Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 09 Снежань 2020 09:04

16 лістапада 2020 г. — 50 гадоў з дня заснавання Жабінкаўскай ПМК-19 УП «Брэствадбуд» (1970)

Пасля Вялікай Айчыннай вайны меліярацыйна-аднаўленчыя работы ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці пачаліся ў 1948 г. і вяліся на аб’екце «Чорны роў». Арганізацыяй і правядзеннем работ кіраваў раённы меліяратар Міхаіл Данілавіч Яроцкі. Неабходнасць у правядзенні меліярацыі была выклікана развіццём сельскай гаспадаркі раёна, якое патрабавала ўвядзення ў абарот новых плошчаў зямель.

 

У 1958 г. пачаліся работы па рэгуляванні ракі Трасцяніца і меліярацыі прылеглых да яе пераўвільготненых зямель саўгаса «Рагазнянскі». Ажыццяўляліся рэканструкцыя асушальнай сеткі «Чорны роў» і новае асушванне на аб’ектах «Булькова», «Якаўчыцы», дзе атрымлівалі палепшаныя землі саўгасы «Рагазнянскі» і «Беларусь», калгасы «Прамень» і «Беларусь». Пружанскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне працягвала раней пачатыя работы Ярэміцкім БМУ ў калгасах «Рассвет» і імя Чапаева, саўгасе «Жабінкаўскі».

Згодна з загадам Галоўнага ўпраўлення па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР № 461 ад 16 лістапада 1970 г. у складзе трэста «Брэствадбуд» створана Жабінкаўская перасоўная механізаваная калона № 19. Узначаліў яе былы намеснік начальніка Ярэміцкага БМУ (былая Кобрынская машынна-меліярацыйная станцыя) Канстанцін Дзмітрыевіч Шаўчук, які з юнацкіх гадоў працаваў на гэтым прадпрыемстве.

Было вызначана месца для размяшчэння часовай вытворчай базы — забалочаны ўчастак поймы ракі Жабінка, пакрыты драбналессем і хмызняком. На ўзвышаным месцы ўчастка ўстаноўлены бытавыя вагончыкі для службовых памяшканняў, узводзіліся часовыя дашчаныя майстэрні, склад, гараж, кацельня. Адначасова вялася падрыхтоўка і выконваліся асобныя віды работ па стварэнні пастаяннай вытворчай базы. Выкананне ўсіх відаў работ па капітальным будаўніцтве поўнага набору тэхнічных збудаванняў і адміністрацыйнага будынка ажыццяўлялася ўласнымі сіламі.

У 1977 г. будаўнічыя работы былі цалкам завершаны. Пабудаваны дзве майстэрні, два склады для запасных частак і будаўнічых матэрыялаў, пункт запраўкі тэхнікі, кантора, крама, сталовая, інжынерныя сеткі, пляцоўкі і праезды. Паралельна вялося будаўніцтва жылля. Пачыналі са зборных шчытавых аднакватэрных дамоў гарадскога тыпу, у наступныя гады перайшлі на будаўніцтва шматпавярховых шматкватэрных дамоў.

Нароўні з гэтым ажыццяўлялася будаўніцтва меліярацыйных сістэм. Ужо ў першы год існавання ПМК-19 быў усталяваны план па асушэнні зямель на плошчы 900 га, атрымана звыш 30 адзінак розных найменняў тэхнікі. Дзякуючы меліярацыі ажыццёўлены значны зрух у развіцці сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі.

Геаграфія меліярацыйнага будаўніцтва не абмяжоўвалася Жабінкаўскім раёнам. Спецыялісты ПМК-19 пракладвалі трасы ўрадлівасці на землях Брэсцкага, Камянецкага, Кобрынскага, Маларыцкага раёнаў. У перыяд вялікага ўздыму меліярацыі (канец
1970-х – пачатак 1980-х гг.) у арганізацыі працавала звыш 300 чалавек. Набор работ папаўняўся новымі відамі. Будаваліся сажалкі і вадаёмы, помпавыя станцыі, адкрытыя і закрытыя водаправоды. Удзельнічаючы ў выкананні дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, сіламі ПМК-19 узводзілася жыллё для перасяленцаў з забруджанай зоны.

Пачынаючы з 1990 г. рэзка зменшыўся аб’ём работ па водагаспадарчым будаўніцтве, а з 1994 г. калектыў увогуле перастаў займацца меліярацыяй, што прывяло да скарачэння колькасці работнікаў на прадпрыемстве. Многім меліяратарам давялося асвоіць новыя спецыяльнасці, перакваліфікавацца на агульнабудаўнічыя работы, прадпрыемства набывала іншую тэхніку, пачыналіся пошукі нетрадыцыйных работ.

