Нядзеля, 26 Студзень 2020 11:22

26 студзеня 2020 г. — 640 гадоў з часу першых дакументальных звестак аб г. п. Шарашова (Пружанскі р-н; 1380)

Гарадскі пасёлак Шарашова Пружанскага раёнаБрэсцкай вобласці знаходзіцца на рацэ Левая Лясная за 20 км да захаду ад г. Пружаны. Назва паселішча, верагодна, паходзіць ад мясцовага дыялектызму «шэраш» — дробны лёд на рацэ падчас адлігі. Некаторыя старажылы сцвярджалі, што даўней паселішча звалася Шаршнёў — ад «шэршань». Потым, быццам, назва відазмянілася на Шарашоў, Шарашова.

 

Упершыню вёска Шарашова згадваецца ў дакументах 26 студзеня 1380 г.: у грамаце аб падараванні камянецкаму намесніку Мікалаю Насуце Шампарту. Ва ўсіх далейшых уладальнікаў стала добрай традыцыяй даваць Шарашова ў пасаг пры выданні дачок. І толькі нашчадкі намесніка берасцейскага Юрыя Ілініча ў 1536 г. нарэшце прадалі сваю маёмасць каралеве Боне Сфорца.

Каралева Бона дала Шарашову статус мястэчка і Магдэбургскае права. Пры ёй пачаўся ўздым рамяства і гандаль карабельнымі соснамі з Белавежскай пушчы. Драўніну сплаўлялі па рэках Лясная і Буг. Бона стала першай, хто заняўся меліярацыяй на Пружаншчыне. Шарашова развівалася дастаткова імкліва. З 1566 г. — мястэчка Берасцейскага павета ВКЛ. З 1569 г. — каралеўскі маёнтак, у 1595 г. кароль Жыгімонт Ваза выдаў мястэчку прывілей на таргі і кірмашы, якія неўзабаве сталі славутымі.

Мястэчка ўдала размяшчалася на шляху з Кракава, тагачаснай сталіцы Польшчы, у Вільню — сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Праз Шарашова праходзіў так званы «вялікі галоўны гасцінец» або «вялікая дарога» да Любліна, якая была добра абсталяванай: мела сістэму дрэнажу, равы з абодвух бакоў і высаджаныя абапал дрэвы, каб падарожнікі не збіваліся са шляху.Праезд па гасцінцы ад Брэста да Оршы праз Шарашова, Ваўкавыск і Мінск з таварамі напачатку XVII ст. займаў амаль месяц. Пасля 1619 г. сталіцай Польшчы стала Варшава. Цяпер вялікая дарога праходзіла паўночней Шарашова, што негатыўна сказалася на яго эканоміцы.

Некалькі разоў мястэчка было зруйнавана і зноў адроджана. Найболей спустошана было ў час войнаў 1655–1660 і 1700–1721 гг. У 1726 г. Шарашова атрымала гарадскія правы. У 1760 г. была пабудавана Прачысценская царква, якая не захавалася. У канцы ХVІІІ ст. у мястэчку налічвалася 560 дамоў, больш за 3360 жыхароў.

Прывілей апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ад 27 лютага 1792 г. апошні раз аднаўляў Шарашову правы самакіравання, адначасова надаваўся і герб: у срэбным полі барочнага шчыта Святы Архангел Гаўрыіл пад пальмай з лілеяй у руцэ. У сучаснай Беларусі герб Шарашова атрымаў афіцыйны статус 26 жніўня1998 г.

У 1795 г. Шарашова ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пружанскага павета, Гродзенскай губерні (з 1801 г). У 1824 г. пабудавана Петрапаўлаўская царква, у 1848 г. — Троіцкі касцёл. У час паўстання 1863–1864 гг. мястэчка было захоплена (12 лютага 1863 г.) атрадам паўстанцаў.

У 1870г. мясцовыя сяляне звярнуліся да гродзенскага губернатара з просьбай зменшыць і растэрмінаваць аброчныя нядоімкі, аднак гэта просьба не была задаволена. У 1872 г. узведзена Мікалаеўская царква. Мястэчка славілася куфравым рамяством, адметным аздабленнем куфэркаў.

Паводле перапісу 1897 г. тут было 1584 дамы, больш за 5000 жыхароў, працавалі тры царквы, касцёл, сінагога, восем малітоўных дамоў, валасное праўленне, народнае вучылішча, паштовае аддзяленне, 56 лавак, хлебазапасны магазін, карчма, 9 дробных прадпрыемстваў.

