Серада, 24 Сакавік 2021 12:29

11 сакавіка 2021 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Міронавіча Плескацэвіча (1941), вучонага ў галіне педагогікі, заслужанага работніка адукацыі Беларусі

Мікалай Міронавіч Плескацэвіч нарадзіўся 11 сакавіка 1941 г. у вёсцы Мінічы Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Дзяцінства Мікалая выпала на ваенны і няпросты час пасляваеннага аднаўлення. Пасля заканчэння з сярэбраным медалём Мядзведзіцкай сярэдняй школы хлопец з Мінічаў паспяхова паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага.

 

Праз пяць гадоў (1963) малады спецыяліст вярнуўся на Ляхавіччыну і стаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў Куршынавіцкай васьмігодцы, дзе ў хуткім часе заняў пасаду намесніка дырэктара.

У 1968 г. Мікалай Плескацэвіч скончыў аспірантуру па спецыяльнасці «Педагогіка». Падрыхтаваў і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Эўрыстычная гутарка і яе роля ў навучанні» (1969). З 1968 г. працаваў у МДПІ імя А. М. Горкага асістэнтам, дацэнтам кафедры педагогікі, займаў пасады намесніка дэкана педагагічнага факультэта (1975), загадчыка кафедры педагогікі прыродазнаўчых факультэтаў (1985–1986), дэкана музычна-педагагічнага факультэта (1986–1990).

У 1990–1993 гг. М. М. Плескацэвіч — начальнік упраўлення ВНУ і педагагічнай адукацыі Міністэрства адукацыі БССР (з 1991 г. Рэспублікі Беларусь), у 1999–2002 гг. — начальнік Рэспубліканскай дзяржаўнай інспекцыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2002–2006 гг. — кансультант упраўлення вышэйшай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З 2006 г. — прафесар кафедры педагогікі БДПУ імя М. Танка, прафесар кафедры педагогікі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

За гэты час М. М. Плескацэвіч напісаў і апублікаваў 58 навуковых і навукова-метадычных работ. Пад кіраўніцтвам прафесара Плескацэвіча напісана 7 кандыдацкіх дысертацый, амаль чатыры дзясяткі дыпломных работ, 27 студэнцкіх навуковых прац. Ён афіцыйны апанент паўтара дзясятка кандыдацкіх дысертацый, рэзананс мелі многія навуковыя даследаванні.

Пры гэтым Мікалай Міронавіч працягваў удасканальваць свае веды. Прайшоў падрыхтоўку ў інстытуце павышэння кваліфікацыі АПН (Масква), стажыраваўся на кафедры БДУ, быў удзельнікам семінара па педагогіцы ў Стакгольме, вучыўся ў інстытуце вышэйшых кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. І заўсёды, ці то быў Міжнародны Кангрэс выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры ў Маскве, ці абмяркоўваліся праблемы народнай адукацыі, навукі, культуры ў Мазыры, ці то Кангрэс ЮНЕСКА, прафесар М. М. Плескацэвіч нязменна выступаў з дакладамі, выказваў свае думкі і меркаванні наконт алгарытмічнага падыходу ў сістэме падрыхтоўкі будучага педагога.

Аўтар 65 навуковых і вучэбна-метадычных работ, прысвечаных пытанням аптымізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школе, лагічнай структуры вучэбнага матэрыялу, удасканаленню метадаў навучання, навукова-даследчаму прынцыпу ва ўмовах рознаўзроўневай падрыхтоўкі кадраў. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены навуковыя даследаванні тэм: «Вучэбна-даследчы прынцып у сістэме падрыхтоўкі кадраў», «Навукова-метадычныя асновы функцыянавання педагагічнага комплексу», «Навуковыя асновы кантролю ў сістэме адукацыі».

Прачытаў цыкл лекцый па педагогіцы за мяжой (Фінляндыя, 1985; Куба, 1989; Швецыя, 1994; Германія, 1997; ЗША, 2001). Распрацаваны і рэалізуюцца спецкурсы і спецсемінары па тэмам: «Інтэнсіфікацыя працэсу навучання», «Стратэгія падрыхтоўкі і паводзін сучаснага ўрока», «Актуальныя праблемы навучання і выхавання вучняў у сучаснай школе».

За ўклад у педагагічную навуку прафесар М. М. Плескацэвіч адзначаны Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, знакамі «За выдатныя поспехі ў развіцці вышэйшай адукацыі», «Выдатнік народнай асветы», ганаровым званнем «Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларусі» (1991).

