Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Студзень 2013 14:43

20 студзеня 2013 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Iвана Дзям’янавiча Рудчыка (1908, Польшча – 2000), жывапiсца

Iван Дзям’янавiч Рудчык нарадзiўся 20 (па старым стылi 7) студзеня 1908 года ў вёсцы Дабратычы Бяла-Падляскага павета Люблiнскага ваяводства (Польшча; за 10 км ад Брэста).

{gcontent}У дзяцiнстве, калi iшла I Сусветная вайна, давялося разам з бацькамi пабываць у бежанцах пад Уфой, адкуль сям’я вярнулася на радзiму ў 1919 годзе. З маленства ведаў сялянскую працу – дапамагаў бацькам, пасвiў кароў. У той жа час пачаў капiраваць розныя малюнкi з паштовак. Безумоўна, нейкi ўплыў на юнака зрабiў родны дзядзька, якi быў iканапiсцам.

Пасля службы ў Войску Польскiм у 1931 годзе паступiў Кракаўскую школу прыгожых мастацтваў. Але скончыць яе не паспеў, бо па палiтычных матывах быў арыштаваны ў 1933 годзе, два гады правёў у польскай турме.

Першая карцiна маладога мастака “Пратэст вязняў КПЗБ” была прададзена ў 1936 годзе, а пакупнiком стала Варшаўская мiжнародная арганiзацыя дапамогi пралетарыяту. Цяпер гэта карцiна ў фондзе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

З 1940 года вучыўся ў Мiнску. Калi выбухнула вайна, Iван Рудкоўскi з сям’ёй знаходзiўся ў Брэсце. У час Вялiкай Айчыннай вайны быў звязаны з падполлем, потым перайшоў у партызанскi атрад пад камандаваннем В. Чапiгi. Выконваў баявыя заданнi, удзельнiчаў у выданнi партызанскай газеты “Народныя мсцiўцы”, вёў дзённiк партызанскага злучэння. З наблiжэннем фронту ў красавiку 1944 года атрымаў заданне перайсцi Буг i працягваць барацьбу на тэрыторыi Польшчы. За баявыя заслугi ўзнагароджаны ордэнамi i медалямi СССР i ПНР.

Пасля вайны Iван Дзям’янавiч жыў у Брэсце. Вучыўся ў Вiцебскiм мастацкiм тэхнiкуме, Маскоўскiм мастацкiм iнстытуце iмя Сурыкава (у педагогаў У. Фаворскага i П. Паўлiнава). Дыпломная работа – iлюстрацыя да рамана М. Астроўскага “Як гартавалася сталь” – была набыта Музеем выяўленчага мастацтва iмя А. С. Пушкiна.

У мастацкiх выстаўках (абласных, рэспублiканскiх, усесаюзных) удзельнiчаў з 1945 года. Таксама адбылося 15 персанальных выстаў, апошняя – да 90-годдзя жывапiсца ў Брэсцкай выставачнай зале (адкрыта 1 красавiка 1998 г.). З 1949 года – член Саюза мастакоў СССР. З 1946 года працаваў у мастацкай майстэрнi, у творчай групе пры абласным Доме народнай творчасцi побач з мастакамi Iванам Фяцiсавым, Пятром Данелiяй, Мiкалаем Аўсяннiкавым, Васiлём Шыкiным, Эдуардам Куфко, Мiкалаем Чураба. Адзiн з заснавальнiкаў фiлiяла Саюза мастакоў (1946), а потым – Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза мастакоў БССР, нейкi час узначальваў абласную арганiзацыю. Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугi ў выяўленчым мастацтве”. Вёў педагагiчную дзейнасць у Брэсцкiм iнжэнерна-будаўнiчым iнстытуце.