Перш-наперш браліся за аб’екты, звязаныя з землянымі работамі. Тры гады ездзілі ў Смаленскую вобласць, дзе ўзводзілі інжынерныя сеткі. Вытворчы патэнцыял ПМК-19 быў запатрабаваны Ваўкавыскім цэментава-шыферным заводам і Слонімскай кардонна-папяровай фабрыкай Гродзенскай вобласці. У Брэсце выкананы работы па ўладкаванні зямель, прылеглых да аўтадарогі ад моста праз раку Мухавец і да дзяржаўнай мяжы, па аднаўленні абвадных каналаў у Брэсцкай крэпасці і па ліквідацыі ачагоў забруджвання, якія ўтварыліся пры перазагрузцы адпрацаванай уранавай руды, транспартуемай з Усходняй Еўропы ў глыб Савецкага Саюза.

У 2003 г. загадам Дзяржаўнага аб’яднання «Брэстмеліявадгас» на баланс ПМК-19 перададзены міжгаспадарчыя меліярацыйныя сістэмы і асобна размешчаныя гідратэхнічныя збудаванні Жабінкаўскага раёна.

У 2007 г. спецыялістамі ПМК-19 праведзена велізарная праца па добраўпарадкаванні г. Жабінкі ў сувязі з правядзеннем тут абласнога фестывалю «Дажынкі».У ліку маштабных аб’ектаў: водазабор і ачышчальныя збудаванні ў СЭЗ «Брэст», водазабор «Беразнякі» ў Камянцы, адвод паверхневых вод паўднёва-заходняга і паўднёвага раёнаў у Брэсце, станцыя абезжалезвання ў Жабінцы, ачышчальныя збудаванні ў Івацэвічах і Маларыце, арашальныя сістэмы садоў у пружанскіх ААТ «Жураўлінае» і «Айчына», газанапаўняльныя і аўтазаправачныя станцыі і г. д.

З 2009 па 2015 г. ПМК-19 займала першае месца па выніках працы сярод прадпрыемстваў УП «Брэствадбуд». У арганізацыі захоўваецца пераходны, але пакінуты назаўжды, Чырвоны сцяг, які ўручаўся як сімвал працоўнай доблесці калектыву.

У 2014 г. на тэрыторыі ПМК-19 з’явіўся гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі зямель — адзіны ў Беларусі музей меліярацыйнай тэхнікі. Ідэя яго стварэння належыць генеральнаму дырэктару ДУП «Брэстмеліявадгас» М. А. Клімовічу і П. В. Вайноўскаму, начальніку ПМК-19 у 2008–2017 гг. Комплекс створаны дзякуючы фінансавай падтрымцы ўсіх 19 прадпрыемстваў «Брэстмеліявадгаса». Урачыстае адкрыццё адбылося ў чэрвені 2015 г. i было прымеркавана да Дня меліяратара і 45-годдзя дзейнасці ПМК-19.

Комплекс уключае ў сябе музейную экспазіцыю, у якой кожнае вытворчае падраздзяленне «Брэстмеліявадгаса» мае свой уласны стэнд, а таксама адкрытую пляцоўку, дзе прадстаўлена тэхніка, якая раней выкарыстоўвалася пры меліярацыйнай дзейнасці. Кіраўніком гісторыка-экспазіцыйнага комплексу з’яўляецца Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі.

У экспазіцыі прадстаўлены інфармацыйны матэрыял па гісторыі развіцця меліярацыі ў Брэсцкай вобласці, дакументы, загады і рарытэтныя прадметы. Цікавым экспанатам з’яўляецца сцяг, уручаны меліяратарам Брэстчыны ЦК КПСС, Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР, Саветам Міністраў СССР як пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве ў гонар 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У невялікай бібліятэцы сабрана навукова-метадычная літаратура, якая тычыцца распрацовак тэхналогій правядзення меліярацыйных работ, а таксама гісторыі меліярацыі на Палессі. Тэхніка ў музеі выстраена згодна з раней выкананымі тэхналагічнымі задачамі і налічвае каля 150 адзінак.

