Серада, 19 Люты 2020 16:47

13 лютага 2020 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Юрыя Іванавіча Хілько (1960), беларускага мастака, педагога

Юрый Іванавіч Хілько нарадзіўся 13 лютага 1960 г. у г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў СШ № 16 г. Баранавічы. З ранняга дзяцінства любіў маляваць, наведваў студыю выяўленчага мастацтва пры Доме афіцэраў, якой кіравала Надзея Бранавец. З бацькамі, Іванам і Марыяй Хілько, наведваў старыя беларускія гарады: Нясвіж, Сноў, Клецк, Сталовічы, Завоссе, Гарадзішча, Дзятлава, Навагрудак, з тых часоў засталася цікаўнасць да гісторыі, асабліва — гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

 

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (1980) і быў прызваны ў Савецкую армію на два гады, затым працаваў афарміцелем у дарожным будаўнічым упраўленні № 136 г. Мінска. Толькі ў 1985 г. паступіў у Беларускую акадэмію мастацтваў, якую скончыў у 1991 г. Вучыўся ў Ю. Выхадцава, А. Салькова, А. Малішэўскага, В. Шаранговіча, а найперш з педагогаў Юрый Хілько вылучае Уладзіміра Пятровіча Савіча, адметнага сваёй харызмай, энергіяй, працаздольнасцю.

З 1993 г. Юрый Хілько працуе выкладчыкам у Беларускай акадэміі мастацтваў, з 2007 г. — дацэнт, загадчык кафедры графікі. Выкладае жывапіс, кампазіцыю, работу ў матэрыяле, прыкладную графіку. Праводзіць кансультацыі для абітурыентаў, прымае ўдзел ва ўступных экзаменах.

Удзельнік многіх мастацкіх выстаў з 1986 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1993 г., уваходзіць у творчую суполку «Пагоня». У тым жа годзе ў выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея з вялікім поспехам прайшла персанальная выстава твораў Юрыя Іванавіча. У сакавіку 2010 г. сваю чарговую ў Баранавічах выставу пад назвай «Пасляслед» мастак прысвяціў сваім бацькам (у лютым 2010 г. яна дэманстравалася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва). Да 60-годдзя аўтара была арганізавана выстава жывапісу і графікі «Цень ветру» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, дзе прадстаўлены каля 50 твораў, створаных на працягу васямнаццаці гадоў.

Мастак Юрый Хілько працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Свае работы ён стварае ў цеснай сувязі з гісторыяй, філасофіяй, культурнай спадчынай народа. Творчасць мастака — яднанне эксперымента, пошуку, традыцый. Гэта і жывапісныя, і графічныя работы па тэмах, блізкіх беларускаму народу, — зямлі, кахання, шчасця. Мастак піша тое, што знайшоў у гісторыі, назіраў у прыродзе і паўсядзённым жыцці. Выкарыстоўвае ў сваёй працы эфекты, недаказанасць вобразаў. Адно з галоўных месцаў у творчасці мастака займае вобраз роднай прыроды. Творы Ю. Хілько вылучаюцца стрыманасцю, псіхалагічнай глыбінёй, лірызмам, рытмічным і пластычным адзінствам, цэласнасцю і гарманічнасцю кампазіцыйнага вырашэння. Значны ўплыў на творчасць Ю. Хілько аказала старэйшае пакаленне мастакоў — Г. Вашчанка, Л. Шчамялёў, У. Савіч.

Асноўныя творы Юрыя Хілько: «Званіца» (1988), «Вясёлка» (1988), «Дошкі» (1987), «Горад памяці» (1989), «Фэст» (1989), «Шляхам знічкі» (1991), «Крыжы на радзіме Адама» (1992), «Два воблакі» (1990), «Адзінота» (1990), «Карані» (1993), «Малітва» (1994), «Насуперак плыні» (1997), «Памяці былых сядзіб» (1998), «Успаміны пра Эдэм» (1999), «У пачатку вёскі» (2001), «Назіральнік» (2003).

Юрый Хілько выканаў ілюстрацыі да кніг: «Вянок» М. Багдановіча (1994), «Віленскія камунары. Камароўская хроніка» М. Гарэцкага (1997), «Журавінавы востраў» Г. Пашкова (1998), «Агледзіны» (1998), «Як агонь, як вада…» А. Лойкі (2000) і інш.

