Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 06 Люты 2019 09:18

5 красавіка 2019 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Васіля Канстанцінавіча Луцкіна (1914–1981), дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Васіль Канстанцінавіч Луцкін нарадзіўся 5 красавіка 1914 г. у вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага павета Магілёўскай вобласці (цяпер Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці), у сялянскай сям’і. У 1934 г. скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, працаваў настаўнікам у Мсціслаўскім раёне. З 1939 г. — у Чырвонай арміі, удзельнік Савецка-фінляндскай вайны (1939–1940). Член ВКП(б) з 1940 г. Вучыўся на курсах у Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. І. Леніна, затым служыў у Лепельскім артылерыйска-мінамётным вучылішчы.


У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 25 чэрвеня 1941 г. В. К. Луцкін сумесна з курсантамі і выкладчыкамі Лепельскага вучылішча прыняў першы бой. З баямі адступаў да Смаленска, а затым эвакуіраваўся з вучылішчам у Барнаул. У канцы 1942 г. сфарміраваў у Навасібірску танкавую брыгаду. У складзе 1-га гвардзейскага танкавага корпуса ўдзельнічаў у завяршэнні Сталінградскай бітвы. В. К. Луцкін вызначыўся ў час Курскай бітвы, у баях за Рэчыцу і Гомель, у аперацыі «Баграціён». У ліпені 1944 г. на рацэ Шчара быў цяжка паранены, стаў інвалідам 2-й групы, дэмабілізаваны.


Васіль Канстанцінавіч з верасня 1944 г. працаваў дырэктарам Мсціслаўскай школы № 1, загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Магілёўскага абкама КП(б)Б.


З 1947 г. жыў і працаваў у Брэсце. У 1947–1949 гг. В. К. Луцкін — сакратар Брэсцкага абкама КП(б)Б. З 8 лютага 1958 да сакавіка 1959 г. — другі сакратар абкама. Першым сакратаром Брэсцкага абкама КПБ у 1955–1959 гг. працаваў Пётр Міронавіч Машэраў. Пры ўдзеле і садзейнічанні В. К. Луцкіна фарміраваўся патэнцыял сучаснай Брэсцкай вобласці, быў уведзены ў строй шэраг буйных прадпрыемстваў, распрацаваны комплексныя праграмы прамысловага развіцця гарадоў. З сакавіка 1959 г. В. К. Луцкін — старшыня абвыканкама Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Са студзеня 1963 па 11 снежня 1964 г. узначальваў Брэсцкі сельскі аблвыканкам. Старшынёй прамысловага аблвыканкама быў Фёдар Дзмітрыевіч Рома.


Напрыканцы 1964 г. Васіль Канстанцінавіч вяртаецца на родную Магілёшчыну. Са снежня 1964 па люты 1974 г. — старшыня Магілёўскага аблвыканкама.


На ХХІV–ХХVІІ з’ездах КПБ В. К. Луцкін быў выбраны членам Цэнтральнага Камітэта. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 4–8-га скліканняў, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 5, 7, 8-га скліканняў. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, «Знак Пашаны», трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.


З 1974 г. — персанальны пенсіянер, жыў у Магілёве. В. К. Луцкін памёр 2 ліпеня 1981 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Выстаяў пад Сталінградам : Луцкін Васіль Канстанцінавіч // Памяць. Мсціслаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Полымя, 1999. С. 233–234.
2.    Луцкін Васіль Канстанцінавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 444.
3.    Исполком Брестского облсовета народных депутатов // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 222–223.
4.    Исполком Могилёвского областного Совета народных депутатов // Могилёв : энцикл. справочник. Минск, 1990. С. 174.
5.    Очерки истории Брестской областной партийной организации / Я. Я. Алексейчик [и др.]. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Партийное руководство восстановлением народного хозяйства. Дальнейшие социалистические преобразования (май 1945–1965 гг.). С. 173–287.
6.    Пустынкі : [радзіма В. К. Луцкіна] // Памяць. Мсціслаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Полымя, 1999. С. 592–593.
7.    Панов, М. Ф. На направлении главного удара : военно-исторический очерк о боевом пути 1-го гвардейского танкового Донского корпуса / Михаил Фёдорович Панов. – Москва, 1995. – 248 с. : ил.
8.    VIII областная партконференция : [вторым секретарём Брестского обкома избран В. К. Луцкин] // Заря. 1958. 9 февраля.

Чытаць 1341 разоў Апошняя змена Серада, 23 Снежань 2020 11:22