Чацвер, 04 Люты 2021 12:27

20 лістапада 2021 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Ахмета Зіганшынавіча Гайсарава (1906–1981), удзельніка партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Ахмет Зіганшынавіч Гайсараў нарадзіўся 20 лістапада 1906 г. у вёсцы Вялікія Кайбіцы Свіяжскага павета Казанскай губерні (цяпер Апастаўскага раёна Рэспублікі Татарстан) у рабочай сям’і. У 1927 г. уступіў у ВКП(б). Скончыў Казанскі камуністычны ўніверсітэт (1932). У 1934 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнік Савецка-фінляндскай вайны (1939–1940).

 

Вялікая Айчынная вайна застала Ахмета Гайсарава ў Беларусі. Служыў інструктарам палітаддзела 86-й стралковай Казанскай дывізіі, якая дыслацыравалася ў г. Цехановец Беластоцкай вобласці. Абараняў Беласток, які савецкія войскі пакінулі 27 чэрвеня 1941 г. Асноўныя сілы Заходняга фронту апынуліся ў акружэнні, часткова былі разгромлены, часткова трапілі ў палон, часткова пайшлі ў партызаны. З сакавіка 1943 г. Ахмет Гайсараў у партызанах: камандзір узвода, камісар атрада імя М. М. Воранава, камандзірам якога быў Данііл Прохаравіч Шаркевіч.

Са жніўня 1943 г. — камісар партызанскай брыгады імя Г. К. Жукава Баранавіцкай вобласці. Адначасова са снежня 1943 г. — другі сакратар Стаўбцоўскага падпольнага райкама КП(б)Б. Камандзірам брыгады быў Міхаіл Цітавіч Маскалёў, са снежня 1944 г. — Рафаіл Людвігавіч Васілевіч (1903–1962). Брыгада, створаная ў сакавіку 1943 г., дзейнічала на тэрыторыі Стаўбцоўскага і Мірскага раёнаў Баранавіцкай вобласці (з 1954 г. раёны ў Мінскай і Гродзенскай абласцях).

Байцы брыгады ў кастрычніку – лістападзе 1943 г. на чыгуначных участках Мінск – Баранавічы, Ліда – Маладзечна падарвалі 3 эшалоны, 180 рэек. У лютым 1944 г. падарвалі 9 эшалонаў праціўніка з жывой сілай і тэхнікай, мост, пашкодзілі механічныя майстэрні ў дэпо станцыі Мінск, у сакавіку разам з брыгадай «Камсамолец» разграмілі варожы гарнізон у г. п. Мір. У чэрвені – ліпені разбурылі пераправу цераз раку Сула, правялі некалькі баёў, захапілі 5 аўтамашын, кулямёт, 100 вінтовак, абоз, удзельнічалі ў «рэйкавай вайне» на чыгуначным участку Негарэлае – Коласава.

10 ліпеня 1944 г. брыгада (5 атрадаў: імя Суворава, імя Воранава, імя Ракасоўскага, «Мсцівец», «25 лет ВЛКСМ»; 732 партызаны) злучылася з Чырвонай арміяй. У 1979 г. у в. Ярэмічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў гонар брыгады імя Г. К. Жукава пастаўлена стэла. Дакументы брыгады захоўваюцца ў Нацыяльным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 1399).

Ахмет Зіганшынавіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1944), медалём «Партизану Отечественной войны» I ступенi i iнш. Пасля вызвалення Беларусі жыў у г. Масты Гродзенскай вобласці, да 1977 г. быў на партыйнай, адміністратыўна-гаспадарчай і савецкай рабоце.

А. З. Гайсараў памёр 23 ліпеня 1981 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Гайсараў Ахмет Зіганшынавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 149.
  2. Гайсаров Ахмет Зиганшинович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 134.
  3. Гайсараў Ахмет Зіганшынавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 138.
  4. Гайсараў Ахмет Зіганшынавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 296.
  5. Гайсараў Ахмет Зіганшынавіч : [г. Масты] // Памяць. Мастоўскі раён :
    гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 361.
  6. Никто не забыт : татары в партизанских отрядах Белоруссии в годы Великой Отечественной войны / [А. А. Ахтамзян и др. ; под ред. М. С. Хакимова].  Москва : Авторская книга, 2014. 232 с. : ил.
  7. Бригада им. Г. К. Жукова // Памяць. Стаўбцоўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 340–346.
  8. Столбцовский подпольный райком КП(б)Б // Памяць. Стаўбцоўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 330–336.
  9. Партызанская брыгада імя Г. К. Жукава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 431.
  10. Партызанская брыгада імя Г. К. Жукава // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 183.
  11. Бянько, У. У. Помнік вызвалення : [г. Стоўбцы] / У. У. Бянько // Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 2. С. 234–235.
  12. Бянько, У. У. Помнік у гонар стаўбцоўскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ : [в. Зуберава, Стаўбцоўскі раён] / У. У. Бянько // Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 2. С. 239.
  13. Кірэйшын, М. В. Помнік у гонар партызан : [в. Ярэмічы, Карэліцкі раён] / М. В. Кірэйшын // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 225–226.
  14. Кірэйшын, М. В. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан : [г. п. Мір, Карэліцкі раён] / М. В. Кірэйшын // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 215–216.
  15. Канапацкая, З. Удзел татараў у Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі Беларусі / Зарына Канапацкая // Беларускі гістарычны часопіс. 2015. № 4. С. 14–17.
Чытаць 524 разоў