Юрый Іванавіч мае мастацтвазнаўчыя публікацыі: вучэбныя дапаможнікі «Акварэльны жывапіс» (2005) і «Мастацтва акварэлі Заходняй Еўропы і Беларусі XV – 1-й паловы ХХ стст.» (2005), навуковую працу «Кампазіцыя і рытм» (2011).

Ю. І. Хілько — лаўрэат прэміі Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці імя святых Кірылы і Мяфодзія (1990), Дзяржаўнай стыпендыі імя Ф. Скарыны (1990). Уладальнік дыплома конкурсу «Лепшае выданне года» (за афармленне кнігі М. Багдановіча «Вянок», 1995), дыплома Беларускага саюза мастакоў «За актыўную творчую дзейнасць» (1988), дыплома выставы-конкурсу «Мастак і кніга» (за афармленне зборніка паэзіі «Агледзіны», 1999), дыплома Рэспубліканскага конкурсу кніжнага мастацтва (за афармленне кнігі Я. Сцяпанавай «Мара», 2003), дыплома ўдзельніка міжнароднага пленэру «Белавежа-2009».

Юрый Іванавіч узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За дасягненні ў выяўленчым мастацтве» (2002), Ганаровымі граматамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2010) і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2010).

Работы Юрыя Хілько знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурным музеі імя М. Багдановіча (Мінск), Баранавіцкім краязнаўчым музеі, графічных і мастацкіх цэнтрах Берліна, Швецыі, ЗША.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Дрэкоўская Ірына Паўлаўна, гал. бібліятэкар залы галіновай літаратуры (краязнаўства). Тугава Вольга Іванаўна, бібліятэкар І кат. аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. Хілько Юрый Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 17. С. 18–19.
  2. Хилько Юрий Иванович : [«Всадник», 2001] // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 441–442.
  3. Хілько Юрый Іванавіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Мінск, 2000. С. 621.
  4. Хілько Юрый Іванавіч : [«Адрозненне»] // Беларускі саюз мастакоў : энцыкл. даведнік / аўтар.-склад.: Б. А. Крэпак [і інш.]. Мінск, 1998. С. 563.
  5. Хілько, Ю. Пасляслед : жывапіс, графіка / Юрый Хілько. – Мінск : Беларусь, 2010. – 5 с. : іл.
  6. Хілько Юрый // Сучасны беларускі жывапіс. ХХІ стагоддзе / аўт. тэксту, склад., пер. на беларус. мову: К. С. Аксёнава. Мінск, 2010. С. 368–371.
  7. Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі : (з адвечнай мудрасці народнай) / [мастак Ю. І. Хілько]. – Мінск : Беларуская навука, 2017. – 135 с. : іл.
  8. Багдановіч, М. Пагоня : [верш] / Максім Багдановіч ; [уклад. У. Гілепа, Т. Шэляговіч ; уступ. слова П. Латушкі ; прадмова А. Бутэвіча ; мастак Ю. Хілько]. – Мінск : Беларускі фонд культуры, 2011. – 47 с. : іл.
  9. Багдановіч, М. Раманс : [верш] / Максім Багдановіч ; [укладанне У. Гілепа, Т. Шэляговіч ; агульная рэдакцыя У. Гілепа ; уступнае слова П. Латушкі ; прадмова А. Бутэвіча ; мастак Ю. Хілько]. – Мінск : Беларускі фонд культуры, 2011. – 47 с. : іл. + дадатак ([2] л. тэксту).
  10. Багдановіч, М. Слуцкія ткачыхі : [верш] / Максім Багдановіч ; [укладанне У. Гілепа, Т. Шэляговіч ; агульная рэдакцыя У. Гілепа ; уступнае слова П. Латушкі ; прадмова А. Бутэвіча ; мастак Ю. Хілько]. – Мінск : Беларускі фонд культуры, 2011. – 47 с. : іл.
  11. Сцяпанава, Я. Р. Мара = Мечта : казка : для дзяцей / Ясенія Сцяпанава ; мастак Ю. І. Хілько. – Мінск : Мінская ф-ка каляр. друку, 2003. – 38 с. : іл.
  12. Лойка, А. Як агонь, як вада... : раман-эсэ пра Янку Купалу : для ст. шк. Узросту / Алег Лойка ; [мастак Ю. Хілько]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – 476 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).
