Пятніца, 06 Сакавік 2020 15:57

2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Цімярана Хабулавіча Зінатава (1920–1992), удзельніка абароны Брэсцкай крэпасці (1941)

Цімяран Хабулавіч Зінатаў нарадзіўся ў 1920 г. у сяле Улханава ў Башкірыі. Імя Цімяран па-татарску азначае «жалезны». З пятнаццаці гадоў працаваў на будаўніцтве чыгункі Акмолінск – Карталы. Быў прызваны ў Чырвоную армію. У 1941 г. — курсант палкавой школы 44-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі. Камандзір палка — маёр Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў. Палкавая школа месцілася ў Брэсцкай крэпасці.

 

Для Цімярана Зінатава Вялікая Айчынная вайна пачалася на досвітку 22 чэрвеня 1941 г. Вораг скіраваў на крэпасць магутныя ўдары авіяцыі, артылерыі. У крэпасць немцы рваліся адначасова праз масты і з дапамогай перапраўчых сродкаў, атрады захопу з усіх бакоў спрабавалі ўварвацца ў Цытадэль.

Пад камандаваннем начальніка палкавой школы старшага лейтэнанта Васілія Іванавіча Бытко Цімяран Зінатаў разам з іншымі чырвонаармейцамі адразу ўключыўся ў абарону. Калі штаб гарэў, Амосаў, Гушчын і Зінатаў выцяглі з полымя палкавы сцяг і схавалі ў падвале пад кухняй-сталовай 44-га палка. Неўзабаве Цімяран быў паранены, разам з іншымі раненымі знаходзіўся ў падвале казармы 333-га стралковага палка. Быў вельмі слабы, але рыхтаваў кулямётныя ленты і аўтаматныя дыскі для таварышаў, а праз дзень і сам узяўся за зброю.

26 чэрвеня байцы вырашылі прарывацца цераз Мухавец, на аперацыю сабраліся каля 100 чалавек. На другі бок ракі з вады выбраліся крыху больш дзясятка, занялі адзін з казематаў насупраць Трохарачных (Брэсцкіх) варот. Патронаў было мала, ежы і вады не было зусім. 29 чэрвеня немцы бесперапынна бамбілі крэпасць, скідвалі бомбы масай 500 кг, нават 1800 кг. Крэпасць пераўтварылася ў велізарны кіпячы кацёл агню.

30 чэрвеня ў каземаце ў жывых засталося чацвёра. Трое вялі агонь праз вокны, а Цімяран Зінатаў ахоўваў подступы да дзвярэй, яму аддалі адзіную гранату. Ён кінуў яе ў наступаючую групу фашыстаў, а самога аглушыла ўзрывам. Тройчы паранены Ц. Х. Зінатаў трапіў у палон.

Утрымліваўся ў канцлагеры ля г. Фалькенштэйна (Саксонія), вязні працавалі на рамонце чыгункі. Хворым і аслабленым дапамагалі немцы-антыфашысты. Ц. Х. Зінатаў двойчы ўцякаў з канцлагера. Летам 1943 г. група палонных выбралася за калючы дрот, але ўцекачоў заўважылі ахоўнікі, адкрылі стральбу, Ц. Х. Зінатава кінулі ў карцар на месяц. У другі раз, летам 1944 г., уцяклі ўдвух з Яўгенам Салаўёвым, два месяцы хаваліся ў лесніка-антыфашыста (пасля вайны з сынам лесніка перапісваўся), потым рушылі ў бок чэхаславацкай граніцы, нарэшце выйшлі насустрач Чырвонай арміі.

Ц. Х. Зінатаў закончыў вайну радавым 277-га гвардзейскага знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка 295-й стралковай дывізіі. 277-ы полк удзельнічаў у вызваленні Беларусі, у Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі і вызваленні Польшчы, ва Усходне-Памеранскай аперацыі. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, Ц. Х. Зінатаў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі; за абарону Брэсцкай крэпасці — ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Пасля вайны працаваў муляром і цесляром на будоўлях далёкай Поўначы. Спачатку будаваў дамы ў Кемераве і Пракоп’еўску, потым працаваў у трэсце «Южкузбасэнерго» на будаўніцтве Том-Усінскай ДРЭС (Кемераўская вобласць). Затым у трэсце «Ангарскстрой» на будаўніцтве чыгункі Брацк – Храбтовая – Усць-Ілімск. Нарэшце, будаваў БАМ у складзе будаўніча-мантажнага цягніка № 288 трэста «ЛенаБАМстрой». Брыгадзір, ударнік камуністычнай працы, узнагароджаны медалём «За строительство Байкало-Амурской магистрали», шматлікімі ганаровымі граматамі.

Па выхадзе на пенсію застаўся жыць у г. Усць-Кут Іркуцкай вобласці. Быў чалавекам сціплым, ідэйным, адмаўляўся ад ветэранскіх ільгот, жыў аскетычна. У яго была дружная сям’я; з жонкай, Настассяй Кліменцьеўнай, па прафесіі тынкоўшчыцай-маляром, выгадавалі дачку і сына. Кожны год за многа тысяч кіламетраў Цімяран Хабулавіч прыязджаў у Брэсцкую крэпасць, дзе ўсе яго ведалі, былі сябры, а з работнікамі музея абароны перапісваўся.