Iван Рудчык працаваў у галiне станкавага жывапiсу (сюжэтна-тэматычная карцiна, пейзаж, партрэт). Сярод твораў: “Гаворыць Масква” i “Пераход партызан” (1949), “Белавежская пушча” (1952), “Крывавы золак, 22 чэрвеня 1941 года” (1954), “Партызанскiя агнi” (1967), “Не забудзем!” i “Лясная крэпасць” (1974), “Ля сцен Брэсцкай крэпасцi” (1976), “Лясныя волаты” (1978), “У вогненным кальцы” (1980), “Песнi партызан” i “Ранiца” (1982), “На мiрных прасторах” (1985), “Хлябы Прыбужжа” (1986).

Творы Iвана Рудчыка адметныя выразнасцю каларыту, дэталiзацыяй выявы. Палiтра яго сцiплая, гарманiруе з навакольнай прыродай, яму найлепш удаюцца лiрычныя пейзажы. Iван Дзям’янавiч глядзеў на свет яснымi вачыма дзiцяцi, быццам i не было ваеннага лiхалецця, цяжкiх пасляваенных гадоў. У яго быў унiкальны вопыт жыцця ў мастацтве, скразной лiнiяй праз ягоную творчасць заўсёды праходзiла партызанская тэма.

Iван Дзям’янавiч гаварыў: “Нашае старэйшае пакаленне – рэалiсты. I я глыбока перакананы, што менавiта гэты накiрунак у выяўленчай творчасцi найболшьш зразумелы народу. Хаця i кажуць, што мастацтва можа быць розным, я – супраць нерэалiстычнага падыходу. Сярод моладзi ёсць таленавiтыя жывапiсцы, але я не заўсёды магу iх зразумець. Я не вораг новага, але iншы раз зашмат рамеснiкаў, якiя проста прадэндуюць на выключнасць, не маючы для гэтага падставаў…”

Не стала I. Д. Рудчыка 22 сакавiка 2000 года.

Лепшыя творы Iвана Рудчыка набывалiся Мастацкiм фондам i Мiнiстэрствам культуры БССР, знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi, Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi, Кобрынскiм ваенна-гiстарычным музеi iмя А. В. Суворава, Музеi Беларускага Палесся ў Пiнску, у прыватных калекцыях Беларусi, Польшчы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Рудчик Иван Демьянович : [картина “Весенний разлив” (1957)] // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 525.

  2. Иван Рудчик : [картина “Беловежская пуща”] // Художники Брестчиын : альбом-каталог. Минск : Издатель А. Климов, 2002. С. 100.

  3. Рудчык Iван Дзям’янавiч : [карцiна “У Брэсцкай крэпасцi”] // Беларускi саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнiк. Мiнск, 1998. С. 460.

  4. Иван Рудчик : [карцiна “Белорусская осень”] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск : Хелмон, 1997. С. 80.

  5. Рудчик, И. Беловежская пуща : [репродукция] / Иван Рудчик // Мастацкая адукацыя i культура. 2008. № 2. С. 32–33.

  6. Зарэцкi, П. Маляваў Палессе – i вайну… : [да 100-годдзя з дня нараджэння I. Рудчыка] / Пётр Зарэцкi // ЛiМ. 2008. 4 лiп. (№ 27). С. 10.

  7. Валасюк Л. Сцяжынка праз жытняе поле : [да 100-годдзя з дня нараджэння I. Рудчыка] / Леанiд Валасюк // Народная трыбуна. 2008. 19 студз. (№ 3). С. 10.

  8. Митюков, А. Он ушёл, оставив нам весну : [к 100-летию со дня рождения И. Д. Рудчика] / Александр Митюков // Заря. 2008. 22 янв. С. 6.

  9. Капачова, А. …Узняцца да святла : [пра выставу да 100-годдзя з дня нараджэння жывапiсца I. Д. Рудчыка] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2008. 4 кастр. (№ 40). С. 11.

  10. Крэпак, Б. Дзевяностагадовы аптымiст / Барыс Крэпак // Культура. 1998. № 4. С. 8.

  11. Зарэцкi, П. Пясняр палескай прыроды / Пётр Зарэцкi, Васiль Шыкiн // Мастацтва Беларусi. – 1988. – № 6. – С. 19–22.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2335 разоў Апошняя змена Аўторак, 24 Сакавік 2020 10:11