Серада, 23 Кастрычнік 2019 14:12

Кастрычнік 2019 г. — 80 гадоў з часу ўтварэння Падлескага народнага хору (Ляхавіцкі р-н; 1939)

У вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў кастрычніку 1939 г. быў створаны самадзейны хор. Яшчэ трыма гадамі раней саліст Беларускага радыё Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі (1897–1967), ураджэнец гэтай вёскі, які нейкі час настаўнічаў у роднай вёсцы, стварыў пры школе харавы гурток, заахвочваў моладзь да спявання народных песень.

 

Пасля далучэння Заходняй Беларусi да БССР актывізавалася культурнае жыццё. Малады этнограф Генадзь Іванавіч Цітовіч (1910–1986), выпускнік Віленскай кансерваторыі, які працаваў тады ў музычным аддзеле радыёкамітэта Баранавіцкай вобласці, кансультантам Дома народнай творчасці, зацікавіўся харавым калектывам у Вялікім Падлессі, лірычныя песні кранулі яго душу.

Песні, якія нараджаліся ў Вялікім Падлессі, прыносіліся ў гэтую вёску, прыжываліся ў ёй, набывалі выгляд тыповай двухгалосай песні, якую спяваюць хорам. Асаблівасць была тая, што роля харыста не зводзілася да пасіўнага спявання, харыст з’яўляўся запявалам і падгалоскам, песня тэатралізавалася. Хор вёскі захоўваў самабытнасць народнага выканання, яго імправізацыйную вольнасць і чысціню выканання.

Г. І. Цітовіч аграніў, прымусіў пералівацца ўсімі фарбамі свой галоўны твор — Падлескі хор. З асяроддзя харыстаў быў абраны кіраўнік калектыву — Васіль Пятух, які лепш за іншых ведаў народную песню, граў на балалайцы і мандаліне. Спачатку харавы гурт складаўся з 18 чалавек, у канцы 1939 г. у ім налічвалася 30 удзельнікаў. Першая праграма складалася з рэвалюцыйных, лірычных і жартоўных песень. Першае выступленне адбылося ў сваёй вёсцы, потым на радыё, а пасля ўся рэспубліка слухала самабытны калектыў.

Г. І. Цітовіч часта наведваў Вялікае Падлессе, з 1940 г. ён аддаваў шмат часу і ўвагі культуры харавога спявання. Падлескаму калектыву пашчасціла быць удзельнікам Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (1940), што стала этапам у гісторыі яго існавання.

Вялікая Айчынная вайна спыніла работу хору. Нямецка-фашысцкія захопнікі адразу расстралялі калгасных актывістаў, сярод іх былі В. Пятух і іншыя актыўныя харысты. Пасля вызвалення (1944) дзейнасць хору аднавілася. Хор выступаў у вайсковых часцях, шпіталях, спяваў для насельніцтва гарадоў і вёсак.

Хор пад кіраўніцтвам Г. І. Цітовіча з 1944 г. значна вырас. У 1945 г. калектыў выступаў у Маскве на аглядзе мастацкай самадзейнасці. У 1945–1946 гг. хор знаходзіўся ў складзе Беларускай філармоніі. У разнастайным рэпертуары хору было каля 100 песень, асноўнае месца належала лірычным песням, песням каляндарна-абрадавага цыкла, народным баладам, багата было жартоўных песень з народнымі матывамі.

Восенню 1947 г. удзельнікі хору выступалі на сцэнах Маскоўскай кансерваторыі, Канцэртнай залы імя Чайкоўскага і інш. Калектыў пазнаёміўся і пасябраваў з маскоўскім хорам імя Пятніцкага, які прыязджаў у Падлессе.

Мастацкая практыка Г. I. Цітовіча ў Падлескім мастацкім калектыве стала асновай таго, што ў 1951 г. яму было даручана стварыць Дзяржаўны народны хор БССР. Асновай стылю і рэпертуару новага калектыву стала творчасць спевакоў з Вялікага Падлесся. Пасля пераезду ў Мінск, да апошніх дзён жыцця Генадзь Іванавіч працягваў заставацца апекуном, дарадчыкам Палескага калектыву. Г. І. Цітовічу былі прысвоены званні народнага артыста БССР (1955), народнага артыста СССР (1968), ганаровага калгасніка (1980).

З 1959 г. Падлескім хорам кіраваў Міхаіл Жук. Падлескі народны хор вёў вялікую канцэртную дзейнасць, з’яўляўся актыўным папулярызатарам і творцам беларускай народнай песні, выступаў ў Беларусі, Расіі, на Украіне. Хорам апекаваўся мясцовы калгас імя Леніна. У 1965 г. хору было прысвоена званне «Народны аматарскі калектыў». У гэты час у хоры было 50 спевакоў. Дыпламант I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975–1977). У 1979 г. калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

З цягам часу ў рэпертуары з’явілася каля 300 песень. Пераважна апрацоўкі беларускіх народных песень («Із-пад гор, з-пад гор», «Ой, у полі на раздоллі», «Расцвілася роза пры дарозе», «Рэчанька» і інш.), творы, што ўзніклі ў самім калектыве («Вёсачка Падлессе» Г. Цітовіча, «Нам прыслала Масква падкрапленне», «Падзяка», «Падлескія вячоркі» і інш.), песні беларускіх кампазітараў («Спявай, маё Палессе» М. Вайцяхоўскага, «Святочная» А. Туранкова, «Край Палескі» Ю. Талесніка і інш.).

