Аўторак, 22 Студзень 2013 14:53

4 верасня 2013 г. – 450 гадоў з часу выдання ў Брэсцкай друкарнi “Бiблii” (“Брэсцкая Бiблiя”, “Радзiвiлаўская Бiблiя”; 1563), помнiка кнiгадрукавання на Беларусi

Выдадзена ў 1563 годзе ў Брэсце на сродкi Мiкалая Радзiвiла Чорнага (1515–1565), старасты берасцейскага, аднаго з кiраўнiкоў кальвiнiстаў у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. На той час была адным з лепшых выданняў у ВКЛ i Польшчы.

{gcontent}Упершыню поўны пераклад Бiблii на польскую мову быў зроблены i выдадзены ў Кракаве ў 1561 годзе. Аднак гэты пераклад прытрымлiваўся артадаксальнай каталiцкай традыцыi, не мог задаволiць кальвiнiстаў. У другой палове 50-х гадоў ХVI ст., у перыяд арганiзацыйнага i дактрынальнага афармлення кальвiнiсцкай царквы, наспела неабходнасць ажыццяўлення ўласнай рэдакцыi Бiблii. Асноўным цэнтрам падрыхтоўкi выдання стаў збор у Паньчове (Малая Польшча). Iнiцыятарам новага перакладу называюць Яна Ласкага (1499–1560), гуманiста, даследчыка, сябра Эразма Ратэрдамскага. Сярод перакладчыкаў называюць Гжэгажа Аршака, Пятра Статорыса, Яна Тэнаудуса, Ежы Шомана, Якуба Любельчыка i iншых. Перакладчыкi выкарысталi тэксты Бiблii на жывых мовах – нямецкай, французскай. У падрыхтоўцы выдання ўдзельнiчаў адзiн з буйнейшых арыянскiх пiсьменнiкаў i тэолагаў таго часу Павел з Бжэзiн (каля 1525 – 1591).

У выданнi, вiдаць, прымаў удзел i Цыпрыян (Кiпрыян) Базылiк (1535 – пасля 1591), якi ў той час кiраваў Брэсцкай друкарняй. Выдатны дзеяч культуры Цыпрыян Базылiк праславiўся не толькi як кнiгавыдаўца, але i як паэт, перакладчык i музыкант-кампазiтар.

Брэсцкая Бiблiя мае назву «Biblia Swięnta, tho jest Księngi Starego i Nowego Zakonu wlasnie z żydowskiego, greckiego i lacinskiego nowo na polski jęnzyk z pilnoscią y wiernie wyłożone» («Бiблiя Святая, гэта значыць Кнiга Старога i Новага Запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай i лацiнскай нанава на польскую мову са стараннасцю i дакладна перакладзеная»). Ёсць i ўказанне: «Друкавана ў Брэсце Лiтоўскiм паводле загаду i коштам сiяцельнага пана, пана Мiкалая Радзiвiла, князя на Алыцы i на Нясвiжы, ваяводы вiленскага, у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм найвышэйшага маршалка i канцлера».

У Брэсцкай Бiблii змешчаны поўны тэкст Старога i Новага запаветаў. Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыi да тэксту. Упершыню ў гiсторыi кнiгадрукавання на Беларусi змешчаны прадметны паказальнiк. У прадмове, пратэстанцкай па накiраванасцi, перакладчыкi тлумачаць прынцыпы i асаблiвасцi свайго перакладу, адзначаюць, што за ўзор бралi Бiблiю на французскай мове, выдадзенай гугенотамi.

