Чацвер, 04 Сакавік 2021 09:23

22 чэрвеня 2021 г. — 80 гадоў з дня гераічнай абароны Беларусі лётчыкамі 33-га знішчальнага авіяпалка (г. Пружаны; 1941)

Перад Вялікай Айчыннай вайной у г. Пружаны Брэсцкай вобласці дыслацыраваўся 33-і знішчальны авіяполк 10-й змяшанай авіядывізіі 4-й арміі. Камандзірам авіяпалка быў маёр Мікалай Іванавіч Акулін.

 

10-я змяшаная авіяцыйная дывізія пачала фарміравацца на Брэстчыне летам 1940 г. Камандзірам дывізіі быў палкоўнік Мікалай Георгіевіч Бялоў, начальнікам штаба — палкоўнік Сямён Іванавіч Фядульеў. У складзе дывізіі былі 123-і знішчальны полк,
74-ы штурмавы полк, 39-ы бамбардзіровачны полк і 33-і знішчальны полк. Штаб дывізіі знаходзіўся ў г. Кобрыне. Аэрадромы палкоў былі размешчаны ў в. Імянін Кобрынскага раёна (123-і полк, яго асобныя эскадрыллі ў вёсках Стрыгава, Лышчыцы і г. Брэсце), Пружанах (33-і і 74-ы палкі), Пінску (39-ы полк).

У маі 1941 г. у палкі дывізіі паступіла новая тэхніка: самалёты Як-1, ПЕ-2, Ил-2, МиГ-3; у чэрвені пачалі вывучаць матэрыяльную частку незнаёмых машын, рабіць пробныя палёты. Закончыць перавучванне лётчыкаў планавалася ў жніўні. На пачатак вайны ў 33-м палку было 44 самалёты-знішчальнікі И-16, з іх 7 няспраўных. Гэта былі аднаматорныя манапланы з шасі, якое ўбіралася ў палёце, хуткасцю палёта 445 км/г, узброеныя двума кулямётамі. На пачатак 1940-х машыны састарэлі, але ў гарызантальным манёўры пераўзыходзілі нямецкія самалёты.

У чэрвені палкі былі выведзены ў летнія лагеры, 74-ы полк — на часовы аэрадром за 4–5 км ад граніцы. У 4:15 раніцы 22 чэрвеня 10 «месершмітаў» расстралялі і знішчылі на стаянцы пятнаццаць И-15 і два Ил-2 гэтага палка; асабовы склад палка, які застаўся без самалётаў, выйшаў на ўсход.

Абстаноўка ў чэрвені 1941 г. была вельмі трывожнай, практычна штодня нямецкія самалёты парушалі граніцу, але адкрываць па іх агонь было забаронена. 20 чэрвеня паступіў загад камандуючага ВПС Заходняй (Беларускай) асобай ваеннай акругі: «Привести части в боевую готовность». Каля 2-й гадзіны ночы 22 чэрвеня камдзіў М. Г. Бялоў пад сваю адказнасць аддаў загад «Баявая трывога».

Пасля 3-й гадзіны ночы над Пружанамі паявіўся нямецкі самалёт-разведчык. Адразу ў паветра падняліся тры знішчальнікі 33-га палка: звяно лейтэнанта Фёдара Іларыёнавіча Мачалава і яго вядомых — лейтэнантаў Барынава і Тарантава. Звяно суправаджала разведчыка да Брэста, а калі ўбачылі, што Брэст палае пажарамі, адразу атакавалі немца і збілі. Гэта быў першы за пачаўшуюся вайну збіты самалёт праціўніка.

А 4-й гадзіне пружанскі аэрадром, дзе знаходзілася рэзервовая эскадрылля, быў падвергнуты масіраванаму налёту дваццаці бамбардзіроўшчыкаў ХЕ-111 («хенкель») і некалькіх знішчальнікаў МЕ-109. У выніку 33-і полк страціў 34 самалёты. У гэты час з баявога задання вярнуліся тры эскадрыллі і ўступілі ў бой. У першым паветраным баі савецкія лётчыкі збілі 5 варожых самалётаў, з іх 2 збіў С. М. Гудзімаў.

Лейтэнант Сцяпан Гудзімаў у 5 гадзін раніцы ўступіў у бой на сваім И-153 («Чайка»; паўтараплан, фанерная і палатняная абшыўка, 9-цыліндровы рухавік, хуткасць да 430 км/г). У паветраным баю збіў адзін варожы самалёт, другі тараніў, але і яго самалёт быў пашкоджаны. Лётчык выкінуўся з парашутам, але стропы парашута зачапіліся за рэшткі падаючага нямецкага самалёта, і Сцяпан Гудзімаў загінуў.

Сцяпан Мітрафанавіч Гудзімаў (1913–1941) нарадзіўся ў сяле Ягаднае Саратаўскай губерні (цяпер Камышынскага раёна Валгаградскай вобласці). У Чырвонай арміі з 1934 г. З мая 1938 г. служыў у Беларусі штурманам эскадрыллі 33-га знішчальнага авіяпалка. Адзін з першых у Вялікую Айчынную вайну зрабіў паветраны таран. 15 лютага 1968 г. пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У Пружанах яго імем названа вуліца, у 1972 г. на вул. Чырвонаармейскай устаноўлены абеліск.

