Пятніца, 05 Сакавік 2021 11:47

14 лютага 2021 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Аляксеевіча Смірнова (1921), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча

Алексей Аляксеевіч Смірноў нарадзіўся 14 лютага 1921 г. у вёсцы Кулеміха Вятлужскага павета Ніжагародскай губерні (цяпер Вятлужскага раёна Ніжагародскай вобласці) у сялянскай сям’і.

 

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У дзеючай арміі з верасня 1941 па красавік 1942 г.: малодшы лейтэнант, намеснік палітрука роты 901-га стралковага палка 245-й стралковай дывізіі на Паўночна-Заходнім фронце.

У 1945 г. Аляксей Смірноў скончыў Днепрапятроўскі горны інстытут, працаваў інжынерам-праекціроўшчыкам. З 1946 г. на камсамольскай і партыйнай рабоце: першы сакратар Днепрапятроўскага гаркама, потым абкама ЛКСМУ, намеснік загадчыка аддзела ЦК ВЛКСМ. З 1954 г. — у Беларусі. Загадчык аддзела прамысловасці і транспарту ЦК КПБ, з 1958 г. — загадчык аддзела партыйных органаў ЦК КПБ.

З красавіка 1959 па студзень 1963 г. А. А. Смірноў — першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ, змяніў на гэтай пасадзе П. М. Машэрава, які 9 красавіка 1959 г. быў абраны сакратаром ЦК КПБ і ў сувязі з новай адказнай пасадай пакінуў Брэст. А. А. Смірноў абіраўся першым сакратаром абкама на Х (11–12 студзеня 1960 г.) і ХІ (7–8 верасня 1961 г.) абласных партканферэнцыях.

Дзейнасць А. А. Смірнова ў Брэсцкай вобласці прыпала на першыя гады сямігодкі (1959–1965), у ходзе выканання якой былі закладзены асновы прамысловай вытворчасці рэгіёна. У 1960 г. пачалося будаўніцтва Жабінкаўскага цукровага завода, першай прадзільнай фабрыкі Баранавіцкага баваўнянага камбіната. 29 снежня 1961 г. Бярозаўская ГРЭС дала першы прамысловы ток, будаваўся р. п. Белаазёрск. Актыўна развівалася сацыяльная сфера, будавалася жыллё. У 1960 г. перайшлі ў новыя будынкі паліклінікі ў Баранавічах, Пінску, Мікашэвічах, Драгічыне, Дзівіне, Століне.

З пачатку 1963 г. у Савецкім Саюзе прайшла рэформа па раздзяленні кіраўніцтва на прамысловае і сельскагаспадарчае, ствараліся адпаведныя абкамы, першыя партканферэнцыі прайшлі ў студзені 1963 г. А. А. Смірноў пакінуў Брэст і вярнуўся ў Мінск. У 1963–1964 гг. — намеснік старшыні Бюро ЦК КПБ для кіраўніцтва прамысловасцю і будаўніцтвам, загадчык аддзела цяжкай прамысловасцi і транспарту ЦК КПБ.

На ХІІІ пленуме ЦК КПБ 30 сакавіка 1965 г. першым сакратаром быў абраны П. М. Машэраў, другім — Ф. А. Сурганаў, сакратаром — А. А. Смірноў. Аляксей Аляксеевіч вызвалены ад абавязкаў сакратара ХV пленумам 24 снежня 1965 г. Назначаны старшынёй Камітэта партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР. У 1965–1968 гг. — старшыня Камітэта народнага кантролю БССР, у 1968–1978 гг. — сакратар ЦК КПБ.

З 1978 г. Аляксей Аляксеевіч жыў і працаваў у Маскве. У 1978–1983 гг. — старшыня Праўлення Цэнтрасаюза спажывецкіх таварыстваў. У 1983–1991 гг. — намеснік міністра паліўнай прамысловасці РСФСР.

На ХХІV–ХХVІІ з’ездах КПБ А. А. Смірноў быў выбраны членам ЦК (1960–1981). Член Бюро ЦК КПБ (1968–1978). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 6 і 7, 9 і 10-га скліканняў (1962–1970; 1974–1983). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 5–8-га скліканняў (1959–1970). Кандыдат у члены ЦК КПСС у 1981–1986 гг.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», медалямі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Смірноў Аляксей Аляксеевіч / Я. С. Фалей // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 56.
  2. Смирнов Алексей Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 730.
  3. Смирнов Алексей Алексеевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 584.
  4. Смірноў Аляксей Аляксеевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 565.
  5. Смірноў Аляксей Аляксеевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 613.
  6. Партийное руководство восстановлением народного хозяйства. Дальнейшие социалистические преобразования (май 1945–1965 гг.) // Очерки истории Брестской областной партийной организации. Минск, 1989. С. 173–288.
  7. ХI Брестская областная партийная конференция. Практическую работу — на уровень новых задач : из доклада первого секретаря обкома КПБ тов. Смирнова А. А. // Заря. 1961. 10 сентября.
  8. ХI Брестская областная партийная конференция // Заря. 1961. 9 сентября.
  9. По-боевому выполним решения областной партийной конференции. Руководящие органы, избранные Х областной партийной конференцией. Прения по отчетному докладу обкома КПБ и ревизионной комиссии // Заря. 1960. 14 января.
  10. Х областная партийная конференция.Отчет областного комитета КП Белоруссии : доклад первого секретаря обкома КПБ тов. Смирнова А. А. // Заря. 1960. 12 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 562 разоў