Пятніца, 19 Ліпень 2019 10:49

10 ліпеня 2019 г. — 125 гадоў з дня асвячэння Свята-Уладзімірскай царквы ў в. Чыжэўшчына (Жабінкаўскі р-н; 1894), помніка архітэктуры неарускага стылю

У вёсцы Крупчыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) 9 верасня 1882 г. здарыўся вялікі пажар, у якім згарэла і драўляная Аляксандра-Неўская царква. Было вырашана ўзвесці тут, на паўднёвай ускраіне вёскі, мураваны храм.

Праект распрацавалі пецярбургскія архітэктары М. Л. Бенуа (1813–1898) і Жубер, прыстасаваў да месца інжынер А. Рэмер. Дазвол на пачатак будаўніцтва ад Міністэрства ўнутраных спраў быў атрыманы ў 1886 г. Толькі праз чатыры гады Літоўская духоўная кансісторыя прыняла рашэнне аб пачатку будаўніцтва царквы ў імя святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Прастольнае свята — 28 ліпеня. Новая царква была закладзена 6 чэрвеня 1891 г.

Прыходскім святаром у Крупчыцах з 1883 г. служыў Ніканор Антонавіч Катовіч (1845–1938), ураджэнец в. Чаравачыцы Кобрынскага павета. Скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча (1859), Літоўскую духоўную семінарыю (1865). З 1866 г. працаваў настаўнікам Кобрынскага духоўнага вучылішча. У 1871 г. рукапаложаны ў святара, накіраваны служыць у Хаціслаўскую царкву Брэсцкага павета, з 1874 г. служыў у Рагазнянскай царкве Кобрынскага павета. Айцец Ніканор быў ініцыятарам і арганізатарам будаўніцтва Свята-Уладзімірскага храма ў Крупчыцах.

Пры будаўніцтве царквы выкарыстоўваліся камяні з руін былога Крупчыцкага кляштара кармелітаў, які існаваў на гэтым месцы з ХVII ст. да 1832 г. Узвядзенне Свята-Уладзімірскага храма з цэглы і бутавага каменю закончылася ў канцы 1893 г. Асвяціў царкву 10 ліпеня 1894 г. віленскі протаіерэй Іаан Антонавіч Катовіч (1839–1915), брат настаяцеля. Царква ў Крупчыцах па прапанове а. Ніканора з’явілася як храм-помнік да 100-годдзя з часу перамогі рускіх войск пад камандаваннем А. В. Суворава над войскамі польскага генерала К. Серакоўскага на Крупчыцкіх палях.

У сакавіку 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне незалежнасці і суверэнітэту Рэчы Паспалітай. Для падаўлення паўстання былі накіраваны расійскія сілы з Украіны — корпус генерал-аншэфа А. В. Суворава. 17 верасня каля Крупчыц адбылася бітва паўстанцкага корпуса генерал-маёра Караля Серакоўскага з корпусам Аляксандра Суворава. Гэта была самая буйная на беларускіх землях бітва паўстанцаў, з абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чалавек. У выніку бою паўстанцы былі вымушаны адступіць.

Свята-Уладзімірская царква ў плане крыжападобная з вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Збудаванне завяршаецца паўсферычным купалам на масіўным васьмігранным барабане, грані з паўцыркулярнымі завяршэннямі прарэзаны паўцыркулярнымі вокнамі. Над купалам узвышаецца галоўка на высокай шыйцы. Падобны купал завяршае вежу-званіцу. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе арачнага партала, дэкараванага паўкалонкамі. Сцены па баках партала маюць высокія плоскія нішы з праваслаўным крыжам. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў шырока выкарыстаны скажоныя формы старажытнарускага дойлідства. Сцены царквы завершаны шматслойным прафіляваным карнізам, дзе вылучаюцца паясы з зубчыкамі, ажурны пояс.

