Пятніца, 27 Сакавік 2020 16:07

14 красавіка 2020 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Івана Паўлавіча Панасюка (1960), грамадскага дзеяча, кандыдата філасофскіх навук, прадпрымальніка, мецэната

Іван Паўлавіч Панасюк нарадзіўся 14 красавіка 1960 г. у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і каваля і даяркі. Пасля васьмі класаў паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча, выбраўшы ваенную прафесію. Вучылішча закончыў амаль на выдатна. Здольны малады чалавек змог бы паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову Савецкага Саюза, але яго вабілі сібірскія абшары, нязведаная зямля, і ён выбраў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, якое ў 1981 г. закончыў з адзнакай.

 

Служыў Іван Панасюк у Забайкаллі, праз пяць гадоў з павышэннем перавялі служыць на новае месца — у г. Кызыл Тувінскай АССР.Службу праходзіў на пасадах намесніка камандзіра роты, намесніка камандзіра батальёна па палітычнай частцы, сакратара партыйнага камітэта палка (Манголія, Хакасія, Тува). Пасля заканчэння ў 1993 г. Ваенна-палітычнай акадэміі быў накіраваны ў Сібірскую ваенную акругу, дзе служыў намеснікам камандзіра палка па выхаваўчай рабоце.

У 1993 г. І. П. Панасюк выйшаў у адстаўку і заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Час паказаў, што яму і гэта справа падуладна, і неўзабаве ўзначаліў савет дырэктараў вядомай у Сібіры групы кампаній «Еўропа-Азія». Створаныя І. П. Панасюком прадпрыемствы эфектыўна працуюць у розных галінах эканомікі, перавага — вытворчай сферы, сацыяльнай накіраванасці бізнесу. Эфектыўны прадпрымальнік, удзельнік Праграмы Расійскага лідарства ў 2001 г. быў запрошаны для ўдзелу ў Расійскай праграме лідарства Бібліятэкі Кангрэса ЗША «Открытый мир», паспяхова прайшоў навучанне па тэме «Федэралізм і рэгіянальная палітыка» (ЗША, штат Луізіяна, Новы Арлеан).

І. П. Панасюк — паліттэхнолаг, спецыяліст па выбарчых сістэмах. Паспяхова правёў некалькі выбарчых кампаній. Быў назіральнікам ад СНД на прэзідэнцкіх выбарах у Рэспубліцы Беларусь. Закончыў аспірантуру Сібірскай акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Абараніў дысертацыю «Избирательная система как фактор трансформации современного российского общества (социально-философский анализ)» (2004), атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофскіх навук. Кандыдацкая дысертацыя была першай працай на яго навуковым шляху, потым ён падрыхтаваў да выдання сваю другую працу — манаграфію па тэме «каляровых рэвалюцый» на постсавецкай прасторы.

Іван Паўлавіч ніколі не забываў пра Беларусь, пра сваю малую радзіму. З групай аднадумцаў узяўся за стварэнне ў Новасібірску беларускага культурна-асветніцкага цэнтра, з дапамогай якога можна было б хоць неяк зменшыць настальгію па родных мясцінах. З часу заснавання цэнтра (12 красавіка 2002 г.) І. П. Панасюк — старшыня праўлення Новасібірскай гарадской грамадскай арганізацыі «Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у імя святой Еўфрасінні Полацкай».

І. П. Панасюк добра вядомы ў Расіі і за яе межамі мецэнат. У 2002 г. пры яго актыўным фінансавым удзеле ў Новасібірску быў узведзены храм у гонар беларускай святой Еўфрасінні Полацкай. Па даручэнні Мітрапаліта Філарэта асвячэнне храма правёў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. У Новасібірску таксама не без удзелу нашага земляка працуе «беларускі канал» на гарадскім тэлебачанні, выходзіць газета «Мая Радзіма».

Як і многія дзелавыя людзі, Іван Паўлавіч жыве на некалькі краін. Значную частку часу праводзіць, напрыклад, у Іспаніі, дзе мае інтарэсы бізнесу. І, вядома, шмат часу праводзіць у роднай вёсцы. У свой летні адпачынак Іван Панасюк з сям’ёй абавязкова едзе на малую радзіму, дзе ён узвёў сельскую сядзібу з гасцявым домам. Шматгадовая дапамога роднай школе, вясковай бібліятэцы, сельскаму Дому культуры, дзіцячым дамам, школам-інтэрнатам і іншае рабілася і робіцца ім для землякоў.

