Панядзелак, 24 Люты 2020 12:05

11 лютага 2020 г. — 80 гадоў з дня ўтварэння Дзяржаўнага архіва Баранавіцкай вобласці (Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы»; 1940)

Дзяржаўны архіў Баранавіцкай вобласці створаны згодна з Пастановай Савета Народных Камісараў БССР «Аб арганізацыі архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай і Беластоцкай абласцях БССР» ад 11 лютага 1940 г. Архіў збіраў дакументы, забяспечваў іх захаванасць, здзяйсняў інфармацыйнае абслугоўванне ўсіх галін народнай гаспадаркі. Да чэрвеня 1941 г. былі сабраныя дакументы органаў адміністрацыі, гаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, культурна-асветніцкіх арганізацый, рэлігійных устаноў у асноўным за 1919–1939 гг., часткова за дарэвалюцыйны перыяд.

 

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі (1941–1944) работа дзяржаўнага архіва Баранавіцкай вобласці была прыпынена. Немцы занялі горад 27 чэрвеня 1941 г. Своечасова эвакуіраваць углыб краіны ўдалося толькі 1 т дакументаў. За гады акупацыі было знішчана 11 тыс. спраў, 70 т неразабраных дакументаў.

Ужо ў першы месяц пасля вызвалення Баранавіч (8 ліпеня 1944 г.) архіў аднавіў сваю работу. Прымаліся тэрміновыя меры па выратаванні і прывядзенні ў парадак дакументаў, паляпшэнні ўмоў іх захоўвання. Знаходзіўся архіў па вул. Міцкевіча ў памяшканні, дзе раней была нямецкая кухня. Меліся тры невялікія пакоі агульнай плошчай 110 кв. м без стэлажоў, дакументы, а іх было 4 т, знаходзіліся проста на падлозе. На пачатак 1945 г. штат архіва складаў 20 чалавек, але ўкамплектаваны ў колькасці 14 чалавек, не хапала кваліфікаваных кадраў.

Да 1945 г. удалося ўпарадкаваць 64 фонды ў колькасці 12 043 справы. Дакументы дастаўлялі з 16 раённых дзяржархіваў. Большасць з іх (Стаўбцоўскі, Любчанскі, Мірскі, Карэліцкі, Гарадзішчанскі, Быценскі і інш.) былі цалкам разбураныя, дакументы спаленыя немцамі. У іншых архівах захаваліся дакументы пераважна перыяду акупацыі, толькі ў Навагрудскім архіве захаваліся дакументы польскага перыяду (1921–1939).

У сувязі з ліквідацыяй Баранавіцкай вобласці 8 студзеня 1954 г. і далучэннем яе тэрыторыі да Брэсцкай, архіў быў рэарганізаваны ў Баранавіцкі гарадскі дзяржаўны архіў. Знаходзіўся ён па-ранейшаму на вул. Міцкевіча, займаў яшчэ тры пакоі ў будынку былога аблвыканкама. Архівісты правялі вялікую работу па перадачы фондаў і асобных дакументаў арганізацый, якія раней дзейнічалі на тэрыторыі раёнаў, а цяпер адышлі ў іншыя вобласці. Былі перададзеныя дакументы ў дзяржархівы Гродзенскай, Пінскай, Бабруйскай, Мінскай, Полацкай, Брэсцкай, Маладзечанскай, Бранскай абласцей і г. Масквы. У сувязі з гэтым храналагічныя рамкі дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве, звузіліся.

Згодна з пастановай Савета Міністраў БССР «Аб мерах па паляпшэнні архіўнай справы ў БССР» ад 11 лістапада 1963 г. Баранавіцкі гарадскі архіў быў скасаваны. На яго базе створаны Філіял дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. У зону яго абслугоўвання ўвайшла тэрыторыя г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, з 1956 г. — Ганцавіцкага раёна, з 1966 г. — Івацэвіцкага раёна. На канец 1963 г. у архіве захоўвалася 52 285 дакументаў.

