Чацвер, 04 Люты 2021 12:35

14 сакавіка 2021 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Паўла Андрэевіча Місько (1931–2011), публіцыста, пісьменніка, перакладчыка

Павел Андрэевіч Місько нарадзіўся 14 сакавіка 1931 г. у вёсцы Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1955).

 

Пасля заканчэння БДУ Павел Місько па размяркаванні прыехаў у г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобласці. Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» (з 1957 г. «Сцяг Леніна»). З ім прыехала жонка, Аляксандра Міхайлаўна. Нанялі пакойчык у прыватным доме, пачыналі гаспадарку з нуля. У Давыд-Гарадку ў іх нарадзіліся двое дзяцей.

У 1980 г. Павел Андрэевіч запісаў у аўтабіяграфіі: «Вясною 1956 года я ўпершыню пабачыў, якія ў Давыд-Гарадку бываюць паводкі. Залівала Гарынь увесь горад, толькі дзве цэнтральныя вуліцы не былі пад вадою. Па астатніх снавалі лодкі, нібы ў Венецыі. Вада трымалася па два месяцы».

Маладога газетчыка цягнула сцэна, па вечарах па сумяшчальніцтве кіраваў драматычным гуртком у раённым Доме культуры. Паставіў камедыю Янкі Купалы «Паўлінка», сам выконваў ролю Пранціся Пустарэвіча. Ездзілі з «Паўлінкай» нават у суседні Тураў. Але на ўсе захапленні не хапала часу, у рэдакцыі выкладваўся дарэшты, літаральна «кроў з носу».

Павел Місько запрасіў у Давыд-Гарадок свайго сябра па студэнцкай суполцы Анатоля Ільіча Вярцінскага, які ў 1956 г. скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Стала весялей працаваць. У «раёнцы» ажывілі куток сатыры і гумару і літстаронку. Абодва хацелі пісаць мастацкія творы, выкрайвалі хвіліны для творчасці, пасылалі ў розныя рэдакцыі фельетоны, нарысы, вершы. Вясной 1957 г. ездзілі ў Брэст на абласную нараду маладых літаратараў, дзе пазнаёміліся з літаратуразнаўцам У. А. Калеснікам.

Летам 1957 г. Павел Місько ў складзе беларускай дэлегацыі пабываў на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Па прыездзе змясціў у «раёнцы» свае ўражанні. Тады ж напісалася апавяданне «Надзея», у якім апавядалася пра вызваленне Заходняй Беларусі ў 1939 г., яно было апублікавана ў альманасе «Брэст» (1958). У 1958–1959 гг. некалькі нарысаў надрукавалі «Маладосць» і «Полымя». У «Чырвонай змене» на конкурсе, прысвечаным 40-годдзю Ленінскага камсамола, нарыс «Канец „Белай мышы“» (1958), напісаны разам з А. Ісачанкам, атрымаў першую прэмію. У тым жа 1958 г. уступіў у КПСС.

Збіраў матэрыял, хоць пакуль не ведаў, як выкарыстае яго. Пазнаёміўся з настаўнікам Цімафеем Андрэевічам Ніколенкам, былым камісарам аднаго з атрадаў Пінскага партызанскага злучэння, падоўгу слухаў яго аповеды, спісаў за ім два вялікія блакноты. Потым запісы прыдаліся для першага буйнога твора — рамана «Мора Герадота» (1976), дзе аўтар паказаў неймаверную цяжкасць і неадназначнасць партызанскай вайны.

Павел Місько прабыў у Давыд-Гарадку, у якім заклаліся асновы яго прафесійнай і літаратурнай дзейнасці, да лета 1959 г. У 1959–1964 гг. працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці. У 1964–1967 гг. — літсупрацоўнік «Сельской газеты», у 1967–1971 гг. — загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1971–1972 гг. — загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1972 г. працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1968 г. Выйшлі кнігі нарысаў «Адмаўленне ад крыжа» (1964), «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), зборнікі апавяданняў і аповесцей «Калодзеж» (1967), «Калянае лісце» (1974), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Між мінулым і будучым» (1986), «Лекцыя з падвываем» (1988), «Хлопцы, чые вы будзеце...» (1990), «Выбраныя творы» (2 т.; 1991) і інш.

Пісаў у асноўным пра вайну, сучаснасць, вясковае жыццё. У яго творах адчуваецца добрае веданне матэрыялу, вострая праблемнасць. Для пісьменніка характэрна ўважлівае, цёплае стаўленне да чалавека працы, уменне бачыць няпросты ўнутраны свет герояў, іх душэўную прыгажосць. Меў адкрыты і добры характар, ставіўся да жыцця з гумарам.

Шмат і плённа Павел Місько пісаў для дзяцей. Выдаў кнігі прозы для дзяцей «Падарожжа ў калгас» (1970), «Зямля ў нас такая» (1971), «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі» (1972), «Прыгоды Бульбобаў» (1977), «Грот афаліны» (1985), «Эрпіды на планеце Зямля» (1987). Казкі і фантастычныя творы прасякнуты наскрозь беларускасцю, сакавітай мовай, аналагаў якой няма ў сучаснай дзіцячай літаратуры. Захапляльныя сюжэты, напрыклад, пра тое, як на нашу планету прылятаюць разведчыкі-робаты. Усе кнігі Паўла Місько нясуць дзецям дабрыню і беларускае светабачанне.

