Аўторак, 09 Люты 2021 08:39

31 кастрычніка 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Івана Васільевіча Хоміча (1936–1992), скульптара

Іван Васільевіч Хоміч нарадзіўся 31 кастрычніка 1936 г. у вёсцы Брады Пружанскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Брады раскінуліся ў маляўнічым кутку — паблізу Шарашоўскай пушчы. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1966). Вучыўся ў скульптара Ганны Трафімаўны Злотнік.

 

Іван Хоміч працаваў у станковай скульптуры (дрэва). Цэлая галерэя жаночых скульптурных вобразаў выйшла з-пад таленавітых рук майстра. У мастацкіх выставах (абласных, рэспубліканскіх) удзельнічаў з 1966 г. У 1987 г. правёў у Брэсце сумесную выставу з Леанідам Мікалаевічам Салаўёвым, аднагодкам, які прадставіў свае акварэлі. У 1991 г. прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

У гасцініцы «Інтурыст» г. Брэста ў вялікай зале другога паверха змешчаны барэльефныя кампазіцыі «Паляванне ў Белавежскай пушчы» і «Вяселле» — разьба па дрэве Івана Хоміча.

Асноўныя творы: кампазіцыі «Маці», «Чаканне», «Хлеб», «Смутак», «Рэчанька», «Мацярынства», «Маці-зямля», «Іван Паддубны», «Партызан», «Зубр». Мастак імкнецца выявіць багатыя пластычныя і дэкаратыўныя магчымасці дрэва, зрабіць яго кампанентам мастацкага вобразу. Стварае сюжэтна-тэматычныя, партрэтныя кампазіцыі, імкнецца да раскрыцця ўнутранага свету сучасніка, яго сэнсавага і эмацыянальнага стану.

Творы Івана Хоміча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Дзве работы — «Маці» і «Мацярынства» — дэманструюцца ў зале № 3 брэсцкага Мастацкага музея.

Іван Васільевіч з канца 1960-х гг. займаўся ўвекавечаннем памяці аб удзельніках і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны — ствараў помнікі і мемарыялы ў Брэсцкай вобласці. У 1969 г. сумесна са скульптарам Віктарам Андрушчанкам зрабіў стэлу на брацкай магіле савецкіх пагранічнікаў у в. Тамашоўка Брэсцкага раёна. У 1973 г. у в. Савічы Баранавіцкага раёна ўстаноўлены бетонны помнік 65 землякам, якія загінулі ў гады вайны (аўтары Іван Хоміч і Генадзь Пясецкі).

У Брэсцкім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў 28 красавіка 1991 г. урачыста адкрыты помнік салдатам і афіцэрам, якія загінулі ў час Афганскай вайны (1979–1989). Помнік быў выраблены з бетону скульптарам Іванам Хомічам. У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў (15 лютага) тут арганізуюцца мітынгі. У лістападзе 2013 г. помнік заменены на ідэнтычны з кампазітнага матэрыялу (скульптар Аляксей Паўлючук).

І. В. Хоміч заўчасна памёр 13 студзеня 1992 г. У Мастацкім музеі г. Брэста 15 снежня 2006 г. праведзены вечар памяці «Дыялог з мінулым векам» і адкрыццё выставы твораў жывапісца Ф. І. Дарашэвіча (1905–1986) і скульптара І. В. Хоміча. На вечарыне памяці сваімі згадкамі падзяліліся жонка мастака Элеанора Іванаўна, сын і дачка, а таксама сябры-калегі, з якімі дзяліліся і творчыя пакуты, і хвіліны духоўнай акрыленасці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Іван Хоміч : [«Маці»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 138–139.
  2. Иван Хомич : [«Мать», 1987] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 132–133.
  3. Иван Хомич // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.
  4. Іван Хоміч : [«Маці»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 566.
  5. Иван Хомич : [«Мать»] // Художники Брестчины. 50 лет : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 102–103.
  6. Акварель. Скульптура. И. В. Хомич, Л. Н. Соловьев : каталог выставки произведений Л. Н. Соловьева, И. В. Хомича : [выставка приурочена к 50-летию художников и посвящена 70-летию Великого Октября] / Союз художников БССР, Брестская областная организация ; [автор текста М. Кебец]. – Брест : [б. и.], 1987. – 8, [3] с., включая обложку : ил.
  7. Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. – 283 с. : іл. – Са зместу: Хоміч Іван Васільевіч. С. 278.
  8. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны / укладальнік Іван Здановіч. – Брэст : [б. в.], 2008. – 169 с.
  9. Потолков, Ю. В. Взорванный ангел : (Слово о памятнике в Парке воинов-интернационалистов) / Ю. В. Потолков // Афганская война (19791989): ключевые аспекты современного осмысления : материалы региональной науч.-практ. конф. Брест, 2014. С. 5–7.
  10. Памятник землякам : [д. Савичи, Барановичский район] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 107–108.
  11. Ходцева, Т. М. Братская могила советских пограничников : [д. Томашовка, Брестский район] / Т. М. Ходцева // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 144.
  12. Кулагін, А. М. Гасцініца «Інтурыст» : [г. Брэст] / А. М. Кулагін, Г. М. Ярмоленка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984.
    С. 53–54.
  13. Церашчатава, В. В. Помнік землякам : [в. Савічы, Баранавіцкі раён] / В. В. Церашчатава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 93.
  14. Ходцава, Т. М. Брацкая магіла савецкіх пагранічнікаў : [в. Тамашоўка, Брэсцкі раён] / Т. М. Ходцава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 109.
  15. Пракаповiч, М. Вяртанне праз творчасць : [пра вечар памяці і выставу твораў Ф. I. Дарашэвiча (1905–1986) i I. В. Хомiча (1936–1992) у Мастацкiм музеi г. Брэста] / Мiкола Пракаповiч // Вечерний Брест. 2006. 29 декабря. С. 3.
  16. [Информация о смерти Хомича Ивана Васильевича] // Заря. 1992. 16 января. С. 4.
  17. Брэсцкі скульптар Іван Васільевіч Хоміч : [фота] // Народная трыбуна. 1991.
    15–21 ліпеня. С. 1.
  18. Тульский, Н. Это нужно живым! : [об открытии памятника воинам-интернационалистам в брестском парке] / Николай Тульский ; фото Р. Когана и Р. Кобяка // Народная трыбуна. 1991. 6–12 мая (№ 19). С. 6.
  19. Тимофеев, П. Память сердца говорит… : [об открытии памятника воинам-интернационалистам в брестском парке] / П. Тимофеев ; фото Р. Кобяка // Заря. 1991. 30 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 842 разоў