У 1970 г. для архіва быў узведзены новы будынак па вул. Лісіна, 12. У верасні 1996 г. архіў быў пераўтвораны ў Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы. З 22 мая 2001 г. ён называўся «Навукова-метадычная ўстанова „Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы“». У сакавіку 2012 г. перайменаваны ва Установу «Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы».

Цяпер у Баранавіцкім архіве захоўваецца больш за 200 тыс. дакументаў за 1939–1941, 1944–2017 гг. У ХХІ ст. праводзілася алічбоўка дакументаў перыяду 1944–1945 гг., якія аднесеныя да асабліва каштоўных. Цяпер іх прагляд магчымы ў лічбавым выглядзе.

З самых цікавых дакументаў — звесткі на 1939–1940 гг.: спісы фабрык, заводаў, млыноў з указаннем іх уладальнікаў і месцазнаходжання; пашпарты гарадоў Баранавіцкай вобласці; даныя па суднаходстве ў басейне ракі Нёман у сярэдзіне ХІХ ст.; успаміны ўдзельнікаў рэвалюцыі 1917 г., рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайны; лісты з франтоў; спісы грамадзян, якія былі вывезеныя ў нямецкае рабства, і загінуўшых у гады вайны; звесткі аб асобах, якія пражывалі на акупіраваных тэрыторыях Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў; дакументы аб аднясенні гаспадарак да ліку кулацкіх, аб нацыяналізацыі і інвентарызацыі домаўладанняў.

Крыніцамі камплектавання архіва з’яўляюцца 229 дзяржаўных органаў, іншых арганізацый г. Баранавічы, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Штогод Баранавіцкі архіў папаўняецца на 3500–4200 дакументальных крыніц. На пачатак 2020 г. у архіве 226 832 справы, 907 фондаў. У 2014 г. архіву выдзелілі дадатковы будынак для архівасховішча, дзе цяпер размешчана больш за 21 тыс. спраў.

Пошук архіўнай інфармацыі — работа карпатлівая і працаёмкая, якая патрабуе рознабаковых ведаў па гісторыі, юрыспрудэнцыі, археаграфіі, дакументазнаўстве, замежных моў. Работа вядзецца калектывам у колькасці 10 чалавек. У 1984–2018 гг. дырэктарам установы быў Пётр Фёдаравіч Жылінскі, выпускнік Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута (1984), узнагароджаны знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» (2017). Больш за 30 гадоў працавалі архівісты Таццяна Рыгораўна Аруцюцян, Галіна Уладзіміраўна Петухова, Людміла Міхайлаўна Панцюхіна.