Аўтар аднаактовых п’ес. Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы» (1990). Перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

П. А. Місько памёр 9 чэрвеня 2011 г. Творы пісьменніка перавыдаюцца, іх з цікавасцю чытаюць новыя пакаленні, узнагародай пісьменніку сталі чытацкая любоў і ўдзячнасць.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы П. А. Місько

  1. Прыгоды Бульбобаў : аповесці / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 167 с. : іл.
  2. Прыйдзі, дзень-залацень! : казкі дзеда Аўласкі і бабы Параскі / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 310 с. : іл.
  3. Грот афаліны : аповесць / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 510 с. – (Бібліятэка школьніка).
  4. Эрпіды на планеце Зямля : аповесць / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 175 с. – (Бібліятэка школьніка).
  5. Пакуль Зямлю мілуе сонца... : раман [у вершах] / Павел Місько. – Мінск : Беллітфонд, 2005. – 155 с.
  6. Ружовыя ліўні : вершы / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 142 с.
  7. Акрабат у бутэльцы : аповесці / Павел Місько. – Мінск : Юнацтва, 1994. – 558 с. : іл.
  8. Навасёлы : аповесць / Павел Місько. – Мінск : Юнацтва, 1993. – 448 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).
  9. Гогаль, М. В. Тарас Бульба ; Рэвізор ; Мёртвыя душы : аповесць, камедыя, паэма / Мікалай Гогаль ; [пераклад] з рускай [П. А. Місько, В. І. Рабкевіча] ; прадмова і каментарыі Л. Зарэмбы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. – 623 с. – (Скарбы сусветнай літаратуры).
  10. Градабой : раман / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. – 575 с.
  11. Новоселы, или Правдивая, иногда веселая, а иногда страшноватая книга о необыкновенном месяце в жизни Жени Мурашкина / Павел Мисько ; [пер. с белорус. авт.]. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1979. – 200 с. : ил.
  12. Море Геродота : роман / Павел Мисько. Москва: Советский писатель, 1979. – 423 с.
  13. Чэрці ў коміне : апавяданні, фельетоны, літаратурныя пародыі, аповесць / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 240 с.
  14. Полесская сказка : рассказы и повести / Павел Мисько. – Москва : Советский писатель, 1977. – 400 с.
  15. Калянае лісце : апавяданні, аповесці / Павел Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 317 с.
  16. Падарожжа ў калгас : [дакум. аповесць пра калгас «Савецкая Беларусь» Камянецкага раёна : для ст. шк. узросту] / Павел Місько. – Мінск : Беларусь, 1970. – 93 с. : іл.
  17. Гаспадыні свайго лёсу : нарысы / Павел Місько. Минск : Ураджай, 1968. – 104 с.
  18. Над Горынью-рекой : [очерк о колхозе «40 лет Октября» Столинского района] / Павел Мисько // Нёман. 1967. № 8. С. 133–142.
  19. Надзея : апавяданне / Павел Місько // Брэст : альманах. Брэст, 1958. С. 113–122.
  20. Канец «Белай мышы» : нарыс : [пра фельчара з в. Альпень Давыд-Гарадоцкага раёна Мікалая Ігнатавіча Мурзянкова] / П. Місько, А. Ісачанка // Чырвоная змена. 1958. 3 ліпеня.
  21. Не замыкацца ў рамках школы : [аб справах піянераў СШ № 2 г. Давыд-Гарадка] / П. Місько // Чырвоная змена. 1958. 5 сакавіка.
  22. 1. Камітэт — калектыўны важак ; 2. На пярэднім краі ; 3. Лепшы з лепшых : [пісьмы з камсамольскай арганізацыі калгаса «Запаветы Леніна» Давыд-Гарадоцкага раёна, дзе сакратаром абраны Павел Літвін] / П. Місько, А. Вярцінскі // Чырвоная змена. 1957. 14 мая ; 16 мая ; 18 мая.
  23. Вось яны, нашы землякі! : [пра камсамольцаў Давыд-Гарадоцкага раёна Георгія Чэчыкава, Фёдара Мішкова і Антона Скрабца, якія па пуцёўках паехалі працаваць у Казахстан, Хабараўск і на Данбас] / П. Місько // Чырвоная змена. 1956. 24 лістапада.

 

Аб жыцці і творчасці П. А. Місько

  1. Місько Павел Андрэевіч / С. А. Андраюк, І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 475.
  2. Мисько Павел Андреевич / А. П. Лукашин // Энциклопедия фантастики. Минск, 1995. С. 384.
  3. Павел Місько // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 387–388.
  4. Місько Павел / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 317–321.
  5. Місько Павел Андрэевіч / С. А. Андраюк // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 644.
  6. Місько, П. На покліч душы : замест аўтабіяграфіі / Павел Місько // Маладосць. 1981. № 3. С. 142–160.
  7. Мелех, Г. Квэст па аповесці Паўла Місько «Прыгоды Бульбобаў» / Г. Мелех // Бібліятэка прапануе. 2019. № 5. С. 9–12.
  8. Сідаровіч, М. П. Зямны вандроўнік Павел Місько : [расказ дачкі пісьменніка] / Марына Сідаровіч (Місько) // Звязда. 2016. 12 сакавіка. С. 10–11.
  9. Кумакова, В. Незвычайныя героі кнігі Паўла Місько «Прыгоды Бульбобаў» : літаратурная віктарына для 3–4 класаў / В. Кумакова, А. Сухарэвіч // Літаратурная тэрыторыя. Мінск, 2016. С. 10–12.
  10. Сасіновіч, Г. Заземлены Палессем : [да 75-годдзя П. А. Місько] / Г. Сасіновіч // Краязнаўчая газета. 2006. Красавік (№ 14).
  11. Каратай, В. Па дарозе да храма : штрыхі да партрэта Паўла Місько / Віктар Каратай // Роднае слова. 2001. № 3. С. 15–19.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1055 разоў