Аўторак, 05 Лістапад 2019 11:25

2019 г. — 520 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Полкацічы (Іванаўскі раён;1499)

Вёска Полкацічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў актах Літоўскай метрыкі згадваецца ў 1499 г. Далей у пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1507 г. пры апісанні межаў. У канцы XVI ст. вёска была ў Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ. У 1626 г. Полкацічы належалі Вайнінай. У 1646 г. Полкацічы належалі Цярлецкай, якая па кантракце здала іх у арэнду на чатыры гады Натану Лейзеровічу і Давіду Якубовічу.

 

З 1795 г. Полкацічы ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 г. у Літоўскай губерні. З 1801 г., а таксама і в. Скарцічы (Скарацічы, Скурацічы) у складзе Пінскага павета Мінскай губерні.

Паводле перапісу 1897 г. в. Полкацічы ў Парэцкай воласці, побач маёнтак Палкацічы, які належаў Скірмунту. Жыхары вёскі наведвалі Ахоўскую праваслаўную царкву. Памешчыку Яўгену Скірмунту ў 1889 г. належалі 1044 дзесяцін зямлі. Паводле перапісу, ў вёсцы 34 двары, 271 жыхар, дзейнічаў хлебазапасны магазін. Побач з вёскай — пасёлак на зямлі Скірмунта з трыма дварамі і 15 жыхарамі і сядзіба Яўгена Скірмунта з сажалкай, 3 дварамі і 32 жыхарамі. У суседняй вёсцы Скарцічы было 14 двароў, 106 жыхароў. У вёсцы Закуццё і сядзібе, якія належалі Іосіфу Дахтаровічу, у двух дварах жылі 15 чалавек. У 1909 г. у вёсцы Полкацічы 393 жыхары, 52 двары, у маёнтку 5 жыхароў, адзін двор.

Падчас Першай сусветнай вайны да ліпеня 1920 г. Парэцкая воласць была перададзена Гродзенскай губерні. У 1915–1918 гг. акупіравана нямецкімі, потым польскімі войскамі. З 1921 г. у складзе Польшчы. На 1924 г. вёска ў Парэцкай гміне Пінскага павета Палескага ваяводства.

З 1939 г. — у БССР. На 1940 г. вёска ў Кротаўскім сельсавеце Жабінскага раёна Пінскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну ў 1941–1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, загінулі 7 жыхароў в. Полкацічы — ахвяры тэрору, на франтах загінулі або прапалі без вестак 11 жыхароў. У памяць аб 55 жыхарах вёсак Атолчыцы, Вілы, Каралін, Навасёлкі, Полкацічы, якія загінулі ў гады вайны, у 1974 г. у Полкацічах пастаўлены абеліск.

З 8 студзеня 1954 г. — у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, з 9 сакавіка 1959 г. была далучана да Дастоеўскага сельсавета. Паводле перапісу 1959 г. — 297 жыхароў. У 1962–1965 гг. — у Драгічынскім раёне. 21 ліпеня 1980 г. вёскі Закуцце і Скарцічы зліліся з вёскай Полкацічы. У 1997 г. — 138 двароў, 384 жыхары.

З 24 ліпеня 1949 г. сяляне Полкацічаў працавалі ў створаным калгасе «Рассвет коммуны»; жыхары в. Закуццё з 2 жніўня 1949 г. — у калгасе «Радзіма»; в. Скарацічы з 19 жніўня 1949 г. — у калгасе імя Горкага. 2 верасня 1950 г. калгасы былі аб’яднаны ў адну калектыўную гаспадарку з цэнтрам у в. Скарацічы, 27 лістапада 1957 г. яна атрымала імя Чапаева. Калгас імя Чапаева 31 сакавіка 1958 г. увайшоў у склад калгаса «Чырвоная зорка» з цэнтрам у в. Дастоева. Пасля рэарганізацыі 31 студзеня 1961 г. жыхары вёсак працавалі ў калгасе «Світанне» (цэнтр — в. Кротава). Потым вёска была цэнтрам калгаса «Савецкі», у 2003 г. вяскоўцы далучаны да СВК «Агра-Моталь» з цэнтрам у Моталі.

У Полкацічах і навакольных вёсках спрадвеку на другі дзень вялікага хрысціянскага свята Троіца вадзілі «Куст». Народная традыцыя «Ваджэнне Куста» захавалася дасюль. У зелень прыродных убораў прыбіраюць маладую дзяўчыну, яе суправаджаюць спевакі ды музыкі. Працэсія наведвае кожны падворак вяскоўцаў, віншуе гаспадароў са святам, жадае дабрабыту, шчодрага ўраджаю. Абрад адрадзілі, далі яму свежае дыханне ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці мясцовага сельскага клуба на чале з Валянцінай Аляксееўнай Застроўскай.

