Пятніца, 02 Красавік 2021 09:36

28 снежня 2021 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Паўла Паўлавіча Пагодзіна (1916–1983), мастака

Павел Паўлавіч Пагодзін нарадзіўся 28 снежня 1916 г. у вёсцы Дамашняя Ніжагародскай губерні (цяпер Княгінінскага раёна Ніжагародскай вобласці). Вучыўся ў Горкаўскім мастацкім вучылішчы (1935–1940) у А. В. Самсонава і М. Ф. Лісянкова. Дыпломная работа Паўла Пагодзіна — «Экскурсія ў Эрмітажы».

 

Па заканчэнні вучылішча Павел Пагодзін адразу пачаў удзельнічаць у мастацкіх выставах. На абласную выстаўку прадставіў карціну «Прыезд В. П. Чкалава ў Горкі» (1940).

Быў прызваны ў Чырвоную армію, адслужыў пяць гадоў на Далёкім Усходзе, з’яўляўся ваенным перакладчыкам з японскага. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 г. прыняты ў ВКП(б). Узнагароджаны медалямі «За боевые заслуги», «За победу над Японией».

Пасля дэмабілізацыі Павел Пагодзін жыў на Сахаліне, у Паўднёва-Сахалінску кіраваў курсамі па павышэнні кваліфікацыі (1949–1952). Затым пераехаў у Беларусь, жыў і працаваў у Мінску (1952–1966), Брэсце. Член Саюза мастакоў БССР з 1966 г. У Брэсце быў членам мастацкага савета, да прыёму работ падыходзіў адказна і прынцыпова, адхіляў усе слабыя, непрафесійныя, з-за чаго, бывала, меў канфлікты з партыйным начальствам.

Павел Пагодзін працаваў у станковым жывапісе, графіцы і плакаце, у вобласці жанравай карціны і лірычнага пейзажа ў рэалістычным кірунку. Увогуле любіў ствараць сюжэтныя карціны, нібыта пісаў аповесці і раманы пра жыццё. Шмат разоў звяртаўся да гарадскіх краявідаў. Мастак стварыў у карцінах цыкл-летапіс доблесці і славы герояў Вялікай Айчыннай вайны: «Па дарогах вайны», «Бой за вежу», «Выратаванне сцяга», «Баявыя сябры», «Салдацкі клуб», «Мінута маўчання» і інш.

Асноўныя творы: «А. П. Чэхаў на Сахаліне» (1950), «Паўднёва-Сахалінск» (1952), «Зімовы пейзаж» і «Вадавоз» (1953), «Перадсвяточны вечар» і «Вяртанне да мірнай працы» (1960), «Выратаванне сцяга» (1961), «Зжатае поле» і «Мінск увечары» (1962), «Дзеці на адпачынку» (1963), «Хлеб-соль» (1972), партрэт касманаўта П. І. Клімука (1978), трыпціх «Брэсцкая крэпасць» і «Дываншчыцы» (1979), графічная серыя «Брэсцкая крэпасць» (1966–1971), плакат «Слава героям космасу!» (1970).

Творы П. П. Пагодзіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, у музеях Гомеля, Паўднёва-Сахалінска, Чыты, Іркуцка.

Добразычлівая, адкрытая натура Паўла Паўлавіча прыцягвала мастакоў малодшага пакалення, з арыгінальным творцам было проста і цікава размаўляць.

Яшчэ ў вучылішчы пазнаёміўся з Зояй Аверынай, якая там жа вучылася. Толькі праз пяць гадоў, пасля вайны і дэмабілізацыі Паўла Пагодзіна, яны змаглі пажаніцца.

Зоя Паўлаўна Аверына-Пагодзіна (1917–1994) была таленавітай мастачкай, але захварэла на артрыт: дванаццаць гадоў практычна не працавалі рукі і пальцы, балелі і ногі. Але дзеля мастацтва неяк пераадолела нядужнасць, паступова прыстасавалася пісаць нацюрморты, якія атрымліваліся светлыя, яркія. У 1975 г. правяла персанальную выставу, дзе паказала мноства нацюрмортаў з кветкамі і шэраг партрэтаў — жаночых вобразаў. Выстава была цёпла ўспрынята брэсцкімі мастакамі, аўтару прапаноўвалі ўступаць у Саюз мастакоў.

У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца 9 работ мастачкі: «Макі» (шкло, алей), «Хлеб» (палатно, алей; 1983), «Партрэт Веры Харэцкай, медсястры шпіталя» (кардон, тэмпера; 1972), «Старэйшы партыйны работнік» (папера, пастэль), «Салдацкі чырвонаармейскі клуб» (кардон, тэмпера; 1972) і інш. Зоя Паўлаўна перадала ў дар абласному краязнаўчаму музею прадметы мастацтва Японіі, якія з мужам прывезлі з Далёкага Усходу. У экспазіцыі музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» дэманструюцца світкі «Карпы» і «Дзікія гусі», падораныя ёю.

П. П. Пагодзін памёр 13 лютага 1983 г. у Брэсце, пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска» (сектар 8). У гэту магілу была пахавана і жонка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пагодзін Павел Паўлавіч : [рэпрадукцыя: «А. П. Чэхаў на Сахаліне»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 403.
  2. Пагодзін Павел Паўлавіч : [рэпрадукцыя: трыпціх «Брэсцкая крэпасць»] / Б. А. Крапак // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 130.
  3. Погодин Павел Павлович : [репродукции: «Чехов на Сахалине», «Тереспольские ворота»] // Художники Советской Белоруссии : [биографический справочник]. Минск, 1976. С. 271.
  4. Павел Погодин // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.
  5. Валасюк, Л. Павел Паўлавіч Пагодзін : [рэпрадукцыі: «Сустрэча А. Чэхава з палітзняволенымі на Сахаліне», «Брэсцкі чыгуначны вакзал»] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 120–121, 272.
  6. Каталог персональной выставки произведений Авериной-Погодиной З. П. : живопись, графика. – Брест : [б. и.], 1975. – [4] с.
  7. Сарычев, В. Повесть о долгой любви : [о брестской художнице Зое Павловне Авериной-Погодиной] / Василий Сарычев // Народная газета. 1992. 14 мая. С. 2.
  8. Ерохин, Р. Я люблю тебя, жизнь : [о выставке З. П. Авериной-Погодиной в Бресте] / Р. Ерохин // Советская Белоруссия. 1975. 9 октября.
  9. Кирейчик, И. Влюбленная в цветы и человека : [о выставке З. П. Авериной-Погодиной в Бресте] / И. Кирейчик ; фото В. Шестернева // Заря. 1975. 12 сентября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 659 разоў