Серада, 11 Снежань 2019 08:37

2019 г. — 460 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Баландзічы (Іванаўскі р-н; 1559)

Вёска Баландзічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1559 г. У дакуменце Вялікага Княства Літоўскага «Рэестр лясных пушчаў» успамінаецца: «Прайшлі ў 1559 годзе цераз раку Прыпяць і Піну міма Дольска і Баландзіч к Гліннай». Вёска з’яўлялася шляхецкім маёнткам, пазней узнік фальфарак.

 

Паводле падання аб паходжанні назвы Баландзічы, землі ў гэтых мясцінах былі дрэнныя, вакол балоты, хмызнякі і толькі невялікія кавалачкі ворнай зямлі на астраўках. Таму людзі тут жылі бедна, часта наймаліся на розныя цяжкія работы або ішлі на промыслы. Ды і елі амаль адну «баланду», малакаларыйную пахлёбку.

Вядома, што першыя жыхары пасяліліся спачатку недалёка ад возера (на захадзе ад вёскі знаходзіцца воз. Пясчанае). Але ў час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. вёска была разбурана, а жыхары знішчаны, і пазней на гэтым месцы ўзніклі могілкі. Паселішча з цягам часу было адноўлена. Вялікае гора спасцігла жыхароў вёскі ў 1812 г., калі адступаючыя часці Вялікай арміі Напалеона спалілі вёску датла. Жыхары адбудавалі яе, але адышлі ад папярэдняга месца на вярсту — на пясчаныя дзюны. Яшчэ раз паселішча згарэла ў 1907 г. ад пажару, які здарыўся пасля навальніцы.

Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. зямельныя надзелы вакол Баландзіч былі выкуплены 25 гаспадарамі. Надзелы гэтыя назвалі грунтамі. Назвы грунтаў паходзілі часткова ад імя гаспадара, яго прозвішча, або спецыяльнасці. Напрыклад: Фядоры, Клімаўцы і інш. Лепшыя землі ў в. Баландзічы належылі памешчыку Кіслоўскаму.

Згодна з інвентарамі 1845–1848 гг. вёска знаходзілася ў складзе маёнтка, які належыў Яраславу Андржэйковічу. Усяго ў маёнтку было 11 490 дзесяцін зямлі, ён уключаў фальварак Баландзічы, 4 вёскі (Баландзічы і Адрыжын Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, Махро і Вулька Махрэнская Пінскага павета Мінскай губерні), хутар Увашчын Пінскага павета Мінскай губерні. Усяго 102 двары, 746 рэвізскіх душ (мужчын – 373, жанчын – 373). У маёнтку Баландзічы было 4 карчмы, з іх 2 знаходзіліся па тракце, адна ў в. Баландзічы; 2 сельскія хлебазапасныя магазіны.

Гісторыя вёскі звязана з імем вядомай польскай мастачкі Марыі Андрайковіч-Бутаўт (1852–1933), якая тут нарадзілася. Разам з бацькам, удзельнікам паўстання 1863–1864 гг., пэўны час жыла ў высылцы ў Расіі. У 1870-я гг. навучалася жывапісу ў Рызе, Мюнхене, падарожнічала па Італіі, затым жыла ў Ваўкавыскім павеце і Варшаве. Працавала ў жанрах гістарычнай і рэлігійнай карціны, партрэта. Аўтар карцін: «Каханоўскі над памерлай Уршулай», «Кардынал Ян Медычы», «Міласэрнасць каралевы Ядвігі», «Лакетак у гроце» і інш. Творы зберагаюцца ў музеях Кракава і Варшавы.

Першая школа ў Баландзічах з’явілася ў 1910 г. Жыхары на ўласныя сродкі ўзялі ў арэнду памяшканне, дзе была адкрыта пачатковая чатырохкласная школа. Навучанне вёў адзін настаўнік і толькі на польскай мове. У 1938 г. польскія ўлады пачалі будаўніцтва будынка школы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. навучанне ў школе вялося на рускай мове, вучні займаліся толькі ў адной палове недабудаванага будынка. У 1940 г. у вёсцы было 199 двароў, 1039 жыхароў.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак школы быў спалены. Пасля вайны чатырохкласная пачатковая школа месцілася ў наёмным памяшканні. У школе не хапала інвентару, не было сшыткаў, падручнікаў і дапаможнікаў. Бывала, што бацькі не пускалі дзяцей у школу, бо ў бедны пасляваенны час дзеці былі незаменнымі памочнікамі ў сялянскай гаспадарцы. Настаўнікам даводзілася пастаянна праводзіць тлумачальную работу сярод бацькоў аб неабходнасці атрымання адукацыі.

У 1950 г. у Баландзічах пачаў працаваць калгас (арцель) імя Дзімітрава. Баландзіцкая школа стала сямігадовай. У 1958 г. узвялі частку першага будынка школы, у ім знаходзіліся два класных пакоі і маленькая настаўніцкая. Малодшыя дзеці займаліся ў школьным будынку, старэйшыя — у прыстасаваным памяшканні. У пачатку 1960-га Адрыжынскі сельсавет выпісаў лес на будаўніцтва школы і яе нарэшце дабудавалі.

