Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Чэрвень 2019 13:20

12 сакавіка 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Вольгі Рыгораўны Мацукевіч (1949), бібліятэкара, краязнаўца, першага дырэктара Мотальскага музея народнай творчасці (1988–2012)

Вольга Рыгораўна Мацукевіч (Рацык) нарадзілася 13 сакавіка 1949 г. у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яе бацька, Рыгор Антонавіч Рацык, франтавік, удзельнічаў у абароне Ленінграда, Сталінградскай бітве, дайшоў да Берліна, узнагароджаны медалямі, пасля вайны ўзначальваў рыбалавецкую арцель, у 1949 г. стаяў ля вытокаў стварэння калгаса. Маці, Марыя Мацвееўна Рацык, у 1942 г. з сям’ёй была вывезена ў Германію на прымусовыя працы, вярнулася дадому пасля вызвалення, працавала ў калгасе.

Вольга Мацукевіч скончыла Мотальскую сярэднюю школу ў 1966 г., паступала ў інстытут, але не прайшла па конкурсе, уладкавалася кандытарам у сталовую калгаса «40 гадоў Кастрычніка». Сяброўка працавала ў бібліятэцы і, калі яе запрасілі працаваць у Іванаве, рэкамендавала на сваё месца Вольгу.

Атрымаўшы накіраванне ад камсамола, Вольга Мацукевіч прыйшла ў бібліятэку, паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Дваццаць гадоў (1968–1988) загадвала Мотальскай дзіцячай бібліятэкай. Зрабіла капітальны рамонт будынка. Ладзіла семінары і канферэнцыі раённага і абласнога маштабу. «Выбівала» падпіску на папулярныя часопісы, сюды хадзіў чытаць увесь Моталь. Адкрыла ў бібліятэцы «Літаратурную гасцёўню». Дзеці з вялікім задавальненнем наведвалі бібліятэку, якая нават была прызнана лепшай сельскай дзіцячай бібліятэкай у Брэсцкай вобласці.

Першы краязнаўчы музей у Моталі быў створаны ў 1983 г. як сумесная ініцыятыва Міністэрства культуры БССР і калгаса «40 гадоў Кастрычніка». У 1988 г. рашэннем аддзела культуры райвыканкама В. Р. Мацукевіч была назначана дырэктарам Мотальскага музея, які атрымаў статус дзяржаўнага. Сама пісала навуковую канцэпцыю, тэматычныя планы. Разам з калегамі правяла каласальную работу па ўзвядзенні будынка музея, наладжванні працы ў ім, зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб музей быў цікавым, наведвальным і папулярным. Музей стаў раскрываць самабытную культуру Заходняга Палесся, быў адкрыты 13 жніўня 1995 г., што стала значнай падзеяй для ўсяго Палесся.

7 студзеня 2002 г. В. Р. Мацукевіч у Палацы Рэспублікі (Мінск) ад імя калектыву музея атрымала дыплом спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгранную работу па прапагандзе і папулярызацыі народнай творчасці і традыцыйных промыслаў. У 2007 г. установа атрымала дыплом І ступені ў намінацыі «Лепшы турыстычны аб’ект» конкурсу «Пазнай Беларусь».

За дваццаць пяць гадоў (1988–2012) работы ў музеі Вольга Мацукевіч сабрала багатыя калекцыі археалогіі, керамікі, ткацтва, вышыўкі, іканапісу і жывапісу, посуду і мэблі, якія расказваюць пра гісторыю і незвычайную матэрыяльна-духоўную культуру Заходняга Палесся. В. Р. Мацукевіч стаяла ля вытокаў міжнароднага кулінарнага фестывалю «Мотальскія прысмакі», была аўтарам яго канцэпцыі.

Адначасова Вольга Рыгораўна была стваральнікам і доўгі час кіраўніком народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра «Мотальскія суседкі», які добра вядомы за межамі раёна і вобласці. Тэатр паказвае розныя гісторыі з паўсядзённага жыцця маталян, абрадавыя дзеі: «Мотальскае вяселле», «Абрад свахi», «Пераблытанка», «Каравай» і інш. Вольга Рыгораўна была аўтарам і рэжысёрам усіх спектакляў, што ставіў калектыў. А першым спектаклем быў «З усмешкаю ўсур’ёз» — сумесь народнай мудрасці з рэальнымі гісторыямі жыцця, які. Спектакль цёпла прынялі гледачы. «Мотальскія суседкі» нават выступілі з ім у Мінску. Потым былі спектаклі «Масленічныя забавы», «Прысьба», «Траецкія сваты», «Вялікдзень», «Купалле», «Цыганы» — ва ўсіх пра Моталь, людзей і мясцовыя традыцыі.

