Серада, 21 Кастрычнік 2020 09:35

3 кастрычніка 2020 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Іванавіча Будзько (Сафронія; 1930–2008), епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, архіепіскапа Кемераўскага і Новакузнецкага

Дзмітрый Іванавіч Будзько нарадзіўся 3 кастрычніка 1930 г. у вёсцы Бардзёўка Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Раснянскі сельсавет Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я Будзько была веруючай, патрыярхальнай. Галавой сям’і быў дзядуля Іосіф Сямёнавіч, які меў трох сыноў Івана, Іосіфа і Аляксея. Бацька, Іван Іосіфавіч Будзько (1905–1997), быў жанаты на Еўдакіі Іванаўне Бай. Бацькі з ранняга ўзросту прывучалі дзяцей да паслухмянасці і паважлівага стаўлення да дарослых.

 

Дзмітрый Будзько вучыўся ў польскай пачатковай школе, дзе акрамя звычайных школьных прадметаў вучылі Закону Божаму. У 1939 г., у сувязі са змяненнем межаў, Бардзёўка апынулася на савецкай тэрыторыі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Высокаўскай школе ўжо пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1950 г. у дваццацігадовым узросце.

У лістападзе 1950 г. Дзмітрый Будзько быў прызваны ў Савецкую армію. Яго вайсковая служба прайшла ў радыёлакацыйных войсках Паўночнага ваенна-марскога флоту. Пасля звальнення ў запас у 1954 г. стаў рыхтавацца да паступлення ў Мінскую духоўную семінарыю. На той час ён быў прапісаны ў Брэсце, а большую частку часу праводзіў у свайго дзядзькі — протаіерэя Дзімітрыя, які служыў у Арэпіцкай царкве Жабінкаўскага раёна.

З 1955 па 1959 г. Дзмітрый Будзько вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі, у 1959–1963 гг. — у Ленінградскай духоўнай акадэміі, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя. У 1964 г. пасвячоны ў дыякана, іерэя. У 1964–1966 гг. служыў у Вазнясенскім кафедральным саборы г. Новасібірска. У 1966 г. прызначаны настаяцелем Іллінскага храма г. Асіннікі Кемераўскай вобласці. 15 красавіка 1968 г. зноў пераведзены на служэнне ў Вазнясенскі кафедральны сабор.

У лютым 1972 г. на Новасібірскую кафедру быў пераведзены епіскап Смаленскі і Вяземскі Гедэон (Дакукін), якi назначыў сваім указам іерэя Дзімітрыя Будзько благачынным Новасібірскай вобласці і настаяцелем Вазнясенскага кафедральнага сабора. Храм тады знаходзіўся ў аварыйным стане і патрабаваў неадкладнага рамонту. З 15 мая 1974 г. быў назначаны благачынным цэркваў Тувінскай АССР.

4 чэрвеня 1974 г. Дзмітрый Будзько перанёс сур’ёзную аперацыю, якая выклікала ўскладненні. З бальніцы ён выйшаў па сканчэнні трох месяцаў, атрымаў інваліднасць. Але пры паляпшэнні самаадчування ён імкнуўся на працу, рэканструкцыя Вазнясенскага сабора адцягвала яго ад хваробы.

З 1980 па 1985 г. — сакратар Новасібірскага епархіяльнага ўпраўлення.

У красавіку 1984 г. на першы дзень Вялікадня Дзмітрый Будзько аўдавеў, без маці засталіся адзінаццацігадовая дачка Вера і сын Генадзь, які служыў у тыя гады ў арміі. Генадзь Дзмітрыевіч Будзько скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную школу, служыў у Маскоўскай епархіі, затым у прыходах Чэшскіх земляў і Славакіі, Берлінскай епархіі.

14 верасня 1989 г. Дзмітрый Будзько вызвалены ад абавязкаў настаяцеля Вазнясенскага кафедральнага сабора і прызначаны настаяцелем Аляксандра-Неўскага сабора ў Новасібірску, які да таго часу яшчэ не быў вернуты Новасібірскай епархіі і стаяў паўразбураны. У 1990 г. сабор нарэшце быў перададзены Царкве, і адразу ў ім сталі здзяйсняцца набажэнствы. Адначасова вяліся рэстаўрацыйныя працы ў храме. Таксама протаіерэю Дзімітрыю было даручана аднаўляць другі разбураны Аляксандра-Неўскі сабор — у рабочым пасёлку Калывань.

