Панядзелак, 13 Студзень 2020 11:15

7 студзеня 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча Заламая (1940), дзяржаўнага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна Брэсцкай вобласці (2019)

Уладзімір Аляксандравіч Заламай нарадзіўся 7 студзеня 1940 г. у вёсцы Канчаны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Малабераставіцкую сярэднюю школу, Ваўкавыскі зоаветэрынарны тэхнікум (1960), пачаў працаваць заатэхнікам у калгасе «1 Мая» Ружанскага раёна Брэсцкай вобласці, неўзабаве стаў намеснікам старшыні калгаса. У 1960–1963 гг. служыў у марскіх часцях пагранічных войск.

 

Пасля дэмабілізацыі Уладзімір Заламай паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут, па заканчэнні ў 1968 г. прыехаў працаваць інжынерам на Брэсцкі электрамеханічны завод. На пасадзе начальніка цэха займаўся стварэннем электронна-вылічальных машын на інтэгральных схемах новага пакалення. У цэху працавалі 500 чалавек, з іх 300 — інжынеры. З 1973 г. — сакратар парткама БЭМЗа. З кастрычніка 1975 г. — загадчык аддзела прамысловасці і транспарту Брэсцкага абкама КПБ.

У сакавіку 1980 г. У. А. Заламай скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, абраны першым сакратаром Баранавіцкага гаркама КПБ. Пад яго кіраўніцтвам пачалася маштабная мадэрнізацыя ўсіх вытворчасцей, закладзены пачатак маштабнага добраўпарадкавання горада. У 1986–1988 гг. працаваў сакратаром Брэсцкага абкама КПБ — курыраваў прамысловасць і будаўніцтва. У 1989–1992 гг. — намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама. У 1989–1991 гг. — народны дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. З 29 чэрвеня 1992 г. — намеснік старышыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, з 26 жніўня 1994 г. — дзяржаўны сакратар Рэспублікі Беларусь па справах СНД, урадавы сакратар Рэспублікі Беларусь, міністр Рэспублікі Беларусь па справах СНД.

9 снежня 1994 г. назначаны старшынёй Брэсцкага аблвыканкама. Неабходна было ставіць эканоміку на новыя рэйкі, падымаць сацыяльную сферу. Была цяжкая задача загрузіць прадпрыемствы, захаваць рабочыя месцы. У сельскай гаспадарцы зрабілі ўпор на вырошчванне кукурузы па новых тэхналогіях, што дало напрамак развіцця малочнай вытворчасці. У 1997–2001 гг. — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З пасады старшыні аблвыканкама адпраўлены ў адстаўку 13 сакавіка 2000 г.

У верасні 2000 г. У. А. Заламай узначаліў Калінінградскае аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. З 2008 г. кіраваў ТАА «Балтыйская гандлёвая кампанія». У 2018 г. вярнуўся ў Беларусь.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), Айчыны IIIступені (1999), Пашаны (2000), медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (1998) і інш. 30 чэрвеня 1999 г. удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы». За значны ўклад у развіццё Брэстчыны Уладзіміру Аляксандравічу ў снежні 2019 г. прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Заломай Владимир Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 386–387.
  2. Заломай Владимир Александрович // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 16.
  3. Заламай, У. А. Час выбраў нас : да 60-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласцi / У. А. Заламай. Брэст, 1999. 47 с. : іл.
  4. 60 лет Брестской области : справ.-информ. издание / [вступ. ст. В. Заломая].  Барановичи : Укруп. типография, 1999. 12 с. : ил.
  5. Заламай, У. Брэстчына на парозе 21 стагоддзя / Уладзімір Заламай // Назаўседы разам : да 60-годдзя ўзяднання Заходняй Беларусі з БССР / уклад. У. І. Навіцкі. Мінск, 1999. C. 159–162.
  6. Орлова, И. Время выбрало нас : [о жизненном пути В. А. Заломая] / Ирина Орлова // Заря. 2020. 4 января. С. 6.
  7. Муравский, В. Владимир Заломай, бывший губернатор Брестчины: «Из меня мог бы получиться очень толковый инженер, а не просто вице-премьер» / Владимир Муравский // Вечерний Брест. 2020. 4 января (№ 1). С. 5.
  8. Гиль, С. Яркий след Владимира Заломая / Светлана Гиль // Наш край. Барановичи, 2020. 4 января. С. 6.
  9. Петраченко, А. Владимир Заломай: «Я пять раз возвращался в Брест, и в шестой приеду...» / Анна Петраченко // Вечерний Брест. 2012. 28 сентября.
  10. Пустовитовский, А. Никому не давал покоя : [В. А. Заломай] / Алексей Пустовитовский // Наш край. Барановичи, 2011. 24 сентября. C. 2.
  11. Равяка, Р. Ганаровыя грамадзяне : [У. А. Заламай] / Р. Равяка // Intex-press. Барановичи, 2011. 31 жніўня. C. 14.
  12. Александров, Н. Слово о Заломае и его 70-м персональном Рождестве / Николай Александров ; фото Юрия Макарчука // Брестский курьер. 2010. 7 января (№ 2). С. 5.
  13. Шпарло, В. «Всем спасибо. Я ухожу...» : [об отставке председателя облисполкома В. А. Заломая] / Владимир Шпарло // Вечерний Брест. 2000. 17 марта. С. 1.
  14. Корсаков, А. Тяжела ты, шапка Заломая! : в областной вертикали произошла смена руководителя / Андрей Корсаков // Брестский курьер. 2000. 16–22 марта (№ 12). С. 2.
  15. Заломай, В. А. Отчет о работе облисполкома по социально-экономическому развитию области в 1997 году и прогнозе на 1998 / В. А. Заломай // Заря. 1998. 20 января. С. 2.
  16. Заломай, В. Китай интересен для нас экономическими зонами : [о поездке правительственной делегации Беларуси в Китай] / Владимир Заломай // Заря. 1996. 12 декабря.
  17. Заломай, В. Обращение председателя облисполкома к жителям области : [накануне референдума] / Владимир Заломай // Заря. 1996. 23 ноября.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 964 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 14:35