Дапамагчы дакументам прынесці карысць — асноўная задача архівістаў. Штогод выконваюцца больш за 700 запытаў па пытаннях пацвярджэння працоўнага стажу, навучання і інш. Звяртаюцца выкладчыкі, студэнты для падрыхтоўкі навуковых, дыпломных работ, удзелу ў канферэнцыях. Прадстаўнікі розных арганізацый цікавяцца звесткамі па гісторыі сваіх устаноў і выкананні службовых заданняў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Жумарь, С. В. Очерки истории архивного дела в Беларуси (ХV в. 1991 г.) / С. В. Жумарь, Д. В. Карев, М. Ф. Шумейко. – Минск : Асвета, 1999. – 298 с.
  2. Архивные документы Республики Беларусь сокровищница социальной памяти государства : справочник / Комитет по архивам и делопроизводству при Совете Министров Республики Беларусь ; сост. Т. И. Седляревич. Минск : НАРБ, 2005. – 143 с.
  3. Зональный государственный архив в г. Барановичи : путеводитель (1939–1941, 1944–2010) / сост. О. И. Шершень, П. В. Жилинский ; редкол.: Г. В. Лысенко, О. И. Шершень. – Несвиж : Несвижская укрупненная типография им. С. Будного, 2012. – 448 с.
  4. Научно-методическое учреждение «Зональный государственный архив г. Барановичи» // Фонды и коллекции документов личного происхождения в государственных архивах Республики Беларусь. Минск, 2009. С. 109–110.
  5. Жылінскі Пётр Фёдаравіч // Архівісты Беларусі : біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2006. С. 109110.
  6. Дорогуш, И. В.Эвакуация документальных материалов государственных архивов Беларуси в 1941 году / И. В. Дорогуш // Беларускі археаграфічны штогоднік. Мінск, 2009. Вып. 10. C. 58–64.
  7. Жумарь, С. В. Уничтожение районных архивов Беларуси в 1941–1944 гг. / С. В. Жумарь // Беларускі археаграфічны штогоднік. Мінск, 2008. Вып. 9. C. 108–117.
  8. Козак, К. И. Архивы Беларуси в годы Великой Отечественной войны: формы и состояние / К. И Козак // Беларуска-польскія архіваліі: стан і перспектывы. Мінск, 2003. C. 12–37.
  9. Анищенко, Н. Хранят следы былого документы... : [к 80-летию зонального госархива в г. Барановичи] / Наталья Анищенко // Наш край. Барановичи, 2020. 15 февраля. С. 4 : фот.
  10. Сацута, А. Хранители прошлого : [о чествовании работников архивных учреждений в облисполкоме в связи с 80-летием архивной службы области] / Алена Сацута // Заря. 2020. 15 февраля. С. 4.
  11. Шершень, О. Хранить — это дело почетное тоже : [история Зонального государственного архива г. Барановичи] / Ольга Шершень // Наш край. Барановичи, 2016. 5 октября. С. 19.
  12. Кралько, Н. Хранители истории : 11 февраля архивной службе Беларуси исполняется 75 лет / Наталья Кралько ; [беседовал] Николай Ярмошук // Заря. 2015. 10 февраля. С. 5.
  13. Шершень, О. Бесценные страницы прошлого : получить справку из организации, которой давно нет, — это возможно / Ольга Шершень // Наш край. Барановичи, 2010. 13 февраля. С. 6.
  14. Шэршань, В. Гісторыя на стэлажах / Вольга Шэршань // Ляхавіцкі веснік. 2010. 10 лютага. С. 3.
  15. Кралько, Н. Архивной службе Брестской области — 70 лет / Наталья Кралько // Архивы и делопроизводство. 2010. № 1. С. 102–110.
  16. Шершень, О. Государственный архив в г. Барановичи: прошлое и настоящее / Ольга Шершень // Івацэвіцкі веснік. 2009. 13 студзеня. С. 5.
  17. Шершень, О. Здесь хранится история / О. Шершень // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2008. 26 лістапада. С. 2.
  18. Шершень, О. Владельцы заводов, мельниц и пароходов / Ольга Шершень // Наш край. Барановичи, 2008. 25 ноября. С. 3.
  19. Шэршань, В. Наш жыццёвы летапіс / Вольга Шэршань // Ляхавіцкі веснік. 2008. 22 лістапада.
  20. Кудрякова, Г. Путеводитель по архивам Беларуси : зональные государственные архивы Брестской области / Г. Кудрякова // Секретарское дело. 2008. № 7. С. 28–30.
  21. Шершень, О. Храним вечно! : [о работе Зонального архива г. Барановичи] / Ольга Шершень // Наш край. Барановичи, 2007. 26 мая. С. 2.
  22. Петрушкевич, А. Хранить без срока давности : [о работе Зонального архива г. Барановичи] / А. Петрушкевич // Наш край. Барановичи, 2003. 15 ноября. С. 3.
  23. Шершень, О. Барановичскому зональному архиву — 40 лет / Ольга Шершень // Івацэвіцкі веснік. 2003. 14 лістапада. С. 2.
  24. Шэршань, В. У дакументах — гісторыя краю / Вольга Шэршань // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2003. 12 лістапада. С. 3.
  25. Курильчик, О. Это память народа : [о госархиве г. Барановичи] / О. Курильчик // Знамя коммунизма. Барановичи, 1988. 11 июня.
  26. Бутрим, Я. Сохранить для потомков : [о госархиве г. Барановичи] / Я. Бутрим // Знамя коммунизма. Барановичи, 1986. 3 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 759 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:45