Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 27 Кастрычнік 2020 09:13

11 лістапада 2020 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Маркіяна Якаўлевіча Германовіча (1895–1937), ваеннага дзеяча, удзельніка Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў

Маркіян Якаўлевіч Германовіч нарадзіўся 11 лістапада 1895 г. у вёсцы Дзяменічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. З дзяцінства вызначаўся здольнасцямі і прагай да вучобы. Закончыўшы вясковую школу з пахвальнай граматай, паступіў у Брэст-Літоўскае чатырохкласнае гарадское вучылішча, дзе вучыўся да 1914 г. Далейшай адукацыі перашкодзіла Першая сусветная вайна, сям’я Германовічаў эвакуіравалася ў Саратаўскую губерню.

 

У верасні 1915 г. Маркіян Германовіч быў прызваны ў Расійскую армію і залічаны ў 1-ы запасны батальён у Петраградзе. У 1916 г. накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў з адзнакай, быў назначаны ў 174-ы запасны батальён у г. Нарве, затым адпраўлены малодшым афіцэрам на Паўночны фронт.

Служыў камандзірам кулямётнай каманды 482-га Жыздрынскага палка 121-й пяхотнай дывізіі, ад’ютантам камандзіра 78-га стралковага палка 20-й Сібірскай стралковай дывізіі. 30 верасня 1917 г. быў прадстаўлены да ордэна Святога Станіслава III ступені, але ўзнагароджанне не адбылося па прычыне рэвалюцыйнай смуты. У чыне штабс-капітана звольнены ў бестэрміновы адпачынак па дэмабілізацыі арміі.

У дні Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. салдаты выбіраюцьМаркіяна Германовіча ў палкавы камітэт спачатку членам, а пазней намеснікам старшыні. Вялікі ўплыў на яго светапогляд аказаў дзядзька, Ніфант Мацвеевіч Сыч (1890–1920) — актыўны ўдзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, які на чале атрада матросаў штурмаваў Зімні палац.

У маі 1918 г. Маркіян Германовіч добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай арміі, залічаны інструктарам узвода 1-га Петраградскага рабочага палка.У лістападзе прыняты ў партыю бальшавікоў. Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Паўночным, Заходнім і Паўднёвым франтах. Займаў пасады камандзіра роты і батальёна 15-га Юр’еўскага камуністычнага пяхотнага палка (чэрвень – снежань 1918 г.), памочніка камандзіра таго ж палка (да мая 1919 г.). З чэрвеня 1919 г. — камандзір 3-й (затым 138-й) брыгады 46-й стралковай дывізіі. 28 мая 1920 г. за выдатную арганізацыю і правядзенне аперацыі па разгроме войск праціўніка ў раёне Чангарскага моста (Крым) узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Са жніўня 1920 па чэрвень 1921 г. камандаваў 52-й стралковай дывізіяй. За фарсіраванне Сіваша ў лістападзе 1920 г., дзеянні пры штурме Перакопа камдыў М. Я. Германовіч узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга і імянным залатым гадзіннікам.

У чэрвені – кастрычніку 1921 г. — памочнік камандуючага войскамі Харкаўскай ваеннай акругі. З кастрычніка 1921 г. — камандзір 3-й Казанскай стралковай дывізіі (Сімферопаль). З мая 1922 г. — камандзір 15-й Сівашскай стралковай дывізіі (Нікалаеў).Удзельнік ліквідацыі бандытызму ва Украіне.

Скончыўшы Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі, М. Я. Германовіч у чэрвені 1923 г. назначаецца камандзірам 23-й Харкаўскай стралковай дывізіі. З чэрвеня 1924 па сакавік 1926 г. — камандзір 5-га стралковага корпуса (Бабруйск) Беларускай ваеннай акругі (ВА). Член ЦВК БССР (1925–1927), кандыдат у члены ЦВК (1927–1928).

