурс «Дакументальны сведак вайны» ў намінацыі «Устанаўленне імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны» (2013), рэспубліканскі конкурс «Я родным краем ганаруся», у  намінацыі «Невычэрпная крыніца гісторыі» (2014); ІІ месца — рэспубліканскі конкурс «1939 год у памяці жыхароў Беларусі» (2014); дыплом І ступені абласнога конкурсу «Старажытная мясціна — маё натхненне» (2015); дыплом ІІІ ступені рэспубліканскага конкурсу творчых работ «Святыні Беларусі: пакуты і перамогі» (2016); дыплом Міністэрства культуры і падзяка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на III Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» (2016).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Социально-культурная жизнь // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 591–611.
2.    Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн : эссе, воспоминания, публикации, откровения / [сост. А. А. Кузьмич]. – Минск : Мастацкая літаратура, 2015. – 238 с., [40] л. цв. ил.
3.    Аскера, В. Вандроўка па Янаўскім краі: мясціны і асобы / Викторыя Аскера // ЛіМ. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 4–5.
4.    Чэмер, М. Махро: Аляксей Кузьміч і Анатоль Рубановіч : [пра школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей Махроўскай СШ Іванаўскага раёна] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. 2018. 1 верасня. С. 15.
5.    Михальчук, В. Лучшие краеведы — в Мохро : [в Бресте состоялся областной краеведческий фестиваль, в котором приняли участие краеведы Мохровской СШ] / Валерий Михальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 27 снежня. С. 3.
6.    Михальчук, В. В числе лучших : [делегация Ивановского района, представленная Мохровской СШ, приняла участие в III Национальном форуме «Музеи Беларуси»] / Валерий Михальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 27 снежня. С. 3.
7.    Саломка, І. Ад родніых ніў, ад сцежкі роснай... : [Валянціна Раманюк, ветэран педагагічнай працы, захавальнік фондаў Махроўскага гісторыка-краязнаўчага музея] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 22 снежня. С. 14.
8.    Петроченко, А. Секреты штабной работы : [о восстановлении землянки — штаба Пинской партизанской бригады — учениками Мохровской СШ] / Анна Петроченко // Рэспублiка. 2016. 5 мая.
9.    Федорук, М. И воскресла история родного селенья : деревня Мохро — полтысячи лет: [история и современное состояние деревни] / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 5 чэрвеня. С. 4 : фот.
10.    Котковец, А. На экскурсию — в Мохро : [в местном историко-краеведческом музее хранятся уникальные документы] / Алла Котковец // Заря. 2015. 30 мая. С. 5.
11.    Котковец, А. Реконструирует прошлое ради будущего : [Валентина Александровна Романюк, хранитель музейных фондов историко-краеведческого музея при Мохровской средней школе, занесена на районную Доску почёта] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 26 мая (№ 28). С. 2.
12.    Горупа, М. Патриотический центр Ивановщины : [история историко-краеведческого музея Мохровской СШ, 1979–2015] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 20 лютага. С. 6 : фот.
13.    Фатыхава, Г. Мадонны для землякоў Кузьміча : [у сярэдняй школе в. Махро працуе музей мастака Анатоля Рабановіча, былога настаўніка жывапісца Аляксея Кузьміча] / Галія Фатыхава // ЛіМ. 2014. 11 ліпеня (№ 27). С. 13.
14.    Добродей, Л. Посещение историко-краеведческого музея : [экскурсия в д. Мохро и местную среднюю школу членов клуба «Перемена», состоящего из ветеранов педагогического труда СШ № 4 г. Иваново] / Л. Добродей // Чырвоная звязда. Iванава, 2013. 29 сакавіка. С. 4.
15.    Раманюк, В. Нашы школьныя музеі — лепшыя ў краіне : [сярод лепшых дзесяці — гісторыка-краязнаўчы музей Махроўскай СШ] / В. Раманюк // Чырвоная звязда. Iванава, 2012. 14 снежня. С. 2.
16.    Рожковец, С. А. Мохро глазами очевидца : летопись Мохровского сельсовета Ивановского района Брестской области / Сергей Рожковец. Брест : Полиграфика, 2011. 207 с.
17.    Кунахавец, А. У мастацкай зале Рубановiча — папаўненне : [пра новыя карцiны-экспанаты ў зале мастака А. П. Рубановiча ў музеi Махроўскай СШ] / Алена Кунахавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2011. 27 снежня. С. 3.
18.    Озерный, В. История в фактах и лицах : [о презентации книги С. А. Рожковца «Мохро глазами очевидца» в д. Мохро] / В. Озерный // Чырвоная звязда. Iванава, 2011. 9 снежня. С. 6.
19.    Голяк, И. Из камня у них гимнастерка : [в музее д. Мохро находится много сведений о жителях, которые воевали на фронтах Великой Отечественной войны] / И. Голяк // Чырвоная звязда. Iванава, 2010. 30 красавіка. С. 4.
20.    Майский, Г. Настоящие ценности Ивановщины : [историко-культурное наследие] / Г. Майский // Заря. 2009. 29 января. С. 6.
21.    Жушма, В. Тут ажываюць старонкі гісторыі : [пра 30-годдзе музея баявой і працоўнай славы ў Махроўскай СШ] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Iванава, 2009. 5 чэрвеня. С. 3.
22.    Жушма, В. Музей палескай «партызанкі» : [у Махроўскай СШ Іванаўскага раёна адноўлены музей баявой і працоўнай славы мясцовых жыхароў] / Васіль Жушма // Настаўніцкая газета. 2005. 22 лютага. С. 2.
23.    Кухарчук, В. Музей выхоўвае : [пра музей баявой і працоўнай славы ў Махроўскай СШ] / В. Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1983. 12 лістапада.
24.    Галяк, І. Іх памятаюць на Палессі : [сустрэча партызан інтэрнацыянальнай групы, якая адбылася ў Махроўскай СШ] / І. Галяк // Чырвоная звязда. Іванава, 1982. 16 кастрычніка.
25.    Базан, М. Дар школьнаму музею / М. Базан // Чырвоная звязда. Іванава, 1980. 20 студзеня.
26.    Адкрыўся ў вёсцы музей : [аб адкрыцці музея баявой славы ў Махроўскай СШ] // Чырвоная звязда. Iванава, 1979. 9 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3238 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 16:12