Чацвер, 04 Сакавік 2021 08:59

15 лютага 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Маршына (1946), акцёра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя ЛКСМБ

Мікалай Мікалаевіч Маршын нарадзіўся 15 лютага 1946 г. у г. Баранавічы (цяпер Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя М. В. Фрунзэ, але праз два гады адлічаны. Тры гады адслужыў матросам на Паўночным флоце, з ваенным караблём бываў у розных марах, але на бераг замежных краін матросаў не адпускалі.

 

Дэмабілізаваўшыся, Мікалай Маршын вырашыў здзейсніць юнацкую мару — стаць акцёрам, каб пражываць жыццё самых розных людзей. У Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя Б. Шчукіна (Масква) не прайшоў па конкурсе, паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Пасля заканчэння інстытута ў 1974 г. Мікалай Маршын служыў у Чалябінскім тэатры юнага гледача, у Рускім драматычным тэатры ў Ціраспалі (Малдавія). Вярнуўся у Беларусь і быў прыняты ў Брэсцкі абласны драматычны тэатр імя ЛКСМБ.

У 1989 г. ішла рэканструкцыя тэатральнага будынка, трупа працавала ў прыстасаваных памяшканнях, значных пастановак не прадбачылася. Мікалай Маршын паехаў у Мурманск, дзе стаў акцёрам Драматычнага тэатра Паўночнага флоту. Суровы клімат Мурманска аказаўся занадта халодным для беларуса, акцёр перайшоў у Драматычны тэатр Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту, які тады размяшчаўся ў г. Ліепаі (Латвія). Новы ўрад Латвіі патрабаваў ад тэатра Балтыйскага флоту, які назвалі «акупацыйным», пакінуць незалежную краіну, і калектыў перабраўся ў Ленінград, размясціўся ў Кранштаце. У марскім тэатры Мікалаю Маршыну ўдалося выканаць значныя ролі, т. л. Іосіфа Сталіна і Пятра I.

Акцёр быў заўважаны кінематаграфістамі. Здымаўся у кінафільмах «Баллада о доблестном рыцаре Айвенго» (1982), «Снегурочка», «Чудесная дудочка», «Провинциальный бенефис» (1993), «Батька» і інш. Дзякуючы рабоце ў кіно пазнаёміўся з многімі вядомымі рэжысёрамі, акцёрамі: Кірылам Лаўровым, Аляксандрам Абдулавым, Мікалаем Бурляевым, Алісай Фрэйндліх.

Праз дзесяцігоддзе пераездаў, уладкавання па кутах, інтэрнатах і часовых кватэрах акцёр з сям’ёй вырашыў вярнуцца на радзіму. З 1999 г. — у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы імя ЛКСМБ, дзе атрымаў значныя і цікавыя ролі. Выконваў ролі ў спектаклях: «Вечар» (Васіль), «Предложение» (Чубукаў), «Старший сын» (Сасед), «Невольницы» (Коблаў), «Обломовff.ru» (Захар), «Осенняя история» (Палья), «Три сестры» (Чабутыкін) і інш. За ролю Серабракова ў спектаклі «Дядя Ваня» артыст неаднаразова адзначаны на міжнародных тэатральных фестывалях у Расіі, Украіне, Румыніі.

Мікалай Мікалаевіч за пяцьдзясят гадоў творчай дзейнасці на сцэне сыграў больш за 150 роляў. Артысту ўдаюцца ролі драматычныя і кранальныя, нават трагічныя і змрочныя вобразы. Шырокія акцёрскія здольнасці дазваляюць Мікалаю Маршыну не меней арганічна выступаць у камічных ролях. Цяпер ён з’яўляецца адным з самых запатрабаваных артыстаў старэйшага пакалення.

За свае сцэнічныя дасягненні Мікалай Маршын узнагароджаны многімі дыпломамі і граматамі. За ролю Пятра Iу спектаклі «День флота» рэжысёра Уладзіміра Валкаморава ўзнагароджаны медалём «Пётр I». За ролю І. Сталіна ў спектаклі «Крутые повороты» (рэжысёр У. Валкамораў) — медалём «Адмирал Кузнецов».

Да юбілею Мікалая Мікалаевіча БАТД арганізаваў 17–20 лютага 2021 г. цыкл спектакляў з яго ўдзелам: «Осенняя история», «Тихий шорох уходящих шагов», «Невольницы».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Шляжко, Н. От Петра Первого, Сталина и... : на днях своё 75-летие отметил актёр Брестского академического театра драмы Николай Маршин / Наталья Шляжко ; фото Анастасии Мелишкевич // Брестский вестник. 2021. 18 февраля (№ 7). С. 18 : фот.
  2. Лопатникова, Я. Еще не вечер... : 70-летие Николая Маршина отметили в БАТД / Яна Лопатникова // Брестский курьер. 2016. 25 февраля (№ 9). С. 11.
  3. Маршин, Н. Николай Маршин: «Театр — это лекарство...» / Николай Маршин ; [записала] Светлана Савчук // Заря. 2016. 23 февраля. С. 5.
  4. Шеламова, Т. 131 жизнь Николая Маршина / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2016. 17 февраля. С. 10.
  5. По волнам памяти в одной лодке с друзьями : [о творческом вечере «По волнам моей памяти с остановками на островах любви» к 60-летию актёра театра драмы и музыки Николая Маршина]// Брестский курьер. 2006. 23 февраля (№ 8). С. 2.
  6. Глущенко, Т. Сцена как остров любви : юбилей артиста Брестского драматического театра Николая Маршина / Т. Глущенко // Вечерний Брест. 2006. 24 февраля. С. 4.
  7. Глущенко, Т. Хождение за своей ролью : [обрестских актёрах Григории Белоцерковском и Николае Маршине] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2000. 31 марта. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 634 разоў