Панядзелак, 11 Люты 2013 14:44

28 студзеня 2013 г. – 425 гадоў з часу зацвярджэння Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г., зводу законаў феадальнага права

Трэцi Статут Вялiкага княства Лiтоўскага, якi дзейнiчаў з 1589 года, а пасля далучэння Беларусi да Расiйскай iмперыi – у Вiцебскай i Магiлёўскай губернiях да 1831 года, у Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернiях да 1840 года – больш за 250 гадоў.

{gcontent}Калi работа над Статутам была завершана (1584), прадстаўнiкi Польшчы не дапускалi яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалiтай. Каб захаваць велiкакняжацкi трон, Жыгiмонт III Ваза зацвердзiў Статут сваiм прывiлеем 28 студзеня 1588 года.

Базай для падрыхтоўкi трэцяга Статута ВКЛ паслужылi Статуты 1529 i 1566 гадоў, якiя дзейнiчалi ў сярэдзiне ХVI ст. Абодва былi напiсаны на беларускай мове, маюць важнае значэнне як помнiкi прававой культуры i мовы беларускага народа.

Статут 1588 года падрыхтаваны квалiфiкаванымi правазнаўцамi пад кiраўнiцтвам канцлера ВКЛ Астафiя Багданавiча Валовiча (каля 1520–1587) i падканцлера Льва Iванавiча Сапегi (1557–1633). Адна з самых значных спраў Льва Сапегi – рэдагаванне Статута ВКЛ 1588 года, якi стаў па сутнасцi, новай канцэпцыяй незалежнай беларуска-лiтоўскай дзяржавы, гарантаваў эканамiчную, дзяржаўна-палiтычную i духоўна-культурную незалежнасць краiны. У сваiх прадмовах да Статута Леў Сапега выразна зазначыў мэту кодэкса – будаўнiцтва прававой дзяржавы.

Статут быў прыняты ў складаны i супярэчлiвы час, калi ў ВКЛ суiснавалi Рэфармацыя i контррэфармацыя, вялася барацьба за захаванне дзяржаўнасцi гэтай вялiкай краiны. У Статут увайшлi нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы iншых еўрапейскiх дзяржаў. Ён абагульнiў тагачасныя дзяржаўна-прававыя iдэi, некаторыя з iх апярэджвалi свой час. Знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялiкi князь, адмiнiстрацыйны апарат) i судовую (трыбунал ВКЛ, земскiя i падкаморскiя суды, выбарныя i незалежныя ад адмiнiстрацыi).

Польская шляхта цяпер выступала ў якасцi суседзяў i чужаземцаў i не мела права набываць на тэрыторыi Лiтвы землi i займаць дзяржаўныя пасады. Статут не быў унiфiкаваны з польскiм правам, як гэта было прадугледжана Люблiнскай унiяй 1569 года, не зважаючы на цiск кiруючай элiты Польшчы.

Статут мае 14 раздзелаў i 488 артыкулаў. У 1–4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права i судовага ладу, у 5–10-м i часткова ў 13-м – шлюбна-сямейнага, зямельнага i цывiльнага права, у 11–12, 14-м i часткова ў 13-м – крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага права. Iдэi Рэфармацыi i верацярпiмасцi замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вялiкаму князю i ўсiм дзяржаўным органам прадпiсана забяспечваць спакой усiх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымлiваюцца ў хрысцiянскiм веравызнаннi. Iдэi гуманiзму адбiлiся на нормах крымiнальнага i цывiльнага права. Так, у пэўнай ступенi гарантавалiся маёмасныя i асабiстыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданнi выехаць за мяжу, калi гэта рабiлася не на шкоду сваёй краiне.

Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялiкi князь, названы ў Статуце Гаспадаром. Але многiя яго паўнамоцтвы былi абмежаваны i выконваць iх ён мог толькi са згоды сойма, вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Статут замацоўваў феадальны грамадскi лад, наяўнасць двух асноўных класаў: феадалаў i феадальна-залежных сялян. Асаблiва былi вылучаны князi, паны радныя i паны харугоўныя, якiя мелi права судзiць не толькi простых людзей, але i залежную ад iх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землi, маёнткi, а таксама адбiраць гэтыя маёнткi, нягледзячы на даўнасць уладання iмя (раздзел 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы i абавязкi простых людзей i прадстаўнiкоў этнiчных груп (сялян, слуг, чэлядзi, мяшчан, рамеснiкаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў iнтарэсы буйных i сярэднiх феадалаў i ўзмацняў iх прывiлеяванае становiшча, канчаткова запрыгонiў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымiнальную адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгi або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетнiх да 16 гадоў. Прадугледжвалася больш суровае пакаранне (амаль удвая) за злачынствы супраць жанчын.

Статут 1588 года закончыў кадыфiкацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнiкам беларускай мовы i юрыдычнай думкi феадальнай эпохi.

