Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 04 Лістапад 2020 15:46

6 лістапада 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Калільца (1920–1995), удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну

Іван Міхайлавіч Калілец нарадзіўся 6 лістапада 1920 г. у мястэчку Моталь Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ва ўмовах панскай Польшчы, працаваў на зямлі, быў пастухом. Юнаком арганізоўваў моладзь на барацьбу з польскімі панамі.

 

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) жыхары Моталя выбралі Івана Калільца сакратаром выканкама пасялковага Савета, а моладзь — сваім камсамольскім важаком. Марыў аб паступленні ў інстытут, але пачалася Вялікая Айчынная вайна, немцы хутка акупіравалі Іванаўшчыну. Вакол Івана Калільца згрупаваліся патрыёты. Ужо ў чэрвені 1941 г. на тэрыторыі Мотальскага сельсавета была створана падпольная камсамольская арганізацыя, сакратаром якой быў абраны Іван Калілец.

Першая баявая група (17 чалавек) была створана 11 верасня 1941 г. Восенню з групай моладзі Іван Калілец пайшоў у лес, пачаў дзейнічаць партызанскімі метадамі супраць ворага. У канцы 1941 г. партызаны разграмілі Мотальскую гміну. У маі 1942 г. сарвалі адпраўку моладзі на катаргу ў Германію. У 1942 г. група Івана Калільца аб’ядналася з групай лейтэнанта Яўгена Георгіевіча Макарэвіча. Сваім камандзірам партызаны выбралі Я. Г. Макарэвіча, камісарам — І. М. Калільца.

На фарміраванне поглядаў І. М. Калільца і яго таварышаў вялікі ўплыў зрабіла Вольга Георгіеўна Міронава, былы дырэктар Мотальскай школы, ураджэнка г. Сызрані. У цяжкі ваенны час яна стала першым настаўнікам і дарадчыкам сваіх выхаванцаў. Яе кватэра была месцам, дзе Іван Калілец збіраў і рыхтаваў групу патрыятычнай моладзі для адыходу ў лес. Слаўная антыфашыстка і падпольшчыца В. Г. Міронава 18 ліпеня 1942 г. была закатавана ў мотальскай камендатуры. У лістападзе 1942 г. фашысты забілі маці і сястру І. М. Калільца, а 60-гадовы бацька пайшоў у лес да сына і са зброяй у руках змагаўся супраць фашыстаў.

18 ліпеня 1943 г. у баі з украінскімі нацыяналістамі Я. Г. Макарэвіч загінуў, яго імя было прысвоена атраду брыгады імя Свярдлова. Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б і штаб злучэння партызанскіх атрадаў прызначылі камандзірам атрада Івана Калільца. Ён быў моцным, валявым і адважным чалавекам, пастаянна знаходзіўся сярод людзей. Партызаны паважалі яго за мужнасць і адвагу ў баі. Тры гады разам са сваімі сябрамі Афанасіем Данілевічам, Трафімам Філіновічам, Сідарам Мінюком, Сямёнам Мацукевічам і многімі іншымі І. М. Калілец граміў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сваіх родных месцах. У яго атрадзе знаходзілася шмат камсамольцаў з Моталя.

Каб паралізаваць дзеянне партызан у Моталі і іншых навакольных населеных пунктах, гітлераўцы стварылі тут свае гарнізоны. Гарнізон у Моталі размяшчаўся ў двухпавярховым жалезабетонным будынку. Узяць такое ўмацаванне з дапамогай стралковай зброі было немагчыма. Тады атрад імя Я. Г. Макарэвіча перайшоў на метад засад. Партызаны добра ведалі кожную вуліцу і завулак. Першую засаду ўзначаліў Іван Калілец, з ім былі Сідар Мінюк, Платон Мацукевіч, Афанасій Данілевіч і інш.

Пасля рашучых баявых дзеянняў замест нямецкай у Моталі з’явілася партызанская камендатура. Заняўшы Моталь, партызаны сталі гаспадарамі вялікай тэрыторыі. На рахунку атрада імя Я. Г. Макарэвіча некалькі ўзарваных варожых эшалонаў на чыгунцы Брэст – Пінск. У ліпені 1944 г. партызаны атрада, у якім налічвалася 486 чалавек, злучыліся з Чырвонай арміяй.

