Аўторак, 22 Студзень 2013 14:52

2013 – 460 гадоў з часу заснавання брэсцкiм старастай Мiкалаем Радзiвiлам Чорным першай на тэрыторыi Беларусi друкарнi (Брэст; 1553).

Паяўленне друкарскага станка ў Брэсце непасрэдна звязана з Рэфармацыяй i яе буйнейшым прадстаўнiком – Мiкалаем Радзiвiлам Чорным (1515–1565).

{gcontent}Адзiн з найбагацейшых людзей Еўропы ХVI стагоддзя, другая асоба ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм i адзiн з блiжэйшых сяброў вялiкага князя i польскага караля Сiгiзмунда Аўгуста прасякнуўся iдэямi рэфармацкага руху i ўклаў вялiзарныя сродкi ў яго ўкараненне на радзiме. Важнейшым крокам ў гэтым стала заснаванне ў Брэсце ў 1553 годзе друкарнi – першай на тэрыторыi сучаснай Беларусi. У той час у Брэсце ўжо была моцная пратэстанцкая абшчына, па-другое, горад быў найбольш блiзкiм да Кракава, якi ў ХVI ст. быў асноўным цэнтрам кнiгадрукавання ў Польшчы.

Дакладнае месца знаходжання друкарнi паспрабаваў вызначыць брэсцкi гiсторык Анатоль Гладышчук. Паводле «Опiсанiя староства Берасцейскага» 1566 года за друкарняй значылася сядзiба на Рыначнай плошчы. Гэта адна з самых старадаўнiх плошчаў 1000-гадовага горада, якая свае функцыi выконвала да будаўнiцтва крэпасцi (1830-я гг.), цяпер там адзiн з газонаў каля цэнтра мемарыяльнага комплексу. А. А. Гладышчук лiчыць, што прыкладна пасярэдзiне ўсходняй стараны былой Рыначнай плошчы старадаўняга Берасця i месцiлася першая беларуская друкарня.

Першым брэсцкiм друкаром быў Бернард Ваявудка, чалавек высокаадукаваны, вучань Эразма Ратэрдамскага. Прыехаў у Брэст па запрашэнню Радзiвiла Чорнага з Кракава, прывёз неабходнае друкарскае абсталяванне. Мяркуецца, што першыя кнiгi былi надрукаваны восенню 1553 года – гэта Вялiкi i Малы Катэхiзiсы, перакладныя тэалагiчныя творы Кшыштафа Iмлера i Урбана Рэгiуса. У друкарскiх справах Б. Ваявудку дапамагаў малады Андрэй Тшыцескi, якi разам з iм прыехаў з Кракава. Работа працягвалася i ў наступным годзе, палемiчны твор Урбана Рэгiуса «Спосабы i звычаi некаторыя асцярожныя» ўпершыню меў дакладную дату выхаду ў свет – 19 студзеня 1554 года. Але ў лiпенi тагож года Бернард Ваевудка патануў у адной з брэсцкiх рэк, яго ўдава Даратэя прадала абсталяванне друкарнi кракаўскаму друкару Мацею Вержбiнту.

Зноў друкарскi станок ў Брэсце запрацаваў толькi ў 1558 годзе – 1 лiстапада пачалося друкаванне першага на Беларусi нотнага зборнiка «Берасцейскi канцыянал» (альбо «Песнi хвал Боскiх») Яна Зарэмбы. Друкаром стаў Станiслаў Мурмелiус, якi вучыўся друкарскай справе ў Кракаве, з яго выданняў вядомы: «Два пасланнi» (1559) – адказ папскаму нунцыю Лiпамано, у якiм рэзка крытыкавалася царкоўна-рэлiгiйная палiтыка рымскай курыi, яе бесцырымоннае ўмяшанне ў справы iншых краiн; «Гiсторыя пра папу Iаана ХIII, якi быў жанчынай» (1560); збор прававых твораў Б. Граiцкага – «Артыкулы права магдэбурскага», «Судовы працэс» (1560) i iншыя. Пэўная колькасць выданняў выйшла без упамiнання друкара.

З 1560 года друкаром стаў Цыпрыян (Кiпрыян) Базылiк (1535 – пасля 1591), пры iм друкарня дасягнула асаблiвага росквiту. Выдатны дзеяч культуры Ц. Базылiк праславiўся не толькi як кнiгавыдаўца, але i як паэт, перакладчык i музыкант-кампазiтар. Самым значным паэтычным творам у спадчыне Ц. Базылiка з'яўляецца паэма «Апiсанне смерцi i пахавання княгiнi Альжбеты Радзiвiл» (Бярэсце, 1562). Неўзабаве пасля смерцi Радзiвiла Чорнага ў 1565 годзе, Цыпрыян Базылiк стаў кiраўнiком, а магчыма, i ўладальнiкам друкарнi.

