Серада, 15 Ліпень 2020 13:51

15 студзеня 2020 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Трафіма Андрэевіча Стэльмашука (1905–1986), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, ганаровага грамадзяніна г. Іванава

Трафім Андрэевіч Стэльмашук нарадзіўся 15 студзеня 1905 г. у вёсцы Трыліскі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У Першую сусветную вайну сям’я была эвакуіравана ў глыб Расіі, у 1919 г. Стэльмашукі вярнуліся на радзіму. Спазнаўшы з ранняга дзяцінства цяжкую паднявольную працу, Трафім стаў на шлях актыўнай барацьбы з польскім рэжымам.

 

З маладых гадоў актыўна ўдзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі, якая апынулася пад польскай акупацыяй. Трафім Стэльмашук займаўся сялянскай працай на сваім кавалку зямлі. У лютым 1925 г. уступіў у камсамол, а ў жніўні — у КПЗБ. Быў сакратаром падпольнага Іванаўскага райкама камсамола і сакратаром Іванаўскага райкама КПЗБ. У ліпені 1927 г. паліцыяй былі арыштаваны больш за 30 чалавек, сярод іх быў Т. А. Стэльмашук. У лістападзе 1928 г. польскім судом за прыналежнасць да КПЗБ прысуджаны да чатырох гадоў турэмнага зняволення. Яго змясцілі ў цэнтральную турму г. Седльцы. Гады турмы падарвалі здароўе беларускага патрыёта.

28 чэрвеня 1931 г. Трафім Стэльмашук быў вызвалены, зноў уключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу. У першай палове 1930-х гг. у Польшчы ўзмацніўся паліцэйскі тэрор, каб падавіць рэвалюцыйны рух. Т. А. Стэльмашук працаваў інструктарам Пінскага акруговага камітэта КПЗБ. Летам 1936 г. на падпольнай раённай канферэнцыі яго выбралі сакратаром раённага камітэта КПЗБ. У 1937 г. у сувязі з тым, што адзін з членаў КПЗБ не вытрымаў у дэфензіве допытаў і выдаў кіраўніцтва падпольнага райкама, Трафім Стэльмашук вымушаны быў перайсці на нелегальнае становішча.

У жніўні 1937 г., сыходзячы ад новага арышту, нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу ў раёне г. п. Цімкавічы, быў сустрэты савецкімі пагранічнікамі, арыштаваны і заключаны ў Слуцкую следчую турму. Рашэннем Асобай нарады 10 кастрычніка 1937 г. прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў за «шпіянаж». Тэрмін адбываў у Комі АССР, працаваў на лесанарыхтоўках, рудніку, на нафтавых распрацоўках. Восенню 1939 г. ён з радасцю даведаўся, што адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я Трафіма Андрэевіча аказалася ў нямецка-фашысцкай акупацыі. Акупанты і паліцаі палявалі на сем’і камуністаў. Жонка, Марыя Сямёнаўна,была папярэджана загадзя пра небяспеку і разам з двума сынамі пайшла ў партызанскі атрад. Старэйшы сын, сямнаццацігадовы Валодзя, узяў у рукі зброю, каб біць фашыстаў за сябе і за бацьку. А між тым у 1940 г. яго не прынялі ў камсамол як сына «ворага народа».

У гады вайны Т. А. Стэльмашук пісаў адзін за адным лісты начальству з адзінай просьбай — накіраваць яго на фронт. Але палітзняволеных на фронт не пасылалі.З пачаткам вайны харчаванне ў лагерах стала вельмі дрэнным. Цяжкая фізічная праца на рудніках, вялікія нормы выпрацоўкі, суровы клімат не лепшым чынам паўплывалі на здароўе Трафіма Андрэевіча — ён нават рухаўся з цяжкасцю.

Архіўная даведка МДБ ад 13 снежня 1952 г. сведчыць, што 20 кастрычніка 1945 г. Т. А. Стэльмашуку тэрмін 10 гадоў знізілі. Але судзімасць Трафіма Андрэевіча чорнай плямай працягвала вісець над яго сынамі.

