Чацвер, 27 Снежань 2012 11:19

2 сакавіка 2012 г. – 75 гадоў з дня нараджэння А. І. Станкевіча (1937–1999), паэта, майстра па вырабах з дрэва

Анатоль Станкевіч быў творцам у трох вымярэннях: у працы – ён адметнейшы чырванадрэўшчык; у мастацтве – таленавіты майстар лясных скульптур і непаўторных карцін на дрэве; у паэзіі таксама мае свой адметны, самабытны голас.

{gcontent}Анатоль Iванавiч Станкевіч нарадзіўся 2 сакавіка 1937 года ў вёсцы Жарабковічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У сялянскай сям’і Івана Восіпавіча і Веры Іванаўны Станкевічаў з’явілася немаўля, якому далі імя Анатоль. Але жыццё будучага паэта складвалася не надта шчасліва, бо вельмі хутка памерла маці, надарваўшыся на гаспадарцы. А ўслед за маці ў 1942 годзе, ужо пры акупантах немцах загінуў і бацька. Цяжкі сірочы хлеб, але свет не без добрых людзей. З ласкі мачахі Хрысціны і старэйшых сясцёр Анатоль скончыў сямігодку ў Жарабковічах і паступіў вучыцца ў Слонімскае рамеснае вучылішча № 5. Тут панавалі надзвычай жорсткія адносіны паміж навучэнцамі, ад якіх хлопчык вельмі пакутаваў. Сістэматычнае недаяданне, холад ды здзекі старэйшых адбіліся на яго здароўі. Кіраўніцтва рамеснага вучылішча накіроўвае падлетка на лячэнне аж у Падмаскоўе. Падлячыўшыся, Анатоль Станкевіч здужаў у 1955 годзе скончыць вучылішча і атрымаў спецыяльнасць чырванадрэўшчыка. Затым два гады працаваў у далёкай Архангельскай вобласці на лесапільным заводзе станцыі Пярмілава (101-ы кіламетр ад Архангельска). Яшчэ больш загартаваўся малады чалавек у войску (1957–1959). Пасля дэмабілізацыі сяржант Анатоль Станкевіч вярнуўся ў Беларусь.

З 1959 года жыў і працаваў у Баранавічах. Спачатку ён займаецца самаадукацыяй, затым паспяхова скончыў вячэрнюю сярэднюю школу і ўніверсітэт рабселькараў пры гарадской газеце “Знамя коммунизма” ў горадзе Баранавічы. Спачатку працаваў рабочым, сталяром на баваўняным камбінаце. З 1994 года – сталяром на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе “Атлант” (БСЗ ЗАА “Атлант”).

Першы свой верш Анатоль Станкевіч напісаў, калi быў шасцікласнікам Жарабковіцкай школы. Тады ён знайшоў падтрымку ў свайго настаўніка Яўгена Ігнатавіча Булата. З таго часу з паэзіяй не развітваўся. 15 мая 1968 года ў газеце “Знамя коммунизма” быў надрукаваны першы верш паэта “Весенняя зарисовка”. Анатоль Станкевіч пісаў вершы ў асноўным на рускай мове, толькі ў апошняе дзесяцігоддзе пачаў тварыць па-беларуску. Яго вершы друкаваліся ў альманаху “Дзень паэзіі” (1987), зборніку “Паўлюк Багрым” (1994), у шэрагу рэспубліканскіх, абласных, мясцовых перыядычных выданняў.

Першую кнiжную падборку вершаў “Билет до станции “Счастье” Анатоль Станкеіч надрукаваў у 1983 годзе ў калектыўным зборніку “Добрыми глазами”. Другая – “Верю в трудное счастье” – у зборнiку “Годы как реки” ў 1988 годзе. Першы асобны зборнік вершаў А. Станкевіча “На крыльях страдающей совести” быў выдадзены ў 1996 годзе ў Брэсце пры спонсарскай падтрымцы Баранавіцкага станкабудаўнічага завода “Атлант”.