  13. Агледзiны : вершы беларускіх паэтаў / [уклад. і прадмова А. Бакача ; мастак Ю. Хiлько]. – Мінск : Беларускі кнiгазбор, 1998. – 222 с. : іл.
  14. Гарэцкі, М. Віленскія камунары : раман-хроніка ; Камароўская хроніка : аповесць : для ст. шк. узросту / Максім Гарэцкі ; [мастак Ю. І. Хілько]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 542 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).
  15. Хілько, Ю. І. Працяг : «Маладзік і поўня» ў выставачнай зале Kodex / [Юрый Хілько, Павел Татарнікаў ; гутарыла] Алеся Белявец // Мастацтва. 2018. № 5.
    С. 14–17 : фат.
  16. Катляроў, І. Маляўнічасць адчуванняў : [аб выставе Ю. Хілько «Знакі і легенды» ў Светлагорску] / Ізяслаў Катляроў // Культура. 2017. 16 снежня (№ 50). С. 9 : фат.
  17. Давыдок, І. Палёт у вечнасць : [творчасць Ю. Хілько] / Ірына Давыдок // ЛіМ. 2017. 24 сакавіка (№ 12). С. 3.
  18. Хілько, Ю. Юрый Хілько: «Я меўся быць вольным мастаком» / Юрый Хілько ; [гутарыла] Вольга Паўлючэнка // ЛіМ. 2012. 27 красавіка (№ 17). С. 16.
  19. Литвинович, А. [Хилько Юрий Иванович (1960)] : даты истории / Александр Литвинович // Наш край. Барановичи, 2012. 18 февраля. С. 4.
  20. Каваленка, А. Дзевяць спосабаў з карысцю патраціць мільён : [выстава стыпендыятаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: С. Саркісава, Г. Конанавай, Ю. Хілько, В. Нямцова, Л. Аўчыннікавай] / Алена Каваленка // Мастацтва. 2011. № 3. С. 16–17.
  21. Каваленка, А. Юрый Хілько : крокі па сваіх слядах / Алена Каваленка // Мастацтва. 2010. № 6. С. 28–31. (Дзейныя асобы).
  22. Баразна, М. Філігранны сілуэт : [пра выставу твораў мастака Ю. Хілько] / Міхаіл Баразна // Культура. 2010. 13–19 сакавіка (№ 11). С. 9.
  23. Пятьдесят вех художника Юрия Хилько : [о выставке живописи и графики Ю. Хилько «Пасляслед» в Бресте] // Брестский курьер. 2010. № 18. С. 2.
  24. «Пасляслед» Юрия Хилько : [о выставке графики Ю. Хилько в выставочном зале музея] // Наш край. Барановичи, 2010. 11 марта. C. 2.
  25. Савіч, Т. Графічныя краявіды мастака Юрыя Хілько / Т. Савіч // Заря. 2010. 10 марта. C. 7.
  26. Мастацкая школа. Змена перспектывы : з рэдакцыйнага «круглага стала» / Май Данцыг [і інш.] ; вядучая Наталля Шаранговіч // Мастацтва. 2009. № 2. С. 6–13. Сярод аўтараў таксама: Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Слабодчыкаў, Уладзімір Зінкевіч, Юрый Хілько, Уладзімір Уродніч, Лідзія Бярозкіна, Ганна Шымялевіч, Барыс Герлаван, Дзмітрый Мохаў, Міхаіл Баразна.
  27. Сучасная графіка. Межы і перспектывы : сорак два адказы на тры пытанні / Юрый Якавенка [і інш.] // Мастацтва. 2008. № 8. С. 4–11. Сярод аўтараў таксама: Эха Камісараў, Таццяна Сіплевіч, Уладзімір Вішнеўскі, Валерый Славук, Юрый Хілько, Уладзімір Савіч, Ларыса Міхневіч, Уладзімір Даўгяла, Рыгор Сітніца, Раман Сустаў, Фёдар Ястраб, Міхаіл Баразна, Павел Татарнікаў
  28. Дударанка, В. Юрась Хілько. Святло ў цішыні : [рэпрадукцыі 8 твораў] / Віталь Дударанка // Маладосць. 2001. № 6. С. 32–33. (Вернісаж «Маладосці»).
  29. Станюк, И. И мастерство, и вдохновенье... / И. Станюк // Наш край.Барановичи,1999. 17 апреля. С. 1.
  30. У выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея… : [пра выставу работ мастака Ю. Хілько] // Заря. 1994. 20 января. С. 3.
  31. [Фоторепортаж В. Яковенко о выставке Ю. Хилько] // Наш край. Барановичи, 1993. 7 октября. С. 2.
  32. Хілько, Ю. …Я жыву днём сённяшнім / Юрый Хілько ; [гутарыла] І. Станюк // Наш край. Барановичи, 1993. 1 сентября. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1028 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:23