Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 11 Снежань 2019 08:48

2019 г. — 80 гадоў з дня адкрыцця Дзяржаўнай установы культуры «Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф. І. Панфёрава» (г. Іванава; 1939)

Гісторыя бібліятэчнай справы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці звязана з гістарычным развіццём рэспублікі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. пачала працаваць Іванаўская раённая бібліятэка. Яна размяшчалася ў доме мясцовага святара. Першыя кнігі для бібліятэчнага фонду сабралі мясцовыя жыхары.

 

У 1941 г., калі Іванаўшчына была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, частка фонду была спалена фашыстамі. Але святару Шэмяцілу ўдалося выратаваць ад знішчэння палову фонду, які ён схаваў на гарышчы свайго дома. Пасля вызвалення Іванаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў (1944) бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць. У 1960-я гг. бібліятэка размяшчалася ў будынку былой яўрэйскай сінагогі. Цяпер у гэтым будынку знаходзіцца дзіцячая бібліятэка — філіял раённай.

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 16 студзеня 1961 г. Іванаўскай раённай бібліятэцы было прысвоена імя пісьменніка Ф. І. Панфёрава. Антаніна Капцяева, яго жонка, пасля смерці пісьменніка, памятаючы пра цёплыя адносіны Фёдара Іванавіча да чытачоў з Палесся, перадала ў дар 2000 кніг з яго асабістай бібліятэкі. У 1993 г. у бібліятэцы быў адкрыты музей Ф. І. Панфёрава. На яго адкрыццё прыязджала дачка Фёдара Панфёрава, Века Фёдараўна, таксама пісьменніца. Яна падарыла музею лісты, дакументы, фотаздымкі, афішы аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Новы будынак бібліятэкі, у якім яна зараз знаходзіцца, адкрыўся 20 студзеня 1991 г. Гэта падзея стала значнай у жыцці ўсіх гараджан і дазволіла падняць на новы ўзровень бібліятэчнае абслугоўванне жыхароў раёна. У памяшканнях быў аформлены цікавы інтэр’ер. У 2008 г. пасля бягучага рамонту, бібліятэка набыла новае сучаснае аблічча. Радуе вока наведвальнікаў удалае спалучэнне класічнага стылю і нацыянальнага каларыту. У эстэтычным афармленні бібліятэкі выкарыстаны краявіды Іванаўшчыны і фотакопіі графічных работ Напалеона Орды.

Сёння ЦРБ імя Ф. І. Панфёрава — гэта звыш 4000 чытачоў, штогод звыш 45 000 наведванняў, чытачам выдаецца больш за 55 000 кніг і перыядычных выданняў. Да паслуг чытачоў: абанемент, чытальная зала і даведачна-інфармацыйны цэнтр. Іванаўская бібліятэка з’яўляецца сучасным бібліятэчна-інфармацыйным, культурным і сацыяльным цэнтрам, аператыўна рэагуе на сацыяльныя змены ў жыцці грамадства і імкнецца задавальняць інфармацыйныя, культурныя, забаўляльныя патрэбы ўсіх катэгорый насельніцтва. Чытальная зала застаецца месцам, дзе праходзяць многія цікавыя масавыя мерапрыемствы, конкурсы, ладзяцца літаратурна-музычныя вечары.

У бібліятэцы прадстаўлена інфармацыя на розных тыпах носьбітаў для індывідуальных карыстальнікаў і груп чытачоў. Да паслуг чытачоў найбагацейшы краязнаўчы матэрыял пра Іванаўшчыну і яе знакамітых людзей, Цэнтр прававой інфармацыі, для людзей з парушэннем зроку прапануецца працоўнае месца з электронным ручным відэапавелічальнікам.

Новая і цікавая літаратура прадстаўлена на кніжна-ілюстрацыйных выставах, прысвечаных памятным датам, па актуальных пытаннях, тэмах, падзеях. Чытачоў пастаянна запрашаюць на творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурна-музычныя вечары, на прэм’еры і прэзентацыі кніг, цыкл духоўных сустрэч «Праваслаўе», на экскурсіі ў музей Ф. І. Панфёрава.

Больш за дваццаць гадоў плённа працуе пры бібліятэцы жаночы клуб «Гараджанка». Галоўная задача аматарскага аб’яднання — арганізацыя вольнага часу жанчын пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Пасяджэнні клуба разнастайныя па тэматыцы і форме.