Былi выдадзены сатырычная антыкаталiцкая паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), у якой высмейвалiся некаторыя звычкi i традыцыi шляхты, «Размова паляка з лiцвiнам» (каля 1564), дзе ўзняты важныя праблемы дзяржаўнага i грамадска-палiтычнага ладу Польшчы i ВКЛ напярэдаднi Люблiнскай унii 1569 года. У 1567 годзе Ц. Базылiк завяршыў пераклад i надрукаваў кампiлятыўнае сачыненне «Гiсторыя жорсткiх ганенняў царквы Божай…», у якiм з гуманiстычных пазiцый асуджалася рэлiгiйная нецярпiмасць у некаторых заходнееўрапейскiх краiнах. Тытул кнiжкi абрамляюць гравюры, на якiх паказаны пакутнiцкая смерць пратэстантаў.

Асабняком стаiць Брэсцкая, альбо Радзiвiлаўская, Бiблiя 1563 года. Была выдадзена на сродкi Мiкалая Радзiвiла Чорнага, старосты берасцейскага. У другой палове 50-х гадоў ХVI ст., у перыяд арганiзацыйнага i дактрынальнага афармлення кальвiнiсцкай царквы, наспела неабходнасць ажыццяўлення ўласнай рэдакцыi Бiблii. Асноўным цэнтрам падрыхтоўкi выдання стаў збор у Паньчове (Малая Польшча). Iнiцыятарам новага перакладу называюць Яна Ласкага (1499–1560), гуманiста, даследчыка, сябра Эразма Ратэрдамскага. Сярод перакладчыкаў называюць Гжэгажа Аршака, Пятра Статорыса, Яна Тэнаудуса, Ежы Шомана, Якуба Любельчыка i iншых.

Брэсцкую Бiблiю лiчаць адным з помнiкаў палiграфiчнага мастацтва, якi не саступае лепшым еўрапейскiм узорам свайго часу. Фалiянт на 738 старонак утрымлiвае 14 гравюр-iлюстрацый i шматлiкiя застаўкi i вiньеткi. Асобныя з iх з'яўляюцца шэдэўрамi, якiм не было роўных ў беларускай графiцы. Рымская царква ўключыла Брэсцкую Бiблiю ў iндэкс забароненых кнiг, але Вiленскi Сiнод 1617 года пастанавiў, каб яна была пры кожным зборы ВКЛ. У цяперашнi час Брэсцкая Бiблiя з'яўляецца вялiкай бiблiяграфiчнай рэдкасцю.

У 1567–1570 гадах Цыпрыян Базылiк надрукаваў 8 кнiг. Усяго ж брэсцкiмi друкарнямi таго часу было надрукавана больш за 40 выданняў (у ХVI ст. у ВКЛ было надрукавана 324 кнiгi) на польскай i лацiнскай мовах, у якiх адлюстравалiся духоўныя i iдэйныя сувязi прагрэсiўных дзеячаў беларускай, лiтоўскай i польскай культур, разнастайныя белетрыстычныя, гiстарычныя, палiтычныя працы. Многiя з кнiг i брашур адрасавалiся «простым», «паспалiтым» чытачам. У афармленнi брэсцкай прадукцыi шырока выкарыстоўвалiся рэнесансавая графiка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкi, канцоўкi, фiгурныя ксiлаграфii, адчувалася сувязь з кнiжным мастацтвам Польшчы i Паўночнай Еўропы. У некаторых з iх упершыню былi выкарыстаны паказальнiкi.

У вынiку агульнага заняпаду рэлiгiйнага i культурнага асяродка ў Берасцi друкарня Ц. Базылiка спыняе сваю дзейнасць. У 1570 годзе сын Радзiвiла Чорнага Мiкалай Кшыштаф Сiротка, якi вярнуўся ў каталiцызм, перавёз абсталяванне брэсцкай друкарнi ў Вiльню, перадаў iезуiцкаму калегiуму, якi ў хуткiм часе атрымаў статус акадэмii.

Да цяперашняга часу дзейнасць берасцейскiх друкарняў застаецца мала даследаванай у беларускiм кнiгазнаўстве. Доўгi час кнiгi, выдадзеныя лацiнкай, лiчылiся здабыткам польскай цi лiтоўскай культур i практычна былi страчаны для беларускага кнiгадрукавання.

