Пятніца, 16 Жнівень 2019 11:29

11 жніўня 2019 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Ніны Уладзіміраўны Кавальчук (1959), паэткі

Ніна Уладзіміраўна Кавальчук (у дзявоцтве Пічыц) нарадзілася 11 жніўня 1959 г. у вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У простай сялянскай сям’і было пяцёра дзяцей, Ніна была па ліку другой. Бацькі працавалі ў калгасе: маці, Вольга, паляводам, а бацька, Уладзімір Андрэевіч Пічыц, быў адметным цесляром, сталяром, разьбяром па дрэве. Сям’я Пічыцаў працавітая і творчая: сястра Валянціна займаецца роспісам, брат Міхаіл грае на гармоніку і выдатна працуе з дрэвам, а сама Ніна ўмее ткаць, вязаць на спіцах і кручком, вышываць крыжыкам і гладдзю.

Пасля заканчэння Хатыніцкай сярэдняй школы Ніна Пічыц пайшла працаваць на будоўлю новага палескага саўгаса «Адраджэнне». Затым паступіла ў будаўнічае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымала спецыяльнасць тынкоўшчыка і плітачніка. Вярнулася ў родную вёску, выйшла замуж за равесніка-аднавяскоўца Віктара Кавальчука, пабудавалі свой дом, завялі гаспадарку. У сям’і адзін за адным нарадзіліся чацвёра сыноў, а потым яшчэ прынялі дачушку і сына. У 1990–2010 гг. Ніна Уладзіміраўна працавала сацыяльным работнікам, даглядала пенсіянераў. Яна любіць кветкі, у яе палісадніку кветкавае царства: лілеі, вяргіні, хрызантэмы, ружы.

Ніна Кавальчук увесь час піша вершы, яшчэ з чацвёртага класа. Пра каханне і сям’ю, бацькоў і дзяцей, пра марозную зіму і шчодрую восень... Цяпер піша ў асноўным пра сваё жаночае, мацярынскае. Напісаныя ад душы радкі кранаюць людское сэрца. У яе прыроджаны талент, яна валодае ўменнем бачыць свет сваімі вачыма, задумваецца аб дні сённяшнім і будучым, перажывае за лёс блізкіх, з вялікай любоўю піша пра родную вёску і Радзіму. Шчымлівае пачуццё любові да роднага куточка, да сваіх родных і блізкіх, да людзей, сярод якіх лёс наканаваў ёй жыць, адчуванне знітаванасці з гэтай зямлёй і гэтымі людзьмі — адметная рыса творчасці Ніны Кавальчук.

Першы надрукаваны яе верш «Летуценніца» з’явіўся ў 1979 г. у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе». Друкавалася напачатку толькі ў раёнцы, а затым і ў абласных газетах «Заря», «Народная трыбуна», рэспубліканскіх — «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», «Звязда», у часопісах «Першацвет», «Нёман», «Маладосць», «Алеся», у альманасе «Жырандоля», у зборніках «Я знаю край адным-адзіны ў свеце...» (2004; 2011), «Паміж Бобрыкам і Ланню» (2007), «Пралескавы край» (2012). У літаратурным конкурсе часопіса «Алеся» 2014 г. Ніна Кавальчук стала пераможцай.

У 2005 г. супрацоўнікі Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава падрыхтавалі і выдалі зборнік паэзіі Ніны Кавальчук пад назвай «Летуценніца», у яго ўвайшлі больш за 70 твораў аб дзяцінстве, гадах маладосці, імгненнях шчасця мацярынства, аб роднай вёсцы і людзях, разважанні аб лёсе роднай мовы, адносіны аўтара да людзей, жыцця, прыроды. У 2017 г. у мінскім выдавецтве «Колорград» выйшаў другі яе зборнік «Звіваюцца сцежкі-дарогі…», у якім амаль тры сотні вершаў — паэзія жанчыны, створаная за літаратурнае жыццё, моцная і слабейшая, друкаваная раней і «свежанькая», на рускай і роднай, матчынай мовах.

Ніна Уладзіміраўна ахвотна сустракаецца з чытачамі, удзельнічае ў літаратурных вечарынах, выступае перад школьнікамі і пажылымі, чытае вершы і шчыра адказвае на пытанні. 16 жніўня 2014 г. у Хатыніцкім СДК прайшоў вечар-партрэт Ніны Кавальчук «Я ў душы шукаю словы...». 11 жніўня 2019 г. супрацоўнікі ЦРБ імя В. Ф. Праскурава правялі ў Хатыніцкім доме культуры вечарыну «Звіваюцца сцежкі-дарогі...», прысвечаную 60-годдзю Н. У. Кавальчук. На літаратурную вечарыну прыйшлі родныя, сябры, літаратары, землякі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава.
Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Творы Н. У. Кавальчук