У 1972–1980 гадах А. І. Станкевіч узначальваў Баранавіцкае літаратурнае аб’яднанне “Плынь”, у 1989–1993 гадах – літаб’яднанне “Ліра” на баваўняным камбінаце, а ў 1994 годзе стварыў на станкабудаўнічым заводзе літаратурнае аб’яднанне “Жнівень” і ўзначальваў яго да 1999 года. У гэтым жа годзе А. І. Станкевіч прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Паэт трагічна загінуў у 1999 годзе (па дарозе на працу яго збіла таксоўка). Пахаваны ў вёсцы Жарабковічы.

У 2010 годзе ў Баранавічах грамадскай арганізацыяй “Творчае аб’яднанне “Святліца” выдадзены зборнік беларускамоўных вершаў Анатоля Станкевіча “Скрыжалі дабрыні” (прадмова А. Бакача; рэдактар І. Лагвіновіч).

Для вершаў Анатоля Станкевіча характэрны грамадзянскі пафас, тонкі лірызм, вялікая сыноўняя любоў да роднай зямлі і яе працавітых людзей.

Вельмі высока ацаніў творчасць паэта пісьменнік і крытык У. А. Калеснік.

Максім Танк, упершыню прачытаўшы творы рабочага з Баранавічаў, быў так узрушаны імі, што сам звярнуўся ў часопіс “Нёман” з прапановаю надрукаваць вершы Анатоля Станкевіча.

Адзначаючы непаўторнасць паэзіі Анатоля Станкевіча, С. Райкіна ў артыкуле “И след в душе оставит лира” пісала: “В стихотворении А. Станкевича чувствуется живой, постепенно бьющийся импульс души. Поэт, словно первооткрыватель, ведет читателя за собой, заставляя его взглянуть на примелькавшиеся, привычные предметы и явления по-новому” (Знамя юности. 1983. 2 сент.).

Нельга не сказаць і аб майстэрстве А. Станкевіча – лясных скульптурах і драўляных карцінах, дзе асновай сюжэтаў служылі дзіўныя сучкі дрэў, карані. Выстаўкі працы яго рук былі адметнымі з’явамі ў культурным жыцці горада Баранавічы. За свой самабытны талент у стварэнні лясных скульптур, мініяцюр, карцін Анатоль Іванавіч меў шмат узнагарод, у тым ліку і Міністэрства культуры. Творы яго таленавітых рук і творчай фантазіі ўпрыгожваюць школы, бібліятэкі, установы і прадпрыемствы горада.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Кіпель Надзея Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Творы А. Станкевіча

  1. На крыльях страдающей совести : [стихи] / А. И. Станкевич. Брест : Редакция газеты “Шлях”, 1996. 66 с.

  2. Скрыжалі дабрыні / Анатоль Станкевіч ; прадмова А. Бакача ; рэд. І. Лагвіновіч. Баранавiчы, 2010.

  3. Билет до станции «Счастье» : [стихи] / А. Станкевич // Добрыми глазами. Минск, 1983. С. 81–86.

  4. Иные живут, а вот мне не пожить…” ; “Стою у родимого дома...” ; “Хочу, чтоб в глазах твоих грусти не было...”: [стихи] / А. Станкевiч // Ёсць край такі... : гістарычна-літаратурная хроніка / У. М. Лаўрэнаў [і інш.]. Баранавічы : РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”, 2003. С. 332–333.

  5. Верю в трудное счастье : [стихи] / А. Станкевич // Годы, как реки / сост. Ф. Жичка. Минск, 1988. С. 149–159.

  6. Окутан сад январской белизною…” ; “Ты богат? – спросил я художника” : [стихи] / А. Станкевич // Дзень паэзіі–87. Мінск, 1987. С. 109.

  7. В природу иду, где трава...” ; “На Радзіме мне да скону жыці..” ; “В небе лазурном спрятались тучи…» : [стихи] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1998. 31 июля.

  8. Вновь постичь эту тайну берусь я...” ; Жарабковічы : [стихи] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1998. 1 дек.

  9. Выпить, чтобы сердцем не видеть...” : [стих.] / А. Станкевич // Заря. 1995. 14 нояб.

  10. Жанчына з палявымі кветкамі...” ; Жарабя ; Разговор с собакой ; “Выпить, чтобы сердцем не видеть...” ; Вопоминание о проводах ; У портрета матери ; “Стало стыдно выйти в город...” : [вершы] / А. Станкевіч // Наш край (Барановичи). 1997. 1 сак.

