Чацвер, 04 Люты 2021 12:33

6 лютага 2021 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Сяргея Васільевіча Вірко (1926–1945), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Сяргей Васільевіч Вірко нарадзіўся 6 лютага 1926 г. у вёсцы Ратайчыцы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). У сялянскай сям’і было трое дзяцей: Іван, Сяргей і Еўфрасіння. Калі Сяргею было шэсць гадоў, памёр бацька, і ўся работа па гаспадарцы лягла на плечы маці, Ганны Іванаўны, і братоў.

 

У верасні 1939 г. трынаццацігадовы Сяргей пачаў вучыцца ў школе. Вучыўся добра, яму падабалася матэматыка. Любіў галубоў. У 1940 г. у вёсцы мелася 121 гаспадарка, 617 жыхароў. Непадалёк, пад Мінкавічамі, размясціўся ваенны аэрадром, дзеці любілі назіраць за самалётамі. Магчыма, Сяргей марыў стаць лётчыкам.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Ратайчыцы апынуліся ў нямецкай акупацыі, жыхары спазналі фашысцкі «новы парадак». Акупанты з сотнямі мясцовых жыхароў адправілі Сяргея Вірко на прымусовыя работы ў Германію. Па дарозе сем разоў спрабаваў уцячы, і толькі на восьмы, каля Беластока, атрымалася выскачыць з цягніка. Пешшу, хаваючыся, хлопец дабраўся да дому.

У ліпені 1944 г. Камянецкі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адступаючы, немцы спалілі ў Ратайчыцах многія пабудовы, забралі жывёлу. 6 жніўня 1944 г. Сяргей Вірко разам з братам Іванам былі прызваны ў Чырвоную армію.

Радавы Іван Васільевіч Вірко (1922–1944) служыў танкістам, 13 кастрычніка 1944 г. загінуў пры вызваленні Польшчы: згарэў у сваёй баявой машыне. Сяргей, калі даведаўся пра гэта, напісаў сястры: «Буду ваяваць за дваіх», а жонцы брата, Веры Міронаўне, паабяцаў: «За Івана, за яго асірацелых дзяцей я адпомшчу фашыстам».

Сяргей Вірко быў бясстрашным салдатам, вызываўся ісці на самыя небяспечныя аперацыі. Малодшы сяржант С. В. Вірко служыў наводчыкам РКД (ручнога кулямёта Дзегцярова) 3-га стралковага батальёна 252-га гвардзейскага палка 83-й гвардзейскай стралковай Гарадокскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, якая ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі ў цяжкіх баях спрабавала прарваць абарону праціўніка на поўдзень ад Кёнігсберга.

4 лютага 1945 г. на шляху стралковага батальёна знаходзілася паселішча Вікбальд (цяпер пасёлак Малое Адважнае Калінінградскай вобласці), дзе праціўнік абараняўся ў старым замку Вальдбург. Нямецкі кулямётчык не даваў падысці да замка. Сяргей Вірко ўзяўся знішчыць варожы кулямёт. Гэтае заданне ён выканаў цаной свайго жыцця, паўтарыўшы подзвіг Героя Савецкага Саюза Аляксандра Матросава.

У маі 1945 г. гвардыі малодшы сяржант С. В. Вірко быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Ва ўзнагародным лісце запісана: «4.2.45 года ў баях у р-не в. Вікбальд, Усходняя Прусія, агнём свайго кулямёта адбіў моцную контратаку праціўніка, знішчыўшы пры гэтым 18 гітлераўцаў, забяспечыўшы тым самым прасоўванне стралкоў. На шляху знаходзіўся моцна ўмацаваны немцамі замак, узяцце якога магло б забяспечыць выхад стралковых падраздзяленняў да мора. Спробы нашай пяхоты не ўвянчаліся поспехам. Кулямёт праціўніка, усталяваны перад уваходам у замак, кантраляваў усе падыходы да яго. Знішчыць гэты кулямёт узяўся Вірко. Узброіўшыся гранатамі, ён падпоўз на блізкую адлегласць, але быў выяўлены немцамі. Не задумваючыся, ён падняўся ва ўвесь рост і абрынуўся сваім целам на кулямёт. Кулямёт змоўк, захлынуўшыся ў крыві гвардзейца, і тады батальён бесперашкодна прасунуўся наперад і авалодаў замкам».