Нямецка-фашысцкія захопнікі неўзабаве нанеслі новы бомбавы ўдар па пружанскім аэрадроме дванаццацю самалётамі Ю-88, потым — дванаццацю МЕ-109, праз паўгадзіны — чарговы налёт. У 33-м палку не засталося ні аднаго цэлага самалёта. Фактычна а 10-й гадзіне раніцы баявыя дзеянні палка былі закончаны. Асабоваму складу палка было загадана рухацца ў бок Пінска. Загінуўшыя лётчыкі пахаваны ў брацкай магіле на могілках па вул. Кафанава.

За першы дзень вайны лётчыкамі 10-й авіядывізіі было збіта больш за 30 варожых самалётаў. Найбольш вылучыліся лётчыкі 123-га палка. Лейтэнант Пётр Сяргеевіч Рабцаў адзін з першых зрабіў паветраны таран — тараніў МЕ-109 і збіў яго. Таксама лётчыкі дывізіі актыўна бамбілі і расстрэльвалі пераправы цераз Заходні Буг, калоны варожай тэхнікі каля Брэста. Да 25 чэрвеня дзейнічаў аэрадром дывізіі ў Пінску.

Камандір 33-га авіяпалка М. І. Акулін (1909–1991), ураджэнец Саратаўскай губерні, у Чырвонай арміі з 1929 г., прымаў удзел у абароне Масквы, вызваленні Украіны; 11 мая 1949 г. удастоены звання генерал-маёра, узнагароджаны сям’ю ордэнамі. С. І. Фядульеў (1897–1979) у кастрычніку 1941 г. назначаны камандзірам 10-й авіядывізіі, якая абараняла Маскву; у красавіку 1944 г. атрымаў званне генерал-маёра авіяцыі. Лётчык Генадзь Міхайлавіч Яхноў (1918–2014) усю вайну прайшоў у складзе 33-га авіяпалка, 22 жніўня 1944 г. удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Лётчыку 33-га палка Паўлу Ільічу Пяскову (1918–1988), які першы дзень вайны сутрэў у Пружанах, 5 мая 1942 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза; пасля вайны даслужыўся да генерал-маёра авіяцыі.

У памяць аб гераічным подзвігу савецкіх лётчыкаў на паўночна-ўсходняй ускраіне г. Пружаны ў 1971 г. устаноўлены помнік  самалёт-знішчальнік МиГ-17 на пастаменце. У 1977 г. на доме (вул. Чырвонаармейская, 34), дзе размяшчаўся штаб 33-га знішчальнага авіяпалка, устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. У небе над Пружанамі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 149–152. Са зместу: З успамінаў М. Г. Бялова. З успамінаў І. П. Лавейкіна. З узнагароднага ліста Ф. І. Мачалава. З успамінаў генерал-маёра ў адстаўцы С. І. Фядульева. Пяскоў Павел Ільіч. Яхноў Генадзь Міхайлавіч. Гудзімаў Сцяпан Мітрафанавіч.
  2. Белов, Н. Г. Горячие сердца : [воспоминания командира 10-й авиадивизии о последних мирных днях и первом военном дне 1941 г.] / Николай Георгиевич Белов // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 138–147.
  3. Так пачыналася // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 137–138, 142.
  4. Яхнов, Г. М. Когда небо в огне : [заметки лётчика-истребителя] / Геннадий Михайлович Яхнов ; [лит. запись Минеля Левина]. – Рязань : Пресса, 2002. – 135 с., [8] л. фот.
  5. Паваліхіна, Т. І. Пружаны / Т. І. Паваліхіна // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 508.
  6. Акулин Николай Иванович // Великая Отечественная война: комдивы : военный биографический словарь. Москва, 2014. Т. 2. С. 13.
  7. Гудзімаў Сцяпан Мітрафанавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 520.
  8. Гудзімаў Сцяпан Мітрафанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 171.
  9. Гудзімаў Сцяпан Мітрафанавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,
    1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 181–182.
  10. Гудимов Степан Митрофанович // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 168.
  11. Гудзімаў Сцяпан Мітрафанавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 78.
  12. Дулебо, А. И. Памятник советским лётчикам : [г. Пружаны] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 354.
  13. Дулебо, А. И. Памятник Гудимову Степану Митрофановичу : [г. Пружаны] / А. И. Дулебо, С. В. Терёхин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 353–354.
  14. Дом, в котором размешчался штаб авиационного полка : [г. Пружаны] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 352.
  15. Дулебо, А. И. Братская могила советских воинов и партизан : [г. Пружаны] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 351.
  16. Пузан, Н. Мирное небо было добыто в бою... : [подвиги лётчиков П. С. Рябцева, С. М. Гудимова, М. Ф. Немина на территории Брестчины 22 июня 1941 г.] / Н. Пузан // Брестский курьер. 2003. 26 июня. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 612 разоў