Найлепшае пацвярджэнне сказанага — удзел у рэстаўрацыі мясцовай царквы (помнік архітэктуры драўлянага дойлідства XVIII ст.) і асабліва ў свяце 460-годдзя з часу заснавання вёскі.Па адзнаках дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі арганізаваныя І. П. Панасюком Дні вёскі Лелікава ў 2003 і 2006 гг. з’яўляюцца ўнікальнымі для Беларусі па маштабнасці, без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

Шмат чаго зроблена ім па добраўпарадкаванні Лелікава. Асабліва значна набыццё для роднай вёскі з дапамогай сібірскага земляка спартыўнага комплексу для вялікага тэніса, які адпавядае міжнародным стандартам, паспяхова функцыянуе з 2005 г., дзе бясплатна займаюцца дзеці і дарослыя, праводзяцца ветэранскія і дзіцячыя турніры.

27 верасня 2004 г. І. П. Панасюк першым з грамадзян Расіі быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Узнагароду за вялікі асабісты ўклад у культурна-асветніцкую дзейнасць, прапаганду духоўнай спадчыны беларускага народа ў Расійскай Федэрацыі ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. І. П. Панасюк — дэлегат III Усебеларускага народнага сходу (2006), выступаў на ім па даручэнні беларусаў замежжа.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Андреевец, Г. В краю белых птиц : [о жизненном пути И. П. Панасюка] / Григорий Андреевец // Две родины : в 2-х ч. / Григорий Андреевец. Москва, 2009. Ч. 2. С. 455–472.
  2. Кунц, Н. З. Панасюк Иван Павлович / Н. З. Кунц // Гордость кадетского братства : выпускники суворовских военных и нахимовских военно-морских училищ, добившиеся государственной и общественной известности / Н. З. Кунц. Москва, 2010. C. 438–440 : фот.
  3. Панасюк Іван Паўлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 107–110 : фат.
  4. 60 гадоў з дня нараджэння І. П. Панасюка (1960) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 145.
  5. Вечорко, С. Нужно дома бывать не гостем : [бизнесмен-меценат И. Панасюк благоустраивает родную д. Леликово Кобринского района] / Светлана Вечорко // 7 дней. 2019. 15 августа. С. 17.
  6. Яскевіч, С. Сын малой радзімы : [расійскі бізнесмен і мецэнат І. Панасюк дапамагае добраўпарадкоўваць в. Лелікава] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2019. 7 верасня. С. 11.
  7. Мы з Кобрыншчыны. Іван Панасюк // Кобрынскі веснік. 2018. 14 ліпеня. С. 2.
  8. Казакова, А. Белорусский сибиряк / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2016. 8 сентября. С. 4–5.
  9. Панасюк, І. Іван Панасюк: «Галоўная каштоўнасць — людзі» / Іван Панасюк // Кобрынскі веснік. 2013. 20 ліпеня. С. 12.
  10. Андреевец, Г. В краю белых птиц : очерк : [у истоков всех больших начинаний по зарождению белорусскости в Сибири стоит наш земляк И. П. Панасюк] / Григорий Андреевец // Нёман. 2009. № 2. С. 130–138.
  11. Куварина, Т. Деревня, в которую возвращаются аисты : [об открытии тенисного спортивного клуба в д. Леликово] / Татьяна Куварина // Нёман. 2006. № 12. С. 157–165.
  12. Куварына, Т. Край, куды вяртаюцца буслы / Таццяна Куварына // Маладосць. 2006. № 11. С. 106–111.
  13. Васюк, Н. Иван Панасюк: «Я родом из Леликово!» / Наталья Васюк // Кобрин-информ. 2006. 7 сентября. С. 3.
  14. Панасюк, И. «Мы не спрашиваем, что Родина сделала для нас, мы спрашиваем себя: что мы сделали для Родины?» / Иван Панасюк ; [беседовала] Наталья Счастная // Белорусская нива. 2006. 18 апреля. С. 4.
  15. Семаков, В. Из Сибири — с любовью / Виктор Семаков // Советская Белоруссия. 2006. 2 марта.
  16. Пятроўская, М. Жыве ў Сібіры беларус / Марыя Пятроўская // Кобрынскі веснік. 2005. 5 лютага.
  17. Панасюк, И. П. «Я никогда не стыдился того, что я родом из деревни» / [Иван Павлович Панасюк ; беседовал] Виктор Гарбыш // Мая Радзіма. 2004. июнь. С. 12–13.
  18. Тактасунава, Н. Панасюк Іван Паўлавіч / Наталля Тактасунава // Мая Радзіма. Новасібірск, 2004. 20 мая. С. 9.
  19. Панасюк, И. П. Сибирский полешук / [Иван Павлович Панасюк ; беседовал] Анатолий Гурин // Российская газета. 2003. 23 октября.
  20. Панасюк, И. «Я никогда не стыдился того, что родом из деревни» / Иван Панасюк ; [беседовал] Виктор Гаврыш // Крыніца. 2003. № 10. С. 30–33.
  21. Панасюк, І. Размова пра свята з чалавекам, які падарыў яго землякам / [Іван Панасюк ; гутарыў] Сымон Свістуновіч // Звязда. 2003. 2 верасня. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 905 разоў