Са студзеня 2014 г. у бібліятэцы пачаў працаваць інтэлектуальны моладзевы клуб «Блік». З яго стварэннем ўдасканалілася работа бібліятэкі з маладзёжнай аўдыторыяй. Пасяджэнні клуба праходзяць у форме брэйн-рынга. Інтэлектуальныя гульні спрыяюць пашырэнню кругагляду падрастаючага пакалення ў розных галінах ведаў. Тэмы сустрэч самыя разнастайныя, актуальныя для моладзевай аўдыторыі: «Ведай свае правы — строй сваю будучыню», «Моладзь выбірае здароўе» і інш.

Бібліятэка прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні ўсіх мерапрыемстваў раённага ўзроўню. Пастаянна ўдзельнічае ў раённых і рэспубліканскіх акцыях, конкурсах і праектах, неаднаразова з’яўлялася ў ліку пераможцаў. За вялікі ўклад ва ўдасканаленне абслугоўвання чытацкай аўдыторыі раёна, актыўнае ўкараненне новых форм работы калектыў работнікаў ЦРБ імя Ф. І. Панфёрава за апошняе дзесяцігоддзе двойчы быў занесены на раённую дошку Гонару.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, б
iблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Кічко, В. М. Наш кніжны храм імя Панфёрава : нарыс гісторыі Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі / В. М. Кічко // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 22–27.
  2. Ивановская центральная районная библиотека им. Ф. И. Панферова // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2010. Т. 1, кн. 1. С. 409–410.
  3. Клубы и библиотеки // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 464–469.
  4. Кузюр, В. М. З гісторыі Іванаўскай раённай бібліятэкі / В. М. Кузюр, Н. І. Раманюк // Очерки истории библиотек Брестской области. Брест, 1996. С. 39–44.
  5. Саломка, І. Бібліятэкары — за здаровы лад жыцця : [тэма «Бібліятэка — інфармацыйны цэнтр па фарміраванні здаровага ладу жыцця: пошук новых форм і метадаў работы» абмяркоўвалася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф. І. Панфёрава ў рамках раённага семінара] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 4 снежня. С. 4.
  6. Займіст, І. Навукоўцаў аб’яднала Янаўшчына : [рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні», у якой удзельнічалі вучоныя НАН Беларусі і вядучых навуковых устаноў краіны, мясцовыя навукоўцы і краязнаўцы] / Ірына Займіст // Янаўскі край. Іванава, 2018. 7 верасня. С. 5.
  7. Соломка, И. Центр правовой информации к вашим услугам / Ирина Соломка // Янаўскі край. Iванава, 2018. 21 мая. С. 12.
  8. Кривецкая, Н. Где искать герб Мотоля? : [в районной библиотеке им. Ф. И. Панфёрова прошла презентация книги «Города и районы Брестчины. Ивановский район» с участием авторского коллектива] / Наталья Кривецкая // Заря. 2017. 2 декабря. С. 11.
  9. Саломка, І. Чароўны свет бібліятэкі / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Iванава, 2016. 13 верасня. С. 4.
  10. Кунаховец, Л. Просветители, наставники, новаторы / Л. Кунаховец // Чырвоная звязда. Iванава, 2015. 15 верасня. С. 2.
  11. Соломка, И. В библиотеку — через интернет : [создан сайт Ивановской ЦБС] / Ирина Соломка // Чырвоная звязда. Iванава, 2015. 29 мая. С. 2.
  12. Саломка, І. Бібліятэка дыпламаваная : [у конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу» Іванаўская ЦРБ узнагароджана Дыпломам 2-й ступені] / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Iванава, 2015. 2 студзеня. С. 3.
  13. Кит, А. В друзья выбираем книгу : [празднование юбилея библиотеки] / А. Кит // Чырвоная звязда. Iванава, 2014. 19 верасня. С. 6.
  14. Король, Л. Рядовые великой армии просветителей / Л. Король // Чырвоная звязда. Iванава, 2012. 25 мая. С. 2.
  15. Саломка, І. Калі ты з кнігай — шлях твой вечны / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Iванава, 2010. 28 верасня. С. 3.
