Пятніца, 06 Лістапад 2020 12:48

1 лістапада 2020 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Клаўдзіі Канстанцінаўны Каліны (1925–1994), беларускай дзіцячай пісьменніцы

Клаўдзія Канстанцінаўна Белявец (творчы псеўданім Каліна) нарадзілася 1 лістапада 1925 г. у вёсцы Блювінічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і вясковага настаўніка Канстанціна Антонавіча Беляўца. Гадавалася ў атмасферы шанавання роднага беларускага слова, народных песень і традыцый. Скончыла польскую сямігадовую школу (1932–1939), затым Чарнаўчыцкую сярэднюю школу. У час Вялікай Айчыннай вайны жыла з бацькамі, пазбегла вывазу на прымусовыя работы ў Германію.

 

З дзяцінства Клаўдзія захаплялася маляваннем, таму пасля вайны паступіла ў Кіеўскае мастацкае вучылішча, дзе правучылася два гады. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча вярнулася на радзіму. Тады вырашыла рэалізаваць сябе ў музыцы, бо вельмі любіла спяваць, як яе маці, Надзея Данілаўна. У 1953 г. закончыла Брэсцкае музычнае вучылішча, працавала інструктарам мастацкай самадзейнасці ў Брэсцкім доме афіцэраў, настаўніцай спеваў і тэорыі музыкі ў Кобрынскай дзіцячай музычнай школе, настаўніцай спеваў у СШ № 3 г. Віцебска.

Выйшла замуж за музыканта Яўгена Лукашэвіча, аднак, сямейнае жыццё не склалася, і ў 1960 г. Клаўдзія Канстанцінаўна пераехала ў Мінск, да 1977 г. працягвала працаваць па спецыяльнасці. Яна цудоўна іграла на гітары і піяніна, хораша спявала, прыгожа малявала. Прыдумвала казкі для маленькай дачкі Ірынкі (цяпер Ірына Яўгенаўна Баннікава, выкладчыца англійскай мовы).

З першымі літаратурнымі творамі Клаўдзія Каліна выступіла ў 1962 г. — у часопісе «Вясёлка» было надрукавана апавяданне «Калючы госць». Яе літаратурным настаўнікам стаў пісьменнік Аляксандр Восіпавіч Пальчэўскі. Першая кніга Клаўдзіі Каліны «Хлопчык Пакідайчык» (1969) засведчыла, што пісьменніца добра ведае дзіцячы свет, умее стварыць займальныя сюжэты. Аўтар аповесцей, апавяданняў і казак для дзяцей, якія друкаваліся ў беларускай перыёдыцы.

Аповесці «Забароненая песня» (1972) і «Світанак» (1979) прысвечаны тэме Заходняй Беларусі. У «Забароненай песні» праўдзіва паказана жыццё дзяцей ва ўмовах польскай акупацыі. У цэнтры твора дзяўчынка Кася і яе сябры, праз вобразы якіх пісьменніца паказала рэальную атмасферу часоў свайго дзяцінства. Ажылі, шматколерна зазіхацелі апісанні беларускіх народных свят, абрадаў, звычаяў.

У кнізе апавяданняў і аповесцей «Маці і сын» (1977) вырашаюцца складаныя маральныя праблемы. У гады Вялікай Айчыннай вайны вясковая жанчына Хрысця Жытнік узяла сабе хлопчыка, якога пакінула, уцякаючы з фашыстамі на Захад, яго маці. Нялёгка было выхоўваць прыёмнага Хведара, асабліва калі памёр родны сын Паўлік. Кульмінацыяй сюжэта аповесці з’яўляецца той момант, калі аб’явілася жанчына, што ў вайну адмовілася ад сына.

Тэме вайны прысвечаны аповесці «Крылаты конь» і «Бурштынавыя пацеркі». У вобразах герояў гэтых твораў увасоблены высокі маральны дух народа, што з асаблівай сілай выявіўся ў ваеннае ліхалецце.

Зборнік казак «Каляровыя месяцы» (1975) аформіў мастак Іосіф Капелян — другі муж Клаўдзіі Канстанцінаўны. Складаныя абставіны жыцця, неўладкаванасць быту разлучылі іх саюз. У 1975 г. Клаўдзія Каліна была прынята ў Саюз пісьменнікаў СССР. Былі выдадзены кнігі «Світанак» (1983), «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля» (1985), «Крылаты конь» (1989), «Першы раз у першы клас» (1994).

Фарміраванне характару дзіцяці ў вясковых умовах, дзе яно расце ў натуральнай залежнасці ад прыроды, ад ладу народнага жыцця з яго ўстойлівымі маральнымі прынцыпамі, паказана ў аповесці «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля». Аповесць напісана займальна, з глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет дзяцей.

