Пятніца, 27 Сакавік 2020 16:10

2020 г. — 80 гадоў з часу заснавання Пінскага прадпрыемства па выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі (ААТ «Гідрасельмаш»; 1940)

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у новых абласцях пачалі стварацца прадпрыемствы для рамонту сельскагаспадарчай, трактарнай і аўтамабільнай тэхнікі. У 1940 г. у г. Пінску, які тады быў абласным цэнтрам, была створана міжраённая майстэрня капітальнага рамонту.

У мэтах узмацнення дапамогі саўгасам і калгасам у правядзенні работ па рамонце машынна-трактарнага парка пастановай Савета Міністраў БССР ад 13 чэрвеня 1958 г. № 405 Пінская міжраённая майстэрня капітальнага рамонту рэарганізавана ў Пінскі рамонтны завод, які рабіў капітальны рамонт аўтамабіляў ГАЗ-51 і аўтамабільных рухавікоў.

У снежні 1959 г. у сувязі з развіццём сеткі спецыялізаваных рамонтных заводаў прадпрыемству былі прызначаны іншыя функцыі. Распараджэннем Савета народнай гаспадаркі БССР ад 12 снежня 1959 г. № 1445-р Пінскі рамонтны завод перайменаваны ў Пінскі экскаватарарамонтны завод. Завод пачаў ажыццяўляць рамонт гідрасістэмы экскаватараў Э-153, а з 1963 г. — рамонт раздзяляльна-агрэгатнай сістэмы трактароў.

У 1964 г. завод прыступіў да капітальнага рамонту паўнакомплексных экскаватараў Э-153, вырабу кавальскіх вентылятараў і нестандартызаванага абсталявання. Пазней прыступілі да вырабу сельскагаспадарчых машын для перадпасяўной апрацоўкі глебы РВК-3,6, РВК-5,4 і РВК-7,2; рамонту помпаў НШ і размеркавальнікаў розных марак. У 1958–1966 гг. дырэктарам завода быў Васіль Іванавіч Калугін. З 1964 г. на інжынерных пасадах працаваў Іван Іванавіч Жылевіч, у 1976–1986 гг. быў дырэктарам.

Працоўныя поспехі калектыву атрымалі прызнанне ў краіне. Дырэктар І. І. Жылевіч і слесар-інструментальшчык Лявонцій Рыгоравіч Панада сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Савета Міністраў БССР (1980). Ордэнамі ўзнагароджаны слесар М. К. Валецкі, плавільшчык металу В. М. Агапушкін, электразваршчык М. С. Водчыц і інш.

У 1990 г. была выпушчана доследная партыя агрэгатаў для перадпасяўной апрацоўкі глебы АКШ-7,2 і пастаўлена на серыйную вытворчасць. Пачаўся выпуск запчастак да экскаватара і сельскагаспадарчых машын, выраблялі гідраўзмацняльнік руля да аўтамабіляў МАЗ.

Пінскі ЭРЗ быў адным з арэндных прадпрыемстваў канцэрна «Белаграмаш». З 1995 г. завод пераўтвораны ў арэнднае прадпрыемства «Гідрасельмаш», у 1999 г. на яго базе створана адкрытае акцыянернае таварыства «Гідрасельмаш». Прадпрыемства ААТ «Гідрасельмаш» паспяхова прысутнічае і развіваецца на рынку, ажыццяўляе рамонт аўтатранспартных рухавікоў і абсталявання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У 2012 г. прадпрыемства ўвайшло ў склад групы кампаній «Мілена», пачаўся новы этап вытворчасці, адбываецца рэканструкцыя цэхаў і аснашчэнне сучасным абсталяваннем, асвойваюцца новыя віды прадукцыі.

За многія гады дзейнасці прадпрыемства склаўся добры працоўны калектыў, у штаце было каля 500 чалавек. З 1986 па 2007 гг. калектыў узначальваў Васіль Андрэевіч Чакулаеў, які быў удастоены звання «Чалавек года 2005» па г. Пінску. Потым дырэктарамі былі Мікалай Пятровіч Дзікавіцкі, Віталій Валер’евіч Малыхін, зараз прадпрыемствам кіруе Юрый Сяргеевіч Белышаў.

