Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 27 Сакавік 2020 16:03

2020 г. — 255 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Фадзея Віктарына Матушэвіча (каля 1765–1819), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, публіцыста, паэта, перакладчыка, тэатральнага крытыка

Тадэвуш Фадзей Віктарын Матушэвіч нарадзіўся каля 1765 г. у вёсцы Расна Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Прадстаўнік шляхецкага роду Матушэвічаў герба «Лебедзь». Сын кашталяна берасцейскага Марціна Матушэвіча (1714–1773) і Ганны Неміровіч-Шчыт (каля 1730–1786). Вучыўся ў Калегіуме Станіслава Канарскага ў Варшаве.

Рана пачаў палітычную дзейнасць як прыхільнік партыі Чартарыйскіх. У 1784 г. Тадэвуш Матушэвіч абраны паслом Берасцейскага павета на Гарадзенскі сойм. У 1786 г. — дэпутат Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. З 1788 па 1792 г. абраны паслом ад Берасцейскага павета на Чатырохгадовы сойм. Абіраўся членам дэпутацыі замежных спраў (20 снежня 1788 г.). У ходзе дыскусіі аб месцах у 1789 г. выступаў за правядзенне рэформаў і наданне ім вялікіх правоў.

Браў удзел у апошняй фазе падрыхтоўкі новай польскай Канстытуцыі, прынятай 3 мая 1791 г. На пасяджэнні сойма 3 мая ад імя Дэпутацыі замежных спраў прадставіў даклад аб міжнароднай абстаноўцы, дзе заявіў пра небяспеку для Рэчы Паспалітай з боку суседніх дзяржаў. Быў адным з рэдактараў «Газеты Нацыянальнай і Замежнай» («Gazeta Narodowa i Obca»), членам Таварыства Сяброў Канстытуцыі 3 мая.

У 1794 г. Тадэвуш Матушэвіч удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Уваходзіў у склад Вышэйшага Нацыянальнага Савета, быў кіраўніком аддзела патрэб арміі. Пасля падаўлення паўстання некаторы час пражываў у Беларусі, затым перабраўся ў Польшчу. Займаўся літаратурнай дзейнасцю. Як сябар Чартарыйскіх дапамагаў у справах апякунства ардыната нясвіжскага Дамініка Радзівіла.

Тадэвуш Матушэвіч быў членам Таварыства Сяброў Навук. У 1809 г. уваходзіў у склад Цэнтральнай Рады Галіцыі. 30 верасня 1810 г. Тадэвуш Матушэвіч прызначаны міністрам фінансаў Герцагства Варшаўскага. Рыцар Мальтыйскага ордэна (1804), кавалер ордэна Ганаровага Легіёна (1809). У 1812 г. быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава і ордэнам Белага Арла.

У час вайны 1812 г. паміж Французскай і Расійскай імперыямі Тадэвуш Матушэвіч быў адным з ініцыятараў стварэння Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага. У 1815 г. удзельнічаў у падрыхтоўцы канстытуцыі Каралеўства Польскага.

Т. Матушэвіч быў жанаты на Марыяне Феліцыі Пжабяндоўскай (1765–1799), яны мелі трох дзяцей: Сафію, Адама, Севярына. Яго сын, Адам Фадзеевіч Матушэвіч (1795–1842), — расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, камергер і тайны саветнік (1829), граф (1824).

Тадэвуш Матушэвіч памёр 31 кастрычніка 1819 г. у Балонні (Італія).Пахаваны на могілках картэзіянскага манастыра Чэртоза. На яго надмагільным помніку надпіс: «Fidem constatiamque patriae pereunti probavit suam (Выказаў вернасць і пастаянства паміраючай радзіме…)». Аб Т. Матушэвічу распавёў у сваіх мемуарах «Хроника русского» Аляксандр Іванавіч Тургенеў, які пабываў у 1826 г. каля яго магілы ў Балонні.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

Аб жыцці і дзейнасці Т. Матушэвіча

  1. Матушэвіч Тадэвуш Віктарын // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2010. Т. 3 : Дадатак. С. 342.
  2. Тургенев, А. И. Хроника русского : дневники, 18251826 гг. / А. И. Тургенев ; изд. подгот. М. И. Гиллельсон. Москва ; Ленинград : Наука, 1964. 624 с. – Из содерж.: Письмо из Флоренции в Симбирск. С. 27–54.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 932 разоў Апошняя змена Аўторак, 31 Сакавік 2020 12:12