Чацвер, 25 Люты 2021 15:39

10 студзеня 2021 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Юрыя Станіслававіча Малышэўскага (1956), мастака, майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (выцінанка), народнага майстра Беларусі

Юрый Станіслававіч Малышэўскі нарадзіўся 10 студзеня 1956 г. у г. Ніжнявудзінску Іркуцкай вобласці ў сям’і вайскоўца. Праз тры гады сям’я пераехала ў г. п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, на радзіму бацькі. ШкольнікамЮрый займаўся ў гуртку пад кіраўніцтвам вядомага цяпер мастака-плакатыста Уладзіміра Якаўлевіча Крукоўскага, які паўплываў на станаўленне юнага мастака.

 

Юрый Малышэўскі скончыў сярэднюю школу (1973), адслужыў у Савецкай арміі (1974–1976). Працаваў мастаком-афарміцелем ва ўстановах, у мастацкіх майстэрнях аддзела культуры Пружанскага райвыканкама. Вучыўся ў Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў імя Н. К. Крупскай на факультэце жывапісу і графікі, які скончыў у 1986 г. Тады ж падрыхтаваў сваю першую выставу.

Працуе ў жывапісе, графіцы, выцінанцы, займаецца рэстаўрацыяй касцёлаў і іх рыштункаў. Шмат фатаграфуе, яго фотаздымкі знаўцы называюць мастацкімі творамі. Захапляецца гісторыяй свайго краю, збірае старыя фатаграфіі з жыцця Ружан.

На станаўленне творчасці Юрыя Малышэўскага паўплываў Міхаіл Віктаравіч Варанецкі, настаяцель рымска-каталіцкага прыхода ў Ружанах, які актыўна займаўся выцінанкай. Таксама ўважліва вывучаў творчасць беларускага майстра выцінанкі Вячаслава Андрэевіча Дубінкі.

У агульнай карціне сучаснай беларускай выцінанкі творчасць Юрыя Малышэўскага займае прыкметнае месца. Яго работы вылучае адметны творчы почырк, іх аўтарства лёгка пазнавальнае. Выцінанкі ружанскага мастака — не проста тонкая работа «з нажніцамі і паперай». У іх адлюстроўваецца багатая гісторыя беларускага народа, яго сучаснасць, традыцыі, якія поўняць яго непаўторную культуру.

Выцінанкі Юрыя Малышэўскага не зусім «класічныя», хіба толькі па сіметрычнасці кампазіцыі. Складанасць ракурсаў, рэалістычнасць вырашэння фігур больш нагадваюць стылістыку сілуэта, нездарма майстар часцей карыстаецца кравецкім нажом, а не нажніцамі. Арганічнае спалучэнне выцінанкі і сілуэта надае творчасці майстра яркую адметнасць.

Мастак застаецца прыхільнікам некалькіх тэм. Па-першае, жыццё лесу і яго насельнікаў, бо паблізу Ружанская, Шарашэўская, Белавежская пушчы. Па-другое, натхняе багатая гісторыя старажытнага мястэчка, велічныя руіны палаца Сапегаў. Работы «Званы Вітаўта», «Пані і халоп», «Дзявочыя мары» зроблены ў стылі, які адсылае да слаўных часоў росквіту Вялікага Княства Літоўскага.

У 1989 г. Юрыю Малышэўскаму было прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі». З 1997 г. член Беларускага саюза народных майстроў. Лаўрэат міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх, абласных выстаў. Узнагароджаны медалём лаўрэата ІІ Усесаюзнага агляду народнай творчасці на ВДНГ СССР.

З 1993 па 2006 г. Юрый Станіслававіч вёў гурток выяўленчага мастацтва пры Ружанскім гарадскім доме культуры. Вучыў дзетвару маляванню, майстэрству выцінанкі, разьбе па дрэве. Не шкадуе часу на падрыхтоўку вучняў па малюнку для паступлення ў розныя навучальныя ўстановы. Працаваў педагогам гуртка «Колер і лінія» ў Ружанскім шматпрофільным цэнтры па рабоце з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю.

Адметная калекцыя работ майстра з Ружан не раз была прадстаўлена на выставах народнага мастацтва ў многіх гарадах Беларусі, Расіі і Польшчы. Калекцыі твораў, пераважна выцінанак, закуплялі музеі Пінска, Брэста, Гродна, Санкт-Пецярбурга. Творы майстра разляцеліся па свеце ў выглядзе сувеніраў і падарункаў: у Польшчу, Расію, Бельгію, Японію, Швецыю, Ірландыю, на Мадагаскар.

Персанальныя выставы майстра выцінанкі прайшлі ў Пружанах, Кобрыне, Пінску, Брэсце, Магілёве. У жніўні 2020 г.адбылася яго выстава «Ружанскія выцінанкі» ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў. На ўрачыстым адкрыцці сабраліся сябры і калегі, былыя вучні, прыхільнікі яго творчасці.