Клаўдзія Каліна — пісьменніца чуйная да праўды, да стыхіі народнага жыцця, да гучання роднай мовы. У цяжкія хвіліны жыцця шмат пісала, малявала беларускую прыроду, яркія нацюрморты, якія дарыла сябрам. У Доме літаратара адбылася выстава яе карцін і малюнкаў. Яна была ўвасабленнем дабрыні, клапацілася аб чужых, хворых людзях (мела здольнасці народнай лекаркі). Рабіла ўсё ад шчырага сэрца за шчырае «дзякуй».

Нечаканая хвароба не дазволіла здзейсніць усё задуманае. Закончыла працу над другой часткай аповесці пра хлопчыка Петрыка «Першы раз у першы клас», але выдаць не паспела. Была здадзена ў выдавецтва кніга «Бурштынавыя пацеркі», але так і не выйшла з друку. К. К. Каліна доўга, цяжка хварэла, памерла 25 чэрвеня 1994 г. Яе творы ўключаны ў спіс літаратурнага чытання па школьным прадмеце «Беларуская літаратура».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкайабласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы К. Каліны

  1. Першы раз у першы клас : аповесць : [для мал. шк. узросту] / Клаўдзія Каліна ; [маст. Ю. А. Модлінскі] Мінск : Юнацтва, 1994. 348 с. : іл.
  2. Крылаты конь : аповесці / Клаўдзія Калiна ; [маст. У. А. Сцепаненка].  Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1989. 261 с. : іл.
  3. Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля : аповесць : [для мал. шк. узросту] / Клаўдзія Каліна ; [маст. В. А. Валынец]. – Мінск : Юнацтва, 1985. – 175 с. : іл.
  4. Світанак : аповесць : для сярэд. шк. узросту / Клаўдзія Каліна ; [маст. Г. Я. Скамарохаў]. – Мінск : Юнацтва, 1983. – 176 с. : іл.
  5. Маці і сын : аповесць, апавяданні / Клаўдзія Каліна. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1977. – 175 с. : іл.
  6. Каляровыя месяцы : казкі : [для дашк. узросту] / Клаўдзія Каліна ; [маст. І. Х. Капелян]. – Мінск, 1975. – 33 с. : іл.
  7. Забароненая песня : аповесць :[для сярэд. і ст. шк.узросту] / Клаўдзія Каліна ; [маст. В. Бароўка]. Мінск : Беларусь, 1971. 224 с. : іл.
  8. Хлопчык Пакідайчык : апавяданні і казкі : [для дашк. узросту] / Клаўдзія Каліна ; [маст. Ю. Зайцаў]. – Мінск : Беларусь, 1970. – 38 с. : іл.
  9. Люты : апавяданне / Клаўдзія Каліна // Ніва. 2004. 15 лютага (№ 7). С. 7. (Зорка : старонка для дзяцей).

 

Аб жыцці і творчасці К. Каліны

  1. Каліна (сапр. Капелян) Клаўдзія Канстанцінаўна / Л. С. Савік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 466.
  2. Калина (наст. Копелян) Клавдия Константиновна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 435.
  3. Клаўдзія Каліна (1925–1994) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. і ўклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 48–49.
  4. Каліна (дзявочае Лукашэвіч) Клаўдзія Канстанцінаўна / М. Б. Якімовіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 1. С. 616.
  5. Каліна (Лукашэвіч) Клаўдзія Канстанцінаўна // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 478.
  6. Каліна Клаўдзія / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 109–110.
  7. Клаўдзія Каліна // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 251.
  8. Каліна (сапр. Капелян) Клаўдзія Канстанцінаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 630.
  9. Мінец, Н. І. Клаўдзія Каліна «Зімовы дуб» : урок літаратурнага чытання ў 2-м класе / Мінец Наталля Іванаўна // Пачатковае навучанне. Серыя «У дапамогу педагогу». 2014. № 7. С. 71–73.
  10. Глазов, В. Сказочный мир детям дарили уроженки Брест-Литовска Клавдия Калина и Елена Афанасьева / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 7 марта (№ 10). С. 20.
  11. Яфiмава, М. Святло чарадзейнай кветкі : штрыхі творчасці Клаўдзіі Каліны / Маргарыта Яфімава // Роднае слова. 2006. № 6. С. 47–49.
  12. Яфімава, М. Б. Плён яе душы : [аб творчасці пісьменніцы К. Каліны] / М. Б. Яфімава // Пачатковая школа. 2006. № 5. С. 40–41.
  13. Яфiмава, М. І сама яна была, як песня... : слова пра Клаўдзію Каліну да 80-годдзя / Маргарыта Яфімава // Бiблiятэка прапануе. 2005. № 6. С. 20–22 : фат.
  14. Клаўдзія Каліна : [некралог]. Яна жыла светла / Маргарыта Яфімава, Ніна Галіноўская // ЛіМ. 1994. 8 ліпеня (№ 27). С. 15.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1166 разоў