У інтэр’еры вылучаецца цэнтральная падкупалавая прастора. Чатыры масіўныя калоны-слупы падтрымліваюць падпружныя аркі, якія з’яўляюцца асновай канструкцыі купала «на ветразях». У інтэр’еры двух’ярусны драўляны іканастас. Цэнтрам яго кампазіцыі з’яўляюцца царскія вароты, якія вылучаюцца скразной драўлянай разьбой. Сярод ікон, размешчаных на сценах, вылучаюцца іконы ХІХ ст.: «Мікалай Цудатворца», «Іаан Хрысціцель», «Маці Боская Адзігітрыя». Храм — помнік архітэктуры неарускага (псеўдарускага) стылю. Храм гэтага праекта існуе ў мястэчку Белавежа Хайнуўскага павета Падляскага ваяводства (Польшча) — Свята-Мікалаеўская царква, узведзеная ў 1895 г. з чырвонай цэглы.

Да 1908 г. а. Ніканор арганізаваў у Крупчыцах народную паўленкаўскую бібліятэку, перадаў у яе шмат уласных кніг, фонд бібліятэкі налічваў 1500 экз.; бібліятэка загінула ў час Першай сусветнай вайны. У 1913 г. а. Ніканор быў узнагароджаны ордэнам св. Ганны ІІІ ступені.

У жніўні 1915 г., калі германскія войскі падышлі да Брэст-Літоўска, а. Ніканор, як і большасць жыхароў, выехаў у бежанцы. У час Першай сусветнай вайны Свята-Уладзімірскі храм быў разрабаваны і паўразбураны. З шасці вёсак Крупчыцкага прыхода тры вёскі былі цалкам спалены, а чацвёртая — напалову. Летам 1918 г. а. Ніканору ўдалося вярнуцца ў Крупчыцы. Да 1928 г. храм быў адноўлены і адрамантаваны, наколькі хапіла сродкаў. У 1936 г. спатрэбіўся рамонт даху, падлогі, тынкоўка сцен, але сродкаў не было. Айцец Ніканор у 1936 г. у сувязі з узростам пакінуў службу.

4 мая 1943 г. невядомыя бандыты забілі святара Іаана Сярветніка з дваімі дзецьмі. 8 мая 1945 г. царкоўная абшчына атрымала ад Жабінкаўскага райвыканкама храм у бестэрміновае карыстанне. Паступова рабілі рамонт, набывалі неабходнае начынне. У 1967 г. улады ў час рэалізацыі палітыкі ваяўнічага атэізму зачынілі храм, перадалі калгасу пад зернясховішча, паступова ён прыйшоў у заняпад. Многія яго іконы прыхаджане выратавалі і захоўвалі ў Азятах, дзе працавала Свята-Мікалаеўская царква.

У час перабудовы па ініцыятыве Уладзіміра Яўфімавіча Ярашука, які звяртаўся з лістамі ў розныя інстанцыі, У. Карпінчыка, Г. Кулічыка, Ф. Андраюка ды іншых Свята-Уладзімірскі храм быў вернуты вернікам. Пасля доўгага перапынку першае богаслужэнне адбылося 28 ліпеня 1990 г. Людзі збіралі грошы на рамонт, дапамаглі сродкамі племсаўгас «Рагазнянскі» і іншыя прадпрыемствы раёна. У 1992 г. асноўны рамонт завяршыўся. Настаяцелем у 1990–1996 гг. служыў а. Іаан Паддубны.

У гонар воінаў, якія загінулі ў Крупчыцкім баі, у цэнтры Чыжэўшчыны пабудавана і 23 верасня 2004 г. асвечана Крупчыцкая мемарыяльная капліца. 6 ліпеня 2019 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан правёў святочную літургію, прысвечаную 125-годдзю з дня асвячэння Свята-Уладзімірскага храма, на якую з’ехаліся жыхары навакольных вёсак.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
 

 