У в. Полкацічы ў 1956 г. нарадзіўся пісьменнік Міхаіл Кулеш. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 4 г. Пінска паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Міхаіл Іванавіч настаўнічаў, воляй лёсу на дзевяць гадоў быў закінуты ў Краснаярскі край, пасля вяртання на радзіму выкладаў рускую мову і літаратуру ў школах і прафтэхвучылішчах Пінска, цяпер жыве ў Брэсце. Міхаіл Кулеш — аўтар зборнікаў вершаў і апавяданняў «Белые ночи» (1993), «Окна» (2011), «Я уже не тот...» (2015). Адзначаны знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

                                                                Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Полкацічы // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Минск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 417–418.
  2. Полкотичи : [памятник воинской Славы землякам находится в центре деревни, был установлен в 1974 г.] / сост. И. С. Шпак, Л. А. Добродей // Памятники Ивановщины рассказывают… Иваново, 2018. С. 203–205.
  3. Полкотичи // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 804–805.
  4. Полкотичи: от древности — до наших дней сегодняшних // О подвигах, о доблести, о славе… / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 114–121.
  5. Полкацічы // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хроніка / уклад. : В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук]. Мінск, 2000. С. 581–582.
  6. Памятник землякам : [д. Полкотичи, Достоевский сельсовет] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 198.
  7. Крывецкая, Н. І доўжыцца век… : [Полкацічы адзначылі 520-годдзе] / Наталля Крывецкая // Заря. 2019. 17 жніўня. С. 17.
  8. Соломка, И. Из дому ехал… домой : [Михаил Иванович Кулеш о малой родине] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2019. 11 мая.
  9. Цалюк, А. Радуйся, ой, радуйся земля… : [пра фальклорны калектыў «Славяначка» сельскага клуба в. Полкацічы] / Анастасія Цалюк ; фота Валерыя Міхальчука // Янаўскі край. Іванава, 2018. 5 студзеня. С. 1.
  10. Саломка, І. Вёска мая — мой лёс / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 5 жніўня. С. 10.
  11. Тураў, У. З юбілеем! : [пісьменніку Міхаілу Іванавічу Куляшу — 60 гадоў] / Уладзімір Тураў // Заря. 2016. 4 августа. С. 8.
  12. Міхальчук, В. Вёска жыве, пакуль песня гучыць : [пра калектыў «Славяначка» Полкаціцкага сельскага Дома культуры] / В. Міхальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 26 ліпеня. С. 2.
  13. Федарук, М. У Полкацічах «Куст» вадзілі / Марыя Федарук // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 28 чэрвеня. С. 11.
  14. Кулеш, М. Диалог над раскрытой книгой : [интервью с поэтом М. Кулешом о его творчестве] / Михаил Кулеш ; беседу вел Георгий Томашевич // Заря. 2016. 21 мая. С. 7.
  15. Кулеш, М. «Я никогда душой не покривлю» : [стихи, есть сведения о творчестве] / Кулеш Михаил // Астрамечаўскі рукапіс / рэд. і ўклад. Аляксандр Валковіч. Брэст, 2015. № 2. С. 49–52 : фот.
  16. Котковец, А. Я ушёл из деревни когда-то, но она не ушла от меня… : [как жители д. Полкотичи отпраздновали День деревни] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 31 ліпеня. С. 7.
  17. Данілевіч, Н. Свята ў Полкацічах : [Дзень вёскі] / Н. Данілевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 15 жніўня. С. 3.
  18. Кухарчук, В. По деревне «Куст» водили : [народный обряд сохранился в д. Полкотичи] / Валерий Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 20 чэрвеня. С. 3.
  19. Гарупа, М. «Ой повыдзмо куста, дэ пшэнычынька густа» : [старинный обряд «Вождение куста» в д. Полкотичи] / Мария Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2005. 12 ліпеня.
  20. Кароль, Л. Артысты і гледачы — уся вёска : [пра канцэрт «Зімовыя святкі» ў в. Полкацічы] / Л. Кароль // Чырвоная звязда. Іванава, 2004. 4 лютага.
  21. Дубровский, А. К истокам памяти возвратясь... : [в д. Полкотичи Ивановского района прошел семинар библиотечных работников, посвящённый предкам Ф. М. Достоевского] / А. Дубровский // Живая вода. 2002. 19 января. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 15 разоў Апошняя змена Аўторак, 05 Лістапад 2019 11:41