Статут трэба было неадкладна ўвесцi ў карыстанне, i Леў Сапега за свой кошт наладзiў ягонае выданне. Кароль Рэчы Паспалiтай Жыгiмонт III выдаў падканцлеру прывiлей на выключнае права друкаваць Статут. Леў Сапега адзначыў у прадмове важнасць выдання: “Дагэтуль вялiкi цяжарам было i тое, што не кожны мог мець Статут для цяжкага i доўгага перапiсвання, таму гэтую патрэбу кожнага грамадзянiна задавальняючы…” Такiм чынам, Статут ўпершыню надрукаваны на беларускай мове ў 1588 годзе ў вiленскай друкарнi братоў Мамонiчаў. Увесь немалы наклад Статута (некалькi сотняў асобнiкаў) быў хутка распаўсюджаны, i выдаўцы неўзабаве паўтарылi выданне. У 1614, 1619 i каля 1623 года Статут выйшаў на польскай мове. У 1811 годзе Статут у перакладзе на польскую i рускую мову выдадзены ў Санкт-Пецярбургу, у 1854 – у Маскве на беларускай мове. Роля ўсiх Статутаў у гiсторыi беларускай мовы надзвычай вялiкая. Яны замацоўвалi лепшыя моўныя здабыткi канцылярска-юрыдычнага пiсьменства свайго часу, якiя былi ўзорам для шматлiкiх пiсараў. Статуты замацоўвалi прававое становiшча беларускай мовы як дзяржаўнай.

У гады перабудовы была падрыхтавана i выдадзена ў 1989 годзе манаграфiя “СтатутВялiкага княства Лiтоўскага 1588 : Тэксты. Даведнiк. Каментарыi”. Гэта выданне сайдзейнiчала станаўленню нацыянальнай свядомасцi беларусаў, зрабiла станоўчы ўплыў на культурнае адраджэнне i ўмацаванне незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь. У 2002 годзе з’явiлася новае выданне Статута 1588 года ў перакладзе на сучасную беларускую мову. Вывучэнне гэтага помнiка беларускай культуры працягваецца з розных бакоў гледжання.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588/ пераклаў на сучас. бел. мову А. С. Шагун. Мiнск : Беларусь, 2010. 207 с.: iл.
  2. 2. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2002. Т. 15. С. 171–172.
  3. 3. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 416–417.
  4. 4. Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага // Беларуская мова : энцыклапедыя. – Мiнск, 1994. С. 534–536.
  5. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 : Тэксты. Даведнiк. Каментарыi. Мiнск : БелСЭ, 1989. 573 с.: iл.
  6. Цiванова, Г. К. “Чаго вам хочацца, панове…” : з нагоды публiкацыi кнiгi Уладзiмiра Мякiшава “Язык Литовского статута 1588 года” / Галiна Кузьмiнiчна Цiванова // Веснiк БДУ. Серыя 4. Фiлалогiя, журналiстыка, педагогiка. 2010. № 1. С. 48–53.
  7. Праневiч, Г. М. Леў Сапега i Берасце: нараджэнне лiтоўскага статута 1588 года / Г. М. Праневiч // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя фiлалагiчных навук. 2009. № 2. С. 43–50.
  8. Праневiч, Г. М. Берасце i Лiтоўскi Статут 1588 г.: нараджэнне манiфества свабоды / Г. М. Праневiч // Берасцейскiя кнiгазборы: матэрыялы мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання” (Брэст, 30–31 кастр. 2008 г.). Брэст : Палiграфiка, 2010. С. 444–457.
  9. Бардах, Ю. III Литовский Статут и его проекции / Ю. Бардах // Славяноведение. 2010. № 2. С. 72–78.
  10. Гурыновiч, З. Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага / З. Гурыновiч // Веснiк Вышэйшага гаспарадчага суда Рэспублiкi Беларусь. 2005. № 16. С. 124–128.
  11. Лесун, Л. И. Охрана прав ребёнка в Статутах Великого княжества Литовского / Л. И. Лесун // Сацыяльна-педагагiчная работа. Серыя “У дапамогу педагогу”. 2010. № 9. С. 62–64.
  12. Новiк, М. “Не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем” : Да 420-годдзя трэцяга Статута ВКЛ / М. Новiк // Роднае слова. 2008. № 4. С. 96–97.
  13. Лагуновская, Е. А. Христианские ценности в Статутах Великого княжества Литовского / Е. А. Лагуновская // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя гуманiтарных i грамадскiх навук. 2008. № 4. С. 27–34.
  14. Гулецкий, Д. ПДД Льва Сапеги : [о правилах дорожного движения в Статуте ВКЛ 1588 года] / Д. Гулецкий // Советская Белоруссия. 2008. 9 дек. С. 13.
  15. Доўнар, Т. Самы знакамiты помнiк права Беларусi : [Статут ВКЛ 1588 года] / Таiсiя Доўнар // Юстыцыя Беларусi. 2008. № 3. С. 74–75.
  16. Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага // Краiна Беларусь : iлюстраваная гiсторыя / тэкст У. Арлова ; мастак З. Герасiмовiч. Мiнск, 2003. С. 164–167.
  17. Галенчанка, Г. Я. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага <…> : [1580–1614 гг.] // Галенчанка, Г. Я. Невядомыя i малавядомыя помнiкi духоўнай спадчыны i культурных сувязей Беларусi ХV – сярэдзiны ХVII ст. / Г. Я. Галенчанка. Мiнск : Беларуская навука, 2008. С. 183–194.
  18. Лазутка, С. Лев Сапега и третий литовский статут / С. Лазутка // Леў Сапега (1557–1633 гг.) i яго час : зборнiк навуковых артыкулаў. Гродна, 2007. С. 79–85.
  19. Иваносова, В. Статут ВКЛ 1588 года и развитие идеи правового государства / Виктория Иванисова, Олег Уваров // Гiсторыя. 2006. № 4. С. 40–42. (У дапамогу педагогу).
  20. Дудзюк, З. Леў : гiстарычны нарыс / Зiнаiда Дудзюк. – Мiнск : Лiтаратура i Мастацтва, 2011. – 192 с. – Са зместу: [Статут 1588 г.]. – С. 43–45.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2460 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:21