У Жабінкаўскім раёне агульная плошча асушаных земляў перавышае 23 000 га, ахоплены дрэнажом 21 271 га, плошча вадаёмаў і сажалак, створаных меліяратарамі, — 150 га, працягласць адкрытай меліярацыйнай сеткі — больш за 900 км, дарог — 110 км, дамбаў абвалавання — звыш 12 км. Маецца 11 шлюзаў, 13 мастоў, 68 пешаходных мастоў, 750 труб-пераездаў і труб-рэгулятараў, помпавая станцыя.

На дадзеным этапе колькасць супрацоўнікаў ПМК-19 складае каля 80 чалавек. У аўтапарку знаходзіцца парадкам 40 адзінак тэхнікі. У агульным аб’ёме работ прадпрыемства меліярацыя складае 40 %. Акрамя гэтага калектыў праводзіць работу па добраўпарадкаванні тэрыторый, будаўніцтве, аказвае шырокі спектр паслуг заказчыкам у сваім і суседніх рэгіёнах.

Кіраўнікі Жабінкаўскай ПМК-19: Канстанцін Дзмітрыевіч Шаўчук (1970–2005), узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар»; Васіль Міхайлавіч Гараднікоў (2005–2008); Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі (2008–2017), выдатнік Мінвадгаса СССР, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар»; Аляксандр Анатольевіч Снітко (2017–2019); Сяргей Мікалаевіч Кузьмук (з 2019 г.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. ПМК-19 (г. Жабинка) УП «Брестводстрой» / [П. И. Лукашик]. – Брест : Брестская типография, 2010. – 28 с. : ил.
  2. ПМК-19 // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 418–419.
  3. Кузьмук, С. М. Паўвека крочаць у нагу з часам : [начальнік ПМК-19 распавёў аб працы і калектыве арганізацыі / Сяргей Мікалаевіч Кузьмук ; запісала] Святлана Бяляк // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 18 лістапада. С. 1, 3.
  4. Григорьева, Т. Полвека в мелиорации : 16 ноября Жабинковская ПМК-19 отмечает 50-летие со дня основания / Татьяна Григорьева // Заря. 2020. 14 ноября. С. 18.
  5. Никончук, А. Уникальный объект — генератор побед : [исследовательская работа ученицы СШ № 2 г. Жабинки Анастасии Небоговой об историко-экспозиционном комплексе развития мелиорации земель в ПМК-19 отмечена дипломом І степени на областной научно-практической конференции учащихся в г. Берёзе] / Алёна Никончук // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 1 лютага. С. 1.
  6. Вайноўскі, П. У. Як адступала прэч дрыгва, пра тое знаюць у Жабінцы здаўна : [размова са стваральнікам гісторыка-экспазіцыйнага комплексу развіцця меліярацыі земляў, размешчанага на тэрыторыі ПМК-19] / Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі ; гутарыў Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2019. 14 жніўня. С. 3.
  7. Никончук, Д. Видит результаты своих стараний : [о заместителе начальника Жабінковской ПМК-19 УП «Брестводстрой» В. В. Хлусе] / Дарья Никончук // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 2 чэрвеня. С. 2.
  8. Маргевіч, Р. Далучыліся да гісторыі меліярацыі : [экскурсія ў гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў у ПМК-19] / Раіса Маргевіч //Сельская праўда. Жабінка, 2018. 14 сакавіка. С. 3.
  9. Лешкевич, М. Железные свидетели : [о музее мелиоративной техники, созданном на базе Жабинковской ПМК № 19 УП «Брестводстрой»] / Марина Лешкевич // Заря. 2018. 13 января. С. 10.
  10. Семенов, С. Управляющие стихией : [о работе Жабинковской ПМК-19 УП «Брестводстрой», в т. ч. о работе музея] / Сергей Семенов // Брестский калейдоскоп. 2017. 15 ноября (№ 22). С. 2–3.
  11. Кірыеўская, Н. М. Асушаюць — значыць, адраджаюць : [гутарка з вядучым інжынерам ПМК-19 аб задачах, якія стаяць перад калектывам меліяратараў] / Надзея Мікалаеўна Кірыеўская ; запісала Святлана Бяляк // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 3 чэрвеня. С. 1.
  12. Хокимова, А. Земля любит рачительных : [о Жабинковской ПМК-19 УП «Брестводстрой»] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2017. 11 января. С. VI (приложение: Вечёрочка).