На цяперашні час Мікалай Міронавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Шчыруе на сваёй малой радзіме, у цудоўнай вёсачцы Мінічы, радуецца бацькоўскаму куточку, куды на працягу жыцця ляцела яго душа…

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

Працы М. М. Плескацэвіча

  1. Критерии алгоритмичности предписания по выбору методов обучения / Н. М. Плескацевич, Т. А. Рогожинская // Вестник БарГУ. Серия «Педагогические науки. Психологические науки. Филологические науки (литературоведение)». 2015. Вып. 3. С. 7–11.
  2. Рогожинская, Т. А. К вопросу о выборе методов обучения старшеклассников : [исследование на базе средних школ г. Барановичи] / Т. А. Рогожинская, Н. М. Плескацевич // Содружество наук. Барановичи-2011 : материалы VII международной научно-практической конференции молодых исследователей, 19–20 мая 2011 г., г. Барановичи : в 2 ч. Барановичи, 2011. Ч. 2. С. 84–85.
  3. Грымаць, А. А. Вучэбна-даследчыцкі прынцып у сістэме шматузроўневай падрыхтоўкі педагагічных кадраў / А. А. Грымаць, М. М. Плескацэвіч, Л. Н. Ціханаў ; Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. – Мінск : БДПУ, 1999. – 205 с.
  4. Ціханаў, Л. Н. Падрыхтоўка педагога-даследчыка ва ўмовах універсітэта / Л. Н. Ціханаў, А. А. Грымаць, М. М. Плескацэвіч ; Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. – Мінск : БДПУ, 1997. – 124 с. : табл.
  5. Педагагічны патэнцыял свіцязянскіх матываў у творчасці Адама Міцкевіча / М. Плескацэвіч // Дыханне стагоддзяў. Роля старажытнага Навагрудка і манастыроў, духоўнай культуры і прыгожага пісьменства ў лёсе людзей, у лёсе народаў : навук.-творч. канф. (г. п. Любча, 31 жніўня 1996 г.) : тэзісы дакл. і выступленняў на 3-м Свяце беларускага пісьменства і друку / уклад. і рэд. Н. С. Загорскай. Мінск, 1996. С. 14–16.
  6. Каков он, современный процесс обучения : из практики работы школ Белоруссии / Н. М. Плескацевич. – Минск : Правление об-ва «Знание» БССР, 1990. – 16 с.
  7. Совершенствование методов обучения в школе : из практики работы школ Белоруссии / Н. М. Плескацевич. – Минск : Об-во «Знание» БССР, 1988. – 18 с.
  8. Гапанович, Б. А. Школа Белоруссии в ХII пятилетке / Б. А. Гапанович, Н. М. Плескацевич. – Минск : Правление об-ва «Знание» БССР, 1986. – 18 с. – (Решения ХХVII съезда КПСС в жизнь!).
  9. Организация и воспитание ученического коллектива в профтехучилище / Н. М. Плескацевич, Г. П. Дубовская. – Минск : Об-во «Знание» БССР, 1982. – 19 с.
  10. Эвристическая беседа и ее роль в процессе обучения : (на материале предметов гуманитарного цикла в средних классах школы) : автореферат диссертации … кандидата педагогических наук : 730 Теория педагогики / Плескацевич Николай Миронович ; Минский пед. ин-т им. А. М. Горького. – Минск, 1969. – 23 с. : табл.

 

Аб жыцці і дзейнасці М. М. Плескацэвіча

  1. Плескацэвіч Мікалай Міронавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 423.
  2. Лапіч, А. Там, дзе плешчыцца месяц у Шчары-рацэ : [пра прафесара Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта М. М. Плескацэвіча] / Аліна Лапіч // Заря. 2016. 16 апреля. С. 7.
  3. Перапечка, Н. Педагог педагогаў : [да 75-годдзя М. М. Плескацэвіча] / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2016. 22 сакавіка.
  4. Плескацэвіч, М. М. Калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-чалавечы / Мікалай Міронавіч Плескацэвіч ; гутарыла Галіна Сідаровіч // Настаўніцкая газета. 2016. 12 сакавіка. С. 17.
  5. Плескацэвіч, М. М. Імідж настаўніка залежыць ад таго, наколькі ён адпавядае патрабаванням часу / Мікалай Міронавіч Плескацэвіч ; запісала Галіна Сідаровіч // Настаўніцкая газета. 2011. 21 красавіка. С. 13.
  6. Плескацевич, Н. М. «Учительский труд это не только розы 1 сентября...» : [беседа с профессором кафедры педагогики БГПУ им. М. Танка] / Н. М. Плескацевич ; беседовала Инна Юрчик // Рэспублiка. 2011. 26 сакавiка. С. 6.
  7. Бельмач, С. Плескацэвіч М. М. Прафесар з Мінічаў / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2006. 25 сакавіка С. 4.
  8. Плескацэвіч, М. М. Ад прыёму дакументаў да залічэння : [гутарка з кансультантам упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі] / М. М. Плескацэвіч ; запісала Іна Нікіценка // Настаўніцкая газета. 2006. 14 сакавіка.
  9. Как лучше поступить, чтобы поступить : [«прямая линия» начальника упр. высш. и сред. образования М-ва образования Беларуси Юрия Мисюка и эксперта высшего образования Николая Плескацевича с читателями газеты] / подготовила Светлана Балышева // Рэспублiка. 2004. 21 снежня. С. 4.

Плескацевич, Н. Так сколько отрабатывать диплом? : [беседа с консультантом упр. высш. и сред. образования М-ва образования Беларуси] / Николай Плескацевич ; записала С. Мартовская // Обозреватель. 2004. 27 августа (№ 34). С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 904 разоў