Серада, 21 Кастрычнік 2020 10:08

13 кастрычніка 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Паўла Аляксандравіча Міхайлава (1950), лінгвіста, даследчыка пытанняў беларускай дыялекталогіі, педагога, выдатніка адукацыі Беларусі

Павел Аляксандравіч Міхайлаў нарадзіўся 13 кастрычніка 1950 г. у вёсцы Ушкавіца Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і Аляксандра Агафонавіча і Марыі Восіпаўны. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы. У 1968 г. закончыў сярэднюю школу № 1 г. Кобрына.

 

Пасля службы ў Савецкай арміі ў 1971 г. Павел Міхайлаў паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Надзелены матэматычным складам мыслення, аддаў перавагу мовазнаўству менавіта таму, што з усіх гуманітарных навук якраз лінгвістыка валодае найбольш дакладнымі метадамі даследавання.

Першымі завершанымі навуковымі даследаваннямі Паўла Міхайлава сталі працы «Батанічная тэрміналогія палескай гаворкі в. Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці» і «Жанравая прырода „Слова аб палку Ігаравым“», якія былі адзначаны дыпломамі на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ. У студэнцкія гады з’явіліся і першыя публікацыі, якія сталі сведчаннем таго, што ў навуку прыйшоў даследчык са сваёй пазіцыяй, з тонкім адчуваннем слова і добрым веданнем прадмета даследавання. Педагагічны інстытут закончыў з адзнакай у 1975 г.

Пасля некалькіх месяцаў працы настаўнікам рускай і беларускай моў і літаратур Лелікаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна П. А. Міхайлаў падаў дакументы для паступлення ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Рэферат, прадстаўлены саіскальнікам для допуску, быў прысвечаны даследаванню жывёлагадоўчай лексікі вёскі Ушкавіца.

У лістападзе 1975 г. П. А. Міхайлаў быў залічаны ў аспірантуру па спецыяльнасці «Беларуская мова». У красавіку 1976 г. назначаны малодшым навуковым супрацоўнікам, пераведзены з дзённай аспірантуры ў завочную. Аспірант актыўна ўзяўся за працу над кандыдацкай дысертацыяй. Вынікам карпатлівай навуковай працы стала паспяховая абарона 7 мая 1981 г. дысертацыі, падрыхтаванай без адрыву ад працы, «Лексіка беларускіх ганчароў» на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук.

Важным кірункам дзейнасці П. А. Міхайлава працяглы час была арганізацыя навукі. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам сектара дыялекталогіі (1976–1982), вучоным сакратаром (1982–1986), загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1986–1991). У той час беларускі Інстытут мовазнаўства быў адной з найбольш аўтарытэтных лінгвістычных устаноў Савецкага Саюза.

У верасні 1991 г. Павел Аляксандравіч перайшоў працаваць на пасаду дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, а яшчэ праз два гады стаў загадчыкам гэтай кафедры і ўзначальваў яе паўтара дзесяцігоддзі. Менавіта яго намаганнямі кафедра стала адным з найбольш вядомых навукова-педагагічных цэнтраў краіны. На кафедры вялася падрыхтоўка не толькі спецыялістаў у галіне беларусістыкі, але і выкладчыкаў польскай, літоўскай моў.

Вынікам шматгадовай самаадданай працы П. А. Міхайлава стала стварэнне ім і яго вучнямі навуковай школы сістэмна-структурнага вывучэння фаналогіі і лексікі беларускай мовы, якая аформілася на кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

Павел Аляксандравіч — аўтар больш за 140 навуковых і навукова-метадычных прац па разнастайных актуальных пытаннях сучаснай беларускай лінгвістычнай і метадычнай навукі. Ён вучоны сакратар савета па абароне дысертацый пры БДПУ імя М. Танка, член вучоных саветаў універсітэта і факультэта беларускай філалогіі і культуры.

Актыўны ўдзел прымаў П. А. Міхайлаў у падрыхтоўцы шэрага найбольш аб’ёмных і арыгінальных праектаў у галіне беларускай дыялектаграфіі. Так, ён распрацаваў больш за 1700 слоўнікавых артыкулаў для «Слоўніка гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (у 5 т.; 1979–1986). Адзін і разам з суаўтарамі Павел Аляксандравіч падрыхтаваў каля 100 тэкставых узораў мясцовай гаворкі для «Тураўскага слоўніка» (у 5 т.; 1982–1987). Гэтыя слоўнікі на многія дзесяцігоддзі сталі ўзорам дыялектнай лексікаграфіі і набылі сусветную вядомасць.

П. А. Міхайлаў прымаў удзел у падрыхтоўцы міжнародных навуковых праектаў: «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лінгвістычны атлас Еўропы», «Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці лексічнай сістэмы беларускай дыялектнай мовы», «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння».

Вучоны ўваходзіў у рэдкалегію першай беларускай «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001), быў рэдактарам «Тэрміналагічнага слоўніка па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (1993), суаўтарам «Кароткага руска-беларускага тлумачальнага слоўніка па агульнай біялогіі» (1994), міжнароднай калектыўнай манаграфіі «Лексикографические штудии» (Масква, 2015). Дзякуючы найперш яго карпатлівай збіральніцкай працы ўбачыла свет унікальнае выданне «Лингвистика Беларуси: аннотированный указатель диссертаций (19912013)» (2015).