Пасля завяршэння будаўніцтва школы дырэктар Міхаіл Георгіевіч Васілёнак разам з вучнямі заняўся азеляненнем вуліц і добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі. Былі ўладкаваны футбольная і баскетбольная пляцоўкі, яркай падзеяй для ўсіх жыхароў вёскі стала закладка школьнага саду (яблыні і вішні). На той час ва ўсёй вёсцы расло толькі некалькі дрэў ля асобных дамоў. Увесну 1969 г. у Баландзічы перавезлі будынак Дастоеўскай школы, новы навучальны год пачаўся ў новай школе, навучалася 228 вучняў.

У 1990-я гг. у вёсцы пачаўся адток насельніцтва, у школе пачала рэзка змяншацца колькасць вучняў. У 1997 г. у вёсцы — 180 двароў, 418 жыхароў. У 2003 г. Баландзіцкая базавая школа ператворана ў пачатковую, а праіснаваўшы яшчэ адзін навучальны год, школа перастала функцыянаваць.

Галоўная вуліца ў Баландзічах носіць імя Сяргея Мікалаевіча Хахлачова. Выхадзец з Расіі гераічна змагаўся з нямецка-фашысцкімі акупантамі, збегшы з фашысцкага палону, партызаніў у атрадзе імя Нямытава, які дзейнічаў на тэрыторыі Іванаўскага раёна. Пасля вайны застаўся жыць у Баландзічах, ажаніўся. С. М. Хахлачова абралі старшынёй Адрыжынскага сельскага Савета, на гэтай пасадзе ён праявіў сябе, як здольны арганізатар і абаронца народа. Ворагі Савецкай улады — украінскія нацыяналісты, што хаваліся ў лясах, подла забілі патрыёта ў сакавіку 1947 г.

У 2019 г. ў Баландзічах прайшло свята «Вёска мая — куточак мой родны», прысвечанае 460-годдзю населенага пункта. На юбілей, што праводзіўся ў сценах былога сельскага клуба, дзе з 2017 г. дзейнічае краязнаўчая экспазіцыя «Вяртанне да вытокаў», сабралася шмат гасцей.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, б
iблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Баландзічы // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 369–370.
  2. Баландичи // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 315–318.
  3. Баландичи // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 757–758.
  4. Баландзічы // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хроніка / уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. Мінск, 2000. С. 567.
  5. Мемориальная доска работникам исполкома сельсовета : [д. Одрижин,упомянут С. Н. Хохлачёв] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 197.
  6. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Баландзічы, Іванаўскі р-н. С. 62.
  7. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць : нарматыўны даведнік. Мінск : Тэхналогія, 2010. С. 137.
  8. Кухарчук, К. «Вёска мая — куточак мой родны» : [в. Баландзічы адзначыла 460-годдзе] / Кацярына Кухарчук // Янаўскі край. Іванава, 2019. 12 ліпеня. С. 7.
  9. Соломка, И. Вырос он под небом с синей лаской... : [биография поэта Андрея Климовича из д. Баландичи] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2019. 29 студзеня. С. 6.
  10. Кухарчук, К. Люблю цябе, мой край дарагі : [16 верасня ў в. Баландзічы адбылася святочная праграма] / Кацярына Кухарчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 25 верасня. С. 2.
  11. Аскера, В. Вандроўка па Янаўскім краі : мясціны і асобы / Викторыя Аскера // ЛіМ. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 4–5.
  12. Крэс, Д. Творчая сустрэча : [калейдаскоп калядных мерапрыемстваў быў завершаны творчай сустрэчай трох калектываў, якая адбылася ў філіяле СДК аг. Адрыжын — экспазіцыі краязнаўства ў в. Баландзічы] / Дзіяна Крэс // Янаўскі край. Іванава, 2018. 30 студзеня. С. 2.
  13. Гетман-Крывецкая, Н. Машына часу і вёска Баландзічы : [аб гісторыі вёскі і адкрыцці краязнаўчай экспазіцыі «Вяртанне да вытокаў»] / Наталля Гетман-Крывецкая // Янаўскі край. Іванава, 2017. 25 жніўня. С. 1.
  14. Коленда, К. «Как не любить мне этот край» : [о празднике деревни] / Катерина Коленда // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 22 ліпеня. С. 6.
  15. Соломка, И. Познавшие горечь чужбины, или Выжить, чтобы помнить : [Григорий Степанович и Тихон Степанович Климовичи — уроженцы д. Баландичи, бывшие узники фашистских концлагерей] / Ирина Соломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 16 ліпеня. С. 12.
  16. Крейдич, А.Женской руки «необычайная сила» : [о художнице Марии Андрейкович-Бутовт, уроженке д. Баландичи] / Анатолий Крейдич // Заря. 2006. 18 февраля. С. 12.
  17. Жушма, В. Баландзічы: ёсць такая вёска / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 1994. 18 студзеня. С. 2.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 999 разоў Апошняя змена Серада, 23 Снежань 2020 12:29