Пятніца, 20 Верасень 2019 09:08

25 сакавіка 2019 г. — 45 гадоў з дня адкрыцця музея працоўнай славы Брэсцкага электрамеханічнага завода (1974)

Брэсцкі электрамеханічны завод (да 1972 г. — завод электравымяральных прыбораў) у кастрычніку 1964 г. быў аб’яўлены ўведзеным у строй дзеючых, у маі 1965 г. пачаў выпускаць прадукцыю — перыферыйныя ўстройствы для ЭВМ. Дырэктарам завода быў Уладзімір Аляксандравіч Сальнікаў (1924–1982), таленавіты інжынер і кіраўнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1981). У канцы 1971 г. партыйны камітэт і адміністрацыя завода прынялі рашэнне аб стварэнні музея працоўнай славы завода. Работу па адборы і сістэматызацыі матэрыялаў вяла інжынер Марыя Стрыга, якой дапамагала грамадскасць прадпрыемства.

Музей працоўнай славы БЭМЗа адкрыты 25 сакавіка 1974 г. Экспазіцыя расказвала аб гісторыі завода, яго будаўніцтве і станаўленні, выпускаемых вырабах, лепшых прадстаўніках калектыву. Загадвала музеем Валянціна Пятроўна Баранава. Музей наведвалі не толькі работнікі завода, але таксама школьнікі, навучэнцы ПТВ, студэнты, дэлегацыі і ганаровыя госці. У чэрвені 1975 г. на заводзе адбылося ўрачыстае святкаванне 10-годдзя з часу выпуску першай прадукцыі, тады ў музеі было асабліва шмат наведвальнікаў.

Да святкавання 15-годдзя завода, якое адбылося 17 мая 1980 г., экспазіцыя была адноўлена, яе інтэр’ер распрацаваў інжынер бюро прамысловай эстэтыкі В. П. Марчанка, будаўнічыя работы выканалі работнікі цэха № 8. У лютым 1984 г. была завершана рэканструкцыя музея, над афармленнем працавалі мастакі В. А. Кудзін і П. В. Дабралінскі.

Музейны фонд пастаянна папаўняўся дакументамі і фотаздымкамі, дыпломамі і падарункамі. Спецыяльна для экспазіцыі цэхам № 19 вырабляліся макеты прыбораў і прыстасаванняў, якія выпускаў завод. У лютым 1980 г. музею працоўнай славы БЭМЗа было прысвоена ганаровае найменне «народны». У 1981 г. музей атрымаў дыплом за II месца па выніках галіновага агляду-конкурсу па выніках 10-й пяцігодкі.

На базе музея адбываліся ідэалагічныя мерапрыемствы парткама. Тут праводзілі не толькі экскурсіі па некалькіх тэмах, а таксама лекцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны, пасвячэнні ў рабочыя, уручэнні першай зарплаты, святы паўналецця «Табе — 18!», піянерскія зборы вучняў падшэфных школ, уручэнні камсамольскіх білетаў. Пры музеі ў 1975 г. быў створаны «Клуб будучага воіна», які займаўся выхаваннем прызыўнікоў. Дзейнасць музея асвятляла завадская многатыражная газета «Прогресс».

БЭМЗ імя ХХV з’езда КПСС — базавае прадпрыемства радыёпрамысловасці СССР, гігант па выпуску ЭВМ сярэдняга класа і прадукцыі для абароннай прамысловасці, флагман індустрыі Брэстчыны, мае багатую і слаўную гісторыю. Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 500 работнікаў. Дзяржаўнай прэміі СССР былі ўдастоены 12 чалавек — значная лічба для аднаго прадпрыемства, а першым яе лаўрэатам у 1970 г. стаў галоўны інжынер Міхаіл Емяльянавiч Екельчык (1928–1976) за работу над стварэннем ЭВМ «Мінск».

У пачатку 1990-х завод трапіў у глыбокі эканамічны крызіс, а ў канцы 1990-х перайшоў на выпуск тавараў народнага спажывання і сельскагаспадарчай тэхнікі. Экспазіцыя музея праіснавала да 1994 г., калі будынак, дзе месціўся музей, быў прададзены. Экспанаты музея перададзены на захаванне прафкаму завода. Савет ветэранаў завода непакоіў лёс музея, ветэраны дабіваліся яго аднаўлення.

