Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Сакавік 2019 08:55

2019 г. — 515 гадоў з часу першага ўпамінання в. Гнеўчыцы (Іванаўскі раён) у пісьмовых крыніцах (1504)

Вёска Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1504 г. У 1555 г. сяло ў складзе Дружылавіцкага двара. Пасля прыняцця «Уставы на валокі» (1557) лічылася княжацкім. У канцы ХVІ ст. у Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1775 г. упамінаецца ў інвентары Рагадашчаўскага староства Пінскага павета, у склад якога тады ўваходзіла і належала пінскаму стольніку Яну Аржэшку.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 г. у Літоўскай губерні. З 1801 г. у складзе Кобрынскага павета Гродзенскай губерні.

У 1802 г. на сродкі памешчыка Іосіфа Гутоўскага быў пабудаваны драўляны храм Святой Параскевы Пятніцы, у якім спалучаюцца традыцыі народнага дойлідства з элементамі класіцызму. Царква дзейнічала як уніяцкая, але ў 1839 г. адбылася ліквідацыя ўніяцтва. На той момант Гнеўчыцкая царква налічвала 1133 прыхаджаніна.

Гнеўчыцкая царква ўзводзілася на стагоддзі: усё ў ёй, уключаючы дах, было пабудавана з так званай старадрэвіцы. Матэрыял гэты захаваў бы сваю трываласць да нашага часу. Царкоўны ўчастак замест агароджы быў абнесены земляным валам. У канцы 1970-х гг. храм быў цалкам разбураны. У канцы 1990-х гг. вяскоўцамі было прынята рашэнне адрадзіць храм у Гнеўчыцах на яго ранейшым падмурку. У 1999 г. на ахвяраванні вернікаў было распачата будаўніцтва новага храма. 24 лістапада 2007 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне храма, дзе прысутнічалі Уладыка Пінскай епархіі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, мітрафорны протаіерэй Генадзь, святары праваслаўных храмаў Іванаўшчыны.

У 1866 г. сяло Гнеўчыцы ў Адрыжынскай воласці, тут дзейнічалі царква, вучылішча. На 1885 г. у сяле было 48 двароў, 384 жыхары, праваслаўная царква, 4 ветраныя млыны, піцейны дом. У 1905 г. 689 жыхароў. У 1915–1918 гг. акупіравана германскімі, з 1919 г. польскімі войскамі. З 1921 г. у складзе Польшчы. На 1924 г. у Янаўскай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства, мелася 87 будынкаў, 414 жыхароў. Працавала школа, якую ў 1934 г. наведвалі 63 вучні.

З восені 1939 г. Гнеўчыцы ў Беларускай ССР. На 12 кастрычніка 1940 г. у Крытышынскім сельсавеце Іванаўскага раёна Пінскай вобласці. Тады было 160 двароў, 750 жыхароў, працягвала дзейнасць пачатковая, але ўжо руская школа, быў арганізаваны кааператыўны гандлёвы пункт.

У Вялікую Айчынную вайну акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна». Акупанты загубілі ў вёсцы 23 мірных жыхары. На франтах у 1939–1945 гг. загінулі ці прапалі без вестак 28 воінаў-землякоў. для ўшанавання памяці аднавяскоўцаў у 1966 г. пастаўлены абеліск.

У 1946 і 1959 гг. былі пабудаваны новыя школьныя карпусы, на 1961 г. школа была васьмігадовай. Новая школа пабудавана ў 1974 г. і разлічана на 320 вучнёўскіх месцаў. З 1 верасня 2004 г. Гнеўчыцкая школа была рэарганізавана ў школу-сад. Па стане на 1 верасня 2015 г. у школе займаліся 37 вучняў, у дашкольнай групе выхоўваліся 14 дзяцей. Навучанне вялося на беларускай мове. У 2018 г. школа была зачынена.

З 8 студзеня 1954 г. Гнеўчыцы ў Брэсцкай вобласці. У 1962–1965 гг. знаходзіліся ў Драгічынскім раёне.

18 снежня 1949 г. у вёсцы быў створаны калгас «70-годдзе Сталіна». 9 ліпеня 1960 г. калгас перайменаваны ў «Беларусь». З 11 лістапада 1980 г. вёска ў калгасе імя П. М. Машэрава, з 2003 г. ва ўгоддзях СВК «Машэраўскі». У 2018 г. у Гнеўчыцах пражывалі 313 чалавек.

У Гнеўчыцах 3 студзеня 1951 г. нарадзілася Валянціна Міхайлаўна Кукса (Леанюк), беларуская пісьменніца і педагог. Дзяцінства яе не было лёгкім, але праходзіла на ўлонні прыроды. З навакольнага поля далятаў тужлівы спеў. Гэта, завяршаючы цяжкі прыпарны дзень, спявала маці разам са жнеямі. Спявалі старажытныя жніўныя песні. Палескія песні і мова на ўсё жыццё запалі ва ўражлівую душу, таму «вясковасць» і радаводу, і маральна-духоўнага стану ў пісьменніцы была ўвабрана ад нараджэння.