Згодна з Рыжскім дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г. Шарашова далучана да Польшчы, дзе з’яўлялася мястэчкам, цэнтрам гміны Пружанскага павета Палескага ваяводства. У 1935 г. было 3570 жыхароў.

З восені 1939 г. — у складзе Беларускай ССР. З 15 студзеня 1940 г. — гарадскі пасёлак, цэнтр раёна, тут налічвалася каля 3,5 тыс. жыхароў, 686 жылых дамоў, працавалі электрастанцыя, амбулаторыя, млын, дзве школы, аптэка. Першым старшынёй пасялковага Савета народных дэпутатаў быў Васіль Пятровіч Грынкевіч, якога гітлераўцы расстралялі 22 жніўня 1941 г.

У Вялікую Айчынную вайну з 23 чэрвеня 1941 г. да 17 ліпеня 1944 г. Шарашова акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля вызвалення пачалося адраджэнне гаспадаркі. У 1949 г. тут быў арганізаваны калгас«Парыжская камуна».З 1956г. Шарашова — у складзе Пружанскага раёна. Паводле перапісу 1959 г. — 3431 жыхар.

У 2003 г. тут было 2200 жыхароў, дзейнічалі бальніца, Дом культуры, дзве бібліятэкі, лясніцтва, сярэдняя і музычная школы, дзіцячы садок і інш. Паводле перапісу 2009 г. у пасёлку пражывае каля 2000 чалавек.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

 

  1. Шарашова // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 378.
  2. Шерешево // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 584–585.
  3. Шерешево // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 466–469.
  4. Шарашова / Міхаіл Клімец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 196–197.
  5. Шерешево// Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия. Минск, 2013. С. 299.
  6. Шарашова // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. С. 544–546.
  7. Герб городского посёлка Шерешёво Пружанского района // Современная геральдика Беларуси / В. Адамушко, М. Елинская ; Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь. Минск, 2012. С. 152–153.
  8. Мястэчка Шарашова Пружанскага раёна: гісторыя, сучаснасць, мова / Макасевіч Н. М., Самуйлік Я. Р. // Восьмыя Калеснікаўскія чытанні : зборнік матэрыялаў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, Брэст, 28 верасня 2012 года. Брэст, 2013. С. 102–109.
  9. Маслянiцына, I. «Святы» Шэраш : легенда аб тым, як узнікла Шарашова / І. Масляніцына // Забытых таямніцаў чар : легенды, паданні, аповесці ваколіц Белавежскай пушчы / пад рэд. Н. Герасімюк. Гайнаўка, 2006. С. 125–129.
  10. Шерешове, сел. міського типу // Словник Берестейщини / В. Леонюк. Львів, 1996. С. 333.
  11. Зялевіч, А. Загадка старажытнага герба : 225-гадовы юбілей з дня вяртання г. п. Шарашова апошнім каралём Рэчы Паспалітай Магдэбургскага права і герба / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 3 чэрвеня. С. 3.
  12. Строцкая, Г. Город, который не раз продавали : история городского посёлка Шерешево / Галина Строцкая // Беларускі час. 2014. № 48. С. 19.
  13. Сядова, І. Паралелі і скрыжаванні : з гісторыі г. п. Шарашова і яго знакамітасцей / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2010. 17 лістапада. С. 5.
  14. Дайлiд, П. Шарашову — 630 гадоў / П. Дайлід // Газета для вас. Івацэвічы, 2010. 15 студзеня. С. 13.
  15. Пракаповіч, Н. Паселішча ў пушчы : [некаторыя старонкі з гісторыі мястэчка Шарашова] / Наталля Пракаповіч // Газета для вас. Івацэвічы, 2008. № 15.
  16. Дулеба, Г. З гісторыі населеных пунктаў Пружаншчыны : Шарашоўскі пассавет / Ганна Дулеба // Раённыя будні. Пружаны, 2005. 20 жніўня. С 8.
  17. Фасевіч, С. Сталы ўзрост маладога пасёлка : 620 гадоў пасёлку Шарашова / Станіслава Фасевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2000. 12 верасня. С. 3.
  18. Фасевіч, С. Старажытны Шарашоў / Станіслава Фасевіч // Раённыя будні. Пружаны, 1997. 5 жніўня. С. 2, 4.
  19. Клімец, М. Мястэчку Шарашова 610 гадоў / М. Клімец // Зара камунізму. Пружаны, 1990. 29 мая.
  20. Машкала, І. Шарашова ў аб’ектыве гісторыі / І. Машкала // Зара камунізму. Пружаны, 1988. 29 лістапада.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1171 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 15:26