Пасля вайны І. М. Калілец працаваў сакратаром Мотальскага пасялковага Савета дэпутатаў, намеснікам старшыні Высокаўскага райвыканкама, другім сакратаром Дзівінскага райкама КПБ. У 1952–1955 гг. — другі, затым першы сакратар Шарашэўскага райкама КПБ, у 1955–1958 гг. — першы сакратар Лунінецкага райкама КПБ. З 1958 г. — намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама. У 1969–1985 гг. працаваў старшынёй праўлення Брэсцкага абласнога савета прафсаюзаў.

Іван Міхайлавіч закончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 5-га склікання (1959–1963), з’яўляўся намеснікам старшыні. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944), Працоўнага Чырвонага сцяга, «Знак Пашаны», медалямі.

І. М. Калілец памёр першага чэрвеня 1995 г., пахаваны на могілках «Плоска».

У памяць аб дзейнасці падпольшчыкаў у 1975 г. на будынку былой Мотальскай дзіцячай бібліятэкі ўсталявана мемарыяльная дошка. Імя І. М. Калільца прысвоена пярвічнай арганізацыі БРСМ Мотальскай сярэдняй школы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, б
iблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Калілец Іван Міхайлавіч // Памяць. Ганцавiцкi раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 421.
  2. Отряд им. Е. Г. Макаревича// Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 186–187.
  3. Якавенка, В. К. Правафланговы : [пра І. М. Калільца] / В. К. Якавенка ; пераклад В. М. Туркевіча // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 221–223.
  4. Чуракова, Т. Р. Мемориальная доска комсомольцам-подпольщикам : [д. Мотоль] / Т. Р. Чуракова // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 195.
  5. Месца дзейнасці камсамольцаў-падпольшчыкаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 174–175.
  6. Шатило, В. Л. Могила Макаревича Евгения Георгиевича : [д. Хомск] / В. Л. Шатило // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 175–176.
  7. Память сильнее времени : [Иван Михайлович Калилец] // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост. И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 211–231.
  8. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район : [упоминается Иван Михайлович Калилец / Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 839.
  9. Отцовской дорогой // О подвигах, о доблести, о славе… / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 125–129.
  10. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил.
  11. Стасевіч, П. С. Вёска над Ясельдай : гістарычна-краязнаўчы нарыс / П. С. Стасевіч. – Мiнск : Полымя, 1991. – 99, [2] с. : іл.
  12. Романович, П. С. Деятельность комендатуры партизанского отряда имени Е. Макаревича (из воспоминаний бойца отряда Г. Н. Калильца) / П. С. Романович // Векапомныя дні вызвалення : материалы Респ. науч.-практ. конф., посвященной
    75-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков (Гомель, 2 мая 2019 г.). Гомель, 2019. С. 50–54.
  13. Яковенко, В. На оккупированной земле / В. Яковенко. – [2-е изд., перераб. и доп.]. – Минск : Беларусь, 1969. – 319 с.
  14. Ксёнда, Н. Яе імем названа вуліца : [пра падпольшчыцу Вольгу Георгіеўну Міронаву, расстраляную ў 1942 г.] / Ніна Ксёнда // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 13 сакавіка (№ 11). С. 9.
  15. Рамановіч, П. С. Падпольная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў (на прыкладзе дзейнасці камсамольска-маладзёжнай падпольнай арганізацыі в. Моталь Іванаўскага раёна) / П. С. Рамановіч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Эканоміка. Права. 2014. № 2. С. 24–29.
  16. Рамановіч, П. С. Стварэнне і баявая дзейнасць партызанскага атрада імя Я. Г. Макарэвіча (з успамінаў байца атрада Р. М. Калільца) / П. С. Рамановіч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Эканоміка. Права. 2013. № 1. С. 32–37.
  17. Сарычев, В. Павел Демкович: партизан поневоле : [о военных годах, упоминается И. М. Калилец] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2010. 15 октября.
  18. Калилец, И. Багровое зарево : [воспоминания партизана] / И. Калилец // Заря. 1970. 23 октября. С. 4.

 

Чытаць 918 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 15:08