З’яўляецца аўтарам шэрага базавых і тыпавых праграм для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь. П. А. Міхайлаў унёс важны ўклад у падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук.

У сферы навуковых інтарэсаў вучонага беларуская дыялекталогія, лінгвагеаграфія, анамастыка, тэрміназнаўства і гісторыя лінгвістыкі. Некалькі дзясяткаў навуковых публікацый П. А. Міхайлаў прысвяціў пытанням беларускай акцэнталогіі. Навуковы кансультант часопіса «Роднае слова», член рэдкалегіі навуковых зборнікаў «Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння» (2009, 2011, 2013).

Імя Паўла Аляксандравіча Міхайлава, сумленнага даследчыка і адоранага педагога, добра вядома навукоўцам і выкладчыкам у Беларусі і далёка за яе межамі. Грунтоўныя веды, акадэмічны вопыт, вернасць аднойчы абранаму шляху дазваляюць заслужана лічыць яго адным з вядучых дыялектолагаў Беларусі. Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», граматамі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай

раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы П. А. Міхайлава

  1. Зачараваны родным словам : да 70-годдзя з дня нараджэння Алеся Зайкі / Павел Міхайлаў, Наталля Цяслюк // Роднае слова. 2018. № 8. С. 26–29.
  2. Дзятко, Д. В. Мовазнаўцы : нарысы па гісторыі беларускай лінгвістыкі / Дзмітрый Дзятко, Павел Міхайлаў. – Мінск : А. М. Янушкевіч, 2017. – 495 с., [32] с. іл., партр.
  3. Даследчык палескіх скарбаў Фёдар Клімчук / Павел Міхайлаў // Роднае слова. 2015. № 2. С. 38–40.
  4. Шахоўская, С. У. Назвы азёр Беларусі : слоўнік / С. У. Шахоўская ; [навук. рэд. П. А. Міхайлаў]. – Мінск : Медысонт, 2014. – 381 с.
  5. Зборнік матэрыялаў для выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» за перыяд навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі : тэксты дыктантаў / П. А. Міхайлаў. – Мінск, 2013.
  6. Шахоўская, С. У. Беларуская анамастычная лексікаграфія: фарміраванне, сучасны стан, вектары развіцця / С. У. Шахоўская ; [навук. рэд. П. А. Міхайлаў]. – Мінск : Красная звезда, 2012. – 257 с. : іл., табл., партр., факс.
  7. Націск у асабовых формах дзеясловаў другога прадуктыўнага класа ў гаворцы вёскі Беражное Столінскага раёна / Павел Міхайлаў, К. Ф. Руц // Каб жыло наша Слова : зборнік навук. артыкулаў да 90-годдзя з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага. Брэст, 2009. С. 61–64.
  8. Беларуская мова: тэматычны трэнажор: лексікалогія, фразеалогія, асновы стылістыкі : для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання / П. А. Міхайлаў, С. І. Фацеева. – Мінск : Аверсэв, 2008. – 118 с.
  9. Тэсты для тэматычнага кантролю па беларускай мове: 7-ы кл. : дапам. для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з беларус. і рус. мовамі навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання / П. А. Міхайлаў, М. І. Навумчык, С. І. Фацеева. – Мінск : Аверсэв, 2005. – 95, [1] с.
  10. Лексічныя ландшафты Беларусі: жывёльны свет / [І. Я. Яшкін, П. А. Міхайлаў, Я. М. Рамановіч і інш.] ; навук. рэд.: Ф. Д. Клімчук, І. Я. Яшкін ; АН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа. – Мінск : Навука і тэхніка, 1995. – 255 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці П. А. Міхайлава

  1. Дзятко, Д. В. Міхайлаў Павел Аляксандравіч / Д. В. Дзятко, С. У. Шахоўская // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 597.
  2. Міхайлаў Павел Аляксандравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 438.
  3. Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння : навуковы зборнік да 60-годдзя Паўла Аляксандравіча Міхайлава / [рэдкалегія: Д. В. Дзятко (адк. рэдактар) і інш.]. – Мінск : Права і эканоміка, 2010. – 298 с.
  4. 70 гадоў з дня нараджэння П. А. Міхайлава (1950) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 144.
  5. Міхайлаў Павел Аляксандравіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 99–101 : фат.
  6. Дзятко, Д. Пра майго настаўніка : [да 65-годдзя П. А. Міхайлава, беларускага мовазнаўца] / Дзмітрый Дзятко // Роднае слова. 2015. № 10. С. 48–49.
  7. Дзятко, Д. Адданы беларускай навуцы : [да 60-годдзя П. А. Міхайлава, беларускага мовазнаўца] / Дзмітрый Дзятко // Роднае слова. 2010. № 10. С. 3335.
  8. Сарычев, В. Школа моей мамы: з стен СШ № 1 г. Кобрина вышли многие учёные, среди которых и белорусский языковед П. Михайлов] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2010. 10 ноября. С. 1–2 (приложение: Вечёрочка).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1097 разоў