Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:32

6 лютага 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Мікалая Ігнатавіча Гуршчанкова (1950), мастака

Мікалай Ігнатавіч Гуршчанкоў нарадзіўся 6 лютага 1950 г. у вёсцы Гаўлі Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Маляваць любіў з дзяцінства. Скончыў Патапаўскую сярэднюю школу. Працаваў на заводзе «Гомсельмаш» і адначасова займаўся ў студыях выяўленчага мастацтва ў педагогаў Віктара Казачэнкі і Валянціны Пакацішынай.

 Паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне станковай графікі, яго выкладчыкамі былі Васіль Шаранговіч і Пётр Любамудраў. Вучыўся ў адной групе з вядомымі цяпер мастакамі — Міколай Селяшчуком, Уладзімірам Савічам, Міколай Купавай, Раісай Сіплевіч.

Пасля заканчэння інстытута ў 1976 г. Мікалай Гуршчанкоў жыў у Мазыры, працаваў у Гомельскіх мастацка-вытворчых майстэрнях. З 1976 г. пачаў удзельнічаць у абласных, рэспубліканскіх і замежных выставах. Мастак працуе ў розных жанрах станковай графікі (гравюра, туш), у галіне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Галоўныя тэмы творчасці: жыццё вёскі, прыгажосць роднай прыроды. Стварыў серыю графічных работ па Беларускаму Палессю, па чарнобыльскай тэматыцы, а таксама манументальныя работы па Гомелю і вобласці. У 1988 г. быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР.

У 1990 г. Мікалай Ігнатавіч разам з жонкай, таксама мастачкай, Антанінай Фёдараўнай, ураджэнкай Брэсцкага раёна, пераехаў на жыхарства ў Брэст. Атрымаўшы дыплом скульптара, сюды ж прыехала дачка Алеся з мужам Паўлам Герасіменкам — таксама скульптарам.

Мікалай Гуршчанкоў да 2000 г. працаваў у брэсцкіх мастацка-вытворчых майстэрнях (УП «Мастацтва»). Удзельнічаў у мастацкіх выставах, ездзіў на міжнародныя пленэры ў Буда-Кашалёва (памяці народнага мастака СССР Я. Я. Майсеенкі, 1999), Светлагорск, Тураў. Выканаў роспіс Дома культуры ў в. Клепачы Пружанскага раёна і іншых будынкаў. У 2011–2013 гг. з’яўляўся старшынёй абласной арганізацыі БСМ.

У 1997–2010 гг. Мікалай Ігнатавіч працаваў вядучым мастаком у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Рэалізаваў шэраг цікавых творчых праектаў: экспазіцыі музея прыроды, музея гісторыі горада Брэста, музея «Камянецкая вежа». Да 990-годдзя Брэста (2009) на вул. Савецкай, 34 і 24 стварыў манументальныя работы: сграфіта «Бярэсце ХVII стагоддзя», роспісы «Манетны двор», «Берасцейская друкарня». На сцяне завода «Белалко» па вул. Міцкевіча, 24 у 2018 г. выканаў роспіс па тэме гісторыі горада (яму дапамагалі Ігар Скавародка і Анатоль Жалудко).

Творы мастака знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, Заслаўскага гістарычна-культурнага запаведніка, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава і інш.

М. І. Гуршчанкоў узнагароджаны граматамі Брэсцкага аблвыканкама (2010), упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама (2000), Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея (1998, 2000, 2010), Архіерэйскай граматай (Пінская і Лунінецкая епархія, 2015).

5 лістапада 2020 г. у выставачнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася выстава твораў М. І. Гуршчанкова, прымеркаваная да яго 70-годдзя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Гуршчанкоў Мікалай Ігнатавіч // Мастакі Брэстчыны : каталог. Брэст, 2019. С. 36–37.
  2. Мікалай Гуршчанкоў // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 38–39.
  3. Николай Гурщенков // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 34–35.
  4. Гуршчанкоў Мікалай Ігнатавіч / А. М. Шныпаркоў // Памяць. Буда-Кашалёўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 405.
  5. Николай Гурщенков // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 648.
  6. Гуршчанкоў Мікалай Ігнатавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 145.
  7. Николай Гурщенков // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 24–25.
  8. Валасюк, Л. Музейны мастак / Л. Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 98–99.
  9. Гурщенков, Н. Берестье XVII в. 2008. Сграффито : [репродукция] ; Брестская типография. 2008. Роспись : [репродукция] / Н. Гурщенков // Монументальная живопись белорусских художников второй половины XX – начала XXI века / Д. А. Ивановская ; [фото А. П. Дрибаса]. Минск, 2014. С. 235.
  10. Гуршчанкоў, М. Мой однокурсник Николай Селещук / Мікола Гуршчанкоў // Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў : успаміны, эсэ, дзённікі. Мінск, 2007. С. 23–27.
  11. Гуршчанкова Антаніна Фёдараўна // Мастакі Брэстчыны : каталог. Брэст, 2019. С. 32–33.
  12. Гуршчанкова Алеся Мікалаеўна // Мастакі Брэстчыны : каталог. Брэст, 2019. С. 34–35.
  13. Герасіменка Павел Юр’евіч // Мастакі Брэстчыны : каталог. Брэст, 2019. 
  14. С. 28–29.
  15. Мелишкевич, А. Не последняя, а крайняя : [о выставке живописи и графики Н. Гурщенкова в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Анастасия Мелишкевич ; фото автора // Брестский вестник. 2020. 12 ноября (№ 46). С. 20.
  16. Гребенников, О. «Серебристо-перламутровая» выставка : [о выставке живописи и графики Н. Гурщенкова в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Олег Гребенников ; фото Валерия Короля // Заря. 2020. 11 ноября. С. 12.
  17. Соколовская, Е. История города в картинах художника : [о росписи стен зданий г. Бреста художником Н. Гурщенковым] / Елена Соколовская ; фото Александра Шульгача // Заря. 2018. 13 октября. С. 24.
  18. Цапков, В. Знаки прошлого на стенах Бреста : [о росписи стен зданий г. Бреста художником Н. Гурщенковым] / Валерий Цапков ; фото Алексея Ганчука // Брестский вестник. 2018. 11 октября (№ 41). С. 14.
  19. Гуршчанкоў, М. Жыць, марыць, ствараць : [аб дзейнасці Брэсцкага абласнога аддзялення БСМ] / Мікалай Гуршчанкоў ; запісаў Віктар Кавалёў // ЛіМ. 2011. 29 ліпеня (№ 30). С. 22.
  20. Хведарович, Л. Гурщенков сменит Кузьмича : [информация о собрании Брестского областного отделения Белорусского союза художников по выборам нового председателя] / Л. Хведарович // Заря. 2010. 26 октября. С. 2.
  21. Валасюк, Л. Музейны мастак / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2010. 6 лютага. С. 11.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 649 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:38