  1. Чижевщинская Владимирская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 460–461.
  2. Царква ў імя святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра : [в. Чыжэўшчына] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 421–422.
  3. Чижевщинская Свято-Владимирская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 613.
  4. Чарняўская, Т. І. Свята-Уладзімірская царква (в. Чыжэўшчына) / Т. І. Чарняўская // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 455–456.
  5. Лаўрэцкі, Г. А. Чыжэўшчынская Уладзімірская царква / Г. А. Лаўрэцкі // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 485.
  6. Чернявская, Т. И. Владимирская церковь : [д. Чижевщина] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 187.
  7. Чарняўская, Т. І. Уладзімірская царква : [в. Чыжэўшчына] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 165–166.
  8. Чыжэўшчына // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 352–353.
  9. Крупчыцкі бой // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 76–78.
  10. Емяльянчык, У. Крупчыцкі бой, 1794 / Уладзімір Емяльянчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 266.
  11. Бензярук, А. Крупчыцкі кляштар кармелітаў / Анатоль Бензярук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 266.
  12. Бензярук, А. Крупчыцы, 1794 год : падзеі і памяць роднай гісторыі / Анатоль Бензярук. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2007. – 152 с., [4] л. іл.
  13. Бензярук, А. Баявыя дзеянні вакол Брэста летам і восенню 1794 года / Анатоль Бензярук // Международная популярно-научная конференция, посвящённая знаменитым полякам, рождённым на Полесье, Брест, 21–23 мая 2004 г. Брест : Академия, 2006. Ч. IV. Тадеуш Костюшко. С. 19–25.
  14. Ильин, А. Л. Священник Никанор Котович и его библиотека / Ильин А. Л. // Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання : матэрыялы і даклады ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Брэст, 22–25 верасня 2015 г. Мінск, 2016. С. 278–283.
  15. Ермакова, С. Культурны ракурс : [храмы і гістарычныя мясціны в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна] / Святлана Ермакова // ЛіМ. 2016. 15 ліпеня. С. 16.
  16. Кузіч, М. Дзве царквы — два лёсы : [аб гісторыі храмаў у в. Чыжэўшчына і м. Белавежа (Польшча), абодва ўзведзены па аднаму праекту] / Міхаіл Кузіч // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 28 чэрвеня. С. 3 : фат.
  17. Ильин, А. Крупчицкий священник Никанор Антонович Котович / А. Ильин // Гістарычная брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. 2016. № 2.
  18. Никанор Котович (1845–1938 гг.) : [родился в с. Черевачицы Кобринского уезда Гродненской губернии] // Кобрин-информ. 2011. 3 ноября (№ 44). С. 28.
  19. Логашева, Ю. Свято-Владимирская церковь села Чижевщина / Ю. Логашева // Брестские епархиальные ведомости. 2009. № 3. С. 51–52.
  20. Арлоў, І. Чый подзвіг? : [пра кнігу А. Бензерука «Крупчыцы, 1794 год»] / Іван Арлоў // Вечерний Брест. 2008. 2 апреля. С. 8.
  21. Кіт, А. Крупчыцы, 1794 год : [пра кнігу А. Бензерука «Крупчыцы, 1794 год»] / А. Кіт // ЛіМ. 2008. 28 сакавіка. С. 4.
  22. Грэчка, I. «Хай Бог грахі даруе.., хто па-геройску лёг у бітве...» : [пра Крупчыцкую бітву войск А. В. Суворава з паўстанцамі К. Серакоўскага, 1794 г.] / І. Грэчка // Краязнаўчая газета. 2005. Лістапад (№ 44). С. 5.
  23. Бензярук, Р. Чыжэўшчына. На бойкім месцы : [гісторыя вёскі і сучаснасць] / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабiнка, 2004. 3 лістапада.
  24. Iванчанка, М. Святыня ў памяць загiнуўшых воiнаў : [пра капліцу ў памяць загінуўшых воінаў у Крупчыцкай бітве] / М. Iванчанка // Сельская праўда. Жабiнка, 2004. 29 верасня.
  25. Максименко, И. Все эмблемы лет минувших : [об открытии мемориальной каплицы в д. Чижевщина] / И. Максименко // Вечерний Брест. 2004. 24 сентября. С. 4.
  26. Хербст, С. Восстание Костюшко на Полесье. Крупчицкая битва / Станислав Хербст // Гiстарычная брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. 2004. № 1. С. 7–16.
  27. Бензярук, А. З гісторыі Крупчыц : [гісторыя былой в. Крупчыцы, цяпер в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна] / Анатоль Бензярук // Гiстарычная брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. 2004. № 1. С. 27–28.
  28. Ганчук, А. Помніць крупчыцкае поле : [пра першае богаслужэнне ў царкве в. Чыжэўшчына] / А. Ганчук : фота аўтара // Сельская праўда. Жабінка, 1990. 11 жніўня.
Чытаць 32 разоў Апошняя змена Пятніца, 19 Ліпень 2019 11:03