12 мая 1991 г. у Троіца-Сергіевай лаўры Дзмітрый Будзько пастрыжаны ў манаства з імем Сафроній і ўзведзены ў сан архімандрыта. У 1993 г. — епіскап Кемераўскі і Новакузнецкі, у 1998 г. узведзены ў сан архіепіскапа.

За гады служэння ўладыкі Сафронія ў Кемераўскай епархіі адбыліся велізарныя змены: дзейнічалі 319 прыходаў, працавалі 211 святароў, 110 нядзельных школ, у 27 папраўча-працоўных установах былі адкрыты храмы, капліцы, малельныя пакоі. Амаль пры кожным храме адкрыліся бібліятэкі. У Новакузнецку створана духоўнае вучылішча і Кемераўскі філіял праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта. За гэтымі лічбамі і фактамі велізарная праца ўладыкі Сафронія па духоўным адраджэнні рэгіёна. Ён кіраваў духавенствам, наладжваў кантакты з прадстаўнікамі ўлады, гутарыў з членамі парафіяльных саветаў, прыхаджанамі, на месцы гасіў канфлікты, здзяйсняў службы. Рабіў усё магчымае для духоўнай падтрымкі жыхароў Кузбаса.

Яго служэнне адзначана высокімі царкоўнымі, дзяржаўнымі і абласнымі ўзнагародамі:ордэнамі Прападобнага Сергія Раданежскага II і III ступені, медалём Прападобнага Сергія Раданежскага I ступені, ордэнам Сірыйскай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўным ордэнам Дружбы і Нацыянальнай прэміяй Пятра Вялікага, медалямі Расійскага фонду міру, ордэнам «Ключ дружбы» і інш. Ганаровы грамадзянін Кемераўскай вобласці (1998) і г. Таштагола (2003).

19 ліпеня 2006 г. рашэннем Святога Сінода ў сувязі з дасягненнем 75-годдзя Дзмітрый Будзько пайшоў на пакой.

Д. І. Будзько пасля працяглай хваробы памёр 31 сакавіка 2008 г. Указам губернатара А. Г. Тулеева была створана камісія па пахаванні архіепіскапа Сафронія. 2 красавіка ў Знаменскім кафедральным саборы Кемерава адбылося яго адпяванне. Пахаваны ў алтарнай частцы Георгіеўскай царквы храмавага комплексу Знаменскага кафедральнага сабора.

24 сакавіка 2016 г. у Музеі гісторыі праваслаўя на зямлі Кузнецкай у г. Кемерава адбылося адкрыццё мемарыяльнага кабінета першага кіраўніка Кемераўскай і Новакузнецкай епархіяй Сафронія (Будзько). У кабінеце адноўлена рабочая атмасфера часоў уладыкі Сафронія: устаноўлены прадметы мэблі, якімі ён карыстаўся, прадстаўлены богаслужбовыя ўборы і асабістыя рэчы, узнагароды і сувеніры, падораныя ў розныя часы, а таксама фотаматэрыялы і дакументальныя сведчанні, якія распавядаюць пра жыццё і перыяд святарскага служэння ўладыкі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Софроний, архиепископ // Сибирь в лицах. Новосибирск, 2001. С. 205 : фот.
  2. Веремеев, С. Архиепископ Софроний (Будько) / иерей Сергий Веремеев, Наталья Губанова // Журнал Московской Патриархии. 2008. № 7. С. 8792.
  3. [Некролог владыке Софронию] / Мартин С. Д. [и др.] // Кузнецкий рабочий. 2008. 3 апреля. С. 8.
  4. Скорбим... : [некролог] // Кузбасс. 2008. 1 апреля. С. 1.
  5. Мошкин, Д. Кузбасс православный. Кемеровской епархии 10 лет / протоиерей Димитрий Мошкин, Наталья Губанова // Русь державная. 2003. Октябрь (№ 10).
  6. О присвоении звания «Почетный гражданин города Таштагола» : постановление № 15 от 01.08.2003 / Совет народных депутатов // Красная Шория. 2003. 22 августа. С. 3.
  7. О присвоении звания «Почетный гражданин Кемеровской области» : постановление № 195 от 22.01.1998 / Законодательное собрание Кемеровской области // Законодательный вестник. 1998. Вып. 4, т. 2. С. 2–3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 641 разоў