  1. Звіваюцца сцежкі-дарогі... : зборнік вершаў / Ніна Кавальчук. – Мінск : Колорград, 2017. – 261 с.
  2. Летуценніца : вершы / Ніна Кавальчук ; склад. Г. Пупач ; афарм. вокладкі С. Раковіч. – Ганцавічы : Ганцавіцкая ЦРБ імя В. Ф. Праскурава, 2005. – 63 с.
  3. «Восень плача на шэрым халодным двары…» : [верш] / Ніна Кавальчук // Жырандоля : літаратурны альманах. Брэст, 2013. № 5. С. 143–144
  4. [Вершы] / Ніна Кавальчук // Пралескавы край : зборнік вершаў удзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Пралеска», якое дзейнічае пры газеце «Ганцавіцкі час». Ганцавічы, 2012. С. 31–36.
  5. Я знаю край адным-адзіны ў свеце... : [зб. вершаў, у т. л. вершы Н. Кавальчук] / Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ імя В. Ф. Праскурава ; [складальнік Г. Пупач ; прадмова К. Мохара]. – Ганцавічы : ГЦРБ, 2011. – 71 с.
  6. «Пахне росна чаромхай з лясоў…» : [вершы] / Ніна Кавальчук // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад.: В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 289–290.
  7. Я знаю край адным-адзіны ў свеце... : [зб. вершаў, прысвечаных Ганцаўшчыне; у т. л. вершы Н. Кавальчук / паслясл. А. Трафімчыка]. – Ганцавічы : ЦРБ імя В. Ф. Праскурава, 2004. – 63 с.
  8. Хатынічам : верш / Ніна Кавальчук // Маладосць. 2019. № 5. С. 90.
  9. Бывай, мая дарадчыца! : светлай памяці Ірыны Рудкоўскай прысвячаецца / Ніна Кавальчук // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2018. 13 студзеня. С. 11.
  10. Можа што змянілася? Ці не? : верш / Ніна Кавальчук // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2014. 5 ліпеня. С. 9.
  11. «І мілей, і бліжэй нам нідзе не знайсці…» : [вершы] / Ніна Кавальчук // Алеся. 2014. № 5. С. 14–15.
  12. Раўнадушша : верш / Ніна Кавальчук // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2006. 6 студзеня. С. 8.
  13. Застыла прырода ў чаканні : верш / Ніна Кавальчук // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2005. 7 мая. С. 12.

Аб жыцці і творчасці Н. У. Кавальчук

  1. Ніна Кавальчук : біябібліяграфічны зборнік / Ганцавіцкая РЦБС, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ імя В. Праскурава ; [склад. Г. Пупач ; рэд. С. Локтыш]. – Ганцавічы : РЦБС, 2011. – 19 с. : партр.
  2. Ніна Кавальчук // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 410.
  3. Пупач, Г. Залатое сэрца Ніны Кавальчук / Галіна Пупач // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2019. 19 студзеня. С. 4.
  4. Прыкота, В. Летуценніца з Хатыніч : [пра сустрэчу с самадзейнай паэткай Нінай Кавальчук з Хатыніч у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В. Ф. Праскурава] / Вікторыя Прыкота // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2017. 14 снежня. С. 3.
  5. Рудкоўская, І. Завітайце на сцежкі-дарогі Ніны Кавальчук : [пра зборнік вершаў «Звіваюцца сцежкі-дарогі...»] / Ірына Рудкоўская // Ганцавіцкі час. 2017. 29 чэрвеня (№ 26). С. 8.
  6. Арэшка, М. Трапяткое слова паэтычнае : у Хатыніцкім сельскім Доме культуры ўрачыста адзначылі юбілей мясцовай паэткі Ніны Кавальчук / Міхась Арэшка // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2014. 20 жніўня. С. 3.
  7. Мазіна, Г. Палескі крышталь : для Ніны Кавальчук яе вершы — нібыта дзеці, яны нараджаюцца ад вялікіх пачуццяў / Галіна Мазіна // Народная трыбуна. 2012. 13 красавіка. С. 10.
  8. ЛеГал. Паэткай можна мне не быць : [штрыхі да партрэта Ніны Кавальчук] / ЛеГал // ЛіМ. 2009. 6 лістапада (№ 42). С. 14.
  9. Курловiч, К. I жыццё мае здавалася казкай : [пра свята да 50-годдзя паэткі Ніны Кавальчук у Хатыніцкім СДК] / Кацярына Курловiч // Ганцавiцкi час. 2009. 21 жніўня. С. 4.
  10. Локтыш, С. Хатыніцкі самародак : 50-гадовы юбілей адзначыла паэтэса з Хатыніч Ніна Кавальчук / Святлана Локтыш // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2009. 19 жніўня. С. 3.
  11. Дамарацкая, І. Калі зоркі збіраюцца — мары збываюцца : [аб прэзентацыі зборніка «Паміж Бобрыкам і Ланню» ў Ганцавіцкім ГДК; узгадваецца Н. Кавальчук] // Ганцавiцкi час. 2007. 21 снежня. С. 2.
  12. Свiстуновiч, С. І пішуцца радкі душою : [пра паэтку Ніну Кавальчук з в. Хатынічы Ганцавіцкага раёна] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2006. 4 кастрычніка. С. 6 : фат.
  13. Бакун, В. Палатно жыцця : [пра паэтку Ніну Кавальчук] / В. Бакун // Заря. 1997. 11 декабря. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1206 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 16:12