Кнiга – вялiкi фалiянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамi i графiчным афармленнем. Гравюры-iлюстрацыi выканаў высакакласны майстар, верагодна, запрошаны толькi для гэтай мэты, – нi да, нi пасля Бiблii 1563 года ў кнiжнай прадукцыi друкарняў ВКЛ яго працы не сустракаюцца. Брэсцкая Бiблiя – другое выданне Бiблii на Беларусi. Першае, аздобленае цудоўнымi iлюстрацыямi, стварыў Францiшак Скарына. Вiдавочна, што скарынiнскiя выданнi былi ў Брэсцкiх друкароў i што яны выкарыстоўвалi iх пры падрыхтоўцы да друку сваёй Бiблii. Асобныя гравюры паводле кампазiцыi i малюнка, некаторых дэталей узыходзяць да гравюр Ф. Скарыны.

Брэсцкая Бiблiя выдадзена фарматам «у лiст», налiчвае 738 старонак. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у дзве калонкi па 58 радкоў у кожнай. З вялiкiм майстэрствам выкананы загалоўныя лiтары-iнiцыялы, яны як бы ажыўляюць набраны тэкст. Фалiянт утрымлiвае 14 гравюр-iлюстрацый i шматлiкiя застаўкi i вiньеткi. Асобныя з iх з'яўляюцца шэдэўрамi, якiм не было роўных ў беларускай графiцы. Гэта найперш «Патоп», «Калены Iзраiлевы», «Фантан». На першым лiсце Бiблii – герб Радзiвiлаў, далей iдуць прысвячэннi каралю i вялiкаму князю Сiгiзмунду Аўгусту, прадмова, тэксты Старога i Новага запаветаў, каляндар чытанняў. Брэсцкая Бiблiя была разлiчана на багатага мецэната. Частка Бiблii была перавыдадзена ў 1566 годзе. Усяго яе тыраж мог скласцi больш за 500 экземпляраў.

У перакладах, выданнях i рэдакцыях бiблейскiх зводаў Беларусь у ХVI ст. значна апярэджвала Расiю i Украiну. Рымская царква ўключыла Брэсцкую Бiблiю ў iндэкс забароненых кнiг, але Вiленскi Сiнод 1617 года пастанавiў, каб яна была пры кожным зборы ВКЛ. Сын Радзiвiла Чорнага Мiкалай Кшыштоф Радзiвiл Сiротка (1549–1616), якi вярнуўся ў каталiцызм, выкупiў многiя экземпляры Брэсцкай Бiблii i спалiў на плошчы горада Вiльнi.

У цяперашнi час Брэсцкая Бiблiя з’яўляецца вялiкай бiблiяграфiчнай рэдкасцю, па меркаваннях даследчыка М. В. Нiкалаева, гэта некалькi дзесяткаў экземпляраў. Паасобнiкi яе зберагаюцца ў Расiйскай дзяржаўнай бiблiятэцы ў Маскве, бiблiятэцы Расiйскай акадэмii навук, Расiйскай нацыянальнай бiблiятэцы i Расiйскiм дзяржаўным архiве Ваенна-Марскога Флоту ў Санкт-Пецярбургу, Цэнтральнай бiблiятэцы Акадэмii навук Лiтвы i ў Ягелонскай бiблiятэцы ў Кракаве, Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы iмя Я. Коласа АН Беларусi.

Брэсцкая Бiблiя перавыдадзена ў Кракаве ў 2003 годзе. Новае выданне здымае покрыва таямнiцы са слаба даследаванага помнiка духоўнай спадчыны Беларусi, дапамагае вывучыць кнiжна-пiсьмовыя сувязi ў культурна-цывiлiзаваным арэале Вялiкага княства Лiтоўскага.