  13. Вайноўскі, П. У. Хто шукае, той знаходзіць : [гутарка з начальнікам Жабінкаўскай ПМК-19] / Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі ; гутарыла Людміла Каско // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 22 чэрвеня. С. 4.
  14. Каско, Л. Аўтара-выканаўцу «выдае»... кладка : [пра меліяратара Жабінкаўскай ПМК-19 М. М. Лосева] / Людміла Каско // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 22 чэрвеня. С. 5.
  15. Хлус, В. В. ...І асушаем, і паліваем... : [намеснік начальніка па меліярацыі ПМК-19 распавядае аб працы на свінакомплексе «Заходні» ў Брэсцкім раёне] / Васіль Васільевіч Хлус ; запісала Людміла Каско // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 22 чэрвеня. С. 4.
  16. Курец, А. Портфель заказов жабинковских мелиораторов полон : [о Жабинковской ПМК-19 УП «Брестводстрой»] / Александр Курец // Сельская газета. 2016. 4 июня. С. 23.
  17. Муха, Ф.«Хитачи» — самым опытным и надежным : [о Жабинковской ПМК-19] / Федор Муха // Заря. 2016. 1 декабря. С. 19.
  18. Муха, Ф. Чтобы земля была кормилицей : [о работе мелиораторов Пружанского и Жабинковского районов] / Федор Муха // Заря. 2016. 1 декабря. С. 17.
  19. Кіслая, С. Ад каралевы Боны дасталася прафесія : [жабінкаўскія меліяратары сабралі на прафесійнае свята гасцей з усёй Брэстчыны] / Святлана Кіслая // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 10 чэрвеня. С. 1–2.
  20. Аляксейчык, Н. За руплівасць — граматы і медалі : [Жабінкаўская ПМК-19 лідзіруе сярод філіялаў «Брэствадбуда»] / Наталля Аляксейчык // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 6 чэрвеня. С. 1.
  21. Праца адзначана медалём : [начальнік ПМК-19 П. У. Вайноўскі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»] // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 25 сакавіка. С. 1.
  22. Сцяг не аддалі : [пераходны Чырвоны сцяг застаўся ў Жабінкаўскай ПМК-19] // Народная трыбуна. 2015. 30 студзеня. С. 2.
  23. Бяляк, С. Меліяратары захаваюць сваю гісторыю : [пра музей меліярацыйнай тэхнікі ў ПМК-19] / Святлана Бяляк // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 17 студзеня. С. 2.
  24. Муха, Ф. Машины из прошлого устанавливаются для всеобщего обозрения на базе Жабинковской ПМК-19 / Фёдор Муха // Заря. 2014. 20 ноября. С. 3.
  25. Вайноўскі, П. Робім землі больш урадлівымі : [аб рабоце і супрацоўніках
    ПМК-19] / Пётр
    Вайноўскі // Сельская праўда. Жабінка, 2014. 31 мая. С. 2.
  26. Сянкевіч, М. Не сорамна перад зямлёй : [ПМК-19 трэці год запар прызнана лепшай сярод падраздзяленняў ДУВП «Брэствадбуд»] / Мікола Сянкевіч // Народная трыбуна. 2014. 30 мая. С. 11.
  27. Сила обновлённой земли : Жабинковской ПМК-19] // Народная газета. 2013. 2 красавіка. С. 7.
  28. Вайноўскі, П. Дзеля зямлі-карміцелькі : [аб працы меліяратараў ПМК-19] / Пётр Вайноўскі //Сельская праўда. Жабінка, 2008. 31 мая. С. 2.
  29. Хлус, В. В. Чуць зямлі неспакой : [гутарка з намеснікам начальніка ПМК-19 аб рэканструкцыі меліярацыйных сістэм на Жабінкаўшчыне] / В. В. Хлус ; гутарыў І. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 2007. 3 кастрычніка. С. 2.
  30. Вайноўскі, П. І балоты асушваем, і аб’екты будуем / Пётр Вайноўскі // Сельская праўда. Жабінка, 2006. 3 чэрвеня. С. 2.
  31. Алоўчык, Т. І балоты асушваюць, і аб’екты будуюць / Т. Алоўчык //Сельская праўда. Жабінка, 2005. 4 чэрвеня. С. 2.
  32. Каско, Л. Асушаныя землі патрабуюць догляду : [В. М. Гараднікоў назначаны начальнікам ПМК-19 г. Жабінкі] / Людміла Каско // Сельская праўда. Жабінка, 2005. 20 красавіка. С. 1.
  33. Заўтра пачынаецца сёння : [ПМК-19 трэста «Брэствадбуд» — 30 гадоў] / падрыхтавалі С. Вішнеўская, І. Жук // Сельская праўда. Жабінка, 2000. 15 лістапада. С. 2.
Чытаць 818 разоў