Падчас падрыхтоўкі да абласнога свята «Дажынкі-2019», якое праводзілася ў Ружанах, выцінанкі майстра ўпрыгожылі сцяну Цэнтра культуры і вольнага часу і шматпавярховы дом па вул. Урбановіча. «Ружанская выцінанка» Юрыя Малышэўскага — своеасаблівы брэнд пасёлка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Здановіч, І. Ю. Малышэўскі Юрый Станіслававіч / Іван Здановіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2003. С. 66–67.
  2. Сахута, Я. М. Малышэўскі Юрый / Якаў Міхайлавіч Сахута // Беларуская выцінанка / Якаў Міхайлавіч Сахута. Мінск, 2008. С. 139–150.
  3. Малышэўскі Юрый // Народныя мастацкiя рамёствы Беларусi / уклад. Я. М. Сахута. Мінск, 1996. С. 39.
  4. Сучасная беларуская выцінанка = Contemporary belarusian wytsinanka : [альбом : на бел. і англ. мовах] / склад. Я. М. Сахута. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. – 1 вокл. (2 л. змест, 50 асобных л. : іл.).
  5. Беларуская маляванка для дзяцей і дарослых з прыгожымі малюнкамі ды цудоўнымі вершамі / [аўтар ідэі і кіраўнік праекта: Павел Белавус ; малюнкі: Юрый Малышэўскі і інш.]. – Мінск : [б. в.], 2016. – [78] с. – (Арт-тэрапія па-беларуску).
  6. Паляшчук, А. Выцінанка — брэнд Ружан : [у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў пачала працаваць персанальная выстава работ народнага майстра Беларусі Ю. Малышэўскага] / Алена Паляшчук // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 26 жніўня. С. 4 : фат.
  7. Вакульская, М. Кожнаму месяцу — па выцінанцы : [выйшаў дадатак да часопіса «Рэха Палесся» — каляндар на 2014 г. «Свет ружанскай выцінанкі Юрыя Малышэўскага»] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2014. 22 студзеня. С. 3.
  8. Вакульская, М. Папяровыя цуды : [пра выставу майстра выцінанкі Ю. Малышэўскага ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2011. 10 верасня. С. 4.
  9. Богданова, К. История в монохроме : [в музее-усадьбе «Пружанскі палацык» открылась выставка вытинанки Ю. Малышевского] / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2011. 5 августа. С. 6.
  10. Хадаровіч, Г. Карункавыя малюнкі : [у Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах адкрылася персанальная выстава народнага майстра выцінанкі Ю. Малышэўскага] / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 2007. 26 верасня. С. 1.
  11. Ахрамовіч, М. Ружанскі майстар-сібірак : [пра мастака з Ружан Ю. Малышэўскага] / Марына Ахрамовіч // Раённыя будні. Пружаны, 2007. 27 чэрвеня. С. 5.
  12. Хадаровіч, Г. Добрыя думкі на вуліцы Магілёўскай : [у Мінску адкрылася персанальная выстава народнага майстра выцінанкі Ю. Малышэўскага] / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 2007. 8 мая. С. 5.
  13. Пура, А. Калядныя ўзоры ад майстра : [пра выцiнанкi Ю. Малышэўскага з Ружан] / А. Пура // Заря. 2003. 21 января.
  14. Ружанская выцінанка — на Палессі : [у Пінску ў Музеі Беларускага Палесся адкрылася персанальная выстава народнага майстра выцінанкі Ю. Малышэўскага «Папяровы цуд»] // Раённыя будні. Пружаны, 2002. 2 лістапада. С. 2.
  15. Лукашик, Т. «Папяровы цуд» : [о выставке вытинанок Ю. Малышевского в Музее Белорусского Полесья] / Т. Лукашик // Пинская неделя. 2002. 25 октября.
  16. Шоломицкая, Т. Возрождение вытинанки : [о выставке вытинанок Ю. Малышевского в Музее Белорусского Полесья] / Т. Шоломицкая // Варяг-пресс. Пинск, 2002. 18 октября. С. 1.
  17. Дзе нарадзiлiся, там i прыгадзiлiся : [пра мастака Ю. Малышэўскага з Ружан] // Раённыя буднi. Пружаны, 1999. 27 жніўня.
  18. Мастакі — за бяспеку руху : [пра абласны агляд-конкурс плакатаў, малюнкаў, прапагандуючых бяспеку дарожнага руху, лаўрэатам якога стаў Ю. Малышэўскі] // Раённыя будні. Пружаны, 1997. 16 верасня.
  19. Хадаровіч, А. Выйшаў з народа... каб быць непатрэбным народу? : [Ю. Малышэўскі і яго выцінанкі] / А. Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 1996. 9 ліпеня. С. 2.
  20. Яскевич, С. Где черпает мастер вдохновение : [о художнике Ю. Малышевском из Ружан] / С. Яскевич, В. Король // Заря. 1992. 19 декабря. С. 2.
  21. Куликов, В. Узор рукотворный : [о художнике Ю. Малышевском из Пружанского района] / В. Куликов // Правда. 1990. 25 марта.
  22. Валодзіна, І. Выцінанкі едуць у Амерыку : [пра ружанскага мастака Ю. Малышэўскага, работы якога адабраны на выстаўку ў ЗША] / І. Валодзіна // Зара камунізму. Пружаны, 1989. 14 сакавіка.
  23. Семенюк, А. Мастер вытинанки : [Ю. Малышевский из Ружан] / А. Семенюк // Заря. 1989. 25 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 644 разоў