13 сакавіка 2019 г. у Мотальскім СДК прайшоў творчы вечар В. Р. Мацукевіч, прымеркаваны да яе 70-годдзя.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы В. Р. Мацукевіч

  1. Мотальскі музей народнай творчасці / В. Р. Мацукевіч // Музеі Беларусі. Минск, 2008. С. 397–400.
  2. Мотальскі музей народнай творчасці / В. Р. Мацукевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 528.
  3. Мотальскі музей народнай творчасці / В. Мацукевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 551–553.
  4. Мотальскія ручнікі / В. Мацукевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 544.
  5. Мотальскі ручнік / Вольга Мацукевіч // Загароддзе. Іванава, 2000. № 2. С. 178–181.
  6. Мотальскі музей народнай творчасці / Вольга Мацукевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 222.

Аб жыцці і дзейнасці В. Р. Мацукевіч

  1. Социально-культурная жизнь // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 591–611.
  2. Цалюк, А. Маталянка да дзясятага калена : [пра лёс Вольгі Рыгораўны Мацукевіч, былога дырэктара Мотальскага музея народнай творчасці] / Анастасія Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2019. 15 сакавіка. С. 6.
  3. Гетман, И. Уже «Прысмакі» близко-близко... : [круглый стол «Янаўскага краю» с участием О. Г. Мацукевич] / Игорь Гетман // Янаўскі край. Іванава, 2019. 26 лютага. С. 4–5.
  4. Саломка, І. Валянціна Барадзінчык: «Калі мы разам, у нас — натхненне, творчасць і ў канчатковым рахунку вынік» : [значны ўклад у развіццё культуры раёна ўнесла В. Р. Мацукевіч] / І. Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 12 кастрычніка. С. 4.
  5. Саломка, І. Ноу-хау Мотальскага музея / І. Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 11 жніўня. С. 3.
  6. Целюк, А. Не только красивая женщина, но и руководитель прекрасный : [о бывшем директоре Мотольского музея народного творчества О. Г. Мацукевич ] / А. Целюк // Янаўскі край. Іванава, 2017. 19 мая. С. 5.
  7. Козлович, В. Каждому туристу — свой музей : [в Мотоле] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2015. 21 августа.
  8. Котковец, А. Идею воплотили в жизнь : [о Мотольском музее народного творчества, первым директором которого была Ольга Мацукевич] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 10 ліпеня. С. 6.
  9. Ксёнда, Н. Старажылы Моталя / Ніна Ксёнда // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 22 мая. С. 7.
  10. Марчук, Р. Калі рамёствы запатрабаваныя, яны квітнеюць / Раіса Марчук // Літаратура і мастацтва. 2011. 5 жніўня. С. 24.
  11. Каткавец, А. Вуліцамі старога Моталя / Ала Каткавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2008. 24 снежня. С. 3.
  12. Жушма, В. Мінчане былі ў захапленні : [пра экскурсію па залах Мотальскага музея народнай творчасці для дэлегацыі работнікаў культуры Мінскай вобласці] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 21 верасня. С. 6.
  13. Козлович, В. Останемся в деревне : [Ольга Мацукевич рассказывает об истории Мотоля] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2007. 9 сентября. С. 11.
  14. Гарупа, М. На скрыжаваннях вякоў : [пра экспазіцыю ручнікоў у Мотальскім музеі народнай творчасці] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 30 сакавіка.
  15. Пракаповіч, М. Беларуская Атлантыда Янкі Рамановіча : [згадваецца В. Р. Мацукевіч] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2006. 29 ноября. С. 18.
  16. Литвинович, Е. Слетайтесь в Мотоль, как мотыльки… : [Ольга Григорьевна Мацукевич проводит экскурсии по Мотольскому музею народного творчества] / Евгений Литвинович // Заря. 2006. 9 сентября. С. 8–9.
  17. Гарупа, М. «Мотальскія суседзі» застаюцца маладымі : [пра фальклорна-этнаграфічны калектыў «Мотальскія суседзі» Мотальскага СДК] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Iванава, 2004. 9 лістапада.
  18. Гарупа, М. Святыня маталян : [пра Мотальскі музей народнай творчасці] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 4 кастрычніка.
  19. Пятрова, М. Святыня маталян : [пра Мотальскі музей народнай творчасці] / М. Пятрова // Беларуская думка. 2002. № 10. С. 155–158.
  20. Рымашэўская, І. Душы пакаленняў ціхі прытулак, ці Гісторыя аднаго ўзыходжання : [пра дырэктара Мотальскага музея народнай творчасці В. Р. Мацукевіч] / Іна Рымашэўская // Белорусская нива. 2002. 13 апреля. С. 6.
  21. Гарупа, М. Нам засталася спадчына : [пра Мотальскі музей этнаграфіі і народнай творчасці] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Iванава, 2002. 5 сакавіка.
  22. Квир, А. Из бабушкиных сундуков : [о Мотольском музее народного творчества] / А. Квир // Белорусская нива. 1995. 25 ноября. С. 4.
  23. Крэйдзіч, А. У Моталь — па скарбы / Анатоль Крэйдзіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1995. 11 жніўня. С. 2.
  24. Старых, М. Дарога да храма : [пра Мотальскі музей побыту і этнаграфіі і яго загадчыцу Вольгу Рыгораўну Мацукевіч] / М. Старых // Народная газета. 1991. 23 красавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1096 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Люты 2021 10:42