Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 19 Люты 2020 16:44

20 жніўня 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Апанасавіча Сцепчанкі (1920–1996), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніка калгаса, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка нарадзіўся 20 жніўня 1920 г. у вёсцы Мохавая Рагачоўскага павета Гомельскай губерні (цяпер Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. У Чырвоную армію прызваны ў 1940 г.

 

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Горкаўскае ваеннае аўтабранятанкавае вучылішча (1942). З чэрвеня 1942 г. да верасня 1943 г. на фронце — лейтэнант, камандзір узвода, памочнік камандзіра танкавага батальёна на Паўднёва-Каўказскім і Закаўказскім франтах. Два разы быў паранены, апошні раз у верасні 1943 г., ледзь вырваўся з палаючага танка. Абгарэлы, доўга лячыўся і быў камісаваны як інвалід.

Пасля вайны на партыйнай і савецкай рабоце ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У 1945–1947 гг. — намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама, скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б (1949). У 1949–1954 гг. — сакратар Лунінецкага райкама КПБ, у 1954–1956 гг. — сакратар па зоне МТС Давыд-Гарадоцкага раёна, у 1956–1959 гг. — старшыня Ленінскага райвыканкама. Цэнтр Ленінскага раёна з 1950 г. знаходзіўся ў рабочым пасёлку Мікашэвічы. Пасля скасавання гэтага раёна, яго кіраўнікам прапанавалі падымаць сельскую гаспадарку, якая развівалася са складанасцямі.

У 1959 г. У. А. Сцепчанка быў абраны старшынёй нядаўна ўзбуйненага калгаса «Новае Палессе» Лунінецкага раёна, у якім працавалі жыхары вёсак Барсукова, Перунова, Лахаўка, Бродкі і Любань. Калгас быў адстаючым, меў вялікія даўгі (1,5 млн руб.), а трэба было выкупляць насенне, паліва, мінеральныя ўгнаенні. Старшыня праявіў арганізатарскія здольнасці, уменне мысліць на перспектыву і кіраваць кадрамі, меў цесны кантакт з працаўнікамі, трымаючы дысцыпліну. Вялізную дапамагу далі меліяраваныя землі Грычынскіх балот (1963). За кароткі час у гаспадарцы ўмацавалася эканоміка, вырасла матэрыяльная база, наладзіўся дабрабыт калгаснікаў.

За поспехі ў вытворчасці і нарыхтоўках сельскагаспадарчых прадуктаў У. А. Сцепчанка 23 чэрвеня 1966 г. удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Неўзабаве выйшла кніга «Гектар пашни» (1966), напісаная Уладзімірам Апанасавічам сумесна з Аляксандрай Сяргееўнай Карлоўскай, кандыдатам эканамічных навук.

Уладзімір Апанасавіч сябраваў з драматургам Андрэем Ягоравічам Макаёнкам (1920–1982). Аднагодкі, нарадзіліся ў суседніх вёсках, вучыліся ў адных школах, нават сядзелі за адной партай. У 1959–1974 гг. пісьменнік неаднаразова наведваў Любань. Сябры абмяркоўвалі калгасную сістэму, адміністрацыйна-камандныя спосабы кіраўніцтва эканомікай краіны. Прататыпам галоўнага героя камедыі «Таблетку пад язык» (1972) — старшыні калгаса «Маяк» Уладзіміра Каравая — стаў У. А. Сцепчанка. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка, адкрытая 15 верасня 1996 г. на будынку Любанскага дома культуры. На яго сцэне выступалі артысты драматычнага тэатра імя Я. Купалы, праходзілі канцэрты і творчыя сустрэчы з рознымі славутымі людзьмі (Іван Шамякін, Пімен Панчанка і інш.), што наведвалі Любань па ініцыятыве Уладзіміра Апанасавіча.

З 1974 г. У. А. Сцепчанка працаваў у Брэсце на пасадзе дырэктара абласнога трэста па нарыхтоўках і адкорме жывёлы «Нарыхтоўжывёлакарм». З 1978 г. — абласны трэст саўгасаў мясной жывёлагадоўлі на прамысловай аснове «Аблжывёлапрам» («Облскотпром») Галоўнага ўпраўлення «Белгалоўжывёлапрам» Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. У трэст уваходзілі 20 саўгасаў. Ва ўсіх гаспадарках трэба было забяспечыць дакладнае планаванне, трымаць на пастаянным кантролі іх фінансавую дзейнасць, штодня цікавіцца работай галоўных спецыялістаў. Праблемай быў высокі сабекошт прадукцыі, не задавальняла рэнтабельнасць гаспадарак. У 1978–1980 гг. Уладзімір Апанасавіч з’яўляўся рэферэнтам-кансультантам па падрыхтоўцы да ВДНГ, у 1980 г. выйшаў на пенсію.

Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 8-га склікання (1970–1974). Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені (1985), медалямі «За доблестный труд в Великой Отечественной войне», «За победу над Германией», «Серп и Молот» (1966), «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1970).

У. А. Сцепчанка пасля цяжкай хваробы памёр 15 снежня 1996 г. У в. Любань яго імем названа вуліца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Степченко Владимир Афанасьевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 212.
  2. Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.
  3. Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 623.
  4. Степченко Владимир Афанасьевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 603.
  5. Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 583.
  6. Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 144.
  7. Степченко, В. А. Гектар пашни / Владимир Афанасьевич Степченко, Александра Сергеевна Карловская. – Минск : Урожай, 1966. – 56 с. – (Решения ХХIII съезда КПСС в жизнь!).
  8. Левичев, И. Полесская новь / И. Левичев // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1987. С. 318–322.
  9. Калгас «Новае Палессе» // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 600.
  10. Нефідовіч, С. П. Іх яднала дружба / Сцяпан Нефідовіч. – Лунінец : [б. в.], 2010. – 20 с.
  11. Андрэй Макаёнак (1920–1982) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. C. 349–351.
  12. Зарэцкая, В. Андрэй Макаёнак (1920–1982) / В. Зарэцкая // Зарунела літаратурная ніва… / Вера Зарэцкая. Лунінец, 2008. С. 22–24.
  13. Макаёнак Андрэй Ягоравіч // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 637.
  14. Макаёнак, А. Таблетку пад язык : камедыя-рэпартаж / Андрэй Макаёнак // П’есы / Андэй Макаёнак. Мінск, 1974. С. 309–366.
  15. Нефідовіч, С. «О, то быў чалавек!» : [аб жыцці і дзейнасці У. А. Сцепчанкi] / Сцяпан Нефідовіч // Информ-прогулка. Лунинец, 2018. 22 февраля (№ 8). С. 13.
  16. Нефідовіч, С. Мужчынская дружба, або Што звязвае Андрэя Макаёнка з вёскай Любань : [пра У. А. Сцепчанку і яго сяброўства з пісьменнікам А. Я. Макаёнкам] / Сцяпан Нефідовіч // Народная трыбуна. 2015. 27 лістапада (№ 48). С. 4.
  17. Сцепчанка Уладзімір Афанасьевіч : [некралог] // Лунінецкія навіны. 1996. 19 снежня.
  18. Сцепчанка, У. Радасць на палескай вуліцы / У. Сцепчанка // Звязда. 1974. 2 мая.
  19. Буневич, К. По четыре тонны сенажа на корову : [о заготовке кормов в колхозе «Новое Полесье»] / К. Буневич // Сельская газета. 1971. 20 мая.
  20. Степченко, В. Расти урожаям, крепнуть экономике / В. Степченко // Заря. 1970. 22 октября.
  21. Лапшын, Ю. Прыпяцкі хлеб : [пра калгас «Новае Палессе»] / Ю. Лапшын, П. Суцько // Беларусь. 1970. № 8. С. 4–5.
  22. Васілеўскі, М. Старшыня «Новага Палесся» : [У. А. Сцепчанка] / М. Васілеўскі // Звязда. 1970. 12 чэрвеня.
  23. Наш председатель : [В. А. Степченко] // Сельская газета. 1970. 7 июня.
  24. Татун, В. Председатель : [В. А. Степченко] / В. Татун // Заря. 1970. 5 июня.
  25. Лапшин, Ю. Глубокие борозды : [о колхозе «Новое Полесье» Лунинецкого района] / Ю. Лапшин, П. Сутько // Заря. 1969. 6 ноября.
  26. Степченко, В. Осушенные земли. Что они дают колхозу «Новое Полесье» / В. Степченко // Сельская жизнь. 1966. 19 февраля.
  27. Степченко, В. Морковь: 510 центнеров с гектара / В. Степченко // Сельская жизнь. 1964. 24 декабря.
  28. Степченко, В. Морковь: 510 центнеров с гектара / В. Степченко // Сельская газета. 1964. 13 декабря.
Чытаць 1117 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:17