  11. Золотая стоит тишина...”: [стихотворение] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1996. 22 окт.

  12. Иные живут, а вот мне не пожить…” : [стих.] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1999. 22 июня.

  13. Который год выбираемся из трясины...” : [стих.] / А. Станкевич // Intex-press (Барановичи). 1999. 20 нояб.

  14. Лясны пажар : [верш] / А. Станкевіч // Наш край (Барановичи). 1998. 31 снеж.

  15. Наше детство...” : [стих.] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 2006. 14 янв.

  16. По деревне то клёкот, то скрежет...” ; “Я судьбой безучастною мечен...” ; “Долго зреют, не дозреют росы...” ; “Тысячи лет среди поля...” ; “Гениально подсолнух цвёл в огороде...” : [стихи] / А. Станкевич // Заря. 1995. 27 июня.

  17. Самотна рыпяць арэлі; “Хворыя ногі адпачываюць...”; “Ёсць людзі, якія...” : [вершы] / А. Станкевіч // Народная трыбуна. 1995. 18 лют.

  18. Сиротский хлеб ; “Окутан сад январской белизною...” ; Расскажи ; “Был день, словно хмурая тайна...” ; “Жизнь – песочные часы...” : [стихи] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1999. 26 окт.

  19. Стою у родимого дома...” / А. Станкевич // Intex-press (Барановичи). 1997. 27 февр. С. 18.

  20. Строфы раздумий : [стих.] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1993. 2 сент.

  21. Цяпло радзімае зямліцы ; У бібліятэцы : [вершы] / А. Станкевіч // Ляхавіцкі веснік. 1997. 4 сак. С. 4.

  22. Набалелае : “Чакалі паўгода дзяўчынку арэлі...” ; “Калі б смерць хоць раз...” : [вершы] / А. Станкевіч // ЛіМ. 1995. 24 лют. С. 2.

  23. Я сегодня проснулся рано...” : [стих.] / А. Станкевич // Наш край (Барановичи). 1999. 27 мая.

  24. Я судьбой безучастною мечен...” ; Девочке, решающей задачу ; “Я – столяр...” : [стихи] / А. Станкевич // Intex-press (Барановичи). 1999. 28 окт.

 

Аб жыцці і творчасці пісьменніка

  1. Анатоль Станкевіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 375–376.

  2. Жуковіч, В. На крыльях страдающей совести // Ёсць край такі... : гістарычна-літаратурная хроніка / У. М. Лаўрэнаў [і інш.]. Баранавічы : РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”, 2003. С. 332–333.

  3. Кiпель, Н. Летуценнiк з Жарабковiч / Надзея Кiпель // Ляхавiцкi веснiк. 2012. 7 сак. С. 5.

  4. Анатоль Станкевіч : [некралог] // Наш край (Барановичи). 1999. 26 кастр.

  5. Анатоль Станкевіч – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў // Наш край (Барановичи). 1999. 20 мая.

  6. Юркевич, Е. В память о поэте и балетмайстере : [об открытии мемориальных досок поэту А. Станкевичу, хореографу А. Лихман] / Е. Юркевич // Заря. 2008. 11 окт. С. 5.

  7. Белуш, А. “Верю в трудное счастье” : [о творчестве А. Станкевича] / А. Белуш // Intex-press (Барановичи). 1997. 27 февр.

  8. Жуковіч, В. Паэзія ствараецца з любові: [пра зборнік вершаў А. Станкевiча “На крыльях страдающей совести”] / В. Жуковіч // Народная воля. 1998. 24 кастр.

  9. ЛеГАЛ.“Калі твой боль загаворыць вершамі”/ ЛеГАЛ // ЛіМ. 2010. 4 чэрв. С. 14.

  10. Маліноўскі, М.І будзе песні зноў складаць / М. Маліноўскі // Ляхавіцкі веснік. 1995. 10 лют. С. 3.

  11. Маліноўскі, М. “...Распяты лёсам на крыжы...” / М. Маліноўскі // ЛіМ. 2004. 27 жн. С. 6.

  12. Маліноўскі, М. Сумленныя музы Анатоля Станкевіча / Мiхась Маліноўскі // Заря. 1997. 4 марта.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2590 разоў Апошняя змена Аўторак, 24 Сакавік 2020 10:06