Чацвер, 14 Люты 2019 10:32

27 ліпеня 2019 г. — 75 гадоў з дня прысваення ганаровага наймення «Баранавіцкія» вайсковым злучэнням і часцям Чырвонай арміі (1944)

На тэрыторыі Беларусі да лета 1944 г. вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону. У адпаведнасці з планам Беларускай аперацыі, адной з буйнейшых наступальных аперацый Чырвонай арміі, прадугледжваўся адначасовы прарыў абароны праціўніка на 6 участках. У правядзенні аперацыі, якая праходзіла 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г., вялікую дапамогу аказвалі партызаны, падпольшчыкі і насельніцтва Беларусі.

Гітлераўцы пераўтварылі г. Баранавічы (цяпер Брэсцкай вобласці) у моцны вузел абароны з сістэмай дзотаў, бліндажоў, мінных палёў, каб перакрыць стратэгічныя шляхі на Брэст і Беласток. На далёкіх і блізкіх подступах да горада было створана некалькі ўмацаваных ліній абароны, праціўнік падрыхтаваўся да працяглай абароны і ў самім горадзе.

У пачатку ліпеня пачалося наступленне войск 1-га Беларускага фронту на Баранавіцка-Слонімскім напрамку. 6 ліпеня савецкія войскі акружылі баранавіцкую групоўку праціўніка і пасля двух дзён упартых баёў разграмілі яе. У ноч на 8 ліпеня перадавыя савецкія часці ўвайшлі ў горад, немцы працягвалі супраціўляцца і ў цэнтры, завязаліся вулічныя баі. 8 ліпеня Баранавічы былі цалкам вызвалены. Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Баранавіч, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна ад 8 ліпеня 1944 г. аб’яўлена падзяка. У Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.

28 вайсковым злучэнням і часцям Чырвонай арміі, якія вызвалялі горад, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна ад 27 ліпеня 1944 г. прысвоена ганаровае найменне «Баранавіцкія». Наймення ўдастоены часці і злучэнні 28-й, 48-й, 65-й, 16-й паветраных армій, 4-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, 1-га механізаванага і 9-га танкавых карпусоў 1-га Беларускага фронту. За паспяховыя баявыя дзеянні пры вызваленні Баранавіч 18 часцей (дывізіі, брыгады, палкі, дывізіёны) былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Кутузава І ступені, Суворава ІІ ступені, Аляксандра Неўскага, а 5 байцоў сталі Героямі Савецкага Саюза.

У Баранавіцкім краязнаўчым музеі захоўваюцца матэрыялы аб вызваленні горада і раёна, удзельніках вызвалення, вайсковых часцях і злучэннях, якім прысвоена ганаровае найменне «Баранавіцкія». На вул. Леніна ўстаноўлены помнік у гонар вызвалення Баранавіч. Вуліцы горада атрымалі імёны воінаў-вызваліцеляў — генерал-маёраў Іосіфа Іусцінавіча Санкоўскага і Івана Лявонцьевіча Рагулі, Героя Савецкага Саюза малодшага лейтэнанта Івана Паўлавіча Лісіна.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Баранавіцкія вайсковыя злучэнні і часці ; Баранавічы / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 60–61.
  2. Воінскія часці і злучэнні, якім прысвоена найменне «Баранавіцкія» // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 374–375.
  3. Баранавіцкая стралковая дывізія / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 59.
  4. Кубанска-Баранавіцкая казацкая кавалерыйская дывізія / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 279–280.
  5. Барановичская стрелковая дивизия // Военный энциклопедический словарь. Москва : Воениздат, 1986. С. 65–66.
  6. Барановичская стрелковая дивизия // Великая Отечественная война, 1941–1945 : энциклопедия. Москва, 1985. С. 76–77.
  7. Барановичская стрелковая дивизия // Советская военная энциклопедия : в 8 т. Москва : Воениздат, 1976. Т. 1. С. 391–392.
  8. Дзёмін, М. К. Гістарычныя старонкі вызвалення / М. К. Дзёмін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 354–357.
  9. Яны вызвалялі горад // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 361–362.
  10. Гарачыя баі каля Баранавіч : з успамінаў Івана Міхайлавіча Рагулі, былога аўтаматчыка 685-га палка 193-й стралковай дывізіі // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 366–367.
  11. Героі-вызваліцелі : Героі Савецкага Саюза, якія вылучыліся ў Баранавіцка-Слонімскай аперацыі // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 371–374.
  12. Узнагарода за Баранавічы : злучэнні і часці, узнагароджаныя за паспяховыя баявыя дзеянні пры вызваленні г. Баранавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г. // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 375.
  13. Памятник освобождения : [Барановичи] / Н. А. Богушевич, А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 88–89.
  14. Памятник советским воинам-автомобилистам : [ул. Тельмана] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 89.
  15. Освобождение / авт.-сост. В. Р. Хряков. – Барановичи : Барановичская укрупненная типография, 2004. – 23 с.
  16. Гарматны, В. Вызваленне Баранавіч / Віталь Гарматны // Intex-press. Барановичи, 2009. 8 июля. C. 17.
  17. Зорин, А. Алексей Зорин: «Боль — не самое страшное» : [воспоминания ветерана Великой Отечественной войны, освободителя г. Барановичи] / Алексей Зорин // Наш край. Барановичи, 2009. 7 июля. C. 5.
  18. Миронов, Д. Казаки-конногвардейцы : [о 4-м Кубанском кавалерийском корпусе, освобождавшем Барановичи] / Дмитрий Миронов // Наш край. Барановичи, 2009. 21 апреля. С. 2.
  19. Горбачёв, Р. 10 фактов об освобождении города Барановичи / Р. Горбачёв // Intex-press. Барановичи, 2008. 3 июля. С. 8.
Чытаць 1340 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:37