Сёння ААТ «Гідрасельмаш» дынамічна развіваецца, больш за 20 гадоў з’яўляецца лідарам па вырабе сельскагаспадарчай тэхнікі. Адно з вядучых прадпрыемстваў па вытворчасці камунальнай, будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі, таксама спецыялізуецца на вырабе металаканструкцый розных тыпаў. Прадпрыемства добра вядома ў краінах СНД як вытворца агрэгатаў, камбінаваных для перадпасяўной апрацоўкі глебы і корманарыхтоўкі. Прадукцыя прадпрыемства сертыфікавана ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Гарачова А. Н., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. «Гидросельмаш» // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 279.
  2. Дынаміка эканамічнага развіцця : страты і дасягненні // Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці : да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання / НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. Мінск, 2012. Гл. 10.2. С. 641–655.
  3. Крокі індустрыі // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 440–450. Са зместу: Экскаватарарамонтны завод. С. 445–446.
  4. Промышленность // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 271–273.
  5. Лаўрэаты прэмій: Жылевіч Іван Іванавіч, Панада Лявонцій Рыгоравіч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 494–495.
  6. Чекулаев, В. А. Восьмой : [интервью с директором ОАО «Кузлитмаш», бывшим директором ОАО «Гидросельмаш»] / Василий Андреевич Чекулаев ; провёл интервью Юрий Скороход // Полесская правда. Пинск, 2011. 24 сентября.
  7. Гришковец, В. На рынке Венесуэлы продвигает свою продукцию ОАО «Гидросельмаш» / Валерий Гришковец // Заря. 2011. 1 сентября. С. 4.
  8. Диковицкий, Н. Три «кита» Гидросельмаша : [о перспективах развития ОАО «Гидросельмаш»] / Николай Диковицкий // Директор. 2008. № 1. С. 65.
  9. Щербакова, Т. На «Гидросельмаше» ожидаются перемены : [о визите председателя облисполкома К. А. Сумара на предприятие] / Тамара Щербакова // Пінскі веснік. 2007. 25 верасня. С. 1–2.
  10. Гришковец, В. Стабильность залог благополучия : «Гидросельмаш» удерживает прочные позиции на внутреннем рынке машиностроения / Валерий Гришковец // Заря. 2006. 23 марта. С. 4.
  11. Щербакова, Т. Зима в режиме Василия Чекулаева : [о «Человеке года 2005» г. Пинска, директоре ОАО «Гидросельмаш»] / Тамара Щербакова // Пiнскi веснiк. 2006. 24 лютага. С. 1.
  12. Днепров, В. Расширяя географию : [о новых рынках для ОАО «Гидросельмаш»] / Виктор Днепров // Полесская правда. Пинск, 2006. 7 января. С. 1.
  13. Скороход, Ю. Расписание на завтра : [о достижениях на «Гидросельмаше» за 1990–2005 гг.] / Юрий Скороход // Полесская правда. Пинск, 2005. 24 сентября. С. 2.
  14. Пилипчук, П. «Гидросельмаш»: точка опоры в науке / Петр Пилипчук // Заря. 2005. 24 сентября. С. 4.
  15. Щербакова, Т. «Гидросельмаш»: без остановки в завтрашний день / Тамара Щербакова // Пінскі веснік. 2005. 23 сентября. С. 2.
  16. Скороход, Ю. Салам алейкум, «Гидросельмаш»! : [решён вопрос о совместном производстве агрегатов АКШ с аграриями в Азербайджане] / Юрий Скороход // Полесская правда. Пинск, 2005. 22 января.
  17. Скороход, Ю. Не изменять традициям / Юрий Скороход // Полесская правда. Пинск, 2004. 22 сентября.
  18. Чекулаев, В. А. «Техника земледельцам всегда будет нужна…» : [беседа с директором ОАО «Гидросельмаш»] / Василий Андреевич Чекулаев ; вёл интервью Е. Пилецкий // Пінскі веснік. 2004. 2 красавіка.
  19. Ярошук, В. Высокие гости на ОАО «Гидросельмаш» : [правительственная делегация во главе с вице-премьером В. И. Семашко] / В. Ярошук // Мясцовы час. Пінск, 2004. 25 сакавіка. С. 2.
  20. Сергеев, Ю. Атака на российский рынок : [ОАО «Гидросельмаш»] / Ю. Сергеев // Полесская правда. Пинск, 2004. 17 марта.
  21. Щербакова, Т. Держат марку : [об образцах культиватора КП-6,0 производства ОАО «Гидросельмаш»] / Тамара Щербакова // Полесская правда. Пинск, 2003. 15 ноября. С. 4.
  22. Пилецкий, Е. Обнадёживающие перемены : [на ОАО «Гидросельмаш»/ Е. Пилецкий // Пінскі веснік. 2003. 11 красавіка. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 238 разоў