Пятніца, 18 Снежань 2020 08:57

2020 г. — 505 гадоў з часу першага ўпамінання в. Ляхавічы (Іванаўскі раён) у пісьмовых крыніцах (1515)

Вёска Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1515 г. Па адной з версій назва вёскі паходзіць ад слова «ляхі» — так на Беларусі называлі палякаў. Побач з вёскай знаходзіцца выток невялікай рэчкі Струга, прытока ракі Піна.

 

Згодна з пісцовай кнігай у 1554–1555 гг. сяло Ляховічэ належала Ставецкаму двару ў Пінскім павеце ВКЛ. Сярод уладальнікаў зямлі ў 1552–1555 гг. быў і зямянін пінскі Іван Дастаеўскі (Данілевіч), адзін з пачынальнікаў роду рускага пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага. Потым — пінскі суддзя Бенядзікт Дастаеўскі. У 1517 г. сын слугі Фурса Іванавіча, служэбніка князя Фёдара, атрымаў пяць дварышчаў у розных населеных месцах, у т. л. і ў Ляхавічах.

Пасля прыняцця «Уставы на валокі» 1557 г. сяло лічылася княжацкім: у ім пражывалі сяляне, якія плацілі падатак непасрэдна вялікаму князю. У канцы ХVІ ст. — у Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ. Пасля 1760 г. на месцы былога замка Міхаіл Масальскі пабудаваў вялікі дом, які не захаваўся, але вядомы па рысунку К. Горскага.

З 1795 г. — у складзе Расійскай імперыі. З 1801 г. — у складзе Пінскага павета Мінскай губерні. На пачатку ХІХ ст. Ляхавіцкі двор належаў роду Шэметаў. Шэметы пабудавалі драўляны аднапавярховы дом, які праіснаваў паўтара стагоддзя. У час Вялікай Айчыннай вайны разбураны, потым у адрамантаваным месцілася школа, пакуль яго зусім не разабралі. Да сяго дня захаваліся рэшткі колішняга сядзібнага парку.

У 1818 г. у Ляхавічах пабудаваны з дрэва будынак царквы Узнясення Гасподняга. Архітэктура помніка традыцыйная для палескага рэгіёна. Царква трохзрубная, вырашана васьмігранным аб’ёмам, да якога далучаны прамавугольны бабінец і пяцігранная апсіда, да яе з паўночнага боку прыбудавана невялікая рызніца. Агульны гонтавы дах завершаны па цэнтры васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. На галоўным фасадзе трохвугольны франтон. Вертыкальна ашаляваныя сцены апяразаны прафіляваным карнізам і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Зала перакрыта драўляным самкнутым скляпеннем, над бабінцам — хоры. Апсіда вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1830-я гг.

У 1915–1919 гг. царква з прыходам германскіх акупантаў не дзейнічала, у ёй зрабілі часовы шпіталь для ваеннапалонных. Адрамантавана ў 1921 г. У час Вялікай Айчыннай вайны была зачынена. У 1990 г. адноўлена, асвячона 13 кастрычніка архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам.

Па рэвізіі 1816 г. маёнтак Ляхавічэ з вёскамі належаў памешчыцы Крутыцкай, ва ўладанні якой знаходзіліся 197 душ мужчынскага полу. З сярэдзіны ХІХ ст. Ляхавічамі валодалі Орды, спачатку Вітольд, потым яго сын Станіслаў (памёр у 1916 г.), які перадаў вёску нашчадку-сыну, таксама Станіславу. Паводле спіса 1870 г. сяло ў складзе маёнтка Ляхавічы, які належаў Ордзе. У ім налічваліся 101 селянін-гаспадар, якія ўваходзілі ў Ляхавіцкае сельскае таварыства.

На 1885 г. Ляхавічы — сяло ў Дубайскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні, у якім 23 двары, 289 жыхароў, дзейнічалі царква праваслаўная, а пры ёй школа граматы з 10 вучнямі, капліца, ветраны млын. Каля сяла было новае паселішча. На 1889 г. у Малых Ляхавічах памешчыцы Бальбіне Будзіцкай належалі 130 дзесяцін зямлі. У асобным памяшканні, пабудаваным за кошт земства, з 1907 г. дзейнічала народнае вучылішча (з 1914 г. — двухкамплектнае, 71 вучань). У 1905 г. — у Асавецкай воласці, у маёнтку жылі 36 жыхароў, плаціна з 14 жыхарамі. У 1909 г. — сяло ў Бродніцкай воласці, 55 двароў, 535 жыхароў.

У 1915–1918 гг. акупіравана германцамі, у 1919–1920 гг. — польскімі войскамі. З 1921 г. Ляхавічы — у складзе Польшчы. На 1924 г. — вёска, фальварак у Бродніцкай гміне Пінскага павета Палескага ваяводства. У вёсцы было 65 будынкаў, 387 жыхароў. У фальварку — 6 будынкаў, 64 жыхары, на станцыі — 3 будынкі, 29 жыхароў. У 1929 г. — 254 жыхары. У 1935 г. у Ляхавічах — 341 жыхар, у Малых Ляхавічах — 25, у маёнтку Ляхавічы — 13 жыхароў.

З 1939 г. — у Беларускай ССР. На 1940 г. — вёска ў Іванаўскім раёне Пінскай вобласці. У в. Вялікія Ляхавічы, цэнтры сельсавета, — 115 двароў, 588 жыхароў; у Малых Ляхавічах — 9 двароў, 50 жыхароў. Ляхавіцкі сельсавет у той час аб’яднаў 428 сялянскіх двароў, з іх 50 хутарскіх, працавалі 3 пачатковыя школы, сувязь з цэнтрам ажыццяўлялася па вузкакалейцы.

