Пятніца, 18 Снежань 2020 09:08

9 красавіка 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Чарнякевіча (1955), мастака, сябра Саюза мастакоў Расіі

Іван Міхайлавіч Чарнякевіч нарадзіўся 9 красавіка 1955 г. у вёсцы Плябанцы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, працаваў сталяром. Дзіцячыя гады Іван правёў у Пружанах, марыў стаць мастаком. Пасля чацвёртага класа паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Мінску, якую скончыў у 1973 г. Пад час вучобы сябраваў з Аляксандрам Ісачовым. У 1981 г. скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. І. Мухінай па аддзяленні тэкстылю.

 

Іван Чарнякевіч працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу, габелена, роспісу па шоўку. Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1981 г. Выстаўляўся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Латвіі, Эстоніі, Італіі, Швейцарыі, Нідэрландах і інш. Член Саюза мастакоў Расіі з 1991 г. Расійскі мастак беларускага паходжання стаў адным з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Имею честь» і Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.

Мастак вельмі шырокага творчага дыяпазону, найбольш значныя дасягненні ў тканінах. Тканіны Івана Чарнякевіча — гэта і заслона для Палаца культуры ў Ніжневартаўску, і шалікі і хусткі на паказе мод у Палацы на Ліцейным, і пано ў «Сушы-бары» на вул. Жукоўскага. Нетрываласць матэрыялу стала прычынай таго, што некаторыя творы загінулі, як, напрыклад, распісныя шторы для сталовай завода лімоннай кіслаты на Лігаўскім праспекце.

Сюжэт габелена «Ноеў каўчэг»: біблейскі карабель ужо пасля заканчэння патопу выплывае на чыстую ваду, да светлай будучыні — актуальны для пачатку перабудовы роздум. Цяпер гэты габелен у фондах Полацкага музея беларускага кнігадрукавання імя Ф. Скарыны. Сярод іншых твораў: габелен для гісторыка-краязнаўчага музея ў Навагрудку (герб горада), распісныя тканіны, шаўковыя кімано ў японскім стылі, жывапісныя карціны тэкстыльнымі фарбамі на шоўку: «Анёлы лётаюць», «Ваўкалак», «Беларуская міфалогія».

Шмат зрабіў Іван Чарнякевіч і ў галіне манументальнага жывапісу (алей, палатно). Перш за ўсё гэта пейзажы Пецярбурга, партрэты, жанравыя гістарычныя кампазіцыі. Цыкл яго прац па гісторыі вайсковай славы Расіі ўпрыгожвае музейную залу Ваенна-касмічнай акадэміі імя А. Ф. Мажайскага. Тонкае пачуццё старога жывапісу дазволіла яму паспяхова працаваць як добраму капіісту. Для міністра па надзвычайных сітуацыях С. К. Шайгу выканаў копію з І. К. Айвазоўскага, у доме славутага пецярбургскага дырыжора М. Д. Шастаковіча знаходзіцца яго дасканала выкананая копія карціны Тыцыяна «Дынарый кесара».

У гонар 580-годдзя горада Пружаны і 20-годдзя музея-сядзібы «Пружанскі палацык» (2013) Іван Міхайлавіч падараваў музею тры свае карціны: «Жанчыны Палесся. Фота пачатку XX стагоддзя», «Песня», «Сусвет». Карціна «Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ стагоддзя» — гэта своеасаблівае адлюстраванне і прысвячэнне Беларусі з яе цяжкім лёсам, знясільваючай працай і, у той жа час, з глыбокай самабытнасцю, адкрытымі і чыстымі людзьмі, якія жылі на зямлі, займаліся штодзённымі справамі, сумавалі і радаваліся, выхоўвалі дзяцей, з тым пластом традыцыйнай культуры, які быў амаль змецены ў віхуры войн і рэвалюцый. Стрыманая чорна-белая каларыстычная гама, выкарыстаная пры напісанні палатна, таксама падкрэслівае тонкую сувязь мінулага і сённяшняга дня, стварае некаторы эфект фатаграфіі. Для напісання карціны творцу натхніў здымак сям’і Германчукоў з в. Дражын на Бабруйшчыне (1911–1912) з архіва беларускага этнографа І. А. Сербава.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што для карцін Івана Чарнякевіча характэрна лёгкасць экспрэсіўнай манеры і ўяўная «нестараннасць» малявання. Аднак менавіта такая лёгкасць сведчыць аб вялікім мастацкім вопыце і школе, адмове ад вучнёўскага акадэмізму, асаблівым стане душы, свабодзе думкі і самавыяўленні.