  16. Мікалаеў, А. Мой другі дом — бібліятэка / Анатоль Мікалаеў // Чырвоная звязда. Iванава, 2010. 15 студзеня. С. 8.
  17. Михальчук, В. Мы книге, как прежде верны / В. Михальчук // Чырвоная звязда. Iванава, 2009. 9 студзеня. С. 1.
  18. Горупа, М. Кириллу и Мефодию здесь бы понравилось / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Iванава, 2008. 25 красавіка. С. 4.
  19. Есіс, Н. На любы густ і ўзрост : [запрашае райбібліятэка] / Ніна Есіс // Чырвоная звязда. Iванава, 2007. 13 красавіка. С. 4.
  20. Михальчук, В. В библиотеке работают по призванию / В. Михальчук // Чырвоная звязда. Iванава, 2003. 16 снежня. С. 2.
  21. Панасюк, М. У Iванаве Фёдара Панфёрава памятаюць... / Мiкола Панасюк // Народная трыбуна. 2002. 13 снежня. С. 8.
  22. Есіс, Н. Кожная сустрэча — гэта свята душы : [пра клуб «Гараджанка»] / Ніна Есіс // Чырвоная звязда. Iванава, 2000. 18 красавіка.
  23. Кічко, В. М. Да 60-годдзя Іванаўскай раённай бібліятэкі імя Ф. І. Панфёрава / В. М. Кічко // Бібліятэчны свет. 2000. № 1. С. 31–32.
  24. Жушма, В. Іванаўскай гарадской бібліятэцы — 60 / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Iванава, 1999. 23 лістапада.
  25. Есіс, Н. У новым будынку і працуецца па-новаму / Ніна Есіс // Чырвоная звязда. Iванава, 1999. 8 чэрвеня.
  26. Міховіч, М. Яго імя прысвоена храму кнігі / Марыя Міховіч // Чырвоная звязда. Iванава, 1999. 19 сакавіка.
  27. Есіс, Н. Гісторыю ствараюць людзі : [да 60-годдзя біблятэкі імя Ф. І. Панфёрава] / Ніна Есіс // Чырвоная звязда. Iванава, 1999. 26 лютага.
  28. Николаев, А. Библиотека открыла банк. Информационный / А. Николаев // Заря. 1999. 12 ноября. С. 1.
  29. Азерны, В. Храм кнігі служыць людзям / В. Азерны // Чырвоная звязда. Iванава, 1998. 19 верасня.
  30. Шэляговіч, Г. Тэатр кнігі заяўляе пра сябе / Г. Шэляговіч // Чырвоная звязда. Iванава, 1998. 12 мая.
  31. Жушма, В. Душа іх поўніцца натхненнем : [калектыў бібліятэкі] / Василь Жушма // Чырвоная звязда. Iванава, 1998. 6 сакавіка.
  32. Жушма, В. Яго імя не згасне : [на Іванаўшчыне прайшлі Панфёраўскія чытанні] / В. Жушма // Чырвоная звязда. Iванава, 1993. 12 кастрычніка.
  33. Азерны, В. Там творчасці палёт высокі : [сустрэча работнікаў бібліятэкі з групай работнікаў культуры з Крыма] / В. Азерны // Чырвоная звязда. Iванава, 1992. 8 снежня.
  34. Кухарчук, Н. Запрашае храм кнігі / Н. Кухарчук // Чырвоная звязда. Iванава, 1992. 24 лістапада.
  35. Кузюр, В. Гісторыю ствараюць людзі : [бібліятэчная справа раёна] / В. Кузюр // Чырвоная звязда. Iванава, 1992. 30 кастрычніка.
  36. Старых, М. Мы такого еще не видели : [новое здание библиотеки в Иваново] / М. Старых // Советская Белоруссия. 1991. 14 мая.
  37. Жушма, В. Храм кнігі ўрачыста адчыніў свае дзверы / В. Жушма // Чырвоная звязда. Iванава, 1991. 26 студзеня.
  38. Тупіца, В. Раённая бібліятэка атрымлівае новую прапіску / В. Тупіца // Чырвоная звязда. Iванава, 1990. 15 лістапада.
  39. Раманюк, Н. Далучэнне да духоўнасці : [свята кнігі ў раённай бібліятэцы імя Ф. І. Панфёрава] / Н. Раманюк // Чырвоная звязда. Iванава, 1989. 31 кастрычніка.
  40. Крэйдзіч, А. Ні разу не схлусіць : [канферэнцыя чытачоў] / А. Крэйдзіч // Чырвоная звязда. Iванава, 1988. 27 кастрычніка.
  41. Жук, В. Награда — библиотеке / В. Жук // Чырвоная звязда. Iванава, 1985. 5 ліпеня.
  42. Іваноў, М. У кніжным царстве / М. Іваноў // Чырвоная звязда. Iванава, 1981. 1 студзеня.
  43. Мікалайчук, М. Гаспадыні кніжнага царства / М. Мікалайчук // Чырвоная звязда. Iванава, 1978. 5 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1125 разоў Апошняя змена Серада, 23 Снежань 2020 12:26