15 лістапада 1957 г. Вярхоўны суд БССР адмяніў прыгавор Асобай нарады як незаконны, а 17 мая 1963 г. партыйная камісія пры ЦК КПСС на сваім пасяджэнні аднавіла яму партыйны стаж з 1925 г.

Пасля вяртання на радзіму (1945) Трафім Андрэевіч да выхаду на пенсію працаваў у сістэме спажыўкааперацыі раёна. У якасці ганаровага госця яго часта запрашалі на раённыя ўрачыстасці, на сустрэчы з вучнямі школ. Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння да апошняга дня жыцця ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, вёў выхаваўчую работу з моладдзю.

За заслугі перад Радзімай Т. А. Стэльмашук узнагароджаны медалём «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У кастрычніку 1974 г. удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Іванава».

Сыны Трафіма Андрэевіча выраслі працаватымі і адукаванымі людзьмі. Уладзімір Трафімавіч паспяхова закончыў Маскоўскі фінансавы інстытут, а потым аспірантуру. Мікалай Трафімавіч скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна (1955), стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук (1965), прафесарам (1995), у 1986–2002 гг. загадваў кафедрай матэматычнага аналізу Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

Трафім Андрэевіч Стэльмашук памёр 17 студзеня 1986 г. Яго дакументы (успаміны, групавы здымак палітзняволеных і іншыя фатаграфіі 1929–1982 гг.), знаходзяцца ў Занальным дзяржаўным архіве г. Пінска (фонд 367).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Стельмошук Трофим Андреевич // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 27–28.
  2. Почетные граждане. Стельмошук Трофим Андреевич // Ивановский район. Будущее создается сегодня / [А. М. Суворов и др.]. Брест, 2019. С. 14–15.
  3. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. –839 с., [24] л. ил.
  4. Трофим Андреевич Стельмашук (1905–1986) // О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. Иваново, 2015. С. 17.
  5. Горупа, М. П. Верность земле : (из истории СПК «Дружиловичи», правопреемника колхоза «Большевик») / Мария Горупа. Брест : Брестская типография, 2012. – 230 с., [16] л. цв. ил.
  6. Книга памяти / Т. Н. Алпатова [и др]. Брест : Академия, 2004. 191 с.
  7. Дзенісейка, А. Ён змагаўся за лепшае жыццё : [пра жыццё Т. А. Стэльмашука] / А. Дзенісейка // Памяць. Iванаўскi раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000.
    С. 137–139.
  8. Стальмашук Мікалай Трафімавіч // Памяць. Iванаўскi раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С. 516.
  9. Соломка, И. Их судьбы историей стали : [в районной библиотеке им. Ф. И. Панфёрова состоялся вечер памяти, на котором участники познакомились с жизнью и деятельностью почётных граждан г. Иванова и Ивановского района: Трофима Андреевича Стельмашука, Ефрема Аврамовича Александрова, Алексея Трофимовича Кавко, Сергея Александровича Рожковца, Сергея Николаевича Маркевича] / Ирина Соломка ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2019. 24 мая. С. 14.
  10. Дружиловичский край: так зарождался и взрослел комсомол : [упоминается Т. А. Стельмашук] // Чырвоная звязда. Іванава, 2013. 25 кастрычніка. С. 5.
  11. Сцельмашук Трафім Андрэевіч : [некралог] / Гетманчук У. М. [і інш.] // Чырвоная звязда. Іванава, 1986. 18 студзеня. С. 4.
  12. Урачыстасці ў Іванаве : [пра мітынг да Дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі на пл. Кастрычніка г. Іванава, дзе Т. А. Стэльмашуку была ўручана Грамата і павязана стужка «Ганаровы грамадзянін г. Іванава»] // Чырвоная звязда. Іванава, 1974. 9 лістапада. С. 1.
  13. Стэльмашук, Т. А. Газета заклікала на змаганне : [былы член КПЗБ расказвае аб ролі падпольных газет у жыцці Заходняй Беларусі] / Трафім Андрэевіч Стэльмашук // Чырвоная звязда. Іванава, 1974. 5 мая. С. 2.
Чытаць 164 разоў