На жаль, берасцейскiя выданнi – зараз вялiкая рэдкасць. У вогнiшчах наступных войнаў згарэла большая частка берасцейскiх старадрукаў. У Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi захоўваюцца некалькi выданняў брэсцкай друкарнi, у Цэнтральнай бiблiятэцы НАН Беларусi – экземпляр Брэсцкай Бiблii 1563 года. Вядомы асобнiкi ў бiблiятэчных зборах Польшчы, Германii, Швецыi, ЗША, Лiтвы i Расii.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Брэсцкiя друкарнi // Гiсторыя беларускай кнiгi : у 2 т. Т. 1 : Кнiжная культура Вялiкага Княства Лiтоўскага / М. В. Нiкалаеў. – Мiнск, 2009. С. 176–181.

  2. Брэсцкiя друкарнi // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 2. С. 301.

  3. Берасцейскiя друкарнi // Вялiкае княства Лiтоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2005. Т. 1. С. 323.

  4. Самайлюк Т. А. Берасцейскiя друкарнi ХVI ст.: крынiцазнаўчы i гiстарыяграфiчны аспекты // Беларуская кнiга ў кантэксце сусветнай кнiжнай культуры: гiсторыя i сучаснасць : зборнiк навуковых прац / Беларус. дзярж. ун-т культуры i мастацтваў. Мiнск, 2011. С. 120–139. Дакументальныя крынiцы (126 назв.): с. 127–139.

  5. Верас, Н. Я. Бiблiяметрычны аналiз брэсцкага кнiгадрукавання ў ХVI ст. / Н. Я. Верас // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання”, Брэст, 30–31 кастрычнiка 2008 г. Брэст : Палiграфiка, 2010. С. 246–253.

  6. Нарбутене, Д. Издания Брестской Радзивиловой типографии в фондах Библиотеки Литовской академии наук / Дайва Нарбутене // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання”, Брэст, 30–31 кастрычнiка 2008 г. Брэст : Палiграфiка, 2010. С. 238–245.

  7. Березкина, Н. Ю. Культурно-просветительная деятельность Брестской типографии (1553–1570 гг.) / Н. Ю. Березкина // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання”, Брэст, 30–31 кастрычнiка 2008 г. Брэст : Палiграфiка, 2010. С. 230–237.

  8. Iванова, Л. С. Роля Берасцейскай друкарнi ў распаўсюджваннi Рэфармацыi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм / Л. С. Iванова // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання”, Брэст, 30–31 кастрычнiка 2008 г. Брэст : Палiграфiка, 2010. С. 260–267.

  9. Гладышчук, А. А. Да вызначэння магчымага месца знаходжання першай беларускай друкарнi на тэрыторыi сучаснага мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” / А. А. Гладышчук // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання”, Брэст, 30–31 кастрычнiка 2008 г. Брэст : Палiграфiка, 2010. С. 254–259.

  10. Галенчанка, Г. Я. Берасцейская, або Радзiвiлаўская, Бiблiя, 1563 г. ; “Гiсторыя аб жорсткiм ганеннi Царквы Божай у Немцах, Францыi, Англii, Влохах, Гiшпанii i iншых землях…”, 1567 г. // Галенчанка, Г. Я. Невядомыя i малавядомыя помнiкi духоўнай спадчыны i культурных сувязей Беларусi ХV – сярэдзiны ХVII ст. / Г. Я. Галенчанка. Мiнск : Беларуская навука, 2008. С. 91–93; 125–128.

  11. Киреева, Г. В. Брестские издания ХVI века в фондах Национальной библиотеки Беларуси / Г. В. Киреева // Здабыткi : дакументальныя помнiкi на Беларусi. Мiнск, 1995. С. 24–29.

  12. Кавалёў, С. Чалавек у люстэрку смерцi: творчасць Цыпрыяна Базылiка // Кавалёў, С. Шматмоўная паэзiя Вялiкага княства Лiтоўскага эпохi Рэнесансу : [манаграфiя] / Сяргей Кавалёў. Мiнск : кнiгазбор, 2010. С. 143–160.

  13. Новiк, М. Залаты век берасцейскай друкарнi : [ХVI ст.] / М. Новiк // Роднае слова. 2009. № 8. С. 66–69.

  14. Гладышчук, А. Там, дзе пачыналася кнiга : [пра вызначэнне месца, дзе ў 16 ст. знаходзiлася брэсцкая друкарня] / Анатоль Гладышчук // Вечерний Брест. 2008. 31 окт. С. 4.

  15. Рэфармацыйны рух. Кнiгадрукаванне ў Бярэсцi. Пячатка i герб // Памяць : гiсторыка-дакументальная хронiка Брэста : у 2 кн. Мiнск : БЕЛТА, 1997. Т. 1. С. 59–61.

  16. Сацута, I. Берасцейскiя старадуркi / Iван Сацута // Берасцейскiя каранi ’98 : гiсторыка-краязнаўчы i лiтаратурны зборнiк. Брэст, 1998. С. 186–188.

Чытаць 2574 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 15:29