Пахавалі героя, які не дажыў два дні да свайго дзевятнаццацігоддзя, каля замка. У 1950 г. астанкі Сяргея Вірко перанеслі ў Брацкую магілу савецкіх воінаў у пасёлку Цвяткова (былы Бергау) Гур’еўскай гарадской акругі Калінінградскай вобласці, дзе пахаваны 1,7 тыс. байцоў Чырвонай арміі.

На франтах загінулі і прапалі без вестак 26 жыхароў Ратайчыц. Вера Міронаўна выгадавала сыноў, пляменнікаў Сяргея Вірко, якія пасля заканчэння сярэдняй школы вырашылі стаць афіцэрамі, паступілі ў ваенныя вучылішчы: Іван у марское, Мікалай — сувязі.

У музеі баявой і працоўнай славы Свішчоўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна сабрана экспазіцыя аб С. В. Вірко, захоўваюцца пісьмы і іншыя дакументы. У гонар героя названы вуліцы ў г. Камянцы (1974) і в. Ратайчыцы. Кожны год у Камянецкім раёне праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя памяці С. В. Вірко.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Вирко Сергей Васильевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2005. Минск, 2005. Т. 1. С. 149.
  2. Вирко Сергей Васильевич // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 114.
  3. Вірко Сяргей Васілевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 99.
  4. Подзвіг гвардзейца з Ратайчыц : [С. В. Вірко] // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 270–271.
  5. Вірко Іван Васільевіч. Вірко Сяргей Васільевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 414.
  6. Бессмертное племя матросовцев, 19411945 / [сост.: В. Ф. Толубко, А. П. Коваленко, А. Г. Янкевич]. Москва : Воениздат, 1990. 288 с.
  7. Побратимы Матросова / [сост. В. Д. Дончик]. Минск : Беларусь, 1984. 254, [1] с. – Из содерж.: Парень из Ротайчиц. С. 31–35.
  8. Дащинский, С. Н. Побратимы Александра Матросова / С. Н. Дащинский.  Москва : Знание, 1985. 64 с. (Новое в жизни, науке, технике. Защита Отечества).
  9. Романюк, П. Д. Дважды спасённая деревня : [воспоминания жителя д. Ратайчицы о немецко-фашистской оккупации] / Пётр Данилович Романюк ; записала Елена Трибулёва // Навіны Камянеччыны. 2019. 4 мая (№ 18). С. 8–9 : фот.
  10. Васілеўскі, М. Крок у бессмяротнасць : [С. В. Вірко] / М. Васілеўскі // Навіны Камянеччыны. 2010. 24 сакавіка.
  11. Капуза, М. Крок у бессмяротнасць : [С. В. Вірко] / М. Капуза // Навіны Камянеччыны. 2001. 21 лютага.
  12. Абламскі, С. Крок у бессмяротнасць : [С. В. Вірко] / Сцяпан Абламскі // Навіны Камянеччыны. 2000. 15 сакавіка. С. 3.
  13. Юркевич, Н. При штурме замка Вальдбург / Николай Юркевич // Заря. 1997. 22 февраля.
  14. Абламскі, С. Ратны подзвіг камсамольца з Ратайчыц : [С. В. Вірко] / Сцяпан Абламскі // Ленінец. Камянец, 1986. 9 мая. С. 3 : фат.
  15. Мамус, М. Памяць героя : [С. В. Вірко] / М. Мамус // Чырвоная змена. 1984. 15 снежня.
  16. Сусиков, П. Повторение подвига : [о С. В. Вирко, уроженце д. Ратайчицы Каменецкого района] / П. Сусиков // Советская Белоруссия. 1975. 9 февраля.
  17. Грыгор’еў, К. Бессмяротны подзвіг Сяргея Вірко / К. Грыгор’еў // Ленінец. Камянец, 1974. 20 ліпеня.
  18. Камінскі, Б. Два пакаленні братоў Вірко / Б. Камінскі // Ленінец. Камянец, 1966. 9 мая. С. 3 : фат.
  19. Каленчыц, В. Бессмяротны подзвіг нашага земляка : [С. В. Вірко] / В. Каленчыц // Ленінец. Камянец, 1965. 25 сакавіка. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 687 разоў