Аўторак, 03 Снежань 2019 14:20

1 лістапада 2019 г. — 35 гадоў з дня нараджэння Наталлі Васільеўны Ляхавец (1984), дызайнера адзення

Наталля Васільеўна Ляхавец нарадзілася 1 лістапада 1984 г. у вёсцы Замошша Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Цікавасць да шыцця ў будучага дызайнера выявілася з самага дзяцінства. Спачатку яна шыла сукенкі толькі сваім лялькам, а прыкладна з шостага-восьмага класа пачала перашываць вопратку і для сябе.

 

Пасля заканчэння Дружылавіцкай сярэдняй школы ў 2002 г. Наталля паступіла ў Брэсцкі прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання, які скончыла ў 2004 г. па спецыяльнасці «кравец верхняга адзення з уменнем раскрою». Потым пяць гадоў працавала на брэсцкай швейнай фірме, дзе стварала лекалы для мужчынскіх пінжакоў, затым працавала як індывідуальны прадпрымальнік.

Першы сур’ёзны крок (як асабісты, так і ў вачах высокай моды) Наталля Ляхавец зрабіла ў 2010 г., атрымаўшы перамогу ў папулярным беларускім конкурсе-фестывалі «Мельница моды». Калекцыя мужчынскіх касцюмаў «Герои нашего времени» з прынтамі-партрэтамі класікаў рускага пяра на майках уразіла публіку неардынарнасцю, і Наталля атрымала высокую адзнаку не толькі журы, але і простых наведвальнікаў.

У 2013 г. Наталля Ляхавец пераязджае ў Мінск. Пачынаецца супрацоўніцтва з Домам прыгажосці «Муссон», кіраўніком якога з’яўляецца стыліст Аляксандр Кірынюк. Н. В. Ляхавец удзельнічае на «Мельнице моды» ў гасцявым паказе (да гэтага яе калекцыі з’яўляліся на подыуме «Мельницы моды» толькі ў якасці конкурсных). Паказы дызайнеру ладзяць кампаніі «БелМузТВ» і «Siemens». І, нарэшце, у рукі дызайнера трапляе самая галоўная прапанова 2013 г. — спецзаказ для конкурсу «Miss Supranational». Сукенку ў нацыянальным стылі ацанілі на самым высокім узроўні, і пасля гэтага конкурсу Н. В. Ляхавец сталі запрашаць на розныя тэлевізійныя праекты і ў якасці дызайнера, і як эксперта моды. Наступнай вялікай працай была калекцыя вячэрніх сукенак для конкурсу «Міс Беларусь – 2014».

У снежні 2014 г. адкрыла ўласную майстэрню «Наталля Ляхавец». Працуе вельмі хутка, знаходзіць смелыя, а часам эпатажныя рашэнні, так што беларускі бамонд робіць чаргу, каб атрымаць сукенку ад Наталлі Ляхавец. Дыпламант і лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў была ў складзе журы IV Фестывалю авангарднай моды і стылю «Метамарфозы», прысвечанага Году малой радзіммы (2019). Удзельнічала ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў у рамках нацыянальнага этапу конкурсу «Міс Свету PlusSize» (2019), шыла сукенкі для фіналу і дэфіле.

Н. В. Ляхавец вельмі запатрабаваны дызайнер у тусоўцы беларускіх зорак, сярод яе кліентаў шмат знакамітасцей: Іскуі Абалян, Ніна Багданава, Вольга Рыжыкава, Алёна Ланская, Аляксандр Саладуха, Аня Шалюціна, танцавальны калектыў «Рэдыкал Фэшн» і інш. Яе талент заўважылі папулярныя расійскія спявачкі Паліна Гагарына і Лаліта Міляўская, актрыса Анфіса Чэхава — сукенкі з ярлычком «Lyakhovets» ужо маюцца ў іх гардэробах. Сёння Наталля Ляхавец сярод самых перспектыўных і неардынарных дызайнераў Беларусі, славіцца цягай да эпатажу i незвычайных геаметрычных форм.

 

             Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Багрова, Е. Модные советы от дизайнера Натальи Ляховец / Елена Багрова // Заря. 2019. 6 апреля. С. 11.
  2. Ляховец, Н. «В Минске огромное количество людей, которые хотят выглядеть необычно» : [беседа с дизайнером одежды Н. Ляховец] / Наталья Ляховец // Ва-Банкъ. Минск, 2017. 18 декабря. С. 2.
  3. Ляховец, Н. Платья для Лолиты и Анфисы Чеховой шьет дизайнер из Бреста : [беседа с дизайнером одежды Натальей Ляховец, уроженкой д. Замошье Ивановского района] / Наталья Ляховец ; [беседовала] Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2016. 27 апреля. С. 7.
  4. Атрощенко, В. Мои платья носят Полина Гагарина и Лолита : [одизайнере Наталье Ляховец из д. Замошье] / Виктория Атрощенко // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 6 лістапада. С. 5.
  5. Ляховец, Н. История белорусской Золушки : [беседа с дизайнером одежды Натальей Ляховец, уроженкой д. Замошье Ивановского района] / Наталья Ляховец ; беседовала Виктория Атрощенко // Заря. 2013. 28 декабря. С. 9.
  6. Ноздрин-Плотницкая, А. Платье для «мисс» руками брестчанки : [о дизайнере одежды Наталье Ляховец] / Анастасия Ноздрин-Плотникая // Брестский вестник. 2013. 10 октября. С. 7.
  7. Ляховец, Н. Платье для красотки придумала брестский дизайнер : [интервью с брестским дизайнером Натальей Ляховец, придумавшей платье для белорусской участницы конкурса красоты Miss Supranational Вероники Чачиной] / Наталья Ляховец ; [беседовала] Дарья Синкевич // Вечерний Брест. 2013. 18 сентября. С. 1 (приложение: «Вечёрочка»).
  8. Саченко, В. Модные советы от дизайнера : [беседа с дизайнером одежды Натальей Ляховец] / Виктория Саченко ; фото Юлии Косаревой // Заря. 2011. 21мая. С. 9.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 938 разоў Апошняя змена Серада, 23 Снежань 2020 12:28