Маркіян Якаўлевіч высокую патрабавальнасць да падначаленых спалучаў са шчырымі, уважлівымі адносінамі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, з клопатамі пра іх сем’і. Не баючыся спагнання за парушэнне ваенна-фінансавай дысцыпліны, стварыў пад Бабруйскам для 250 дзяцей піянерскі лагер — адзін з першых у Беларусі.

З сакавіка 1926 г. па красавік 1928 г. М. Я. Германовіч з’яўляўся памочнікам камандуючага войскамі Беларускай ВА. З красавіка 1928 па ліпень 1930 г. — памочнік камандуючага войскамі Сярэднеазіяцкай ВА. Да жніўня 1932 г. — памочнік камандуючага войскамі Маскоўскай ВА. У 1932–1933 гг. — памочнік камандуючага войскамі Беларускай ВА.

У 1932 г. у Маскве была створана Ваенная акадэмія механізацыі і матарызацыі Чырвонай арміі. Са жніўня 1933 г. М. Я. Германовіч назначаны начальнікам і ваенкомам гэтай установы. З 1934 г. — член Ваеннага савета пры Наркамаце абароны СССР. 20 лістапада 1935 г. М. Я. Германовічу прысвоена званне камкор. З чэрвеня 1936 г. — армейскі інспектар Ленінградскай ВА, з сакавіка 1937 г. — намеснік камандуючага войскамі Ленінградскай ВА.

Маркіяна Якаўлевіча накрыла «яжоўшчына» — хваля масавых рэпрэсій. 31 мая 1937 г. М. Я. Германовіч быў звольнены, 7 жніўня беспадстаўна арыштаваны па абвінавачванні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі. 20 верасня 1937 г. асуджаны да вышэйшай меры пакарання — растрэлу. Пахаваны разам з іншымі ахвярамі на Данскіх могілкаху Маскве.Рэабілітаваны 6 красавіка 1957 г.

