Аўторак, 19 Лістапад 2019 16:01

25 лістапада 2019 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Валянціны Аляксандраўны Татарнікавай-Панок (1944), мастака

Валянціна Аляксандраўна Татарнікава-Панок нарадзілася 25 лістапада 1944 г. у вёсцы Грыбаўцы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава, які скончыла ў 1969 г.

 

Разам з мужам, аднакурснікам Юрыем Татарнікавым, і маленькай дачкой Святланай Валянціна прыехала жыць і працаваць у Брэст. Юрый Татарнікаў нарадзіўся ў Арлоўскай вобласці, але з чатырохгадовага ўзросту жыў у Брэсце, лічыў гэты горад родным. Яго бацька, Іван Феадосьевіч Татарнікаў, франтавік, дайшоў да Берліна, з 1945 г. пасяліўся ў Брэсце.

Валянціна Татарнікава-Панок працавала ў мастацкіх майстэрнях камбіната «Мастацтва», выконвала дызайнерскія і афарміцельскія работы. Мастачка працуе ў розных тэхніках, у жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, станковай графікі (акварэль, пастэль), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З 1975 г. удзельнічае ў розных мастацкіх выставах, якія адбываліся ў Брэсце, Мінску, Вільнюсе, Варшаве, Познані, Кракаве. Персанальныя выставы яе творчасці адбыліся ў 1975, 1998 і 2007 гг. у Брэсце, а ў лістападазе 2009 г. была арганізавана сумесная выстава з сынам Паўлам. У апошняе дзесяцігоддзе выстаўляецца разам з сябрамі брэсцкага таварыства мастакоў «Mostek».

З 1997 г. Валянціна Татарнікава-Панок з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Творчае крэда мастачкі — імгненнае захапленне і здзіўленне, схопленыя шчаслівыя іскры ў штодзённым калейдаскопе быцця. Працуе пераважна ў акварэлі. Асноўныя творы: акварэлі «Школьны пленэр — партрэт Юрыя Татарнікава», «Паўлік» (партрэт сына), «Партрэт Святланы», «Восень», «Стагі», «Гладыёлусы», «Яблыкі»; пастэлі «Партрэт Веры Кірылаўны», партрэты «Максім», «Аліцыя», «Машанька» і інш. Сярод найбольш вядомых твораў можна вызначыць партрэты: «Архітэктар Лявон», «Уладзіслаў Куфко»,«Партрэт Л. П. Крапіўной». Творызахоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

У Валянціны Аляксандраўны вельмі таленавітая сям’я. Юрый Іванавіч Татарнікаў (1941–2005) у дзяцінстве займаўся ў студыі П. А. Данэліі, скончыў СШ № 13, пасля інстытута настаўнічаў у СШ № 19, выкладаў у чыгуначным тэхнікуме, дзіцячай мастацкай школе. Член БСМ з 1997 г., працаваў пераважна ў станковым жывапісе і акварэлі, шмат увагі надаваў тэме вайны і міру, замалёўваў утульныя куткі старога Брэста, які быў для яго галоўным месцам натхнення. 10 жніўня 2011 г. у Брэсцкім мастацкім музеі была наладжана выстава яго твораў «Дыхание времени» і праведзены вечар памяці.

Дзеці і ўнукі працягнулі мастацкую справу. Дачка, Святлана Юр’еўна, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, засталася жыць у Мінску, займаецца кніжнай графікай, рэкламай; яе сын Мікіта таксама скончыў БДАМ. Сын, Павел Юр’евіч, скончыў БДАМ (1995), цяпер з’яўляецца дацэнтам кафедры графікі ў акадэміі. Член БСМ з 1997 г., працуе ў жанры графікі і кніжнай ілюстрацыі, добра вядомы ў Беларусі і краінах Еўропы, акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва (2001), мае шэраг прэстыжных узнагарод, у т. л. Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (2011).

 

                                                                         Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

  1. Татарнікава-Панок Валянціна Аляксандраўна : [«Уладзіслаў Куфко»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / склад. П. А. Рабаў. Брэст, 2019. С. 84–85.
  2. Валянціна Татарнікава : [«Партрэт Аліцыі»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 124–125.
  3. Валентина Татарникова-Панок : [«Светлана, портрет дочери»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков. Минск, 2002. С. 120–121.
  4. Валентина Татарникова-Панок // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.
  5. Паўлючэнка, В. Павел Татарнікаў: «Маё дзяцінства было шчаслівым» / В. Паўлючэнка // ЛіМ. 2011. 2 верасня (№ 35). С. 16.
  6. Гармель, Е. Дыхание времени : [об открытии выставки картин Ю. И. Татарникова (19412005) в Художественном музее] / Елена Гармель // Заря. 2011. 13 августа. С. 9.
  7. Павлова, Л. «Я живой» — так назвал свою последнюю картину Юрий Татарников :[о семье художников Татарниковых] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 11 августа (№ 32). С. 7.
  8. Подолинская, Д. Дыхание памяти : [об открытии выставки картин Ю. И. Татарникова (19412005) в Художественном музее] / Дарья Подолинская // Вечерний Брест. 2011. 12 августа. С. 7.
  9. Павлова, Л. Январь богат на цветущие юбилеи : [о художниках А. Алонцеве, В. Татарниковой и М. Князевой] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 27 января ( 4). С. 32.
  10. Дзічэнская, А. Не толькі партрэты, або Татарнікавы — гэта… : [аб выставе твораў Валянціны Татарнікавай і Паўла Татарнікава ў Брэсце] / Алена Дзічэнская // Культура. 2009. № 12. С. 7.
  11. Павлова, Л. Татарниковы это знак качества! : в выставочном зале Бреста прошло открытие совместной выставки работ матери Валентины Александровны и сына Павла Татарниковых / Любовь Павлова ; фото Юрия Макарчука // Брестский курьер. 2008. 27 ноября (№ 48). С. 10.
  12. Бунеева, Л. «Золотое яблоко» на семейном древе : [oб открытии выставки графики Валентины и Павла Татарниковых в выставочном зале] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 26 ноября. С. 16.
  13. Гришкевич, С. Картины пишут отец и сын : [о выставке Юрия и Павла Татарниковых] / Сергей Гришкевич // Заря. 2001. 4 сентября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 986 разоў Апошняя змена Серада, 13 Студзень 2021 14:28