1991 г. стаў паваротным у лёсе вялікай краіны. У апошні раз Цімяран Хабулавіч прыехаў у Брэст у верасні 1992 г. Як звычайна, сустрэўся з франтавымі сябрамі, пахадзіў па крэпасці. У гэты час мемарыяльны комплекс быў не ў пашане, заціх паток турыстаў. 22 чэрвеня ўпершыню не адбыўся мітынг памяці ахвяр вайны і пачатку абароны. Прадпрыемствы і арганізацыі горада спынілі шматгадовае шэфства над мемарыялам. Усё гэта зрабіла негатыўнае ўражанне на франтавіка.

На вакзале ён кінуўся пад цягнік. Ветэран сышоў з жыцця з праклёнам ельцынска-гайдараўскаму ўраду за здраду Вялікай Перамозе. Пры ім знайшлі перадсмяротную запіску: «Я хочу умереть стоя, чем на коленях просить нищенскую пособию для продолжения своей старости. <...> Мы были героями, а умираем в нищете! Будьте здоровы, не горюйте за одного татарина, который протестует один за всех».

Ц. Х. Зінатава пахавалі на брэсцкіх гарадскіх могілках «Плоска новая» (сектар 6). На магіле два помнікі, якія пастаўлены ад Брэсцкага гарвыканкама і ветэранаў Татарстана. Паэт Яўген Сцебакоў напісаў верш «Последняя записка ветерана», паэт Андрэй Скарынкін — «Самоубийство ветерана». Рэжысёр-кінадакументаліст Юрый Азаронак зняў фільм «Смертный грех» (1995), у якім расказаў аб трагічным лёсе франтавіка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Смирнов, С. Брестская крепость / Сергей Смирнов. – Москва : КоЛибри, 2010. – 480 с., [16] л. фот.
  2. Хаметов, М. И. Непокоренная твердыня / М. И. Хаметов. – 2-е изд., доп. – Москва : Воениздат, 1991. – 222 с., [16] л. ил.
  3. Панасюк, П. Н. Абарона Брэсцкай крэпасці / П. Н. Панасюк // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 358–374.
  4. Алексіевіч, С. Пра жорсткасць полымя і выратаванне вышынёю : Цімяран Зінатаў — франтавік, 77 гадоў / Святлана Алексіевіч // Час сэканд-хэнд / Святлана Алексіевіч. Мінск, 2013. С. 149–168.
  5. Алексиевич, С. О жестокости пламени и спасении высью : Тимеран Зинатов — фронтовик, 77 лет / Светлана Алексиевич // Время секонд хэнд / Светлана Алексиевич. Москва. 2013. С. 194–218.
  6. Кожемяко, В. Трагедия защитника Брестской крепости Тимеряна Зинатова / Виктор Кожемяко // Лица века в беседах, воспоминаниях, очерках / Виктор Кожемяко. Москва, 2002.
  7. Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Последняя жертва Тимеряна Зинатова / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2019. 13 декабря (№ 50). С. 6.
  8. Кожемяко, В. Лёг на рельсы ветеран / Виктор Кожемяко // Правда. 2015. 8–13 мая (№ 48). С. 4.
  9. Скоринкин, А. Самоубийство ветерана : памяти Тимирана Зинатова : [стихи] / Андрей Скоринкин // Рэспублiка. 2002. 24 мая. С. 4.
  10. Азарёнок, Ю. «Живу своими убеждениями» : [беседа с режиссёром-кинодокументалистом о творческом пути, о фильме «Смертный грех», упоминается Т. Зинатов] / Юрий Азарёнок ; беседовала Татьяна Хряпина // Беларуская думка. 2000. № 5. С. 185–189.
  11. Герасимова, М. Письмо к Тимеряну Зинатову / М. Герасимова // Товарищ. 2000. 18 февраля.
  12. Сысоев, А. Защитник Брестской крепости убит не в 41-м, а в 1992-м / А. Сысоев // Во славу Родины. 1993. 6 августа.
  13. Помнят татары, помнят белорусы : [о памятнике на могиле Т. Х. Зинатова] // Брестский курьер. 1993. 25 июня – 1 июля. С. 1.
  14. Бураковский, В. Память будет жить / В. Бураковский // Заря. 1993. 22 июня.
  15. Кожемяко, В. Убийство при отягчающих обстоятельствах / Виктор Кожемяко // Правда. 1992. 29 октября.
  16. Эпитафия солдату // Вечерний Брест. 1992. 15–21 октября (№ 42). С. 2.
  17. Сусиков, П. Не выдержало сердце солдата / П. Сусиков // Заря. 1992. 10 октября.
  18. Гусева, Т. Загінуў не ад ран, а ад сабачага жыцця / Т. Гусева // Звязда. 1992. 7 кастрычніка.
  19. Сарычев, В. Герой Брестской крепости бросился под поезд / Василий Сарычев // Народная газета. 1992. 3 кастрычнiка.
  20. Янов, В. «Умираю, но не сдаюсь...» : полвека спустя после героической обороны решился на самоубийство защитник крепости / Владимир Янов // Вечерний Брест. 1992. 2–8 октября (№ 40). С. 1.
  21. Колесников, В. И снова в бой : [об участнике обороны Брестской крепости Т. Зинатове] / В. Колесников // Заря. 1975. 21 июня.
Чытаць 88 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 09:13