У Вялікую Айчынную вайну ў 1941–1944 гг. Ляхавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзілі ў рэйхскамісарыят «Украіна». Акупанты спалілі 20 будынкаў, у т. л. 5 жылых, 15 гаспадарчых. У час вайны загінулі ў партызанах і падполлі 2 вяскоўцы. 14 кастрычніка 1943 г. немцы загубілі 14 мірных жыхароў. На франтах Другой сусветнай вайны (1939–1945) загінулі 18 воінаў-землякоў.

ІІасля вызвалення вёска пачала паступова аднаўляцца. У 1949 г. вяскоўцы арганізаваліся ў калгас «Сталінскі шлях». Напярэдадні ўзбуйнення 26 жніўня 1950 г., калі цэнтрам калгаса стала в. Агова, ён аб’ядноўваў 44 гаспадаркі. У 1959 г. перайменаваны ў «Шлях Леніна». Пасля 1960 г. цэнтрам калгаса зноў стала в. Ляхавічы. З 2010 г. на землях (агульная плошча амаль 6 тыс. га) гаспадарыць СУП «Ляхавіцкае-Агра» (кіраўнік У. Р. Марковіч).

У 1949 г. пачатковая школа была ператворана ў 7-гадовую, у 1958 г. — 8-гадовую. У 1961 г. было 162 вучні. У сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці Ляхавічы з 8 студзеня 1954 г. знаходзяцца ў Брэсцкай. 16 ліпеня 1954 г. Ляхавіцкі і Ляскавіцкі сельсаветы аб’яднаны ў адзін Ляскавіцкі з цэнтрам у в. Ляскавічы. Паводле перапісу 1959 г. у вёсцы 661 жыхар.

З 25 снежня 1962 г. вёска ў Драгічынскім, з 6 студзеня 1965 г. у Іванаўскім раёне. Паводле перапісу 1979 г. у Ляхавічах 593 жыхары, у 1997 г. — 207 двароў, 537 жыхароў, у 2009 г. — 430 жыхароў. У весцы ёсць сярэдняя школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, 2 крамы, аддзяленне сувязі, праваслаўная царква і малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ляхавічы : [Іванаўскі раён] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 436–437.
  2. Ляхавічы : [Іванаўскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 400–401.
  3. Ляховичи // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 785–786.
  4. Ляхавічы // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 577.
  5. Ляхавічы : [Іванаўскі раён] // Беларусакая савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 486.
  6. Ляхавіцкая Вазнясенская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 207–208.
  7. Ляховичская Вознесенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 56.
  8. Царква ў гонар Узнясення Гасподняга : [в. Ляхавічы, Іванаўскі раён] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 240.
  9. Габрусь, Т. В. Вознесенская церковь : [д. Ляховичи] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 194.
  10. Габрусь, Т. В. Ляхавіцкая царква : [Іванаўскі раён] / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 330.
  11. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Ляхавічы, Іванаўскі р-н. С. 21, 133, 201, 237, 264, 313, 315, 318.
  12. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў : (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 334 с. : іл. – Са зместу: Ляхавічы. С. 139.
  13. Памятник землякам. Ляховичи // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 156.
  14. Как мало нам надо, как надо немного — жила бы деревня моя! // О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается. Иваново, 2015. С. 83–92.
  15. Калечыц, А. Г. Старажытная Янаўшчына / А. Г. Калечыц ; Аддзел культуры Іванаўскага райвыканкама. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2001. – 108 с.
  16. Хала, М. Крыніца памяці : альбом вуснай народнай творчасці в. Ляхавічы / М. Хала. – [Іванава : б. в.], 1990. – 36 с.
  17. Кривецкая, Н. Награда за профессионализм : [директору сельскохозяйственного унитарного предприятия «Ляховичское-Агро» Владимиру Григорьевичу Марковичу объявлена благодарность Премьер-министра Республики Беларусь] / Наталья Кривецкая // Заря. 2020. 25 марта. С. 4.
  18. Дорогокупец, Н. Где железная дорога? : [узкоколейная железная дорога Ивацевичи – Поречье – Кротово – Боровая – Ляховичи – Иваново – Рудск – Кужеличин – Мохро – Любешов – Камень-Каширский работала до 1947 г.] / Николай Дорогокупец // Янаўскі край. Іванава, 2018. 2 кастрычніка. С. 6.
  19. Коленда, К. Дружеский визит : [10 декабря мальчики и девочки из библиотечного клуба «Жаворонок» при сельской библиотеке д. Ляховичи посетили людей, которые лишены возможности ходить] / Катерина Коленда // Янаўскі край. Іванава, 2017. 19 снежня. С. 2.
  20. Цалюк, А. Свята роднай вёскі : [9 ліпеня ў Ляхавічах адзначылі свята вёскі] / Анастасія Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2017. 14 ліпеня. С. 6.
  21. Коленда, К. Животворящий свет любви : [20 мая в д. Ляховичи состоялось мероприятие, посвящённое Году малой Родины и Международному дню семьи] / Катерина Коленда // Янаўскі край. Іванава, 2018. 29 мая. С. 2.
  22. Жушма, В. К успеху — через объединение : [СПК «Ляховичи»] / Василий Жушма // Чырвоная звязда. Iванава. 2011. 18 лістапада. С. 4.
  23. Дулеба, Г. З гісторыі праваслаўных храмаў : [с. Ляхавічы — Узнясенская царква (1818)] / Г. Дулеба // Чырвоная звязда. Iванава. 2007. 12 студзеня. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 773 разоў