Да 450-годдзя выдання Брэсцкай Бiблii прайшоў шэраг мерапрыемстваў. 29–30 мая 2013 года намаганнямi Брэсцкай абласной бiблiятэкi iмя М. Горкага быў праведзены мiжнародны круглы стол «Брэсцкая Бiблiя – унiкальны помнiк культуры ХVI ст.: да 450-годдзя выдання». Прынялi ўдзел навукоўцы з Беларусi, Польшчы, Расii, Лiтвы, Латвii, Украiны, а таксама гісторыкі, краязнаўцы, бібліятэкары, работнікі музеяў Брэстчыны. Да юбiлею брэсцкi мастак-ювелiр Мiкалай Кузьмiч выканаў памятны медаль. Удзельнiкi ўсклалі кветкі на месца, дзе ў ХIV ст. знаходзілася друкарня.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Biblia brzeska 1563. Krakow : Kalwin Publishing, 2003. 1130 c.
  1. Брестская Библия // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 1. С. 505.
  2. Брэсцкая Бiблiя // Вялiкае княства Лiтоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2005. Т. 1. С. 315.
  3. Брэсцкая Бiблiя // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 2. С. 93.
  4. Брэсцкая Бiблiя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 289–290.
  5. Галенчанка, Г. Я. Берасцейская, або Радзiвiлаўская, Бiблiя, 1563 г. // Галенчанка, Г. Я. Невядомыя i малавядомыя помнiкi духоўнай спадчыны i культурных сувязей Беларусi ХV – сярэдзiны ХVII ст. / Г. Я. Галенчанка. Мiнск : Беларуская навука, 2008. С. 91–93.
  6. Брэсцкiя друкарнi // Гiсторыя беларускай кнiгi : у 2 т. Т. 1 : Кнiжная культура Вялiкага Княства Лiтоўскага / М. В. Нiкалаеў. Мiнск, 2009. С. 176–181.
  7. Бортнiк, I. Праблема талерантнасцi ў пратэстанцкай сацыяльна-палiтычнай думцы Вялiкага Княства Лiтоўскага i Польскага каралеўства ХVI – першай паловы ХVII ст. / I. Бортнiк // Беларускi гiстарычны часопiс. 2007. № 8. С. 30.
  8. Берёзкина, Н. Ю. Культурно-просветительная деятельность Брестской типографии (1553–1570) / Н. Ю. Берёзкина // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi «Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання» (Брэст, 30–31 кастрычніка 2008 г.). Брэст, 2010. С. 230–237.
  9. Нарбутене, Д. Издания Брестской Радзивиловской типографии в фондах Библиотеки Литовской академии наук / Дайва Нарбутене // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi «Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання» (Брэст, 30–31 кастрычніка 2008 г.). Брэст, 2010. С. 238–245.
  10. Верас, Н. Я. Бiблiяметрычны аналiз брэсцкага кнiгадрукавання ў ХVI ст / Н. Я. Верас // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi «Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання» (Брэст, 30–31 кастрычніка 2008 г.). Брэст, 2010. С. 246–253.
  11. Нiкалаеў, М. В. Шэдэўр брэсцкай друкарнi / М. В. Нiкалаеў // Помнiкi мастацкай культуры Беларусi : новыя даследаваннi. Мiнск, 1989. С. 144–149.
  12. Паўлоўскi, Б. Брэсцкай Бiблii – 450 гадоў. А колькi Брэсту? : [пра мiжнар. круглы стол “Брэсцкая Бiблiя – унiкальны помнiк культуры ХVI ст.»] / Барыс Паўлоўскi // Вечерний Брест. 2013. 31 мая. С. 5.
  13. Васiлеўскi, П. Кнiга, праз якую Брэст замацаваўся на карце Еўропы / Пётра Васiлеўскi // Культура. 2013. 8 чэрв. (№ 23). С. 14.
  14. Марцiновiч, Д. Ад “кнігазбораў” – да Брэсцкай Бібліі / Дзяніс Марціновіч // ЛіМ. 2013. 5 ліп. (№ 26). С. 15.
  15. Нiкалаеў, М. «Зроблена ў Брэсце року 1563 месяца верасня чацвёртага дня…» / Мiкалай Нiкалаеў // Краязнаўчая газета. 2006. № 22. С. 8.
  16. Орлов, И. «Biblia Brzeska». Возвращение : [о новом издании Брестской Библии 1563 г. в Кракове] / Иван Орлов // Вечерний Брест. 2005. 2 сент. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2268 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 12:28