У 2012 г., калі завод рыхтаваўся сустрэць сваё 50-годдзе, было вырашана аднавіць музей, агульнае кіраўніцтва аднаўленнем усклалі на галоўнага інжынера Уладзіміра Філіпавіча Завадскага. Канцэпцыю музея распрацавалі Васіль Васільевіч Барысёнак, Людміла Яўгенаўна Бекіш, Алег Сямёнавіч Панарын. Калектыў ПУТП «Біт» (дырэктар Ігар Анатольевіч Арсенюк) выканаў праект інтэр’ера і экспазіцыі. Мэблю і планшэты вырабілі падраздзяленні дрэваапрацоўкі. Для музея выдзелілі памяшканне ў корпусе № 1, дзе будаўніча-мантажныя работы выканалі работнікі аддзела капітальнага будаўніцтва (начальнік Уладзімір Валер’евіч Ушакоў). Адноўлены музей урачыста адкрыты 31 мая 2013 г. у рамках святкавання 50-годдзя з часу заснавання завода.

Загадваць адноўленым музеем стала Лілія Пятроўна Гічко, бібліятэкар, якая на БЭМЗе з 1972 г. У экспазіцыі: будаўніцтва завода, асваенне новых відаў прадукцыі, канверсія, звесткі аб вядучых спецыялістах, лаўрэатах Дзяржаўнай прэміі СССР, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Сярод каштоўных экспанатаў — пераходзячы Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВСЦПС і ЦК ВЛКСМ, які ў 1992 г. пакінуты заводу на вечнае захоўванне Міністэрствам радыёпрамысловасці СССР за выдатны ўклад у развіццё вылічальнай тэхнікі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Брестский электромеханический завод. Полвека свершений / автор концепции и текста А. М. Суворов. – Брест : Полиграфика, 2013. – 152 с. : ил.
  2. Ковалёв, Ф. Т. Брестский ордена Трудового Красного Знамени электромеханический завод имени ХХV съезда КПСС в фактах и воспоминаниях / Филипп Тимофеевич Ковалёв ; [редактор Е. В. Жинкевич]. – Брест : [б. и., 2013]. – 224 с. : ил.
  3. Арцёменка, В. С. Адкрытае акцыянернае таварыства «Брэсцкі электрамеханічны завод» / В. С. Арцёменка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 488–489.
  4. Электромеханический завод // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 391–392.
  5. Музеи : [упомянут народный музей электромеханического завода им. ХХV съезда КПСС] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 273–274.
  6. Пуховская, С. Беззаветное служение долгу : [о чествовании в музее завода ветерана войны, инженера Константина Васильевича Казакова в связи с 70-летием] / С. Пуховская // Прогресс. Брест, 1986. 20 марта.
  7. Баранова, В. В обновленном музее : [об открытии после реконструкции] / В. Баранова, М. Плечко // Прогресс. Брест, 1984. 22 февраля.
  8. Баранова, В. Заводской музей — наша общая забота : [об истории, работе и проблемах] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1982. 5 февраля.
  9. Баранова, В. Новая награда заводскому музею : [о вручении диплома за II место по итогам отраслевого смотра-конкурса в 10-й пятилетке] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1981. 16 октября.
  10. Баранова, В. В музее — ленинский урок / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1980. 24 октября.
  11. Баранова, В. Наш музей — народный! : [о присвоении наименования «народный»] / В. Баранава // Прогресс. Брест, 1980. 29 февраля.
  12. Баранова, В. В заводском музее трудовой славы : [о мероприятиях, проведённых в музее] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1978. 29 декабря.
  13. Баранова, В. Посвящение в рабочие : [о посвящении работников цеха № 9 в музее] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1977. 23 декабря.
  14. Баранова, В. Мы Родину славим трудом : [о пионерском сборе учеников СШ № 19 в музее] / В. Баранова. Посвящение в рабочие : [новых работников цеха № 7 в музее] / Г. Снитко // Прогресс. Брест, 1977. 9 декабря.
  15. Наш музей — один из лучших в отрасли! : [о присуждении I места по итогам смотра-конкурса общественных музеев трудовой и боевой славы ЦК отраслевого профсоюза] // Прогресс. Брест, 1977. 22 апреля.
  16. Баранова, В. «Зажги свою звезду» : [о посвящении в рабочие новичков цеха № 4 в музее] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1976. 2 апреля.
  17. Петрова, В. В памятной обстановке : [о вручении комсомольских билетов ученикам СШ № 19 в музее] / В. Петрова. Для будущих воинов : [о создании «Клуба будущего воина» при музее] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1976. 5 марта.
  18. Не забывать о музее : [о рассмотрении вопроса о работе музея трудовой славы на идеологической планёрке у директора] // Прогресс. Брест, 1976. 6 февраля.
  19. Третьяк, Л. Рабочее пополнение : [о посвящении в рабочие молодых тружениц цеха № 9 в музее] / Л. Третьяк // Прогресс. Брест, 1976. 31 декабря.
  20. Баранова, В. Экспонаты рассказывают : [о новых поступлениях в фонды музея трудовой славы завода] / В. Баранова // Прогресс. Брест, 1975. 13 июня.
  21. Добро пожаловать в музей трудовой славы завода! : [о работе недавно открытого музея] // Прогресс. Брест, 1974. 17 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 37 разоў