З 2000 г. кіруе калектывам Вольга Мікалаеўна Якуніна. У складзе 23 удзельнікі ва ўзросце ад 18 да 63 гадоў. У калектыве ёсць дуэты, трыа і ансамблі, жаночы і мужчынскі хары, фальклорна-этнаграфічны ансамбль. У верасні 2013 г. хор прымаў удзел у праекце «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь-3». 6 снежня 2014 г. у Ляхавіцкім ГДК адбыўся канцэрт, прысвечаны 75-годдзю Падлескага народнага хору.

 

                                                                                             Матэрыялы падрыхтаваны ў 2019 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

  1. Падлескі народны хор / І. І. Татарыновіч // Культура Беларуси : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Минск, 2015. Т. 6. С. 118.
  2. Падлескі народны хор / Г. І. Лямачка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 271–272.
  3. Падлескі народны хор / Н. Л. Мяцеж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 136.
  4. Падлескі народны хор / А. А. Ліснеўская // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 422.
  5. Подлесский народный хор / А. А. Лисневская // Белорусская ССР : энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 4. С. 450.
  6. Падлескі народны хор / А. А. Бальцэвіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 8.
  7. Цітовіч Генадзь Іванавіч / Д. М. Жураўлёў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 477–478.
  8. Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / С. У. Русецкі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 170.
  9. Дзяржаўны акадэмічны народны хор БССР / З. Я. Мажэйка, Л. С. Мухарынская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 311.
  10. Ліцьвінка, В. Спявай, Вялікае Падлессе! : [гісторыя стварэння хору Г. Цітовічам] / Васіль Ліцьвінка // Крыніца народнай мудрасці / Васіль Ліцьвінка. Мінск, 2012. С. 63–68.
  11. Ліцьвінка, В. Бацька Генадзь : да 90-годдзя Генадзя Цітовіча : [у т. л. гісторыя стварэння хору ў в. Вялікае Падлессе] / Васіль Ліцьвінка // Крыніца народнай мудрасці / Васіль Ліцьвінка. Мінск, 2012. С. 289–300.
  12. Пладунова, Т. А. Дзейнасць Генадзя Цітовіча па арганізацыі харавога руху / Т. А. Пладунова // Аматарская творчасць XXI стагоддзя. Творчая спадчына Г. І. Цітовіча. Мінск, 2010. С. 33–34.
  13. Лаўрэнаў, У. З песняй па жыцці / Уладзімір Лаўрэнаў // Ёсць край такі... : гіст.-літ. хроніка. Баранавічы, 2003. С. 321–324.
  14. Рыжкова, Л. Доўгае жыццё славутага хору / Л. Рыжкова // Г. І. Цітовіч ва ўспамінах сучаснікаў :зборнік. Мінск, 1990. С. 26–28.
  15. Ліцвінка, В. Спявай, Вялікае Падлессе! : [гісторыя Падлескага народнага хору] / Васіль Ліцвінка // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 413–417.
  16. Глушчанка, Г. С. Генадзь Цітовіч / Г. С. Глушчанка // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мінск, 1971. С. 112, 240.
  17. Барадзіна, В. Спяваюць усе! : [Падлескаму народнаму хору — 75] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2014. 6 снежня.
  18. Барадзіна, В. Як маэстра Цітовіч ганаровым калгаснікам стаў : [пра стварэнне Падлескага народнага хору] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2012. 17 сакавіка. С. 4.
  19. Лапанік, Ф. Падлессе з песняй заручонае : [70 год Падлескаму народнаму хору Ляхавіцкага раёна] / Ф. Лапанік // ЛiМ. 2010. 29 студзеня (№ 4). С. 2.
  20. Леанавец, Н. Як песня да Масквы давяла / Нiна Леанавец // Народная трыбуна. 2009. 26 снежня. С. 9.
  21. Лапiч, А. Няхай песня лунае... : [пра гісторыю хору в. Падлессе] / Алена Лапiч // Ляхавiцкi веснiк. 2009. 5 снежня. С. 6.
  22. Осос, О. Падлескi народны хор: з песняй па жыццi / Ольга Осос // Ляхавiцкi час. 2003. 28 лютага. С. 5.
  23. Барадзiна, В. Заўсёды з вамi... : [пра народны хор в. Падлессе да яго 60-годдзя] / Волга Барадзiна // Ляхавіцкі веснік. 1999. 18 снежня.
  24. Святлова, О. Падлессе — край песенны : [мастацкая самадзейнасць у в. Вялікае Падлессе] / О. Святлова // Ляхавіцкі веснік. 1997. 24 мая. С. 2.
  25. Святлова, О. Мы ўдзячны вам, маэстра Цітовіч! / О. Святлова // Ляхавіцкі веснік. 1996. 5 ліпеня. С. 1–2.
  26. Іванова, А. Без песні не пражыць ні дня : [пра Падлескі народны хор] / А. Іванова // Ляхавіцкі веснік. 1993. 9 лістапада.
  27. Правасуд, У. Хлеб і песня : [пра народны хор вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна] / У. Правасуд // Работніца і сялянка. 1979. № 10. С. 18–19.
  28. Петух, А. Записала «Мелодия»:[о записи песен Подлесского народного хора Ляховичского района]/ А. Петух // Заря. 1978. 12 апреля.
  29. Герман, В. Колхозный, народный : [о Подлесском народном хоре Ляховичского района] / В. Герман // Заря. 1971. 16 января.
  30. Сабаленка, Р. Як складалі песню : [Падлескі хор] / Раман Сабаленка // Маладосць. 1955. № 2. С. 3–4.
  31. Есакоў, А. Народная песенная культура Беларусі. Хор вёскі Вялікае Падлессе / А. Есакоў, Б. Смольскі // Полымя. 1947. № 10. С. 105–111.

 

Чытаць 48 разоў Апошняя змена Пятніца, 25 Кастрычнік 2019 14:13