На Радзіме памятаюць славутага земляка. На перакрыжаванні вуліц у в. Дзяменічы ў яго гонар устаноўлены памятны знак. Яго імем названы вуліцы ў Дзяменічах і Жабінцы. У Хмелеўскай сярэдняй школе аформлены інфармацыйны стэнд, прысвечаны камкору М. Я. Германавічу, яго імя носіць піянерская дружына школы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Германовіч Маркіян Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 190–191.
  2. Германович Маркиян Яковлевич // Беларусь : созвездие политических имен : ист.-биогр. справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 305.
  3. Германович Маркиян Яковлевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 278.
  4. Германович Маркиян Яковлевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 8–9.
  5. Германовіч Маркіян Якаўлевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 519.
  6. Германович Маркиян Яковлевич // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 140.
  7. Германович Маркиан Яковлевич // Гражданская война и военная интервенция в СССР : энциклопедия. Москва, 1983. С. 144.
  8. Германович Маркиан Яковлевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 145–146.
  9. Германовіч Маркіян Якаўлевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 161.
  10. Германовіч Маркіян Якаўлевіч / П. А. Селіванаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 445.
  11. Германович Маркиан Яковлевич // Расстрелянная элита РККА (командармы 1-го и 2-го рангов, комкоры, комдивы и им равные), 1937–1941 : биографический словарь / Н. С. Черушев, Ю. Н. Черушев. Москва, 2012. С. 69–70.
  12. Германовіч Маркіян Якаўлевіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991 : энцыклапедычны даведнік : у 3 т. / Леанід Маракоў. Мінск, 2004. Т. 3, кн. 1. С. 298.
  13. Міцковіч, М. С. М. Я. Германовіч / М. С. Міцковіч. Маркіяну Германовічу : [верш] / Іван Арабейка // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 201–204.
  14. Родина Германовича Маркиана Яковлевича : [д. Деменичи] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 180–181.
  15. Радзіма Германовіча Маркіяна Якаўлевіча : [в. Дзяменічы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 161.
  16. Соловьев, Д. Ю. Высший командный состав РККА. Комкоры 1935–1940 гг. : А–З : [биографический справочник] / Д. Ю. Соловьев. – Москва :ЛитРес: Самиздат, 2018. – 73 с. – (Военачальники СССР).
  17. [Маркиан Яковлевич Германович, комкор] // 400 имен : жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древнейших времен до начала XX века) / В. А. Ермоленко, В. Н. Черепица. Гродно, 2014. С. 334.
  18. Бензярук, Р. Ад салдата да камкора : Германовіч Маркіян Якаўлевіч / Расціслаў Бензярук // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст, 2007. С. 82–86.
  19. Германович Маркиян Яковлевич // Жабінкаўскі раён : [давед.-інфарм. матэрыял]. Жабінка, 2002. С. 35.
  20. Петренко, А. Начдив Германович / А. Петренко // В пламени и славе : очерки о героях гражданской войны. Симферополь, 1972. С. 17–25.
  21. Бензярук, Р. Апошні маналог Германовіча : [верш] / Расціслаў Бензярук //Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст, 2007. С. 85–86.
  22. Арабейка, І. Маркіяну Германовічу : выдатнаму ваеннаму дзеячу, члену рэўваенсавета, саратніку М. В. Фрунзе : [верш] / Іван Арабейка // Асенні ранак : вершы / Іван Арабейка. Мінск, 1978. С. 20–21.
  23. Болгарин, И. Расстрельное время : [роман] / Игорь Болгарин. – Москва : Вече, 2011. – 416 с. – (Адъютант его превосходительства).
  24. Болгарин, И. Багровые ковыли : [роман] / Игорь Болгарин, Виктор Смирнов. – Москва : Вече, 2010. – 544 с. – (Адъютант его превосходительства).
  25. Бензярук, Р. Камкор з Дзяменічаў / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 11 лістапада. С. 4.
  26. Мацвіенка, Р. Рэвалюцыі асабіста вядомы / Р. Мацвіенка // Сельская праўда. Жабінка, 2008. 8 лістапада. С. 2.
  27. Міцковіч, М. Камісар марскіх спраў : [пра дзядзьку М. Я. Германовіча, Ніфанта Мацвеевіча Сыча, ураджэнца Дзяменічаў] / М. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 2007. 12 верасня. С. 3.
  28. Мiцковiч, М. «У адну падзяку зліваем словы...» : [аб жыцці ваеннага дзеяча М. Я. Германовіча] / М. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 2006. 11 лістапада. С. 2.
  29. Кобяк, Э. Комкор Германович — соратник Фрунзе / Эдуард Кобяк // Заря. 2006. 4 ноября.
  30. Міцковіч, М. Камкор з Дзяменічаў / М. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 2005. 29 кастрычніка. С. 4.
  31. Каржук, М. Р. Пра родны край і знакамітага земляка : [гутарка з кіраўніком краязнаўчага музея Хмелеўскай сярэдняй школы М. Р. Каржуком] / М. Р. Каржук ; гутарыў Р. Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2005. 22 чэрвеня. С. 3.
  32. Бензярук, Р. «Можа, Дзяменiчы, родная вёска, хоць калi-небудзь згадаюць мяне?» : [пра чытацкую канферэнцыю да 110-годдзя з дня нараджэння М. Я. Германовіча] / Р. Бензярук // Сельская праўда. Жабiнка, 2005. 10 снежня. С. 2.
  33. Міцковіч, М. Розумам і сэрцам з арміяй / М. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 2000. 11 лістапада. С. 2.
  34. Канавалюк, В. …Лічыць правераным / В. Канавалюк, М. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 1990. 7 лістапада ; 15 лістапада ; 17 лістапада.
  35. Мицкович, Н. Считать проверенным… / Н. Мицкович // Заря. 1988. 27 декабря.
  36. Дзяркач, М. Военачальнік Германовіч — наш зямляк / М. Дзяркач // Сельская праўда. Жабінка, 1967. 13 мая. С. 2.
  37. Крупченко, Н. Комкор М. Я. Германович : к 70-летию со дня рождения / Н. Крупченко // Военно-исторический журнал. 1965. № 10. С. 125–127.
Чытаць 1086 разоў