З дзяцінства палюбіла Валянціна родную зямлю, бацькоў, настаўнікаў, сваіх землякоў, іх звычаі і традыцыі, палюбіла настолькі, што не змагла пра іх не напісаць. Вясковае выхаванне змалку навучыла здабываць у поце свой хлеб, навучыла цярплівасці, адказнасці. Васьмігадовая школа была ў родных Гнеўчыцах, а вось у дзесяцігодку прыйшлося хадзіць у суседні Крытышын.

В. М. Кукса працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Была стваральнікам першых беларускамоўных груп у дашкольных установах Брэста. Распрацавала шэраг метадычных работ для выхавацеляў і настаўнікаў па вывучэнні беларускай мовы дзяцьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Выдала кнігі прозы: «Створым прастору любові», «І верыла ў цуд...», «Кнігаўка», «Колеры вясёлкі». Лаўрэат Берасцейскай мядовай прэміі (2005).

Валянціна Міхайлаўна паклапацілася, каб аднавіць у вёсцы разбураную святыню — царкву Параскевы Пятніцы. Адпраўным момантам, які прадвызначыў будаўніцтва новага храма, стаў яе артыкул у іванаўскай раённай газеце «Чырвоная звязда» вясной 1999 г. Прасякнуты ідэяй адраджэння духоўнасці, ён ускалыхнуў мясцовых жыхароў, стаў той жыватворнай кропляй, якая разбудзіла ў іх імкненне да актыўнай дзейнасці.
13 верасня 2014 г. В. М. Куксы не стала, але застаўся светлы ўспамін аб гэтай няўрымслівай жанчыне, якая да апошняга ўздыху верыла ў цуд.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Гневчицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 282.
  2. Гнеўчыцы // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Минск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 379.
  3. Гнеўчыцы // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроника / [уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук]. Мінск, 2000. С. 570.
  4. 190 гадоў з часу пабудовы (1802) Гнеўчыцкай царквы Параскевы Пятніцы // Беларускі каляндар. Мінск, 1991. С. 183.
  5. Памятник землякам : [д. Гневчицы, Крытышинский сельсовет] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 192.
  6. Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Гнеўчыцы, Іванаўскі р-н. С. 133, 201, 255, 286, 287, 304, 313, 314.
  7. Гневчицы // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 767–768.
  8. Калечыц, А. Г. Палеалітычныя помнікі Беларусі : культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя крыніц / А. Г. Калечыц, А. У. Коласаў, В. С. Абухоўскі. Мінск : Беларуская навука, 2010. 323с.
  9. Брестское РУП «Фармация»: вчера, сегодня, завтра : [история аптек всех районов области и г. Бреста; упоминается д. Гневчицы
  10. Ивановского района] / сост. В. Гнитий [и др.]. – Брест : Вечерний Брест, 2009. – 182 с.
    Несцярчук, Л. М. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : [згадваецца в. Гнеўчыцы] / Леанід Несцярчук. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 430с.
  11. Валянціна Кукса : [нарадзілася ў в. Гнеўчыцы Іванаўскага раёна] // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 243–248.
  12. Крытышынскі сельскі Савет : [в. Гнеўчыцы] // Старажытная Янаўшчына / А. І. Калечыц. Брэст, 2001. С. 86–87.
  13. Барышчук, А. Вёска над Днепра-Бугам : [в. Гнеўчыцы] / Алена Барышчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 19 кастрычніка. С. 13.
  14. Займист, И. Дарит людям радость : [Анна Андреевна Кравчук (Леонюк), педагог, проживает в д. Гневчицы] / Ирина Займист // Янаўскі край. Іванава, 2018. 31 ліпеня. С. 4.
  15. Михальчук, В. Большие победы животноводов из Гневчиц : [трудовой коллектив фермы Гневчицы ОАО «Машеровский» одержал победу в районном соревновании за высокие результаты в выращивании крупного рогатого скота] / Валерий Михальчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 30 сакавіка. С. 5.
  16. Санкевич, Н. Руки — в труде, вера в сердце : [о бывшем полеводе, ветеране труда Е. Ф. Квире из д. Гневчицы] / Надежда Санкевич // Янаўскі край. Іванава, 2017. 7 красавіка. С. 13.
  17. Ксенда, Н. Шчаслівае даўгалецце : [пра ветэрана педагагічнай працы Васілія Міхайлавіча Калашука з в. Гнеўчыцы] / Н. Ксенда // Чырвоная звязда. Іванава, 2011. 9 снежня. С. 3.
  18. Куницкий, П. Скульптуры на сельской улице : [о резчике по дереву А. Пархомчуке из д. Гневчицы Ивановского района] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2007. 11 мая. С. 5.
  19. Мікалаеў, А. Чараўніна ў капялюшыку : сустрэча з пісьменніцай : [аб сустрэчы з В. Кукса ў бібліятэцы Іванаўскага раёна] / А. Мікалаеў // Заря. 2006. 20 мая. С. 9.
  20. Азёрны, В. Наша зямлячка — аўтар зборніка : [пра ўраджэнку в. Гнеўчыцы Валянціну Міхайлаўну Кукса] / В. Азёрны // Чырвоная звязда. Іванава, 1993. 15 кастрычніка. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1506 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:27