У 1990–2000-я гг. адбыўся шэраг персанальных выстаў членаў сям’і Iвана Чарнякевіча (жонка Вера Аляксееўна Прохарава і сын Багдан таксама мастакі) у гарадах Галандыі, дзе ён намаляваў шэраг партрэтаў. Сын, Багдан Чарнякевіч, мастак і архітэктар, удзельнічае ў выставах жывапісу, афармляе кнігі, працуе ў галіне архітэктурнага дызайну. Дачка, Марыя Чарнякевіч, скончыла кансерваторыю, атрымала прафесію мастацтвазнаўца, прафесійна займаецца спевамі.

Іван Міхайлавіч штогод бывае на малой радзіме — не губляе сувязі са сваімі каранямі, а на беларускай мове, якой свабодна валодае, размаўляе не менш, чым на рускай. У ліпені 2014 г. адбылася персанальная выстава мастака ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. У жніўні 2018 г. у «Пружанскім палацыку» — выстава твораў І. М. Чарнякевіча і В. А. Прохаравай «Мой пружанскі парадыз».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Чэрнякевіч Іван Міхайлавіч // Беларускі Пецярбург / М. В. Нікалаеў. Санкт-Пецярбург, 2009. С. 433.
  2. Тоболич, С. Вдохновение родины : [о выставке Ивана Чернякевича и Веры Прохоровой «Мой пружанскі парадыз» в музее-усадьбе «Пружанскі палацык»] / Светлана Тоболич // Заря. 2018. 15 августа. С. 13.
  3. Зялевіч, А. Пружанскі парадыз : [пра выставу Івана Чарнякевіча і Веры Прохаравай «Мой пружанскі парадыз» у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 11 жніўня. С. 12.
  4. Дыдышка, Н. Сяброўская сустрэча : [пра сустрэчу з мастаком Іванам Чарнякевічам, які падараваў свае карціны музею-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Ніна Дыдышка // Краязнаўчая газета. 2016. № 35. С. 8.
  5. Вакульская, М. Подых даўніны : [пра сустрэчу ў Пружанскім доме рамёстваў з земляком, мастаком Іванам Чарнякевічам] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 12 верасня. С. 5.
  6. Бурдыка, В. На палатне і шоўку : [ураджэнец Пружаншчыны, расійскі мастак Іван Чарнякевіч прадставіў свае творы ў Брэсце] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2014. 11 ліпеня (№ 28). С. 8.
  7. Козлович, В. Земляк земляка видит издалека : творческий акцент питерского живописца Ивана Чернякевича / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2014. 17 июля. С. VII (приложение: Союз. Беларусь – Россия ; № 27).
  8. Алейникова, Н. «Шелковый путь» : открылась выставка питерского художника : [в Брестском выставочном зале работает персональная выставка Ивана Чернякевича] / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2014. 10 июля (№ 28). С. 2.
  9. Гапеева, Т. Шелковая живопись : [в Брестском выставочном зале прошло открытие персональной выставки Ивана Чернякевича] / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2014. 11 июля (№ 28). С. 10.
  10. Чернякевич, И. О возвышенном и земном — с питерским художником Иваном Чернякевичем / Иван Чернякевич ; беседовала Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2014. 17 июля (№ 29). С. 10.
  11. Рутковская, Е. «Полчаса работы и опыт всей жизни» : [в Брестском выставочном зале прошло торжественное открытие персональной выставки Ивана Чернякевича] / Екатерина Рутковская // Заря. 2014. 12 июля. С. 9.
  12. Пракаповіч, Н. Фота, якое стала карцінай : [у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшла выстава трох карцін Івана Чарнякевіча, якія мастак падарыў музею] / Наталля Пракаповіч // Культура. 2013. 10 жніўня (№ 32). С. 9 : фат.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 575 разоў